сукупнасць усіх фаз індывід. развіцця арганізма, у выніку якога ён дасягае спеласці і становіцца здольным даваць патомства. Працягласць Ж.ц. вызначаецца колькасцю пакаленняў (генерацый), што развіваюцца на працягу года, або колькасцю гадоў, на працягу якіх ажыццяўляецца адзін Ж.ц.; залежыць таксама ад перыяду спакою або дыяпаўзы, якія ўласцівы дадзенаму арганізму. У жывёл адрозніваюць просты Ж.ц. (прамое развіццё) і складаны (развіццё з метамарфозам або з чаргаваннем пакаленняў). Напр., Ж.ц. капуснай бялянкі складаецца з фаз (стадый) развіцця: яйцо — вусень — кукалка — імага; у пячоначнага смактуна ад яйца да дарослага паразіта праходзіць 6 стадый развіцця.
Адзінкай пры вывучэнні Ж.ц. можа быць адзін ці шэраг антагенезаў, што змяняюць адзін аднаго. У вышэйшых раслін адрозніваюць аднагадовы, двухгадовы і шматгадовы Ж.ц. Для Ж.ц. многіх ніжэйшых раслін і папарацей характэрна зменагаметафіту і спарафіту. У паразітычных грыбоў Ж.ц. па складанасці падобны да паразітычных чарвей, якія развіваюцца са зменай гаспадароў. Сярод прасцейшых найб. складаны Ж.ц. у спаравікоў, напр., у гемаспарыдый. Пра Ж.ц. чалавека гл. ў арт.Антагенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РА ЭФЕ́КТ (ад прозвішча шатл. фізіка Дж.Кера; 1824—1907). 1) Электрааптычны К.э. — узнікненне падвойнага праменепраламлення ў аптычна ізатропных рэчывах (газах, вадкасцях, крышталях з цэнтрам сіметрыі, шкле) пад уздзеяннем знешняга эл. поля. Абумоўлены арыентацыяй дыпольных момантаў малекул рэчыва ўздоўж эл. поля. У выніку аптычна ізатропнае рэчыва (асяроддзе) у эл. полі становіцца анізатропным, набывае ўласцівасці аднавосевага крышталя (гл.Крышталяоптыка). Эфект выкарыстоўваецца для высокачастотнай мадуляцыі святла і ў хуткадзейных фатаграфічных затворах. Адкрыты Керам у 1875.
2) Магніта-аптычны К.э. — змена інтэнсіўнасці і палярызацыі святла пры яго адбіцці ад намагнічанага асяроддзя (у асноўным магн. ферамагнетыкаў). Па фіз. прыродзе падобны да Фарадэя эфекту. У выніку магнітааптычнага К.э. лінейна палярызаванае святло робіцца эліптычна палярызаваным. Выкарыстоўваецца пры даследаванні магн. матэрыялаў. Адкрыты Керам у 1876.
3) Аптычны К.э. — узнікненне пастаяннай складальнай падвойнага праменепраламлення ў ізатропным асяроддзі пад дзеяннем магутнага (звычайна лазернага) выпрамянення. Выклікае самафакусіроўку святла (гл.Нелінейная оптыка). Адкрыты пасля паяўлення лазераў.
Схема назірання электрааптычнага Кера эфекту: П — палярызатар святла; ЯК — ячэйка Кера; А — аналізатар святла; ФП — фотапрыёмнік; У — узор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ ХВАЛЬ, рэфракцыя хваль,
змена напрамку распаўсюджвання хвалі ў неаднародным асяроддзі, абумоўленая залежнасцю фазавай скорасці хвалі ад каардынат. Разглядаецца як асобная (незалежная ад дыфракцыі хваль) з’ява толькі ў межах прамянёвага апісання хвалевых працэсаў (гл.Геаметрычная оптыка, Геаметрычная акустыка). Адрозніваюць П.х. на плоскай ці плаўна выгнутай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў і П.х. у плаўна неаднародным асяроддзі.
