ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),
англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.Мілесам, У.Х.Хантам (зазналі ўплыў М.Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл.Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.Тэнісан, А.Ч.Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.Крэйн, Дж.Ф.Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Прэрафаэліты. У.Х.Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.Да арт.Прэрафаэліты. Д.Г.Расеці. La Ghirlandata. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАНІ́МНЫ ТВОРу літаратуры,
друкаваны або рукапісны твор без пазначэння імя аўтара або падпісаны псеўданімам. Найчасцей прычынай ананімнасці было жаданне пазбегнуць ганенняў з боку ўлад. Ананімна з’явіліся многія літ. і філас. творы: «Думкі» Б.Паскаля, «Максімы» Ф.Ларошфуко, творы Вальтэра, «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава, «Гаўрыліяда» А.Пушкіна і інш. У стараж.бел. л-ры многія творы (асабліва свецкія) былі ананімныя. У перыяд станаўлення новай бел. л-ры, якая стваралася непрафесійнымі пісьменнікамі, яе аўтары не імкнуліся занатаваць сваё аўтарства, тым болей што гэтыя творы звычайна распаўсюджваліся вусна або ў рукапісах. Па меры росту нац.-культ. свядомасці абуджалася і цікавасць да пытання аўтарства бел. твораў (Я.Баршчэўскі, Я.Чачот, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). З сярэдзіны 19 ст.бел.л-ра мела пераважна апазіцыйны да самаўладства характар, большасць яе твораў прасякнута вострай крытыкай дзярж.ладу, таму іх забаранялася друкаваць аж да 1906. Але і пазней найб. вострыя творы з’яўляліся ананімна. Паводле жанру ананімныя творы разнастайныя: паэмы («Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»), лірычныя вершы («Вясна гола перапала», «Ой, у полі вецер вые»), вершаваныя або празаічныя гутаркі («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка старога дзеда»). Некаторыя ананімныя творы мелі форму адозваў або паліт. пракламацый (у свой час так выдаваліся асобныя творы К.Каганца, Цёткі і інш.). Востракрытычныя ананімныя творы бытавалі і ў сав. час («Сказ пра Лысую гару»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЫ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ,
філасофскія школы будызму, розныя па кірунку, арганізацыі і назвах. У будызме існуе каля 30 філас. школ; найб. пашыраны: тхеравада (школа старой мудрасці), самая ранняя, найб. артадаксальная. Арганізавана паслядоўнікамі Буды пасля яго смерці (544 да н.э.), не арыентавалася на асоб недухоўнага звання. Дасягненне прасвятлення бачыла ў літаральным прытрымліванні ладу жыцця і характару медытацыі Сідхартха Гаўтамы (заснавальнік будызму). Пашырана ў Шры-Ланцы; Бірме, Тайландзе, Лаосе, Камбоджы, Індыі, Бангладэш, В’етнаме, Малайзіі, Непале; хінаяна (санскр. малая калясніца), сістэма школ Паўднёвага будызму, аднаго з асн. кірункаў будызму. Паводле хінаяны, гал. ўвага канцэнтруецца на вывучэнні прыроды дхарм (элементы, што ляжаць у аснове матэрыяльных і духоўных рэчаў і з’яў) і дасягненні нірваны (адсутнасць жаданняў, абс. адарванасць ад навакольнага свету) этычным шляхам; махаяна (вялікая калясніца), распрацавала тэорыю боскай субстанцыі і сляпой веры ў яе стваральныя магчымасці. Гэта прывяло да стварэння пантэона будаў, багоў, ускладнення культавых элементаў і дактрынальнай часткі вучэння. Арыентавана на адмаўленне ад асабістага выратавання дзеля дапамогі іншым істотам і агульнага выратавання. Больш простая і дасягальная для асоб недухоўнага звання. Пашырана ў Тыбеце, Карэі, Манголіі, Кітаі, Японіі; ваджраяна (алмазная калясніца) — эзатэрычнае вучэнне са спецыфічнай рытуальнай практыкай, звязана з традыцыяй тантры (свяшчэнныя тэксты; магія). Аддзялілася ад махаяны ў 1-м тыс.н.э. Пашырана ў Шры-Ланцы, Інданезіі, Кітаі, Японіі, Тыбеце, Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХВЯ́РСТВА,
