ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр.мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЕЛІ́НІ ((Rossellini) Раберта) (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, пад кіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАША́ЛЬ (Рыгор Львовіч) (21.10.1898, г. Навазыбкаў Бранскай вобл., Расія — 11.1.1983),
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт.СССР (1967). З 1919 арганізатар і рэжысёр дзіцячых тэатр. відовішчаў. З 1921 у Маскве, вучыўся ў Дзярж. вышэйшай рэжысёрскай майстэрні, быў дырэктарам і маст. кіраўніком майстэрні Пед.т-ра, выкладаў ва Усесаюзным ін-це кінематаграфіі. З 1925 рэжысёр кіно. Творчасці ўласціва грамадз. скіраванасць, што праявілася ў фільмах «Саламандра» (1928), «Сям’я Опенгайм» (1939, паводле Л.Фейхтвангера), «Суд вар’ятаў» (1962). Экранізаваў аповесць Ф.Дастаеўскага «Пецярбургская ноч» (1934), раман Ф.Панфёрава «Брускі» («У пошуках радасці», 1940, абодва з В.Строевай), аповесці М.Горкага «Справа Артамонавых» (1941), Ф.Гладкова «Вольніца» (1956), трылогію А.Талстога «Блуканне па пакутах»: «Сёстры» (1957), «Васемнаццаты год» (1958), «Хмурная раніца» (1959, з М.Анджапарыдзе). Стварыў серыю гісторыка-біягр. фільмаў: «Песні Абая» (1946, з Я.Аронам), «Акадэмік Іван Паўлаў» (1949), «Мусаргскі» (1950), «Рымскі-Корсакаў» (1953), «Год як жыццё» (1966). Аўтар сцэнарыяў шэрагу пастаўленых ім фільмаў. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКАЯ НІЗІ́НА,
нізіна па цячэнні р. Рэйн паміж гарамі Юра і Рэйнскімі Сланцавымі гарамі, у Францыі і Германіі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 40 км. Верхнярэйнская нізіна — складаны грабен, запоўнены кайназойскімі адкладамі, месцамі — выхады вулканічных парод. Радовішчы калійнай солі і нафты. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 500—700 мм за год. Пасевы пшаніцы, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Карлсруэ, Мангейм, Франкфурт-на-Майне (ФРГ), Кальмар, Страсбур (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСТ-І́НДСКАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ, Карыбская федэрацыя (Britich Caribbean Federation). Існавала ў 1958—62 у складзе астраўных уладанняў Вялікабрытаніі ў Карыбскім моры. Уваходзілі Ямайка, Трынідад і Табага, Барбадас, Антыгуа, Мантсерат, Сент-Кітс—Невіс—Ангілья, Дамініка, Грэнада, Сент-Люсія, Сент-Вінсент. Была няўдалай спробай Вялікабрытаніі стрымаць у сваіх калоніях уздым нац.-вызв. руху і рост уплыву ЗША у гэтым рэгіёне. У год распаду федэрацыі незалежнасць атрымалі Ямайка, Трынідад і Табага, пазней — Барбадас і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНЫ́Я ШЭ́РЫЯ ГУ́СІ,
парода гусей. Выведзена на Украіне і ў Расіі (Тамбоўская вобл.) у 1940-я г. скрыжаваннем роменскіх гусей з тулузскімі. Выкарыстоўваюцца як бацькоўская форма ў скрыжаванні з кубанскімі, рэйнскімі, кітайскімі і інш. пародамі для вытв-сці мясных гусянят. Гадуюць пераважна на Украіне і ў Расіі.
Пер’е шэрае, на жываце белае. Маса гусакоў 6,5—7, гусак 5,5—6 кг. Яйцаноскасць за год 35—45 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ ГРАМА́ДСКІ ПРАДУ́КТ,
вартасць (кошт) матэрыяльных даброт, створаных грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год) і прызначаных для задавальнення ўсёй сукупнасці патрэб. Характарызуе ўзровень эканам. развіцця грамадства. У натуральна-рэчыўнай форме складаецца са сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання, у вартаснай — з нанава створанай вартасці (нацыянальны даход) і кошту сродкаў вытв-сці, спажытых у вытв. працэсе (фонд пакрыцця). У статыст. практыцы вызначаецца т.зв. заводскім метадам, як і валавы абарот прадпрыемства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІЯ ГАРБА́РНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.
Дзейнічалі ў 1835—1914 у г.Ашмяны. Было 6 прадпрыемстваў, якімі валодалі купцы і мяшчане. Выкарыстоўваліся конныя рухавікі і вадзяное кола. Выраблялі скуры рознага гатунку: для простага абутку, шчыгрын (мяккая, шурпатая авечая ці казіная скура, аздобленая адмысловым узорам), гамбургскі тавар з конскіх скур, а таксама шавецкія загатоўкі. На кожным прадпрыемстве працавала ад некалькіх да 95 чалавек. За год выраблялі 2—7 тыс. пудоў скур (1885).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЭ́Й,
позназімовы сорт яблыні селекцыі Бел.НДІ пладаводства. Раянаваны ў Беларусі.
Дрэва сярэднярослае, пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Крона круглавата-конусападобная, рэдкая. Лісце яйцападобнае, маршчыністае, даволі вялікае. Сорт скараплодны, ураджайны. Плады сярэднія і вялікія, круглавата-канічныя, крыху пляскатыя, часам шырокарабрыстыя, захоўваюцца да сярэдзіны красавіка. Скурка светла-зялёная з цёмна-бардовым адценнем. Мякаць белая з зеленаватым адценнем, сакаўная, кісла-салодкая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы, зімаўстойлівы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА»,
навуковы штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа АН Беларусі. Выдаецца з 1972 у Мінску на бел. мове па 2 выпускі ў год. Асвятляе пытанні бел., слав., агульнага і прыкладнога мовазнаўства, змяшчае агляды па германістыцы і раманістыцы. Друкуе артыкулы па праблемах дыялекталогіі, лексікалогіі, лексікаграфіі, этымалогіі, гісторыі бел. мовы і інш. Змяшчае агляды навук. л-ры і рэцэнзіі бел. і замежных вучоных па беларусістыцы, інфармуе пра навіны навук. жыцця.