Пры пераламленні плоскай монахраматычнай хвалі на плоскай мяжы падзелу аднародных асяроддзяў напрамкі распаўсюджвання падаючай і пераломленай хваль падпарадкоўваюцца закону Снэля (гл.Пераламлення паказчык). На мяжы падзелу анізантропных асяроддзяў, дзе фазавая скорасць хвалі залежыць ад напрамку яе распаўсюджвання, адной падаючай хвалі могуць адпавядаць некалькі пераломленых хваль (гл.Падвойнае праменепераламленне). Пры рэзкіх межах падзелу асяроддзяў П.х. суправаджаецца адбіццём хваль. Суадносіны амплітуд падаючай, адбітай і пераломленай хваль залежаць ад прыроды і палярызацыі хваль і вызначаюцца Фрэнеля формуламі. Рэфракцыяй хваль тлумачацца многія з’явы прыроды: міражы, гукавыя каналы ў атмасферы і ў акіяне, звышдалёкая радыёсувязь і інш.Гл. таксама Пераламленне святла, Сейсмічныя хвалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫІ 1848-49 У ЕЎРО́ПЕ,
«вясна народаў», серыя рэвалюцый, якія ахапілі большасць краін Зах. Еўропы ў канцы 1840-х г. (гл.Рэвалюцыя 1848 у Францыі, Рэвалюцыя 1848 у Аўстрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Германіі, Рэвалюцыя 1848—49 у Венгрыі, Рэвалюцыя 1848—49 у Італіі). У гістарыяграфіі 19 ст. часам вызначаліся як адзіная Усееўрапейская рэвалюцыя 1848—49. Выкліканы крызісам паліт. рэжымаў краін Зах. Еўропы, якія ўсталяваліся пасля Венскага кангрэса 1814—15. Мелі як агульнадэмакр, мэты (лібералізацыя паліт. жыцця, усталяванне канстытуцыйнага ладу, скасаванне феад. перажыткаў), так і нац. характар (Германія, Італія, Венгрыя). На першых этапах у рэвалюцыях вядучую ролю адыгрывалі лібералы, у далейшым вылучылася радыкальная плынь, прадстаўнікі якой стаялі за радыкальныя сац. змены ў грамадстве. Паражэнне рэвалюцый, аднак, не прывяло да аднаўлення папярэдніх паліт. рэжымаў. Іх вынікам стала зменапаліт. ладу ў большасці зах.-еўрап. краін, што спрыяла больш хуткаму капіталіст. развіццю.
Літ.:
Революции 1848—1849 гг.Т. 1—2. М., 1952;
Хобсбаум Э. Век капитала, 1848—1875: Пер. с англ. Ростов Н/Д, 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СКА́ЙЛЭБ»
(англ. Skylab ад sky laboratory нябесная лабараторыя),
амерыканская эксперыментальная арбітальная станцыя для палёту па каляземнай арбіце; таксама праграма яе распрацоўкі, запуску і эксплуатацыі. Прызначалася для вывучэння ўздзеяння бязважкасці на арганізм чалавека ў час працяглых касм. палётаў, правядзення навук.-тэхн. і тэхнал. эксперыментаў, даследаванняў Сонца, прыродных рэсурсаў Зямлі і інш. Выведзена на арбіту 14.5.1973 ракетай-носьбітам «Сатурн-5» (без экіпажа). Маса 77 т, даўжыня 25 м. Аб’ём жылых адсекаў каля 340 м³.
