РЭДАКЦЫ́ЙНЫЯ КАМІ́СІІ ў Расійскай імперыі,

часовая ўстанова, створаная рас. ўрадам пры Галоўным камітэце па сялянскай справе ў сак. 1859 для абагульнення матэрыялаў дваранскіх губ. к-таў і складання агульнага праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Складаліся (усяго 31 чал.) з чыноўнікаў розных ведамстваў і членаў-экспертаў — прадстаўнікоў памеснага дваранства. Р.к. фармальна вырашылі захаваць за сялянамі існуючы надзел, аднак пры пэўных абставінах планавалася адразаць частку сял. надзельнай зямлі на карысць памешчыка. Выкуп ставіўся ў залежнасць ад добраахвотнай згоды землеўласнікаў. Р.к. працавалі да 22.10.1860. На заключным этапе іх дзейнасці праект адмены прыгону істотна зменены на карысць памеснага дваранства (памеры сял. надзелаў паменшаны, а павіннасцей — павялічаны з пераацэнкай іх праз 20 гадоў). Р.к. адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы сялянскай рэформы 1861.

В.​П.​Панюціч.

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛА́БАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ, узаемадзеянне Фермі,

адно з узаемадзеянняў элементарных часціц паміж ферміёнамі ў адзіным (лакалізаваным) пункце прасторы-часу. Значна слабейшае за моцнае і эл.-магн., аднак значна мацнейшае за гравітацыйнае ўзаемадзеянне.

С.ў. не лічыцца фундаментальным, разглядаецца як праяўленне 2 паслядоўных электраслабых узаемадзеянняў паміж часціцамі. Для С.ў. характэрна парушэнне законаў захавання дзіўнасці, цотнасці, чароўнасці і інш. Абумоўлівае павольныя распады элементарных часціц (напр., бэта-распад нейтрона і ядраў атамаў), узаемадзеянне нейтрына з рэчывам, рассеянні лептонаў на лептонах ці адронах і інш. С.ў. тлумачацца працэсы ўтварэння энергіі на Сонцы і зорках, у час выбухаў звышновых зорак С.ў. нараджае магутныя патокі нейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Слабое взаимодействие элементарных частиц. М., 1963;

Яго ж. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́СА ў фізіцы,

фізічная велічыня, якая вызначае інертныя і гравітацыйныя ўласцівасці цела; адна з асн. характарыстык матэрыяльных аб’ектаў.

У класічнай механіцы, дзе скорасці цел (v) значна меншыя за скорасць святла (c) у вакууме (v≪c), М., якая ўваходзіць у другі закон Ньютана (гл. Ньютана законы механікі) наз. інертнай, a М., вызначаная з Сусветнага прыцягнення закона — гравітацыйнай. Эксперыментальна ўстаноўлена, што інертная і гравітацыйная М. з вял. дакладнасцю супадаюць і іх можна лічыць адной і той жа фіз. велічынёй. У гэтым набліжэнні М. з’яўляецца таксама мерай колькасці рэчыва і адытыўнай велічынёй, таму выконваецца масы захавання закон. У рэлятывісцкай механіцы (v~c) поўная энергія цела вызначаецца формулай E = mc2 / 1 − v2 / c2 , а яго імпульс p→ = mv→ / 1 − v2 / c2 , адкуль вынікае ўзаемасувязь паміж велічынямі E і p: E​2/c​2−p​2 = m​2c​2. З гэтай формулы можна выразіць велічыню m — інварыянтную М. (ці проста М.), якая вызначае энергію спакою цела E0 = mc​2 і ўваходзіць у законы класічнай механікі. У рэлятывісцкім выпадку М. ізаляванай сістэмы цел з цягам часу не мяняецца, аднак яна не роўная суме М. цел гэтай сістэмы (гл. Дэфект мас). Прынята лічыць, што М. элементарнай часціцы вызначаецца звязанымі з ёй эл.магн., ядз. і інш. палямі, аднак колькаснай тэорыі, якая тлумачыла і давала б магчымасць вызначыць дыскрэтны спектр М. элементарных часціц, не існуе. Адзінка М. ў СІ — кілаграм, М. атамаў і малекул вымяраецца ў атамных адзінках масы, М. элементарных часціц — у М. электрона або ў атамных адзінках энергіі.

