«ВЕ́ХІ»,
«Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас. рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас. грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Н.П.Ракіцкая.
т. 4, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)