БУРЛЕ́СКА (франц. burlesque ад італьян. burlesco жартоўны),
1) у літаратурыжанр камічнай, парадыйнай паэзіі. Камічны эфект у бурлесках дасягаецца ў адным выпадку неадпаведнасцю, рэзкім кантрастам паміж узвышанай тэмай і яе падкрэслена будзённым вырашэннем (травесційная), у другім — неадпаведнасцю паміж «нізкай», трывіяльнай тэмай і ўзвышанай, «кніжнай» мовай (іроікамічная). Вядома бел. л-ры ў канцы 18 — пач. 19 ст.; была адной з вызначальных формаў на пач. яе станаўлення. Парадзіравала сюжэты з Бібліі («Уваскрэсенне Хрыстова», калядкі) або антычнай міфалогіі (паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе»). Аб узвышана-гераічных падзеях расказвалася «нізкай» гутарковай мовай, шырока выкарыстоўваліся бытавыя рэаліі. Бел. бурлескныя творы былі своеасаблівай рэакцыяй на каноны класіцызму, пашыраныя ў тагачаснай рус. і польскай л-рах.
2) У музыцы, п’еса жартоўнага, часам грубавата-камічнага або капрызнага характару, звычайна хуткага тэмпу, свабоднай будовы. Блізкая да капрычыо і гумарэскі. Найб. пашырана ў 17—18 ст., пазней знікла з кампазітарскай практыкі, адрадзілася на мяжы 19—20 ст. Як самаст. п’еса або як частка цыклічнага твора сустракаецца ў музыцы для клавішных (І.С.Бах, Ф.Куперэн, Р.Шуман, Р.Штраус, Б.Бартак), радзей для струнных (Дз.Шастаковіч) інструментаў. З бел. кампазітараў бурлескі пісалі Я.Дзягцярык, Э.Тырманд, Л.Шлег і інш. Тэрмін «бурлеска» абазначае таксама разнавіднасць камічнай оперы, блізкай да вадэвіля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЁННІК,
штодзённыя або перыядычныя запісы (звычайна датаваныя), якія адлюстроўваюць падзеі жыцця аўтара на фоне рэчаіснасці; літаратурна-бытавы жанр. Запісы часта вызначаюцца па гарачых слядах падзей. Дз. найчасцей пішацца для сябе і не разлічаны на публічнае прачытанне (за выключэннем літ. Дз.).
З’яўляюцца своеасаблівымі гісторыка-культ. дакументамі (Дз. мараплаўца Дж.Кука, ліцэйскі Дз. дзекабрыста В.К.Кюхельбекера, публіцыста АС.Суворына, пісьменнікаў В.Скота, Стэндаля, Т.Шаўчэнкі, Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, А.Чэхава і інш.). Пэўнымі дзённікавымі асаблівасцямі вызначаюцца некаторыя творы стараж.бел. л-ры: «Дзённік» Фёдара Еўлашоўскага (канец 16 — пач. 17 ст.), дыярыушы А.Філіповіча, С. і Б.Маскевічаў, якія грунтаваліся на папярэдніх дзённікавых запісах. Элементы Дз. часта маюць падарожныя запісы і лісты, што тлумачыцца іх хранікальнасцю: мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914). Пісьменніцкія Дз., нават калі не становяцца літ. творамі, маюць літ.-гіст. значэнне і з’яўляюцца каштоўным матэрыялам для даследавання жыццёвага і творчага шляху пісьменніка, вытокаў і псіхалогіі яго творчасці (дзённікавыя запісы 1902—03, «На схіле дзён», 1945—51, Я.Коласа; «Лісткі календара», 1932—39, М.Танка; ваен. Дз. 1941—43 І.Мележа і інш.). Часта Дз. выступае як жанравая разнавіднасць дакумент. і маст. прозы, можа быць блізкі да твораў аўтабіяграфічнага жанру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
жанрфальклору, разнавіднасць пазаабрадавай сац.-быт. лірыкі. Узнікненне і пашырэнне К.п. на Беларусі звязана з гіст. падзеямі 15—17 ст.: бел. сяляне ўцякалі ад феад.-рэліг. прыгнёту на Пд Украіны, за дняпроўскія парогі і ўліваліся ў казацкія атрады. У час сялянска-казацкіх паўстанняў і вызв. вайны ўкр. народа 1648—54 казацкія атрады заходзілі на тэр. Беларусі, у іх уступалі бел. сяляне і гар. бедната. К.п. насычаны сац. матывамі, раскрываюць класавы антаганізм паміж багацеямі і галотай.