дача ў пазыку грошай, рэчаў, с.-г. прадуктаў і да т. п. на кабальных умовах за выплату высокіх працэнтаў. Як правіла, такія пазыкі выкарыстоўваліся не як капітал, а ў якасці пакупнога і плацежнага сродкаў. Зарадзілася ў перыяд распаду першабытнаабшчыннага ладу і пазней назіралася ў самых розных грамадска-эканам. фармацыях. З часоў Стараж. Рыма Л. развівалася разам з водкупам — зборам арэнднай платы, падаткаў і г. д. Характэрным для Л. быў выключна высокі працэнт па пазыках. Яго ўзровень вагаўся ў вельмі шырокіх межах — ад некалькіх дзесяткаў да соцень працэнтаў гадавых. Ліхвярскі капітал адбіраў ў пазычальніка амаль увесь прыбавачны прадукт і таму ён не мог сістэматычна выкарыстоўвацца для мэт капіталіст. ўзнаўлення. З развіццём капіталізму, стварэннем крэдытнай справы, узнікненнем банкаў і пазыковага капіталу асновы Л. былі падарваны. Аднак у наш час у некаторых краінах Азіі, Афрыкі і Лац. Амерыкі з-за недастатковага развіцця ўнутр. рынку і таварна-грашовых адносін, слабасці крэдытнай сістэмы існуюць умовы для захавання Л. Яно служыць асновай фін. закабалення і эксплуатацыі мясц. гандлярамі і багацеямі бядняцкіх слаёў насельніцтва. У індустрыяльна развітых краінах ліхвярскія аперацыі забаронены законам, таму ажыццяўляюцца нелегальна. На Беларусі Л. было найбольш пашырана ў эпоху феадалізму. Так, у Статуце Вял.кн. Літоўскага 1588 змешчана прававая норма (раздз. 3, арт. 24) аб адказнасці шляхты, якая пакінула свае маёнткі, каб пераехаць у горад для заняткаў Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАЛЕТАРЫЯ́Т»,
назва 3 польскіх рэв.сацыяліст. арг-цый у 1880—90-я г. — пач. 20 ст. 1) «П.» Вялікі, Першы — першая паліт. партыя польскіх рабочых (1882—86). Засн. Л.Варынскім у Варшаве. Гурткі існавалі ў Каралеўстве Польскім, Пецярбургу, Маскве, Кіеве, Вільні, Віцебску, Пінску і інш. Праграма: марксісцкі аналіз капіталіст.ладу, барацьба за сацыялізм рэв. сродкамі. Тактыка: прапаганда сярод рабочых, арг-цыя забастовак, эканам. і паліт. тэрор. Узначальваўся ЦК (у 1884—85 ім кіравала ўраджэнка Беларусі М.У.Багушэвіч). Друкаваныя органы: газ. «Proletariat» («Пралетарыят»), час. «Walka klas» («Барацьба класаў»), Сувязі з групай «Вызваленне працы» і Благоева групай, саюз з «Народнай воляй» (1884). У 1884—86 партыя разгромлена паліцыяй, 5 чал. пакараны смерцю, многія зняволены.
2) «П.» Малы, Другі — сацыяліст.-рэв. партыя (1888—93), паслядоўніца «П.» Вялікага. Засн. Л.Кульчыцкім і М.Каспшакам. Прапаганда сярод рабочых, індывід. тэрор [у т. л. замах на варшаўскага ген.-губернатара І.У.Гурка (гл.Гуркі) у жн. 1892], У сак. 1893 «П.» уліўся ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, ч. членаў далучылася да Польскай сацыялістычнай партыі (ППС).
3) «П.» Трэці, Польская сацыяліст. партыя — «П.» (1900—09). Створаны групай левых на чале з Кульчыцкім, якая выйшла з ППС. Выступаў за аўтаномію Каралеўства Польскага і дэмакр. рэспубліку для ўсёй Расіі, гал. мэтай лічыў сацыяліст. рэвалюцыю і дыктатуру пралетарыяту. Тактыка: прапаганда, арганізацыя забастовак, індывід. тэрор. У 1909 спыніў існаванне.
