САСЮ́Р (Saussure) Фердынанд Манжын дэ (26.11.1857, Жэнева — 22.2.1913),
швейцарскі мовазнавец. Вучыўся ў Жэнеўскім (1875), Лейпцыгскім, Берлінскім (1876—80) ун-тах. З 1881 праф. Парыжскага, з 1906 Жэнеўскага ун-таў. Даследаваў паходжанне індаеўрап. вакалізму («Пра першапачатковую сістэму галосных у індаеўрапейскіх мовах», 1879). У працах па літ. акцэнталогіі (1894—96) вызначыў (адначасова з П.Фартунатавым, але незалежна ад яго) характар націску і інтанацыі слова ў балт. мовах у суадносінах з аналагічнымі з’явамі ў слав. мовах (закон Фартунатава—дэ Сасюра). Самая значная праца С. — «Курс агульнай лінгвістыкі» (1916); у ёй выкладзены яго навук. погляды на мову як сістэму знакаў; прапанаваў стварыць спец. навуку пра знакі — семіётыку, увесці адрозненні паняццяў «мова» і «маўленне» і інш. Тэарэт. прынцыпы С. ў дастасаванні да мовы сталі метадалагічнай асновай розных кірункаў структурнай лінгвістыкі.
Літ.:
Слюсарева Н.А. Теория Ф. де Соссюра в свете современной лингвистики. М., 1975.
т. 14, с. 192
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКЕПТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА»,
крытычны кірунак у рас. гістарыяграфіі 1-й пал. 19 ст. Заснавальнік — М.Т.Качаноўскі. Да «С.ш.» належалі В.М.Бадзянскі, С.М.Строеў, блізкія погляды мелі П.М.Строеў і інш. Прадстаўнікі «С.ш.» крытыкавалі канцэпцыі афіц. гісторыкаў, асабліва М.М.Карамзіна, даказвалі неабходнасць параўнальна-гіст. вывучэння мінулага Расіі, крытычных адносін да крыніц, праверкі сапраўднасці тэкстаў і аналізу зместу выкладзеных у іх падзей. Яны лічылі, што рус. летапісы 11—12 ст., Руская праўда, «Слова аб палку Ігаравым» і інш. стараж. помнікі не могуць служыць гіст. крыніцамі пры вывучэнні Кіеўскай Русі, бо ўзніклі, на іх думку, значна пазней за перыяд яе існавання і выключна пад уплывам замежных літ. і дакумент. крыніц. Выступалі супраць нарманскай тэорыі, падзялялі погляды І.Эверса пра хазарскае паходжанне Русі. Нягледзячы на спрэчнасць яе канцэпцый, «С.ш.» — важны этап у фарміраванні рас. гістарыяграфіі.
т. 14, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТОЎН (Stone) Ірвінг (14.7.1903, г. Сан-Францыска, ЗША — 26.8.1989),
амерыканскі пісьменнік; стваральнік новага тыпу біяграфіі ў амер. л-ры. Скончыў Каліфарнійскі ун-т. Літ. дзейнасць пачаў у 1930-я г. Аўтар раманізаваных біяграфій «Прага да жыцця» (1934, пра В. ван Гога), «Марак у сядле» (1938, пра Дж.Лондана), «Абарона Кларэнс Дэроу» (1941), «Яны таксама балаціраваліся» (1943), «Эл Уорэн» (1948), «Паходжанне. Біяграфічны раман пра Ч.Дарвіна» (1980) і біягр. раманаў «Бессмяротная жонка» (1944), «Праціўнік у доме» (1947), «Жанчына прэзідэнта» (1951), «Каханне вечнае» (1954), «Пакуты і радасці» (1961, пра Мікеланджэла), «Тыя, хто любяць» (1965), «Страсці розуму» (1971, пра З.Фрэйда), «Грэчаскі скарб» (1975) і інш., адметных гіст. і псіхал. дакладнасцю.
Тв.:
Рус. пер. — Моряк в седле. Мн., 1984;
Жажда жизни. Мн., 1987;
Страсти ума, или Жизнь Фрейда. М., 1999.
Літ.:
Комаровская Т.Е. Творчество Ирвинга Стоуна. Мн., 1983.
Т.Я.Камароўская.
