ВУЛЬ (Ялегі Пранціш) (сапр.Карафа-Корбут Элігій-Францішак Маўрыкіевіч; 21.4.1835, Віцебск — 1880-я г.),
бел.паэт. З 1846 вучыўся ў Віцебскай гімназіі (не скончыў). У 1856—62 працаваў пісарам у Віцебскай палаце дзярж. маёмасцей. За ўдзел у паўстанні 1863—64 з бацькам і братам сасланы ў Сібір. Апошнія гады жыў у Варшаве, дзе з В.Каратынскім і А.Плугам стварыў бел. гурток. Як паэт фарміраваўся пад уплывам А.Вярыгі-Дарэўскага. У 1859 упісаў у «Альбом» Вярыгі-Дарэўскага верш на бел. мове «К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка» — узор бел.грамадз. лірыкі сярэдзіны 19 ст. Верш адметны дасканаласцю формы, паэт. сімволікай, натуральнасцю і чысцінёй мовы.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 166—167, 203—207;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУСАЧЫ́, дрывасекі (Cerambycidae),
сямейства жукоў падатр. разнаедных. У сусв. фауне каля 25 тыс. відаў, найб. шматлікія ў тропіках. Жывуць на хвойных і лісцевых дрэвах, травяністых раслінах, у глебе, у драўляных будынках. На Беларусі да 100 відаў. Найб. вядомыя: вусач дамавы (Hylotrupes bajulus), вусач караткавусы (Spondylis buprestoides), вусач мускусны (Aromia moschata). Вусач вял. дубовы (Cerambyx cerdo) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Цела прадаўгаватае, даўж. 3—180 мм, у многіх відаў укрытае валаскамі, афарбоўка часта яркая. Вусы пераважна даўжэйшыя за цела, могуць загінацца назад. Сківіцы развітыя. Лічынкі вял., белыя, развіваюцца пад карой або ў драўніне, дзе прагрызаюць хады, радзей у глебе або ў сцёблах траў. Большасць вусачоў — шкоднікі лесу, тэхн. драўніны, лесаматэрыялаў, драўляных частак будынкаў, мэблі, культ. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ АРДА́,
татарская феад. дзяржава ў 1433—1502. Узнікла на Прычарнаморскіх землях у міжрэччы Дона і Дняпра ў працэсе распаду Залатой Арды. На чале Вялікай Арды з дапамогай вял.кн.літ. Свідрыгайлы стаў хан Сеід Ахмед, унук Тахтамыша. Асн. занятак насельніцтва — качавая жывёлагадоўля, якая спалучалася з земляробствам. Мела 100-тыс. армію і адыгрывала важную паліт. ролю ва ўсх. Еўропе ў сярэдзіне 15 ст. У 1455—56 пасля набегаў крымскага хана Хаджы-Гірэя цэнтр Вялікай Арды перамясціўся на Волгу. У 1465 ад яе аддзялілася Астрахань, дзе хан Махмуд [1459—65] заснаваў незалежнае ад Вялікай Арды Астраханскае ханства. У часы хана Ахмата [1465—81] Вялікая Арда памацнела, быў заключаны саюз з Польшчай (1472), наладжаны адносіны з Турцыяй (1476). У 1486—91 крымскі хан Менглі-Гірэй разграміў Вялікую Арду і ліквідаваў яе самастойнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́НДСКАЯ ПАРО́ДАбуйной рагатай жывёлы.
Малочнага кірунку. Выведзена ў Нідэрландах у выніку працяглага паляпшэння мясц. жывёлы шляхам інбрыдзінгу і селекцыйнага адбору. Атрымала сусв. прызнанне за высокія паказчыкі малочнай і мясной прадукцыйнасці, прыстасаванасці да розных прыродна-клімат. і тэхнал. умоў. Гадуюць у многіх краінах Еўропы, дзе створаны роднасныя ёй пароды (найлепшая — галштына-фрызская жывёла ў ЗША; сярэднегадавы надой да 10 т малака). На Беларусі быкоў-вытворнікаў галандскай пароды выкарыстоўваюць у скрыжаваннях для паляпшэння гасп. якасцей і экстэр’еру чорна-пярэстай пароды.
