ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ў мовазнаўстве,
узаемадзеянне моўных сістэм ва ўмовах двухмоўя (шматмоўя). Выяўляецца ў выкарыстанні элементаў адной мовы пры маўленні на другой і прыводзіць да парушэння літ. норм суіснуючых моў у працэсе маўлення. Узровень І. залежыць ад ступені валодання мовамі білінгвам, ад умення адрозніваць факты розных моў. На Беларусі І. — з’ява пашыраная, узаеманакіраваная і закранае ўсе ўзроўні бел. і рус. моў: фанетыку, акцэнтуацыю, марфалогію, лексіку, сінтаксіс. Блізкароднасны характар бел. і рус. моў, масавасць двухмоўя абумоўліваюць шматлікасць і ўстойлівасць інтэрферэнцыйных памылак пры маўленні на той ці інш. мове, якія, аднак, мала ўплываюць на працэс разумення выказванняў. У сітуацыі бел.-рус. двухмоўя праблема І. набывае характар культуры бел. і рус. моў.
А.А.Лукашанец.
т. 7, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)