т. 15, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУРМЯ́НЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы сурмы. Вылучаюць уласна С.р. (монаметальныя), комплексныя і сурмазмяшчальныя. Уласна С.р. маюць гал. прамысл. значэнне і падзяляюцца на вельмі багатыя, або штуфныя (20—50% сурмы), багатыя (6—12%), радавыя (2—6%), бедныя (1—2%) і ўбогія (да 1%). Паводле саставу падзяляюцца на сульфідныя (больш за 70% гал. мінералу антыманіту), сульфідна-аксідныя (30—50% сурмы ў аксіднай і гідраксіднай форме) і аксідныя (больш за 50% сурмы ў аксідных злучэннях). Комплексныя С.р. падзяляюцца на ртутна-сурмяныя, сурмяна-поліметалічныя, золата-сурмяныя, сурмяна-вальфрамавыя і інш.; сурмазмяшчальныя руды — на 2 падтыпы: мінералы сурмы ўтвараюць невял. гнёзды багатых руд; сурма ізаморфна ўваходзіць у крышт. рашотку інш. мінералаў у поліметалічных рудах або ўтварае тонкую ўкрапанасць. Паходжанне гідратэрмальнае. Радовішчы ў Балівіі, Паўд.-Афр. Рэспубліцы, Мексіцы, Турцыі, Кітаі, Расіі і інш.
т. 15, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. thērion звер + ...логія), мамаліялогія, мамалогія,
раздзел заалогіі, які вывучае млекакормячых.
Вывучае сістэматыку млекакормячых, іх паходжанне і сувязі з інш. групамі жывёл, біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцый, гасп. значэнне дзікіх звяроў. Адна з асн. задач Т. — распрацоўка біял. асноў рацыянальнага выкарыстання дзікіх млекакормячых. Выкарыстоўвае метады: назіральны, апісальны, параўнальна-анат., колькаснага ўліку і інш. Тэрмін «Т.» прапанаваны рас. заолагам С.І.Агнёвым у 1928.
На Беларусі пытанні Т. вывучаюцца ў Інстытуце заалогіі Нац. АН, Бярэзінскім біясферным запаведніку, нац. парках рэспублікі і інш. Сярод бел. вучоных, якія займаліся пэўнымі пытаннямі ў галіне Т., І.М.Сяржанін, П.Р.Козла, А.М.Курскоў, В.М.Міхалап, Э.Р.Самусенка, В.Ф.Цераховіч і інш.
Літ.:
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих [Т. 1—3]. М., 1973—79;
Териология в СССР. М., 1984;
Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989.
т. 16, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРАФІ́ЧНАЯ ГРУ́ПА лакальна-тэрытарыяльная група насельніцтва, якая адрозніваецца асаблівасцямі традыц. матэрыяльнай і духоўнай культуры, побыту, часам мовы. Паходжанне Э.г. звычайна звязана з прыродна-кліматычнымі ўмовамі жыцця, родам гасп. заняткаў, радзей — са спецыфікай этнагенезу і этн. гісторыі насельніцтва пэўнай тэрыторыі. Этн. самасвядомасць Э.г. звычайна выяўлена слаба, таму пераважаюць адпаведныя мясц. (зямляцкія) самавызначэнні — пінчукі, случакі, быхаўцы, палачане, мсціслаўцы, тураўцы і інш. У перыяд феадалізму актывізацыя этнаўтваральных працэсаў садзейнічала аб’яднанню Э.г. ў межах буйных гіст.-этнагр. і субэтнічных супольнасцей беларусаў, палешукоў і літвінаў. У пач. 20 ст. лакальныя асаблівасці большасці Э.г. Беларусі паступова былі нівеліраваны агульнабел. кансалідацыйнымі працэсамі, што прывяло да ўзмацнення агульнаэтн. самасвядомасці (на змену мясц. самавызначэннем прыйшоў агульны этнонім — беларусы). У наш час некат. групы насельніцтва Зах. і Усх. Палесся, Панямоння, Верхняга Падняпроўя, Падзвіння захоўваюць пэўныя асаблівасці традыц. жылля, адзення, абрадаў, звычаяў, фальклору і інш.
І.У.Чаквін.
т. 18, кн. 1, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ГІЧ (Jagič) Ватраслаў (Ігнацій Вікенцьевіч; 6.7.1838, г. Вараждзін, Харватыя — 5.8.1923),
харвацкі філолаг-славіст. Акад. АН у Заграбе (1866), Пецярб. АН (1880, чл.-кар. з 1868), Югаславянскай акадэміі навук і мастацтваў і інш. Скончыў Венскі ун-т (1860). Праф. Новарасійскага (Адэса, 1871—74), Берлінскага (1874—80), Пецярб. (1880—86), Венскага (1886—1908) ун-таў. У 1876 заснаваў і выдаваў час. «Архіў фюр славішэ філалагі» («Архіў славянскай філалогіі»). Даследаваў царк.-слав. мову, слав. літ. помнікі, паходжанне слав. пісьменнасці, палеаграфію, слав. сярэдневяковыя л-ры і інш. Аўтар шматлікіх навук. прац, у т. л. «Крыніцы для гісторыі славянскай філалогіі» (т. 1—2, 1885—97), «Гісторыя ўзнікнення царкоўна-славянскай мовы» (1900), «Гісторыя славянскай філалогіі» (1910). У працах выкарыстоўваў бел. матэрыял (граматыкі Л.Зізанія, М.Сматрыцкага і інш.).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
Г.А.Цыхун.