Літ.:

Джеммер М. Понятие массы в классической и современной физике: Пер. с англ. М., 1967;

Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 2. Теория поля. 7 изд. М., 1988.

А.​І.​Болсун, В.​К.​Гронскі.

т. 10, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНДО́ЎГ (Мендог; 11957—1263),

заснавальнік і першы вял. князь Вялікага княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х г. М. дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве або значнай яе частцы. Ў 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам. Далучыў да сваіх уладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. ў праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 або пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1252 (паводле інш. звестак 1253) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў сваю дачку замуж за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў арганізаваны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.

В.​Л.​Насевіч.

Міндоўг.

т. 10, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНСО́ВАЙ І БЕ́ЛАЙ РУ́ЖЫ ВАЙНА,

барацьба за трон ў Англіі ў 1455—85 паміж двума адгалінаваннямі каралеўскай дынастыі Плантагенетаў: Ланкастэрамі (у гербе пунсовая ружа) і Йоркамі (у гербе белая ружа). Йоркаў падтрымлівалі новадваранскія элементы, лонданскае купецтва і больш развітыя паўд.-ўсх. раёны краіны; апорай Ланкастэраў былі феад. групоўкі пераважна на Пн і З. Незадаволены засіллем ланкастэрцаў герцаг Рычард Йоркскі 21.5.1455 у бітве пры Сент-Олбансе разбіў іх войскі і стаў пратэктарам (правіцелем) пры псіхічнахворым Генрыху VI (гл. Генрых, англ. каралі). У 1459 Ланкастэры аднавілі сваю ўладу. У 1460 йаркісты на чале з графам Уорвікам увайшлі ў Лондан. Рычард Йоркскі заявіў свае правы на трон, аднак 30.12.1460 у бітве пры Уэйкфілдзе быў забіты. Яго сын Эдуард у бітве пры Тоўтане 29.4.1461 разграміў ланкастэрцаў і 28.6.1461 каранаваўся як Эдуард IV. Яго спробы праводзіць самастойную палітыку прывялі да сутыкнення з Уорвікам. У вер. 1470 войскі Уорвіка аднавілі на троне Генрыха VI. Эдуарда IV падтрымаў герцаг Бургундскі. 14.4.1471 у бітве пры Барнеце і 4.5.1471 у бітве пры Цьюксберы ланкастэрцы пацярпелі паражэнне, забіты Уорвік і сын Генрыха VI прынц Уэльскі Эдуард. 21.5.1471 у Таўэры забіты Генрых VI. Пасля смерці Эдуарда IV у 1483 трон перайшоў да яго 12-гадовага сына Эдуарда V. Аднак уладу захапіў яго дзядзька герцаг Глостэр, які 6.7.1483 каранаваўся як Рычард III. Эдуард V і яго брат герцаг Йоркскі былі забіты ў Таўэры. Ланкастэрцы і частка йаркістаў аб’ядналіся і выступілі супраць Рычарда III; 22.8.1485 у бітве каля Босварта ён загінуў. Гэта бітва завяршыла вайну, у якой загінула чвэрць насельніцтва Англіі. Трон перайшоў да далёкага родзіча Ланкастэраў Генрыха VII, які паклаў пачатак дынастыі Цюдараў.

Літ.:

Штокмар В.В. История Англии в средние века. Л., 1973;

Гриффитс Р.А., Томас Р. Становление династии Тюдоров: Пер. с англ. Ростов н/Д., 1997.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ У́НІЯ 1596,