Літ.:
Baumgarten L. Dzieje Wielkiego Proletariatu. Warszawa, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ СЕ́КЦЫІ РКП(б),
бальшавіцкія арг-цыі, якія існавалі ў 1918—19 у Варонежы, Казані, Казлове, Маскве, Невелі, Петраградзе, Саратаве, Тамбове і інш. як частка мясцовых парт. арг-цый. Складаліся з рабочых і бежанцаў-беларусаў — членаў РКП(б). У іх кіруючае ядро ўваходзілі А.Р.Чарвякоў, З.Х.Жылуновіч, А.Х.Усціловіч, І.В.Лагун і інш. Працавалі ў цесным кантакце з Беларускім нацыянальным камісарыятам (Белнацкомам), праз яго газету «Дзянніца» дамагаліся рэалізацыі бел. народам права на самавызначэнне на аснове сав.ладу і ў саюзе з РСФСР. 21—23.12.1918 у Маскве адбылася канферэнцыя бел. секцый РКП(б), якая прызнала неабходным стварэнне Часовага рабоча-сял. ўрада Беларусі, выбрала Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б) на чале з Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый РКП(б) удзельнічала ў падрыхтоўцы паліт. дакументаў, звязаных з утварэннем БССР і КП(б)Б. На 1-м з’ездзе КП(б)Б у склад Цэнтр. бюро КП(б)Б выбраны Жылуновіч і Лагун. У склад Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі, які ўзначаліў Жылуновіч, увайшлі 9 прадстаўнікоў беларускіх секцый РКП(б). 15.1.1919 ЦБКП(б)Б прыняло пастанову аб ліквідацыі ЦБ беларускіх секцый РКП(б). Бел.камуніст. секцыям, што дзейнічалі па-за межамі рэспублікі, было дадзена права працаваць пад яго кіраўніцтвам. Пасля ўтварэння Літ.-Бел. ССР (люты 1919) бел. секцыі РКП(б) пачалі аб’ядноўвацца з літоўскімі. ЦК РКП(б) зацвердзіў аб’яднанае літ.-бел. ЦБ пры ЦК РКП(б). З аднаўленнем 31.7.1920 БССР беларускія секцыі не былі адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІДРО́ ((Diderot) Дэні) (5.10.1713, г. Лангр, Францыя — 31.7.1784),
французскі філосаф-асветнік, пісьменнік, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік і рэдактар «Энцыклапедыі, або Тлумачальнага слоўніка навук, мастацтваў і рамёстваў» (т. 1—35; 1751—80). У філас. творах «Думкі пра тлумачэнне прыроды» (нап. 1754), «Размова Д’Аламбера з Дзідро» (нап. 1769, выд. 1830), «Філасофскія асновы матэрыі і руху» (нап. 1770) сцвярджаў адзінства матэрыі і руху, падкрэсліваў дыялект. ўзаемасувязь і вечную зменлівасць прыродных формаў; з узаемадзеяння элементаў матэрыі, якія з’яўляюцца носьбітамі адчуванняў, узнікае мысленне, адзіная свядомасць чалавецтва і сусвету. У паліт. сферы Дз. абапіраўся на тэорыю «грамадскага дагавору», выступаў супраць саслоўнай няроўнасці і дэспатызму, надзеі на стварэнне справядлівага грамадскага ладу звязваў з асвечаным манархам, пазней схіляўся да рэсп. формы праўлення.
