АНАЭРО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ, анаэробы (ад ан... + аэра... грэч. bios жыццё),

жывёльныя і раслінныя арганізмы, здольныя існаваць і развівацца пры адсутнасці свабоднага кіслароду ў асяроддзі. Пашыраны ўсюды, дзе адбываецца распад арган. рэчываў без доступу паветра (у глебе, вадзе, донных адкладах, кампоставых кучах, у ранах, у кішэчніку чалавека і жывёл і інш.). Тэрмін увёў франц. вучоны Л.​Пастэр (1861), які адкрыў бактэрыі маслянакіслага браджэння. Неабходную для жыццядзейнасці энергію анаэробныя арганізмы ў адрозненне ад аэробаў атрымліваюць за кошт акіслення арган., радзей мінер. злучэнняў у бескіслародным асяроддзі. Падзяляюцца на аблігатныя, або строгія (жывуць пры поўнай адсутнасці кіслароду, напр., маслянакіслыя, хваробатворныя бактэрыі: палачкі слупняку, газавай гангрэны, некат. стрэптакокі), і факультатыўныя, або ўмоўныя, Анаэробныя арганізмы (здольныя жыць і развівацца ў прысутнасці кіслароду і без яго, напр., дражджавыя грыбкі, малочнакіслыя бактэрыі, палачкі брушнога тыфу, інфузорыі, плоскія і круглыя чэрві). Некат. анаэробныя арганізмы выкарыстоўваюцца ў прам-сці, сельскай гаспадарцы, побыце (напр., бактэрыі спіртавога, малочнакіслага браджэння, дражджавыя грыбкі).

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННІ ў тэхніцы,

сувязі дэталей у вузлах машын, механізмаў, прылад, буд. канструкцый. Бываюць нерухомыя і рухомыя (пераважна ў машынах, вызначаюцца іх кінематыкай, напр., вал у падшыпніку). Нерухомыя З. падзяляюцца на раздымныя (дапускаюць паўторную зборку і разборку дэталей без іх пашкоджання і разбурэння) і нераздымныя (без магчымасці іх разборкі).

Да раздымных З. адносяцца: вінтавыя злучэнні, балтавыя, зубчастыя (шліцавыя), клемавыя, шпоначныя, баянетныя (гл. Баянет), З. штыфтамі і інш.; да нераздымных — зварныя злучэнні, заклёпачныя злучэнні, паяныя, прэсавыя, зробленыя вальцаваннем, скруткай, камбінаваныя. Асн. З. ў стальных канструкцыях — зварныя (найб. пашыраны), заклёпачныя і балтавыя; у драўляных — на ўрубках, шпонках, нагелях, балтах, шрубах, цвіках, клямарах, клеях; у зборных жалезабетонных канструкцыях — пераважна зварныя (зварваюцца выпускі арматуры або закладных дэталей з наступным заманалічваннем бетонам), часам балтавыя. З. шырока выкарыстоўваюцца ў прылада- і машынабудаванні, прамысл. і грамадз. буд-ве і інш.

Злучэнні дэталей і канструкцый: 1 — балтовае; 2 — шпоначнае; 3 — шліцавае (зубчастае); 4 — зварное; 5 — заклёпачнае; 6 — шрубамі.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́НСПАРТ РЭ́ЧЫВАЎ у жывых арганізмах,

