МАГІЛЁЎСКАЯ БРА́ЦКАЯ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў 1616—1773 (з перапынкамі) у Магілёве. У 1616 выдадзены «Служэбнік» (2-е выд. 1617), у 1619 — «Евангелле вучыцельнае» Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Пасля гэтага на нейкі час друкарня спыніла дзейнасць. 19.3.1633 кароль Уладзіслаў IV даў Магілёўскаму правасл. брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выданне вучэбных і інш. кніг на «рускай» (старабел. і царк.-слав.), грэчаскай, лац. і польск. мовах. У 1636—38 гэта права брацтва, верагодна, перадала Спірыдону Собалю, які ў 1636 выдаў «Буквар языка славенска». У 1676 брацтва атрымала ад караля Яна III Сабескага прывілей на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры і выданне кніг на «рускай» і польск. мовах. У 1680 друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які ў 1698 атрымаў на яе прывілей без дазволу брацтва і стаў выдаваць кнігі ад свайго імя. У 1701 брацтва дамаглося пацвярджэння свайго ранейшага прывілея на друкарню. У розны час у друкарні працавалі друкары і гравёры: Васіль Вашчанка (сын Максіма), Фёдар Ангілейка, Афанасій П. (Пігарэвіч ?), М.​Антушкевіч. У канцы 17—18 ст. ў друкарні выдаваліся царк., навуч., палемічныя кнігі: «Псалтыр» (1693), «Акафісты і каноны» (1693), «Малітваслоў» (1695), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» (1699), «Неба новае» (1699), «Трыфалагіён» (1754), «Часаслоў» (1762) і інш. У апошнія гады дзейнасці друкарня перавыдавала раней надрукаваныя кнігі.

Літ.:

Жудро Ф. История Могилевского Богоявленского братства. Могилев. 1890;

Пічэта У.І. Друк на Беларусі ў XVI і XVII стст. // Чатырохсотлецце беларускага друку. Мн., 1926.

І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛУЧЫ́НКА»,

літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс для моладзі. Выдавалася ў 1914 у Мінску на бел. мове на 16 старонках. Рэдактар-выдавец А.​Уласаў, літ. рэдактар Цётка (А.​Пашкевіч). Мела асветніцка-краязнаўчы кірунак. Садзейнічала прапагандзе ідэі нац. асветніцтва, самаадукацыі, духоўнага і патрыят. выхавання бел. моладзі, пашырэнню яе кругагляду, абуджэнню нац. самасвядомасці. Змяшчала навук. публікацыі пісьменнікаў, дзеячаў культуры, журналістаў, студэнтаў па пытаннях гіст. і культ. спадчыны Беларусі, яе эканам. і геагр. становішча. Сярод праграмных (рэдакцыйных) публікацый верш Цёткі «Лучынка», артыкулы «Да вясковай моладзі беларускай», «Да школьнай моладзі», «Аб душы маладзёжы», нарысы «Шануйце роднае слова!», «Наша народная беларуская песня» і інш. Апублікавала навукова-пазнавальныя краязнаўчыя і прыродазнаўчыя артыкулы В.​Ластоўскага (Власта) «Якога мы роду-племені», А.​Паўловіча «Вадаспады», «Вулкан», М.​Баброўскага (Л.​Гмырака) «Сіла з народу», Цёткі (пад псеўд. Мацей Крапіўка) «Газа», «Гутаркі аб птушках», «Пералётныя птушкі», «Радый», У.​Рышкевіча (пад крыптанімам В.Р-іч) «Аб той вадзе, што падае з неба», А.​Балкоўскага (пад крыптанімам А.​Бол-і) «Паветра», нарысы пра асновы эканомікі А.​Смоліча (А.​Жывіцы) «Даўнейшая натуральная гаспадарка і цяперашняе царства рубля», «Капітал», «Як цана робіцца і што яна азначае», успаміны Б.​Тарашкевіча (Я.​Тараса) пра У.​Эпімах-Шыпілу і інш. На старонках «Л.» друкаваліся маст. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Цёткі, К.​Буйло, Я.​Журбы, З.​Бядулі, У.​Галубка, Ц.​Гартнага, Паўловіча, М.​Арла, Ядвігіна Ш., А.​Жыгалкі, В.​Лявіцкай і інш. Планавала выданне перакладных твораў для дзяцей (выйшаў адзін зборнік апавяданняў у перакладзе з польск. мовы). Друкавала нар. песні, гульні, шарады. Рэкламавала бел. кнігі, перыяд. выданні. Выйшла 6 нумароў.

С.​В.​Говін.