акт пра арганізацыйнае аб’яднанне правасл. царквы з каталіцкай на тэр. Рэчы Паспалітай, абвешчаны 9.10.1596 на царк. саборы ў Брэсце (праходзіў 6—10.10.1596). Зацверджана каралём Жыгімонтам III Вазай. Паводле Брэсцкай уніі правасл. царква прызнавала вяршэнства папы рымскага і каталіцкі догмат аб зыходжанні Св. Духа не толькі ад Бога-айца, але і ад Бога-сына (з часам прынята і іншая каталіцкая дагматыка) і ператваралася ў грэка-каталіцкую (уніяцкую) царкву. Аднак уніяцкая царква захоўвала ўласную арганізац. структуру і іерархію, многія правасл. абрады, царк.-слав. і бел. мовы (на Украіне — укр.) у богаслужэнні, рэліг. л-ры, казаннях. Прыняцце Брэсцкай уніі праводзілася на аснове Фларэнційскай уніі 1439, якую спрабаваў увесці ў ВКЛ у сярэдзіне 15 ст. мітрапаліт Грыгорый Балгарын. Гал. прычынай заключэння уніі было імкненне да кансалідацыі царк. і свецкіх феадалаў ВКЛ і Польшчы пасля Люблінскай уніі 1569. Правасл. іерархі ВКЛ не жадалі падпарадкоўвацца маск. патрыярху, які прыняў гэты тытул у 1589 і меў намер пашырыць сваю ўладу на ўсю тэр. б. Кіеўскай Русі. Адначасова яны разлічвалі атрымаць усе прывілеі каталіцкіх біскупаў, абаперціся на падтрымку каталіцкай царквы ў нарастаючым канфлікце з брацтвамі і ў барацьбе з рэфармацыйным рухам. Папства праз Брэсцкую унію імкнулася пашырыць свой уплыў на Усход. Гал. тэарэтыкам уніі быў польскі езуіт П.Скарга, які абгрунтаваў сваю задуму ў кнізе «Пра еднасць касцёла Божага» (1577). Непасрэднымі ініцыятарамі падпісання Брэсцкай уніі сталі епіскап уладзімірскі і берасцейскі І.​Пацей і епіскап луцкі і астрожскі К.​Цярлецкі, якія ў 1595—96 наведалі Рым і падрыхтавалі з папам Кліментам VIII тэкст уніі. Унію падтрымала большасць іерархаў, у т. л. мітрапаліт кіеўскі М.​Рагоза, які захаваў свой тытул. Аднак частка духавенства і свецкіх феадалаў на чале з кн. К.​Астрожскім не прыняла Брэсцкую унію і правяла ў Брэсце свой сабор адначасова з уніяцкім. Правасл. царква ў Рэчы Паспалітай захавалася як самастойная побач з грэка-каталіцкай. Частка насельніцтва (асабліва мяшчане) змагаліся супраць уніі, аднак у канцы 18 ст. уніятамі было ўжо 75% жыхароў Беларусі. Брэсцкая унія скасавана ў Рас. імперыі Полацкім царкоўным саборам 1839 (за выключэннем Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ., дзе уніяцтва існавала да 1875), у 1946 — у зах. абласцях Украіны (б. Галіцыя, знаходзілася ў складзе Аўстра-Венгрыі). Пра гісторыю уніяцтва гл. ў арт. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква.

Літ.:

Коялович М.О. Литовская церковная уния. Т. 1—2. СПб., 1859—61;

Жукович П.М. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией. Вып. 1—6. СПб., 1901—12;

Мараш Я.Н. Роль Ватикана в подготовке и утверждении Брестской унии 1596 г. // Вопросы истории религии и атеизма: Сб. ст. М., 1963. Т. 11;

Никольский Н.М. История русской церкви. Мн., 1990;

Likowski E. Dzieje kościoła unickiego na Litwie I Rusi w XVIII і XIX wieku. Cz. 1. 2 wyd. Warszawa, 1906;

Panucevič V. Bierasciejskaja vunija. Chicago, 1972.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НТАМ ((Bentham) Іерэмія) (15.2.1748, Лондан — 6.6.1832),