т. 18, кн. 1, с. 230
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДУ́НАС (Vidūnas; сапр. Староста) Вільгельмас
(22.3.1868, в. Іонайчай, Шылуцкі р-н, Літва — 20.2.1953),
літоўскі філосаф, драматург. З 1912 жыў і працаваў у Тыльзіце, дзе ўзначальваў культ. жыццё літоўцаў Усх. Прусіі. Яго філас. сістэма сфарміравалася пад уплывам ідэй стараж.-інд. веданты (вішышты-адвайты) і некат. канцэпцый зах.-еўрап. ідэаліст. філас. плыняў — платанізму, неаплатанізму, хрысц. містыцызму, пантэізму. Быццё трактаваў як дух, пэўным станам якога, яго несамаст. часткай з’яўляецца матэрыяльны свет. Чалавек, паводле Відунаса, — мікракосмас і найвышэйшая ступень эвалюцыі. Носьбіты абс. духа, праяўленне чалавечнасці — мараль, мастацтва і навука.
Развіццё грамадства, на думку Відунаса, супадае з ступенямі духоўнага ўдасканалення чалавека: індывід — нацыя — чалавецтва — абсалют. Аўтар філас. прац: «Пабудова сусвету», «Таямнічая вялікасць чалавека» (абедзве 1907), «Паходжанне лёсу» (1908), «Жыццёвая аснова народа» (1920), «Свядомасць» (1936) і інш. У маст. творчасці абуджаў пачуццё нац. годнасці літоўцаў і пратэст супраць ням. імперыялізму (драм. трылогія «Цені продкаў», 1908, трагедыя «Сусветны пажар», 1928, і інш.).
т. 4, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́РНЫЯ СКО́ПІШЧЫ,
сукупнасці (групы) зорак, якія маюць агульнае паходжанне і звязаны паміж сабой сіламі ўзаемнага прыцягнення. Для сфарміраваных З.с. характэрна наяўнасць цэнтр. згушчэння (ядра), абкружанага менш шчыльнай каранальнай вобласцю. У залежнасці ад знешняга выгляду, памераў, узросту і хім. складу адрозніваюць рассеяныя і шаравыя З.с.
Рассеяныя З.с. (напр., Гіяды, Плеяды) у Галактыцы канцэнтруюцца ў плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху і маюць найб. скорасці адносна Сонца; узрост да 1 млрд. гадоў. Пры назіранні ў слабы тэлескоп раздзяляюцца на асобныя зоркі. Шаравыя З.с. (напр., скопішча M3 у сузор’і Гончых Псоў, M13 у сузор’і Геркулеса) маюць вял. колькасць кампактна размешчаных зорак у выглядзе сферычнай або эліптычнай сістэмы; з цяжкасцю раздзяляюцца на асобныя зоркі нават у моцных тэлескопах. Утвараюць у Галактыцы сферычную падсістэму і канцэнтруюцца ў яе цэнтры; маюць узрост ад 5 да 15 млрд. гадоў. Наяўнасць пераменных зорак (напр., тыпу RR Ліры) дазваляе вызначаць адлегласці да скопішчаў.
А.А.Шымбалёў.
т. 7, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭР’Е́Р ЖЫВЁЛЫ,
сукупнасць унутр. марфал. (анатам. і гісталагічных), біяхім. і фізіял. уласцівасцей арганізма с.-г. жывёлы ў сувязі з яе прадукцыйнасцю і племяннымі якасцямі. Выкарыстоўваюць для ацэнкі канстытуцыі жывёлы і яе прадукцыйнасці. Першыя працы па І.ж. вядомы з канца 19 ст. Пры вызначэнні І.ж. даследуюць косці, мышцы, скуру, малочныя залозы, кроў, сэрца, лёгкія і інш. Паводле груп крыві і тыпаў індывід. бялкоў вызначаюць паходжанне жывёл, структуру парод, наяўнасць генет. узаемасувязі і інш. Паміж І.ж., будовай цела і прадукцыйнасцю існуе карэляцыйная сувязь. Напр., у малочнай жывёлы ў параўнанні з мясной лепш развіта малочная залоза, страваванне, кровазварот, шчытападобная залоза, гіпофіз, менш развіты падскурны тлушчавы слой, больш нізкі крывяны ціск, большае сэрца, больш частыя дыханне і пульс, больш інтэнсіўны абмен рэчываў. У верхавых і рысістых коней памеры сэрца і ёмістасць лёгкіх большыя, чым у цяжкавозаў (на 100 кг жывой масы). Гл. таксама Экстэр’ер жывёлы.
т. 7, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)