т. 9, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЕ́НКА (Віктар Антонавіч) (н. 21.7.1929, в. Сакаўшчына Валожынскага р-на Мінскай вобл),

бел. крытык і літ.-знавец, празаік. Акад. Нац. АН Беларусі (1989, чл.-кар. 1984), д-р філал. н. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў. З 1958 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі (у 1982—97 дырэктар). Друкуецца з 1952. Даследаваў творчасць З.​Бядулі («Пошукі і здзяйсненні», 1963), І.​Шамякіна («Іван Шамякін», 1980), гуманіст. традыцыі ў бел. л-ры («Голас чалавечнасці», 1970), працэс паскоранасці ў развіцці бел. л-ры 19—20 ст., ролю ў гэтым працэсе нац.-самабытных вытокаў і ўплываў суседніх л-р («Вытокі. Уплывы. Паскоранасць», 1975), сувязь міфа-паэт. матываў з літ. творчасцю, іх значэнне для ўмацавання нац. пачатку, традыцый народнасці ў бел. л-ры («Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры», 1981). Тэарэт. асэнсаванню крытыкі як спецыфічнай галіны літ. дзейнасці і яе развіццю на Беларусі прысвяціў кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1977). Сучасны літ. працэс разглядае ў кн. «З пазіцый сучаснасці» (2-е выд. 1982). Як крытыку яму ўласціва ўвага да праблем духоўнасці л-ры, яе барацьбы за праўдзівасць адлюстравання рэчаіснасці, сац. глыбіню, грамадз. актыўнасць, гуманіст. страснасць. Працы К. вызначаюцца канцэптуальнасцю, глыбінёй і арыгінальнасцю думкі, палемічнай завостранасцю. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1, 1965), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972) і інш. У рамане «Падвышанае неба» (1975) адлюстраваў жыццё ў Зах. Беларусі напярэдадні яе ўз’яднання з БССР. Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).

Тв.:

Давер. Мн., 1967;

Прага духоўнасці. Мн., 1975;

Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;

Общность судеб и сердец: Бел. проза о Великой Отечественной войне в контексте рус. и других лит. Мн., 1985;

Покліч жыцця. Мн., 1987.

Дз.​Я.​Бугаёў.

В.А.Каваленка.

т. 7, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙКАЎ (Апалон Мікалаевіч) (4.6.1821, Масква — 20.3.1897),

рускі паэт. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1853). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1841). У 1842—44 за мяжой, пераважна ў Італіі. З 1844 пам. бібліятэкара Румянцаўскага музея, з 1852 у Пецярбургскім к-це замежнай цэнзуры (з 1875 яго старшыня). Друкаваўся з 1835. Першы зб. «Вершы» (1842), якім працягваў традыцыі анталагічнай лірыкі К.​М.​Бацюшкава і М.​І.​Гнедзіча. Уражанні ад Італіі, вобразы і тэмы антычнасці і сучаснасці ў зб. «Нарысы Рыма» (1847). Некат. празаічныя творы 1840-х г., паэмы «Два лёсы» (1845), «Машачка» (1846) і інш. напісаны ў духу натуральнай школы. У 1850-я г. перайшоў на кансерватыўныя пазіцыі, ідэі славянафільства і панславізму (паэма «Клермонцкі сабор», 1853). Часу ранняга хрысціянства, яго сутыкненням з язычніцтвам прысвечаны паэма «Тры смерці» (1857) і яе працяг «Смерць Люцыя» [1863; абедзве перапрацаваныя ўвайшлі ў драму «Два светы» (1872, 2-я рэд. 1881, Пушкінская прэмія АН 1882)]. У 1854—56 напісаў шэраг вершаў, прысвечаных рус. прыродзе. Творчасці М. ўласцівы культ прыгажосці, арыентацыя на фальклорную паэтыку, традыцыі стараж.-рус. славеснасці (паэма «Вандроўнік», 1867). Аўтар паэт. пералажэння «Слова аб палку Ігаравым» (1870), крытычных артыкулаў пра л-ру і выяўл. мастацтва. Перакладаў Фірдаўсі, стараж.-інд. эпас «Рамаяна», ант. паэтаў, І.​В.​Гётэ, Г.​Гейнэ, Г.​Лангфела, А.​Міцкевіча, сербскія і бел. (7 твораў) нар. песні і інш. Асобныя вершы М. пакладзены на музыку П.​Чайкоўскім, М.​Рымскім-Корсакавым і інш. На бел. мову яго верш «Золата, золата падае з неба» пераклаў М.​Багдановіч.

Тв.:

Избр. произв. Л., 1977;

Соч. Т. 1—2. М., 1984;

Стихотворения и поэмы. Л., 1987.