У галіне этыкі быў адным са стваральнікаў тэорыі «разумнага эгаізму», лічыў сябелюбства найважнейшым матывам паводзін людзей. Як тэарэтык эстэтыкі сутнасць прыгожага выводзіў з суадносін індывід. пачуццёвага вопыту і логікі розуму. У тэорыі мастацтва гал. лічыў прынцып натуральнасці, «праўды натуры», дзе ідэалам выступае жывая прырода, абараняў ідэі адзінства дабра і прыгажосці. Асн. творы, у якіх выказаны эстэт. погляды Дз.: «Трактат аб прыгожым» (1751), «Салоны» (нап. 1759—81), «Вопыт аб жывапісе» (1765), «Парадокс пра акцёра» (нап. 1773—78). Аўтар маст. твораў: «Манашка» (нап. 1760, выд. 1796), «Пляменнік Рамо» (1762—79, на ням. мове ў пер. І.В.Гётэ ў 1805, на франц. 1823), «Жак-фаталіст і яго гаспадар» (1773, выд. на ням. мове 1792, на франц. 1796).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—11,
антыабсалютысцкая і антыкалан. рэвалюцыя ў Іране. Выклікана самавольствам правіцеля-шаха і пагрозай пераўтварэння краіны ў паўкалонію Вялікабрытаніі і Рас. імперыі. На 1-м этапе рэвалюцыі (снеж. 1905—06) у выніку антышахскіх нар. дэманстрацый пад кіраўніцтвам духавенства ў гарадах Тэгеран, Шыраз, Мешхед і хваляванняў у інш., шах Мазафор од-Дзін 5.8.1906 выдаў указ пра ўвядзенне ў краіне канстытуцыйнага ладу. Першы іранскі меджліс (парламент) выпрацаваў канстытуцыйны Асн. закон (зацверджаны ў снеж. 1906), якім абмежавана ўлада шаха. На 2-м этапе (1907—08) меджліс прыняў дапаўненні да Асн. закона аб увядзенні дэмакр. свабод, стварэнні свецкіх судоў і інш.Рэв. масы (у т. л. байцы-федаі) стварылі свае мясц. органы ўлады (гл.Энджамены). Баючыся размаху рэв. руху, Вялікабрытанія і Расія дамовіліся пра размежаванне сфер уплыву ў Іране (гл. ў арт.Англа-расійскія пагадненні 1873, 1885, 1907). Новы шах Махамед-Алі 23.6.1908 разагнаў меджліс і энджамены ў Тэгеране. Цэнтр рэв. руху перамясціўся ў г. Тэбрыз. На апошнім этапе рэвалюцыі (1909—11) скінуты Махамед-Алі, шахам абвешчаны яго сын Ахмед; адноўлены канстытуцыя, меджліс і інш. Аднак у выніку сумесных намаганняў рас. (на Пн) і англ. (на Пд) войск, іранскай паліцыі рэвалюцыя задушана. У лют. 1912 іранскі ўрад абвясціў аб прызнанні англа-рас. пагаднення 1907. Нягледзячы на паражэнне, І.р. нанесла ўдар па феад.-абсалютысцкіх парадках у Іране і зрабіла значны ўплыў на суседнія краіны.
Літ.:
Арабаджян З.А. Иран: власть, реформы, революции (XIX—XX вв.). М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФУ́ЦЫЙ, Кун-цзы (каля 551 да н. э., цяпер г. Цюйфу правінцыі Шаньдун, Кітай — 479 да н. э.),
старажытнакітайскі мысліцель, заснавальнік канфуцыянства. Паходзіў са збяднелага знатнага роду. Каля 530 да н. э. пачаў актыўную настаўніцкую дзейнасць, каля 510 запрошаны да двара правіцеля Лу. У 502—497 займаў шэраг дзярж. пасад, у т. л.найвыш. суддзі царства Лу. Прымушаны да адстаўкі, 14 гадоў вандраваў амаль па ўсіх тагачасных кіт. царствах. У 484 вярнуўся і прысвяціў сябе заняткам з вучнямі, рэдагаванню помнікаў стараж.-кіт. пісьменства, збіранню нар. і прыдворнай паэзіі, апрацоўцы хронікі царства Лу. Дзейнасць К. супала з перыядам заняпаду ўлады дынастыі Чжоў і распаду традыц. грамадскіх сувязей. Імкненне да аднаўлення парушанага грамадскага ладу лягло ў аснову яго маральнага і сац. вучэння, у якім ён ідэалізаваў раннефеад. мінулае часоў панавання першых уладароў з дынастыі Зах. Чжоў. К. прыпісваюць рэдагаванне або аўтарства (частковае) Пяцікніжжа канфуцыянскага канона («Кніга перамен», «Кніга песень», «Кніга дакументаў», «Запіскі пра звычаі», «Вёсны і восені» — хроніка царства Лу). Асн. погляды К. выкладзены ў кн.: «Гутаркі і меркаванні» (напісана яго вучнямі і паслядоўнікамі), «Вялікае вучэнне» і «Дактрына сярэдзіны» (апрацаваны ўнукам К.), у трактаце «Мэн-цзы», напісаным яго паслядоўнікам Мэн-цзы. Гэтыя кнігі разам складаюць Чатырохкніжжа канфуцыянскага канона.
Літ.:
Семененко И.И. Афоризмы Конфуция. М., 1987;
Переломов Л.С. Конфуций: жизнь, учение, судьба. М., 1993;