У песнях звычайна не названы канкрэтныя падзеі і героі, а даецца агульны малюнак баявых паходаў і помсты прыгнятальнікам, адлюстраваны пачуцці лірычнага героя, які ад’язджае на вайну, узаемнае каханне казака і дзяўчыны. Пашыраны песні пра гераічную смерць казака, якога аплаквае дзяўчына. Многія К.п. пра смерць героя ліра-эпічныя, набліжаюцца да балад. Беларускія К.п. маюць шмат агульнага з украінскімі. Іх паэтыка вельмі багатая (гіпербалізацыя подзвігу герояў, метафарычна-сімвалічная вобразнасць, разнастайныя паралелізмы і інш.). К.п. пераважна харавыя, шматгалосыя, з шырокім дыяпазонам мелодый. Дасканаласць паэт. тэкстаў і напеваў спрыяла іх пашырэнню (асабліва на Пд Беларусі) і захаванню да нашага часу.
Літ.:
Гринблат М.Я. Белорусы. Мн., 1968;
Саламевіч Я. Міхал Федароўскі. Мн., 1972. С. 258—259, 269;
Петровская Г.А. Белорусские социально-бытовые песни. Мн., 1982. С. 25—45.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЗКА ВЕ́РШАЎ,
цыкл вершаў, аб’яднаных агульнай тэмай, галоўнымі героямі, падабенствам будовы, стылёва-жанравымі адзнакамі і інш. У бел. л-ры тэрмін «нізка» ў крыху інш. форме («нанізка») упершыню ўжыты М.Багдановічам у арт. «За тры гады» (1913). Н.в. пашырана ў бел. паэзіі з пач. 20 ст. Н.в. «З песень беларускага мужыка» змясціў Я.Купала ў зб. «Жалейка» (1908), з асобных паэт. цыклаў складаюцца зб-кі Я.Коласа «Песні-жальбы» (1910), Багдановіча «Вянок» (1913), А.Гаруна «Матчын дар» (1918). Узаемасувязь паміж творамі, якія ўваходзяць у Н.в. бывае самая разнастайная. Іх можа яднаць агульны лірычны настрой («Крыху восені і жменька кляновых лістоў» У.Дубоўкі), жанр («Трохрадкоўі», «Пяцірадкоўі» А.Глобуса), тэма («Водар і шолах» Д.Бічэль-Загнетавай), погляд аўтара на пэўную гіст. падзею («Курапаты» А.Дэбіша), скразная эстэт.-філас. думка («Чатыры стыхіі» С.Дзяргая), постаць апавядальніка («Вёска» Я.Купалы), месца дзеяння («Полацк. Нафтабуд» Г.Бураўкіна). У паэзіі бываюць ўстойлівыя, т.зв. цвёрдыя віды вершаваных нізак; трыпціх («Трыпціх Ушаччыны» Р.Барадуліна), вянок санетаў («Нарач» Н.Гілевіча) і інш. Пашырана ў сучаснай паэзіі, асабліва ў творчасці маладых аўтараў (Дэбіш, І.Пракаповіч, І.Снарская, І.Хадарэнка, А.Чобат і інш.). Н.в. называюць таксама цыкл вершаў новай кнігі паэта, змешчаны ў перыядычным выданні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДА (ад грэч. ōdē песня),
жанр лірычнай паэзіі і музыкі. Верш у гонар якой-небудзь асобы ці гіст. падзеі, напісаны ў паэтычным, урачыстым стылі. Узнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе О. называлі лірычныя песні, што выконваліся хорам у час танцаў. Выдатнымі одапісцамі былі паэты стараж.-грэч. Піндар, стараж.-рымскі Гарацый, у зах.-еўрап. паэзіі П.Рансар, Ф.Малерб, Ж.Б.Русо, Э.Лебрэн. У рус. паэзіі пачынальнік О. — В.Традзьякоўскі («Урачыстая ода пра здачу горада Гданьска», 1734), ён распрацаваў і тэорыю жанру («Развагі пра оду»), О. пісалі М.Ламаносаў, Г.Дзяржавін, А.Радзішчаў, А.Пушкін, К.Рылееў і інш. У сярэдзіне і 2-й пал. 19 ст. О. не развівалася. На пачатку 20 ст. яна адрадзілася: «Хвала чалавеку» і «Шчаслівым» В.Брусава, «Ода рэвалюцыі» У.