Літ.:

Анненский И.Ф. Майков и педагогическое значение его поэзии [1898] // Анненский И.Ф. Книги отражений. М., 1979;

Ямпольский И.Г. Поэты и прозаики. Л., 1986. С. 110—141.

А.М.Майкаў.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНФУЦЫЯ́НСТВА,

маральна-паліт., рэліг.-філас. і светапогляднае вучэнне, якое сфарміравалася ў Стараж. Кітаі і на працягу больш як 2 тыс. гадоў было яго афіц. ідэалогіяй і дзярж. рэлігіяй. Асновы К. закладзены ў 6 ст. да н. э. Канфуцыем і развіты яго вучнямі і паслядоўнікамі Мэн-цзы, Сюнь-цзы і інш. Узнікла ў перыяд распаду Кітая на шматлікія дзяржавы, разрыву раннефеад. і патрыярхальных грамадскіх сувязей, заняпаду традыц. рэліг. вераванняў. Напачатку было спробай выпрацаваць этычныя, грамадскія і паліт. нормы, а таксама спосабы кіравання, якія павінны забяспечыць аднаўленне стабільнага грамадскага ладу і царскай улады ва ўсім Кітаі. Канфуцый прапанаваў праграму вяртання 5 класічных «грамадскіх залежнасцей»: сына ад бацькі, жонкі ад мужа, малодшага брата ад старэйшага, падуладнага ад пануючага, сябра ад сябра і стварэння на аснове прынцыпаў жэнь («гуманнасць, справядлівасць») і лі («рытуал, этыкет») дакладна акрэсленай патрыярхальна-феад. грамадскай іерархіі, дзе кожны чалавек займаў бы прадвызначанае яму месца і выконваў бы адпаведныя абавязкі. Гэта праграма, на думку Канфуцыя, павінна была прывесці да стварэння «грамадства супрацоўніцтва» (узор і яго асн. ячэйка — сям’я) і выхавання «высакародных людзей» (цзюнь-цзы) — інтэлектуалаў, якія павінны дапамагаць уладарам кіраваць «простым людам». Філас. асновай К. з’яўляецца палажэнне аб тым, што ўсё, што адбываецца, павінна быць згодна з «ладам неба» (дао); веданне гэтага «ладу» і заснаваных на ім правіл паводзін у міжчалавечых адносінах — цэнтральны пункт у К. Пасля смерці Канфуцыя яго вучэнне развівалі і дапаўнялі шматлікія школы яго паслядоўнікаў. Пасля няўдалага перыяду праследаванняў пры імператару Цынь Шыхуандзі, які ў 211 да н. э. загадаў спаліць усе канфуцыянскія кнігі, у часы дынастыі Хань адбылося адраджэнне К. Адным з гал. інтэрпрэтатараў і рэфарматараў К. быў Дун Чжуншу (2 ст. да н. э.), які распрацаваў метафізічныя асновы К. і аб’яднаў яго з тэістычнай тэлеалогіяй. Новы этап развіцця К. звязаны з імем Чжу Сі (1130—1200), стваральніка неаканфуцыянства, якое дамінавала ў кіт. філас. думцы і культуры да 20 ст., выконвала інтэграцыйныя функцыі і аказвала вялізны ўплыў на ўсе галіны грамадскага жыцця Кітая, асабліва на сістэмы кіравання, выхавання і культуры.

Літ.:

Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;

Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Проблемы идеологии. М., 1991.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы канца 17—18 ст. Склалася ў Магілёве, працягвала традыцыі Віленскай шкалы гравюры і Куцеінскай школы гравюры. Развіццё школы звязана з дзейнасцю друкароў і гравёраў Магілёўскага богаяўленскага брацтва (гл. Магілёўская брацкая друкарня), гал. ролю ў яе фарміраванні адыгралі Ф.Ангілейка, М.Вашчанка, В.Вашчанка; сярод майстроў Афанасій П. (Пігарэвіч), Сямён, М.​Антушкевіч, Я.​Стральбіцкі, М.​Чарняўскі. Развівалася пераважна кніжная гравюра (дрэварыт і медзярыт), стылістычна блізкая да тагачасных бел. абразоў і паліхромнай драўлянай пластыкі. Вядома больш за 40 выданняў Магілёўскага брацтва, якія мелі тытульныя лісты, былі ўпрыгожаны фігуратыўнымі ілюстрацыямі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі. Упершыню пасля выданняў Ф.​Скарыны фігуратыўная старонкавая ілюстрацыя адыгрывала гал. ролю ў маст. аздабленні кніг, у адным выданні спалучаліся дрэварыты і медзярыты. Некаторыя ілюстрацыі мелі подпісы мастакоў. Творы выкананы ў стылі т.зв. магілёўскага барока (спалучэнне мясц. маст. традыцый з рысамі зах.-еўрап. барока і візант. мастацтва). У аснове маст. прынцыпаў М.ш.г. — натурныя назіранні, шырокае выкарыстанне традыцый нар. мастацтва, што выявілася ў нар. характары тыпажу, адлюстраванні адзення, прадметаў побыту, арх. дэталей і інш. Характэрнымі рысамі школы з’яўляюцца лаканічная лінеарная, пластычна выразная гравіроўка, прастата і ўраўнаважанасць кампазіцыйнай будовы, перавага фігур над арх. фонам. Найб. выразныя яны ў іл. да кніг «Манархія Турэцкая, апісаная Рыко» (1678, надрукавана ў Слуцку), «Акафісты і каноны» (1693), «Дыоптра» (1698), «Перла мнагацэннае» і «Неба Новае» (1699), «Ирмолой сиречь Осмогласник» Іаана Дамаскіна (1700), «Кнігі жыцій святых» (1702), «Часослов сиречь Последование службы» (1703), «Асмагласнік» (1730). Асаблівай дэкаратыўнасцю вызначаўся тытульны ліст: абапал традыц. брамы на фоне пышнага расл. арнаменту змяшчалі медальёны, картушы з выявамі анёлаў, святых, сцэн на рэліг. сюжэты. Картушы і медальёны з сюжэтнымі выявамі характэрны таксама застаўкам і канцоўкам. Своеасаблівым спалучэннем расл. арнаментаў з выявамі чалавечых фігур, часам з сюжэтнымі сцэнамі на тэмы жыцця святых вызначаюцца ініцыялы («Евангелле вучыцельнае», 1697). Яркая з’ява бел. кніжнай гравюры 17 ст. — медзярыты М.​Вашчанкі да «Манархіі Турэцкай», цалкам свецкі цыкл, выкананы з жыццёвай пераканаўчасцю, што надае творам жанравы характар. Змяшчэнне на тытульным лісце «Кнігі жыцій святых» віду Магілёва з выявамі будынкаў грамадз. прызначэння — адзін з першых прыкладаў свецкага гар. пейзажа ў кірылічнай кнізе.

Літ.:

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Пікулік А.М. Барочныя тэндэнцыі ў мастацтве магілёўскіх старадрукаў // Барока ў беларускай культуры і мастацтве. Мн., 1998.

А.​М.​Пікулік.

т. 9, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМІЛЁЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),

вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус. нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб. філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ. нар. паэзію, творы Т.​Гацье, С.​Т.​Колрыджа, Р.​Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1991;

Неизданные стихи и письма. Париж, 1980;

Неизданное и несобранное. Париж, 1986;

Стихотворения и поэмы. Л., 1988;

Письма о русской поэзии. М., 1990;

Драматические произведения. Переводы. Статьи. Л., 1990.

Літ.:

Николай Гумилев в воспоминаниях современников. М., 1990;

Лукницкая В. Николай Гумилев: Жизнь поэта по материалам домашнего архива семьи Лукницких. Л., 1990;

Жизнь Николая Гумилева: Воспоминания современников. Л., 1991;

Бронгулеев В.В. Посредине странствия земного: Докум. повесть о жизни и творчестве Николая Гумилева: Годы 1886—1913. М., 1995;

Н.​С.​Гумилев: Pro et contra: Личность и творчество Николая Гумилева в оценке рус. мыслителей и исследователей: Антология. СПб., 1995.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),

адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц. філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш. філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б. правасл. і стараж. усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл. Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

А.​А.​Цітавец.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча.

Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та (курс Б.​Платонава і В.​Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.​Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.​Сіманава, «Трыбунал» А.​Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.​Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.​Друцэ, «Палын» М.​Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.​Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.​Бондарава, «Апошні тэрмін» В.​Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.​Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.​Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.​Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла, «Эмігранты» С.​Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.​Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.​Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.​Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.​Купалы, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.​Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча), «Калізей» М.​Матукоўскага, «Чорная панна» А.​Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.​Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.​Манохіна, «Русалка» А.​Пушкіна і інш. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.​Каралько, Ф.​Пуховіча, М.​Кавальчыка, Г.​Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.​Баеў, Н.​Калаптур, П.​Масцераў, В.​Філатаў, Л.​Федчанка. Гал. рэжысёр С.​Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.​Навакоўскі (з 1989).

Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.​Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.​Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.​Папоў, М.​Пірагоў, маст. В.​Ананьеў, М.​Макашвілі.

А.​В.​Спрынчан, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцынкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.​І.​Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».

т. 9, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)