англійскі філосаф, сацыёлаг, юрыст. Заснавальнік утылітарызму — светапогляднай і сац.-філас. арыентацыі ў навуках аб чалавеку, якая зыходзіць з прынцыпу карыснасці як асноватворнага. У сваёй асн. працы «Дэанталогія, або Навука аб маралі» (т. 1—2, 1834) сцвярджаў, што крытэрый маралі — «дасягненне карысці, выгады, здавальнення, дабра і шчасця» і што імкненне кожнага клапаціцца толькі пра сябе прыводзіць да «найб. шчасця найб. колькасці людзей». Лічыў індывід. інтарэсы адзіна рэальнымі, грамадскія ж — сукупнасцю індывідуальных («Тэорыя пакаранняў і ўзнагарод», т. 1—2, 1811). Крытыкаваў тэорыю грамадскага дагавору Ж.​Ж.​Русо, бо яна, на думку Бентама, узбуджае дух паўстання, аднак абараняў патрабаванне рэформы англ. парламента на аснове пашырэння выбарчага права. Адстойваў ідэю свабоднага гандлю і канкурэнцыі, што павінна забяспечыць у грамадстве спакой, справядлівасць і роўнасць.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНЫ РУХАВІ́К (лац. perpetuum mobile літар. бесперапынны рух),

1) вечны рухавік 1-га роду — уяўная машына, якая, аднойчы прыведзеная ў рух, выконвала б работу неабмежавана доўгі час, не атрымліваючы энергіі з навакольнага асяроддзя. Спробы стварыць вечны рухавік рабіліся з 13 ст. Адмоўныя вынікі гэтых намаганняў стымулявалі адкрыццё і ўсталяванне закону захавання і ператварэння энергіі, адна з фармулёвак якога сцвярджае немагчымасць стварэння вечнага рухавіка 1-га роду (гл. Першы закон тэрмадынамікі).

2) вечны рухавік 2-га роду — уяўная машына, якая б цалкам ператварала ў работу ўсю цеплыню, атрыманую з навакольнага асяроддзя, г. зн. мела б каэфіцыент карыснага дзеяння, роўны 100%. Існаванне такога вечнага рухавіка фармальна не супярэчыць закону захавання і ператварэння энергіі, аднак стварэнне яго забаронена другім законам тэрмадынамікі, з якога вынікае немагчымасць самаадвольнай перадачы цеплыні ад халоднага цела да нагрэтага.

т. 4, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́ВІ Іегуда, Іехуда ха-Леві (каля 1075, г. Тудэла, Іспанія — 1141), яўрэйскі паэт і філосаф; быў вядомы і як урач. З 1109 жыў у Кардове, памёр на шляху ў Палесціну. Пісаў на іўрыце і араб. мове. Творчасці гранадскага перыяду (да 1090) уласціва аптымістычнае гучанне (пераважаюць застольныя песні, любоўная лірыка і інш.), але паступова стала дамінаваць тэма трагічнага лёсу яўр. народа (літургічныя гімны «Песні выгнання», «Песні Сіёна» і інш.). У рэліг.-філас. трактаце «Кніга доказаў і довад у абарону зняважанай веры» («Кніга Хазара») даў апалогію іудаізму і паказаў перавагу непасрэднага рэліг. вопыту, заснаванага на інтуіцыі, над разумовымі ведамі, не адмаўляючы, аднак, рацыянальнага пазнання. Творчасць Галеві зрабіла ўплыў на яўр. паэзію і філасофію.

Тв.:

Рус. пер. — Сердце мое на Востоке. Тель-Авив, 1976;

Репр. Б.м., 1990.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́МБАРТАН-ОКС КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1944,

папярэдняя нарада прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая па пытаннях стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Склікана па прапанове СССР у адпаведнасці з дэкларацыяй 4 дзяржаў аб усеагульнай бяспецы, прынятай у 1943 у Маскве (гл. Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945). Праходзіла на віле Думбартан-Окс (прыгарад Вашынгтона) у 2 этапы: перагаворы прадстаўнікоў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі (21.8—28.9.1944) і прадстаўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Кітая (28.9—7.10.1944). На канферэнцыі ўзгоднены асн. палажэнні праекта Статута ААН, аднак з-за рознагалоссяў бакоў засталіся нявырашанымі пытанні аб першапачатковых членах будучай арг-цыі (сав. бок, які прадстаўляў ураджэнец Беларусі А.А.Грамыка, прапаноўваў уключыць у лік дзяржаў-заснавальніц ААН усе 16 саюзных рэспублік) і аб парадку галасавання ў Савеце Бяспекі.

Літ.:

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гг. Мн., 1994.

т. 6, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)