Станцыя складалася з асн. блока (лабараторны і бытавы адсекі). прыборнага адсека, шлюзавай камеры (забяспечвала выхад касманаўтаў у адкрыты космас), прычальнай канструкцыі з асн. і рэзервовым стыковачнымі вузламі і платформы з комплексам астр. прылад. Не прызначалася для вяртання на Зямлю, дастаўка і змена экіпажаў праводзіліся пры дапамозе трансп.касм. карабля «Апалон»У 1973—74 на станцыі працавалі 3 экіпажы касманаўтаў (па 3 чал). Макс. працягласць палёту 84 сут. З лютага 1974 у аўтам. рэжыме, 9.7.1979 спыніла існаванне. Іл.гл. да арт.Арбітальная станцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЕ́РЦА (ад італьян. scheizo літар. жарт),
у 16—17 ст.вак. п’еса (адна- або шматгалосая) на жартоўныя тэксты або яе інстр. пералажэнне. З 2-й пал. 18 ст. адна з частак (звычайна 3-я) санатна-сімфанічнага цыкла, якая замяніла менуэт. Для С. характэрны хуткі, жывы тэмп, рэзкая змена кантрастных вобразаў (нар.-жанр., гульнёвых, гратэскных і інш.), трохдольны памер (3/4 ці 3/8), складаная 3-часткавая форма з трыо (уласцівая і менуэту). Класічны тып С. склаўся ў творчасці Л.Бетховена. З 19 ст. С. развівалася і як частка цыкла (творчасць зах.-еўрап. кампазітараў-рамантыкаў і рус. класікаў) і як самаст.муз. п’еса, блізкая да капрычыо («Скерца» Ф.Шапэна, арк. скерца М.Мусаргскага і інш.). Бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць С. ў традыц. формах часткі санатна-сімф. цыкла і асобнай муз. п’есы. Сустракаецца ў творах М.Аладава, А.Багатырова, Дз.Смольскага, Г.Вагнера, Я.Дзягцярыка, А.Мдывані, Ф.Пыталева, Р.Суруса, Я.Цікоцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ДОМ ДРУ́КУ»,
выдавецтва. Засн. ў Мінску ў 1960 як выд-ва «Звязда», у 1969—91 выд-ваЦККПБ, са студз. 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, з лютага 1992 — Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдае газеты, часопісы, кнігі (у т. л.газ. «Звязда», «Чырвоная змена», «Белорусская нива», «Советская Белоруссия», часопісы «Вожык», «Алеся», «На экранах Беларусі»)/ Пры выд-ве друкарня. У 1995 друкавала больш за 100 назваў газет, 67 часопісаў. Магутнасць друкарні больш за 14 млн. кніг і 11 млн.экз. брашур.
У 1917 «Мінская губернская друкарня» (з 1797) пераўтворана ў друкарню СНКЗах. фронту; з 1918 — 1-я Савецкая, з 1930 — імя Сталіна, з 1960 друкарня выд-ва «Звязда», у 1969—91 — выд-ваЦККПБ (далей — па прыналежнасці выдавецтва). У 1927 выдавала 9 газет, 7 часопісаў, каля 70 тыс.экз. падручнікаў і інш. выданняў. У Вял Айч. вайну паліграфісты наладзілі тут выпуск падп. выданняў — перыяд. лістка «Вестник Родины», газ. «Звязда» і інш., дапамагалі ствараць друкарні ў партыз. атрадах. Пасля вайны паліграф. база адноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАЎЛЕ́ННЕ ЛЕ́СУ,
адбываецца пад полагам дрэвастою, на высечках, гарах і інш. участках, якія раней былі пад лесам. Бывае прыроднае, штучнае і камбінаванае. Прыроднае аднаўленне лесу — біял. самааднаўленне лесу самасевам, пнёвымі і каранёвымі парасткамі. Працякае больш эфектыўна, калі на высечках пакідаюць пэўную колькасць насенных дрэў, лесасекі ачышчаюць ад рэшткаў драўніны, а глебу на іх пэўным чынам апрацоўваюць. Фіз.-геагр. асяроддзе для прыроднага насеннага аднаўлення лесу больш спрыяльнае ў лясной зоне, асабліва ў тайзе, дзе менш падлеску і травяністай расліннасці; горш працякае ў лесастэпавай, стэпавай, паўпустыннай зонах і прытундравай падзоне. Часта пры прыродным аднаўленні лесу адбываецца змена парод і ўтварэнне т.