КРЫ́ЧАЎСКІ ЗАВО́Д ГУ́МАВЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1947—49 (1-я чарга з-да), прадукцыю выпускае з 1949. У 1954 уведзена 2-я чарга, у 1960—65 рэканструяваны. У 1967—86 здадзены ў эксплуатацыю 2 комплексы па вырабе клеенага гумавага абутку і абутку з ліццёвага полівінілхларыду, корпус па вытв-сці гумавага клею. Асн. прадукцыя (1998): спартыўны абутак, гумавыя боты, галошы, абутак з полівінілхларыду, клей гумавы, нефармавыя гумава-тэхн. вырабы.

т. 8, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКІ МАЛО́ЧНА-КАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т.

Пабудаваны ў 1951 як малочна-кансервавы з-д у г. Лепель Віцебскай вобл. З 1962 малочна-кансервавы камбінат, да 1992 уключаў таксама Новалукомскі, Докшыцкі і Бешанковіцкі малочныя з-ды. У 1993 уведзены ў эксплуатацыю цэх сухога абястлушчанага малака. Будуецца цэх па вырабе цэльнамалочнай прадукцыі. З 1999 адкрытае акц. т-ва. Асн. прадукцыя (1999): сухія вяршкі і абястлушчанае малако, масла жывёльнае, цэльнамалочныя прадукты, марожанае, мясныя кансервы, каўбасныя вырабы.

т. 9, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Пабудаваны ў 1968 у Магілёве. У 1968—69 уведзены ў дзеянне цэхі цэглы і газасілікатных вырабаў. З 1994 калектыўнае прадпрыемства «Камбінат сілікатных вырабаў». Асн. прадукцыя (1999): з ячэістага бетону — дробныя блокі і перагародкі, пліты цеплаізаляцыйныя, панэлі вонкавых сцен, пакрыццяў і перакрыццяў для жыллёвага буд-ва; цэгла і камяні сілікатныя, панэлі са шчыльнага сілікатабетону для ўнутр. сцен жылых дамоў, вапняковыя і цэментавыя буд. растворы, бетонныя сумесі.

т. 9, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ ЗАПА́ЛКАВАЯ ФА́БРЫКА «МАЛА́НКА».

Дзейнічала ў 1895—1920 у Кімбараўцы — прадмесці г. Мазыр Гомельскай вобл. У 1899 створана акц. т-ва «Маланка» з асн. капіталам 300 тыс. руб. Вырабляла запалкі шведскія. У 1910—13 мела 3 паравыя машыны (75 к.с.), склады прадукцыі ў Гомелі, Кіеве, Краменчугу, Екацярынаславе, Кішынёве, Растове, Жытоміры. У 1911 працавала 625 чал. У 1910 прадукцыя ф-кі была прадстаўлена на выстаўцы ў Парыжы. Гл. таксама Мазырская мэблевая фабрыка.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАРГАРЫ́НАВЫ ЗАВО́Д.

Пабудаваны ў 1946—51 у Мінску. У 1953 уведзены ў эксплуатацыю маянэзны цэх. З 1994 адкрытае акц. т-ва. У апошнія гады праводзіцца рэканструкцыя прадпрыемства: уведзены новы 4-павярховы вытв. корпус, склад-халадзільнік, падстанцыя, халадзільна-кампрэсарная, водаачышчальныя збудаванні. Вытв. магутнасці да 9,5 тыс. т маянэзу і 33 тыс. т маргарынавай прадукцыі за год. Асн. прадукцыя (1999): маргарын, маянэз, кулінарныя тлушчы, сланечнікавы і рапсавы алей рафінаваны і дэзадараваны.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д «ВЫМЯРА́ЛЬНІК».

Засн. ў г. Наваполацк Віцебскай вобл. ў 1976. Выкарыстоўвае высокія вытв. і інфарм. тэхналогіі, у т. л. інтэлектуальныя сістэмы мадэліравання і праектавання. Удзельнічае ў стварэнні міжнар. касм. станцыі, у праграме «Марскі старт», бел.-рас. праграме «Космас-БР» і інш. Асн. прадукцыя (2000): сістэмы тэлеметрыі, тэлекамунікацый і спадарожнікавай навігацыі, прылады сувязі ЗВЧ-дыяпазону, сілавая электроніка для энергазберажэння, вырабы мікраэлектронікі, пячатныя платы, касавыя апараты.

Я.​В.​Глушко, А.​В.​Нікіфараў.

т. 11, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАМБІНА́Т ВЕ́РХНЯГА ТРЫКАТА́ЖУ.

Дзейнічае ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Буд-ва пачата ў 1965. Здадзены ў эксплуатацыю: трыкат. вытв-сць (1968—69), часальна-прадзільная вытв-сць (1970—71), ф-ка аб’ёмнай пражы (1972), ачышчальныя збудаванні (1970—72). У 1990 пераабсталявана швейная вытв-сць. З 1995 адкрытае акц. т-ва «Пінскае прамыслова-гандлёвае аб’яднанне «Палессе». Асн. прадукцыя (2001: верхні трыкатаж для дарослых і дзяцей, шарсцяная і аб’ёмная пража.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЗАВО́Д ШКЛОВАЛАКНА́ Будаўніцтва пачата ў 1956 у г. Полацк Віцебскай вобл. 1-я чарга здадзена ў эксплуатацыю ў 1957, 2-я ў 1961—63. У 1983 на новай пляцоўцы здадзена ў эксплуатацыю вытворчасць па вырабе шкловалакна аднастадыйным спосабам. З 1983 — Полацкае вытв. аб’яднанне «Шкловалакно». У 2000 запушчана новая шклоплавільная печ. Асн. прадукцыя (2000): шкловалакно, шкланітка, шклотканіна, шкласетка з алюмаборасілікатнага і крэменязёмнага шкла, шклапластыкавыя лыжныя палкі, тэлескапічныя вудзільны і тэхн. пластык.

т. 12, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.

Створаны ў 1978 у г. Бабруйск на базе цагельнага з-да (засн. ў 1873, у час Вял. Айч. вайны разбураны, у 1949 адноўлены), цэха дрэнажных трубаў (працаваў у 1930—94, выпускаў таксама чарапіцу) і цэха сілікатнай цэглы (пушчаны ў 1977). У 1990 створаны цэх па вырабе дробных блокаў з ячэістага бетону. З 1994 адкрытае акц. т-ва «Сілікат». Асн. прадукцыя (1995): камяні сілікатныя пустацелыя, дробныя сценавыя блокі, цэгла керамічная.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў 1898 у г. Бабруйск як механічны, кацельны і чыгуналіцейны з-д (вырабляў абсталяванне для бровараў і інш.). З 1932 маш.-буд. з-д. У Вял. Айч. вайну разбураны, адноўлены ў 1945. У 1961 пушчаны сталеліцейны цэх, у 1966—71 — чыгуналіцейны і электрацэх, рамонтна-мех. ўчастак, у 1981 — машыназборачны цэх. Асн. прадукцыя (1995): цэнтрабежныя помпы для гарнаруднай, металургічнай, нафтавай, хім., энергет. і інш. галін прам-сці і для камунальнай гаспадаркі.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)