перанос рэчываў у вадкіх асяроддзях арганізма (кроў, лімфа, тканкавая вадкасць) і праходжанне іх праз біял. бар’еры (мембраны, клеткі, міжклетачны матрыкс). У біял. вадкасцях рэчывы транспартуюцца ў свабодным або звязаным (пераважна з бялкамі) выглядзе. Пры пераходзе праз мембраны адрозніваюць Т.р. пасіўны і актыўны. Пасіўны ажыццяўляецца па градыенце канцэнтрацыі (ад большай да меншай) у бок меншага электрахім. патэнцыялу без затраты метабалічнай энергіі (гідролізу АТФ), уключае дыфузію (простую і аблегчаную) і перанос праз каналы. Простая дыфузія (напр., кіслароду O2, дыаксіду вугляроду CO2) ажыццяўляецца без утварэння комплексаў з інш. малекуламі; аблегчаная — з дапамогай рухомых або фіксаваных у мембранах пераносчыкаў (напр., усмоктванне ў кішэчніку вітаміну B12 з дапамогай спец. трансп. бялку — гастраму-капратэіну). Т.р. праз спецыялізаваныя каналы характэрны для іонаў натрыю Na​+, калію K​+, кальцыю Ca​2+ і інш. Актыўны Т.р. адбываецца супраць градыентаў іх хім. канцэнтрацый з затратай метабалічнай энергіі (гідроліз АТФ). Так ажыццяўляецца перанос нізкамалекулярных катыёнаў, амінакіслот, некат. гармонаў, вітамінаў і інш. Асобныя віды Т.р. — осмас, пінацытоз, фільтрацыя.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЛУ́ГІН Эрнест Васілевіч (н. 19.11.1936, ст. Асінаўка Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1962). З 1954 працаваў у раённых газетах, у 1961—72 у газ. «Знамя юности», «Сельская газета», «Літаратура і мастацтва», у 1976—84 заг. аддзела, адказны сакратар, нам. гал. рэдактара час. «Неман», у 1991—97 гал. рэдактар газ. «Наша слова». Друкуецца з 1955. Піша на бел. і рус. мовах. Аповесці «Мсціслаўцаў посах» (1971), «Апошні князь» (1986) пра аднаго з айч. першадрукароў Пятра Мсціслаўца. У дакумент. аповесці «Без эпітафіі» (1989) творчая і грамадска-паліт. дзейнасць Ц.​Гартнага. Аўтар раманаў «Астравы» (1975), «Год-другі ў Алжыры» (1986), аповесці ў дыялогах «Свечкі на Дзяды» (1991), зб-ка нарысаў «Салёная планета» (1973), нарысаў пра дзеячаў бел. л-ры і навукі, сцэнарыяў дакумент. тэлефільмаў «Мсціслаў: звенні часу» (1984), «Без эпітафіі» (1990) і інш.

Тв.:

Камни Млечного Пути. Мн., 1969;

Сіндбад вяртаецца: Аповесць. Мн., 1988;

Только камни: Повесть, эссе. Мн., 1989.

В.​У.​Скалабан.

П.У.Ялугін.

т. 18, кн. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАПАЎНЕ́ННЕ,

даданы член сказа, які абазначае аб’ект і паясняе выказнік ці іншы член сказа. Падзяляюцца на прамыя [форма выражэння — вінавальны і родны (пры адмоўі і частковым ахопе прадмета дзеяння) склоны без прыназоўніка] і ўскосныя (інш. формы з прыназоўнікам і без яго). Напр.: «Паабедалі з бядою, спаражнілі місы. Абцёр бацька вус рукою, твар і лоб свой лысы» (Я.​Колас) і «Пасварыліся за мех, а ў мяху смех».

т. 6, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКТЫ́ЎНЫ ЎЧА́СТАК у касманаўтыцы,

адрэзак траекторыі палёту касм. лятальнага апарата, калі працуюць ракетныя рухавікі. Заканчваецца звычайна ў месцы, дзе касм. аб’ект аддзяляецца ад ракеты-носьбіта і выходзіць на зададзеную траекторыю руху. У залежнасці ад месца старту палёт касм. апарата можа складацца з чаргавання актыўнага ўчастка з пасіўнымі (без работы ракетных рухавікоў).

т. 1, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАМАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

аднародная фізіка-хім. сістэма, якая мае адну фазу. Хім. састаў і фіз. ўласцівасці ва ўсіх частках гамагеннай сістэмы аднолькавыя ці мяняюцца без скачкоў (паміж часткамі сістэмы няма паверхні падзелу). Гамагенная сістэма можа быць ізатропнай (газы, вадкасці) і анізатропнай (большасць цвёрдых і вадкіх крышталёў, гл. Анізатрапія). Гл. таксама Гетэрагенная сістэма.

т. 5, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАТЭРА́ЛЬНЫ ПУЧО́К,

сасудзіста-валакністы цяж праводзячай тканкі раслін; састаўная ч. лісця, сцябла і кораня. Складаецца з драўніны (ксілемы) і лубу (флаэмы), якія мяжуюцца адным бокам. Бываюць адкрытыя, калі паміж ксілемай і флаэмай ёсць камбій (дае другасны прырост у таўшчыню, характэрны для двухдольных, голанасенных і некат. папарацепадобных) і закрытыя — без камбію.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭНА́НЫ (ад лац. catena ланцуг),

хімічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы (2 і больш), злучаныя як звёны ланцуга. Катэнанавыя структуры выяўлены сярод прыродных нуклеінавых кіслот. Сінтэзаваныя К. маюць 26 і болей атамаў у цыклах. Паміж сабой цыклы злучаны т. зв. тапалагічнай (мех.) сувяззю, якую нельга парушыць без разрыву хім. сувязей.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)