Жывёла з моцнай канстытуцыяй, прапарцыянальным тулавам, добра развітой мускулатурай і вымем. Масць чорна-пярэстая. Жывая маса нованароджаных цялят 33—45 кг, дарослых кароў 550—600 і быкоў 800—1000 кг. Надой кароў за лактацыю складае 5700—6000 кг малака (4—4,2% тлушчу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАТЭ́ТЫЯ (ад гама + грэч. thetos размешчаны) у матэматыцы, пераўтварэнне, пры якім кожнаму пункту М плоскасці або прасторы ставіцца ў адпаведнасць такі пункт М′, што выконваецца роўнасць SM′=k∙SM, дзе S — цэнтр і k — каэфіцыент гаматэтыі. Пункты М і М′ ляжаць на адной прамой з аднаго боку ад пункта S, калі k>0, і з розных бакоў, калі k<0; у прыватнасці, калі k = -1, атрымліваецца сіметрыя адносна пункта S. Пры гаматэтыі прамая пераходзіць у прамую; захоўваецца паралельнасць прамых і плоскасцей; захоўваюцца вуглы (лінейныя і двухграневыя); кожная фігура пераходзіць у падобную ёй фігуру і наадварот, дзве любыя падобныя фігуры атрымліваюцца адна з адной паслядоўным выкарыстаннем гаматэтыі і перамяшчэння. Гаматэтыя выкарыстоўваецца пры павелічэнні відарысаў (праекцыйны апарат, кіно), пры здымках плана мясцовасці (мензульная здымка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАІ́Н (Ян Непамуцэн) (1760—1820),
удзельнік паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і Літве. Сын брэсцкага ваяводы Яна Антонія. У 1775 уступіў у корпус кадэтаў у Варшаве. З 1782 дэпутат сеймаў Рэчы Паспалітай, з 1786 чл. Камісіі скарбовай ВКЛ, з 1792 чл. Камісіі скарбовай абодвух народаў. У студз. 1794 удзельнічаў у працы Камісіі вайсковай ВКЛ, у крас. — у складзе Вайсковага аддзела паўстанцкай Часовай намесніцкай рады. Часовай паўстанцкай радай накіраваны ў вызваленую Вільню. Арганізатар паўстання на Брэстчыне і Падляшшы. З мая намеснік радцы (члена) Найвышэйшай нацыянальнай рады, у ліп. 1794 Т.Касцюшка прызначыў яго палкоўнікам паспалітага рушэння. Пасля задушэння паўстання жыў у Гродне, Варшаве, у 1812 бурмістр Вільні, з 1813 жыў у Дрэздэне, Парыжы. Пасля ўказа аб амністыі 10.4.1814 вярнуўся на радзіму, дзе яму былі вернуты маёнткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЫНАМІ́ЧНЫ ПАЛІГО́Н,
участак зямной паверхні, ахоплены разамкнутай або замкнутай ломанай лініяй, дзе сістэматычна праводзяцца геал., гідрагеал., геахім., геад. і геафіз. даследаванні з мэтай вывучэння сучасных тэктанічных працэсаў Зямлі. Тэрмін уведзены сав. вучонымі Г.І.Каратаевым, Э.Э.Фатыядзі і А.Л.Яншыным (1960-я г.). Звесткі, атрыманыя на геадынамічным палігоне, выкарыстоўваюцца для вывучэння сучасных глыбінных працэсаў, іх ролі ў фарміраванні зямной кары, асабліва для прагнозу землетрасенняў і ацэнкі верт. і гарыз. перамяшчэнняў паверхні зямной кары ў раёнах з асабліва адказнымі аб’ектамі (АЭС, метро, нафта- і газаправоды, хім. з-ды і інш.). На Беларусі створаны рэгіянальны комплексны геадынамічны палігон, які ахоплівае таксама і тэр. Прыбалтыкі; геадэзічны палігон у цэнтр.ч. Беларусі, лакальныя комплексныя палігоны ў Прыпяцкай упадзіне і ў раёне г. Валожын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЬ ((Hebbel) Крысціян Фрыдрых) (18.3.1813, Весельбурэн, зямля Шлезвіг-Гольштэйн, Германія — 13.12.1863),
нямецкі драматург, паэт і празаік. Вывучаў права, філасофію, л-ру ў Гайдэльбергскім і Мюнхенскім ун-тах (1836—39). У аснове яго драматургіі метафізічная канцэпцыя ўсеагульнай віны чалавека, які толькі пакутамі і ахвярнасцю, блізкімі да самазнішчэння, можа наблізіць выратаванне свету. Вядомасць Гебелю прынесла ўжо першая п’еса «Юдзіф» (1840). П’еса «Марыя Магдаліна» (1844) паклала пачатак сучаснай мяшчанскай трагедыі. Сярод лепшых яго твораў «Ірад і Марыямна» (1850), «Агнеса Бернаўэр» (1851), «Гіг і яго пярсцёнак» (1856), трылогія «Нібелунгі» (1862), дзе аўтар імкнуўся праз старажытнае і легендарнае спасцігнуць сучаснасць. Пісаў таксама вершы, навелы. Свае эстэт.-філас. погляды выклаў у працах «Маё слова пра драму» (1843), «Пра стыль драмы» (1847) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),
французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл.Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).
Літ.:
Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫХ МАРАПЛА́ВЕЦ (Dom Henrique o Navegador; 4.3.1394, г. Порту, Партугалія — 13.11.1460),
партугальскі прынц, арганізатар марскіх экспедыцый (адсюль мянушка, дадзеная ў 19 ст.). Сын караля Жуана I. У 1415 вызначыўся пры заваяванні партугальцамі г. Сеута (Марока), стаў яго правіцелем. З 1419 губернатар г. Сагрыш (Паўд. Партугалія), дзе заснаваў абсерваторыю і мараходную школу; адначасова магістр Ордэна Хрыста (1418—60). З 1418 на сродкі ордэна паслаў з Сагрыша даследчыя экспедыцыі, якія адкрылі Азорскія а-вы (1432—35), рэкі Сенегал і Гамбія, а-вы Біжагош (1437—57), Зялёнага Мыса (1456) і інш. Генрых Мараплавец садзейнічаў таксама развіццю партуг. караблебудавання (асабліва каравел) і картаграфіі, ператварэнню Партугаліі ў буйную марскую дзяржаву, што паклала пачатак каланізацыі партугальцамі Афрыкі.
Літ.:
Бизли Ч.Р. Генрих Мореплаватель: Пер. с англ.М., 1979.