Маякоўскага. Эвалюцыя О. ішла ў кірунку набліжэння да грамадз. лірыкі, прасякнутай пафасам услаўлення. У гэты час О. ўвайшла і ў бел. паэзію; вершы «Украіна» Я.Купалы, «Краіне Саветаў», «Да дня 20-й гадавіны Кастрычніка» Я.Коласа. Нярэдка паэты выносяць слова «О.» ў назвы твораў: «Ода балгарскай кухні» Н.Гілевіча, «Ода трактарнаму заводу» Х.Жычкі, «Ода Еве» П.Макаля, «Ода пешаходу» П.Панчанкі, «Ода прозе» М.Стральцова. У сучаснай паэзіі развіваецца сатыр. О. («Ода квітанцыі» А.Вярцінскага, «Ода футбольнаму мячу» Гілевіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСКУ́РЫН (Пётр Лукіч) (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб.апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял.Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1981—83;
Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;
Лики земли. М., 1990.
Літ.:
Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;
Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.Проскурина. М., 1983;
Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.Проскурина и В.Шукшина. Ташкент, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),
італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк.праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш.царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.
Літ.:
Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;
Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;
ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.Бабкоў.
Тв.:
Рус.пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ВЫ,
устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб.стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТУМБРЫ́ЗМ (ісп. costumbrismo ад costumbre нораў, звычай),
кірунак у літаратуры і выяўл. мастацтве Іспаніі і Лац. Амерыкі 19 ст. Узнік з цікавасці рамантыкаў да нар. побыту, стаў паваротам да рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці. Перадаваў уздым нац. самасвядомасці, імкненне да выяўлення асаблівасцей нар. жыцця, часта з ідэалізацыяй патрыярхальных нораваў і звычаяў. У літаратуры распрацоўваў пераважна жанр нарыса, развіваўся ў рамане, драматургіі, паэзіі. Прадстаўнікі ісп. К.: С.Міньяна (крытычныя нарысы «Лісты прастадушнага гультая», 1820), Р. дэ Месанера Раманас, М.Х. дэ Лара, С.Эстэбанес Кальдэрон, Х.Самоса, С.Лопес Пелегрын, М.Лафуэнтэ-і-Самальёа і інш. У 1843 пісьменнікі-кастумбрысты апублікавалі калектыўны зб. «Іспанцы, якія стварылі вобраз саміх сябе». У Лац. Амерыцы ўзнік у 1840-я г.: Х.Х.Вальеха (Чылі), Х. дэ Дзьёс Рэстрэпа, Т.Караскілья (Калумбія), Ф.Парда-і-Альяга, Р.Пальма (Перу), Х.Б.Маралес, М.Пайна, Г.Прыета (Мексіка). У выяўленчым мастацтве развіваўся ў графіцы і жывапісе краін Лац. Амерыкі. У яго аснове — імкненне да дакумент. дакладнага адлюстравання прыроды, характэрных рыс і маляўнічых асаблівасцей нар. жыцця і побыту, часта звязанае з навук. вывучэннем краіны. Часам этнагр. матывы ператвараліся ў ідылічныя жанравыя сцэны. Школы кастумбрыстаў склаліся на Кубе (В.П. дэ Ландалусе, Ф.Міяле), Калумбіі (Р.Торэс Мендэс), Аргенціне (К.Марэль), Уругваі (Х.М.Беснес-і-Ірыгоен), Чылі (М.А.Кара), Мексіцы (Х.А.Ар’ета) і інш.