зв. вытворных лясоў: бярэзнікаў, алешнікаў, грабнякоў, асіннікаў і да т.п. Штучнае аднаўленне лесу — пасевы насення, пасадка сеянцаў, саджанцаў, сцябловых і каранёвых чаранкоў. Праводзяць на ўчастках, дзе прыроднае аднаўленне лесу не дае добрых вынікаў. На тэр. Беларусі яно арыентавана пераважна на вырошчванне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш. (у лясах дзярж. фонду штогод праводзіцца на пл. каля 34 тыс.га). Камбінаванае (мяшанае), спалучае прыроднае і штучнае аднаўленне лесу на адной і той жа плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЫ́ННАЯ ПО́ЯСНАСЦЬ, вертыкальная занальнасць,
заканамерная змена ландшафтаў у гарах. Абумоўлена пераважна зменай клімату з вышынёй: паніжэннем т-ры паветра (у сярэднім на 6 °C на кожныя 1000 м вышыні), яго шчыльнасці, ціску, колькасці ў ім пылу, павелічэннем інтэнсіўнасці сонечнай радыяцыі, а таксама (да выш. 2—3 км) воблачнасці і гадавой колькасці ападкаў. Са зменамі клімату цесна звязаны змены геамарфалагічных, гідралагічных, глебаўтваральных працэсаў, характар расліннага і жывёльнага свету. У выніку ўтвараюцца вышынныя паясы. Многія асаблівасці вышыннай пояснасці залежаць ад экспазіцыі схілаў, іх размяшчэння адносна пануючых паветр. мас і аддаленасці ад акіянаў.
Колькасць паясоў звычайна павялічваецца ў высокіх гарах і з набліжэннем да экватара. Вылучаюць у асн. 3 тыпы вышынных паясоў: акіянскі, ці прыморскі (характарызуецца развіццём пояса дрэвавай расліннасці ад падножжа), кантынентальны (дрэвава-хмызняковыя фармацыі на пэўнай вышыні) і ультракантынентальны (пояс дрэвавай расліннасці прадстаўлены фрагментарна). Вышынны пояс пачынаецца з той прыроднай зоны, на якую апіраецца падножжа горнага ланцуга. Заканамернасці вышынных паясоў распрацаваны ням. географам К.Гумбальтам (19 ст.) і рус. даследчыкам В.В.Дакучаевым (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНА́ЛЬНАСЦЬ ГЕАГРАФІ́ЧНАЯ,
1) на сушы — заканамерная і паслядоўная зменапаясоў геаграфічных ад экватара да полюсаў (шыротная пояснасць), ад падножжа гор да вяршынь у залежнасці ад вышыні (вышынная пояснасць) і зон геаграфічных у межах гэтых паясоў. Шыротная пояснасць выклікана пераважна нераўнамерным размеркаваннем прамянёвай энергіі Сонца паводле геагр. шыраты. Вышынная пояснасць абумоўлена заканамерным для трапасферы паніжэннем т-ры (каля 0,6 °C на 100 м). У межах шыротнай і вышыннай пояснасці З.г. ўскладняецца мясц. адрозненнямі ва ўмовах увільгатнення, араграфічных і літалагічных асаблівасцей тэрыторыі, уздзеяннем цыркуляцый атмасферы і акіянічных цячэнняў. Найб. З.г. адлюстроўваецца ў занальнасці глеб, расліннасці, кліматычных асаблівасцей і інш. 2) У акіяне назіраецца менш выразная паверхневая (або шыротная), вертыкальная (або глыбінная да 1500—2000 м) і донная занальнасць. Найб. выразна З.г. шыротная праяўляецца да глыб. 100—150 м, дзе фарміруюцца асн. ўласцівасці Сусв.ак. пад уздзеяннем сонечнай энергіі. На фоне занальных назіраюцца прыродныя ўтварэнні азанальнага характару, якія могуць перасякаць некалькі зон (даліны рэк) або знаходзіцца ў розных зонах (балота і інш.) і пры гэтым захоўваць асабістыя ўласцівасці. Гл.арт.Азанальнасць, Азанальная расліннасць і інш.