ДЫБЕ́НКА (Павел Яфімавіч) (28.2.1889, с. Людкаў Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.7.1938),
савецкі ваен. дзеяч. Камандарм 2-га рангу (1935). Скончыў Ваен. акадэмію РСЧА (1922). З 1911 матрос Балт. флоту, у 1915—17 праследаваўся ўладамі за рэв. дзейнасць. Старшыня Цэнтрабалта (1917), удзельнічаў у падрыхтоўцы Кастр. рэвалюцыі 1917 (арыштаваў ген. П.М.Краснова). Чл. 1-га сав. ўрада, адзін з арганізатараў сав.ВМФ. З 1918 на камандных пасадах у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны (ваяваў пераважна на Украіне), каманд. войскамі Сярэднеазіяцкай, Прыволжскай і Ленінградскай ваен. акруг (1928—38). Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра рэв. рух на Балт. флоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́МНІЦА (Fumaria),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 3 віды: Д. лекавая (F. officinalis), трапляецца ўсюды як пустазелле; Ваяна (F. vaillantii), вельмі рэдкі від, расце на мелавых агаленнях; казіная (F. capreolata), трапляецца зрэдку як здзічэлая.
Аднагадовыя травяністыя расліны з тонкім разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шызае, нібы дымчатае (адсюль назва), або зялёнае. Кветкі дробныя, фіялетава-ружовыя, радзей белыя, з кароткімі шпорцамі, сабраныя ў гронкі. Плод арэшкападобны. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, патагонны, узбуджаны і танізоўны сродак) і фарбавальныя расліны. Ядавітыя (маюць фумаравую к-ту, алкалоід фумарын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЦЭ́НТРА, дыклітра (Dicentia),
род кветкавых раслін сям. дымніцавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ва Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 інтрадукаваныя віды: Д. цудоўная (D. spectabilis, радзіма — Кітай, Карэя) і прыгожая, або амерыканская (D. formosa, радзіма — Паўн. Амерыка). Вырошчваюць у садах і кветніках. Размнажаюць дзяленнем кустоў і карэнішчаў.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамым разгалінаваным сцяблом і карэнішчам. Лісце трайчаста-раздзельнае, перыстарассечанае або складанае, зялёнае ці шызавата-зялёнае. Кветкі пляскатыя, сэрцападобныя (адсюль бытавая назва расліны — «разбітае сэрца»), пераважна ружовыя або пурпуровыя, у доўгіх аднабаковых гронках. Плод — каробачка. Дэкар. і лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯРВІ́ЛА (Diervilla),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Вельмі блізкі да роду вейгела. 5 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы і Усх. Азіі. На Беларусі 3 інтрадукаваныя віды: Д. бружмелевая (D. lonicera), сядзячалістая (D. sessilifolia) і прырэчная, або ручаёвая (D. rivularis). Вырошчваюцца пераважна ў бат. садах, дэндрарыях і парках. Размнажаюцца насеннем і вегетатыўна.
Лістападныя кусты выш. да 2 м з разгалінаванымі парасткамі і шчыльнай шарападобнай кронай. Лісце простае, супраціўнае, авальна-выцягнутае або падоўжанае, бліскучае, па краі пілаватае. Кветкі двухполыя, няправільныя, зеленавата-жоўтыя, даўж. да 1 см, у гронкападобных або мяцёлчатых суквеццях. Плод — 2-гнездавая каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНТЭГРА́ТАР (ад дэз... + лац. integer цэлы),
1) машына для грубага здрабнення крохкіх малаабразіўных матэрыялаў (вугалю, гіпсу, серы, торфу, драўніны і інш.). Складаецца з двух ротараў, якія зманціраваны на асобных сувосевых валах і верцяцца ў процілеглых напрамках. На дысках ротараў размешчаны па канцэнтрычных акружнасцях 2—4 рады цыліндрычных пальцаў (білаў). Матэрыял паступае ў цэнтр.ч. ротара, пры яго вярчэнні адкідваецца ад цэнтра і здрабняецца ўдарамі пальцаў.
2) Апарат для ачысткі прамысл. газаў ад узважаных цвёрдых (пыл) або вадкіх часціц. Выкарыстоўваецца пераважна ў доменных цэхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎГЕ́НІКА (ад грэч. eugenēs добрага роду),
вучэнне аб спадчынным здароўі чалавека, шляхах яго захавання і паляпшэння. Прынцыпы Е. сфармуляваў англ. вучоны Ф.Гальтан (1869), які прапанаваў вывучаць тыя фактары, што могуць палепшыць спадчынныя якасці (генет. перадумовы фіз. і псіхічнага здароўя, разумовых здольнасцей, адоранасць) будучых пакаленняў. Ідэі Е. нярэдка выкарыстоўвалі для апраўдання расізму і генацыду. У сучаснай навуцы многія праблемы Е., асабліва барацьба са спадчыннымі захворваннямі, вырашаюцца ў рамках генетыкі чалавека, яго экалогіі, у т. л.мед. генетыкі. Ад ідэі паляпшэння генет. здароўя людзей Е. перайшла пераважна да задач яго захоўвання. Гл.Медыка-генетычнае кансультаванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЛЬНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя метасаматычныя горныя пароды, якія залягаюць у выглядзе жыл, даек і інш. дробных цел, цесна звязаных з інтрузіўнымі масівамі. Утвараюцца пры застыванні магмы ў шчылінах зямной кары. Іх склад можа адпавядаць пародам буйных інтрузій (гл.Інтрузіўныя горныя пароды) або значна адрознівацца ў выніку працэсаў дыферэнцыяцыі магмы і ўзаемадзеяння яе з прылеглымі горнымі пародамі. Сярод Ж.г.п. вылучаюць меланакратавыя, абагачаныя цемнаколернымі мінераламі (керсантыт, спесартыт і інш.), і лейкакратавыя, складзеныя пераважна з светлаколерных мінералаў (апліт, пегматыт, плагіяклазіт і інш.). З Ж.г.п. звязаны радовішчы золата, свінцова-цынкавых руд, вальфраму, ртуці і інш. Трапляюцца ў крышт. фундаменце Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫТНЯ́К (Agropyron),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы, Азіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. На Беларусі як занесены і натуралізаваны трапляецца Ж. грэбенепадобны (A. pectinatum). Расце каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным звычайна слабашурпатым сцяблом і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкае, лінейнае, іншы раз уздоўж згорнутае, часта з тонкімі шыпікамі. Агульнае суквецце — яйцападобны, падоўжаны ці лінейны сціснуты двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, з 3—10 кветкамі. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, замацоўваюць рухомыя пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Усвейка, за 9 км на У ад г. Чашнікі. Пл. 8,74 км², даўж. 6,6 км, найб.шыр. 1,7 км, найб.глыб. 3,6 м, даўж. берагавой лініі 14,8 км. Пл. вадазбору 45,8 км². Схілы катлавіны выш. да 2 м (на ПдУ і З да 10 м), пераважна пад лесам і хмызняком. Берагі сплавінныя, на З пясчаныя, параслі хмызняком. Дно сапрапелістае, уздоўж зах. берага пясчанае. У паўд. частцы востраў пл. 14 га. Зарастае. Упадаюць 6 ручаёў, выцякае ручай у р. Усвейка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч.Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.