група мінералаў класа сульфідаў, якія маюць падобныя знешнія прыкметы (алмазны, паўметалічны бляск, колер і інш.), што адрознівае іх ад большасці сульфідаў, і пераважна з’яўляюцца рудамі. Напр., цынкавая П. (сфалерыт), кадміевая П. (грынакіт, CdS), аксаміцістая П. (тонкавалакністыя агрэгаты гётыту) і інш. Да П. адносіцца таксама рагавая падманка (кл. сілікатаў), жалезістыя разнавіднасці якой маюць моцны паўметалічны бляск, але не з’яўляюцца рудой. Назва ўведзена сярэдневяковымі рудакопамі, якія часта прымалі гэтыя мінералы за руды вядомых у той час металаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІШЭ́НЬ (ад тур. nişan знак),
штучная цэль, якая імітуе адну, некалькі або ўсе найб. характэрныя прыкметы рэальнай цэлі (памеры, форму, колер, спосаб і хуткасць перамяшчэння, манеўр і інш.) і выкарыстоўваецца для трэніровак у стральбе. Ужываюцца таксама макеты ваен. тэхнікі і яе сапраўдныя ўзоры. Паводле прызначэння адрозніваюць М. вучэбныя, выпрабавальныя, спарт. і інш., па форме — плоскія і аб’ёмныя, паводле характару імітацыі — рухомыя, нерухомыя і якія паяўляюцца і знікаюць. М. падраздзяляюцца на балістычныя, паветраныя, марскія, наземныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТЫ́Т (ням. Magnetit ад грэч. magnētis магніт),
мінерал падкласа складаных сілікатаў, аксід двух- і трохвалентнага жалеза FeFe2O4. Мае ў сабе 31% FeO, 69% Pe2O3, 72,4% Fe. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі пераважна актаэдрычныя, зярністыя агрэгаты. Колер чорны. Бляск метал. і паўметалічны. Цв. 5,5—6. Шчыльн. 4,8—5,3 г/см³. Асн. жалезная руда. Прамысл. паклады звязаны са складанымі магматычнымі, кантактава-метасаматычнымі і рэгіянальна-метамарфічнымі ўтварэннямі. На Беларусі М. утварае жалезныя руды Аколаўскага і Навасёлкаўскага радовішчаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЫПІГМЕ́НТ [ад лац. aurum (auri) золата + пігмент(ы)],
мінерал класа сульфідаў As2S3. Мае 60,9% мыш’яку і 39,1% серы.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе ліставатых, слупкаватых або валакністых масіўных агрэгатаў. Колер ад лімонна- і залаціста-жоўтага да аранжава-жоўтага. Паўпразрысты. Бляск тлусты да алмазнага. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,4—3,5 г/см³. Тыповы мінерал сярэдне- і нізкатэмпературных мыш’яковых і сурмяна-ртутных радовішчаў, а таксама ў адкладах гарачых мінер. крыніц. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай і гарбарнай прам-сці, як мыш’яковая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРУЗА́ (ад перс. фірузе),
мінерал класа фасфатаў, водны гідраксілфасфат медзі і алюмінію, CuAl6[PO4]4(OH)8∙5H2O. Мае прымесі жалеза, кальцыю, цынку і інш.
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Утварае масіўныя, шчыльныя або скрытакрышталічныя да буйназярністых агрэгаты. Колер ад блакітнага да зялёнага. Бляск матавы, васковы. Цв. 5—6. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Другасны мінерал, утвараецца ў арыдных абласцях пры ўздзеянні паверхневых водаў на гліназёмныя пароды. Паўкаштоўны камень. Зялёныя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як ювелірна-вырабныя камяні. Радовішчы ў Іране, Таджыкістане, Узбекістане, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРЫ́Т (франц. diorite ад грэч. diorizo размяжоўваю, адрозніваю),
глыбінная поўнакрышталічная магматычная горная парода, складзеная з плагіяклазу (андэзіну ці алігаклазу) і звычайна рагавой падманкі, радзей аўгіту і біятыту, зрэдку — кварцу (кварцавы Д.). Структура буйна- і тонказярністая, раўнамерна-, нераўнамерназярністая, парфірападобная. Колер шэры да зеленавата-шэрага. Шчыльн. 2700—2900 кг/м³. Утварае буйныя інтрузіі ў выглядзе баталітаў, штокаў. Пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі. На Пд рэспублікі (р.п. Мікашэвічы) мае прамысл. значэнне. Выкарыстоўваецца як буд. матэрыял, на брук і як абліцовачны камень; некаторыя гатункі — дэкар. камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯТАМІ́Т (ад позналац. Diatomeae дыятомавыя водарасці),
зямлістая рыхлая ці слабасцэментаваная асадкавая горная парода, утвораная пераважна з ракавінак дыятомавых водарасцей. Мае ад 62 да 97% воднага крэменязёму (апалу), пастаянныя прымесі гліністых мінералаў. Колер белы, светла- ці жаўтавата-шэры, зрэдку цёмна-шэры. Характарызуецца вял. порыстасцю, адсарбцыйнымі і ізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Паходжанне Д. марское, азёрнае ці балотнае. На Беларусі выяўлены пераважна ў александрыйскіх (магутнасць да 20 м, Мінскае ўзв.) і муравінскіх (у прыродным агаленні Панямунь паблізу Гродна) адкладах. Выкарыстоўваецца ў буд., харч., нафтавай і хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЕРЫ́Т (ад імя франц. геолага П.Л.А.Кардзье),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат магнію (Mg, Fe)2Al3[AlSi5O18]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя або масіўныя. Колер сінявата-шэры, фіялетавы, буры, часам бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Характэрны плеахраізм (дыхраіт). Паходжанне пераважна метамарфічнае, радзей магматычнае. На Беларусі трапляецца сярод гліназёмных гнейсаў жалезаруднай аколаўскай серыі ў асацыяцыі з сіліманітам, біятытам, кварцам, стаўралітам і плагіяклазам. Сыравіна для вырабу керамікі; празрыстыя сінія разнавіднасці — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЕРАМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
візуальны метад фотаметрычнага аналізу, заснаваны на вызначэнні канцэнтрацыі раствору афарбаванага злучэння па інтэнсіўнасці ці адценні яго афарбоўкі.
Звычайна афарбаванае злучэнне ўтвараецца пры ўзаемадзеянні вызначаемага кампанента і пэўнага рэчыва. Пасля заканчэння рэакцыі колер раствору, што даследуецца. параўноўваюць з колерам серыі стандартных (вядомай канцэнтрацыі) раствораў пры дапамозе візуальных колераметраў. Ніжняя мяжа вызначаемых пры К.а. канцэнтрацый змяняецца ад 10−3 да 10−8 моль/л. Выкарыстоўваюць для колькаснага вызначэння большасці хім. элементаў, даследавання працэсу комплексаўтварэння, ідэнтыфікацыі арган. злучэнняў і інш.