працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКАЯ АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К (РАН),
вышэйшая навук. самакіравальная ўстанова Рас. Федэрацыі. Засн. ў пач. 1724 (адкрыта ў канцы 1725). Да мая 1917 наз. Пецярбургская АН, да 1925 — Рас.АН, да 1991 — АНСССР. У 1725 налічвала 17 правадз.чл., у 1917 мела 49 правадз.чл. і аб’ядноўвала каля 30 навук. падраздзяленняў (109 навук. супрацоўнікаў). Прэзідыум у Маскве (з 1934). Аспірантура з 1929. Філіялы і н.-д. базы з 1930-х г. У 1991 рэарганізавана, у яе ўвайшлі члены былой АНСССР і зноў выбраныя. У 1994 больш за 440 правадз.чл., звыш 600 чл.-кар., больш за 120 замежных членаў. Аб’ядноўвае 18 аддзяленняў па галінах і кірунках навук; матэматыкі; агульнай фізікі і астраноміі; ядз. фізікі; фіз.-тэхн. праблем энергетыкі; выліч. тэхнікі і аўтаматызацыі; праблем машыназнаўства, механікі і працэсаў кіравання; агульнай і тэхн. хіміі; фізіка-хіміі і тэхналогіі неарган. матэрыялаў; біяхіміі, біяфізікі і хіміі фізіялагічна актыўных злучэнняў; фізіялогіі; агульнай біялогіі; геалогіі, геафізікі і геахіміі і горных навук; акіяналогіі, фізікі атмасферы і геаграфіі; гісторыі; філасофіі і права; эканомікі; сусв. эканомікі і міжнар. адносін; л-ры і мовы; рэгіянальныя аддзяленні — Сібірскае (з 1957, прэзідыум у г. Новасібірск), Уральскае (з 1987, прэзідыум у г. Екацярынбург), Далёкаўсходняе (з 1987, прэзідыум у г. Уладзівасток) і навук. цэнтры. Усяго каля 300 навук. устаноў (каля 60 тыс.навук. супрацоўнікаў), больш за 200 навук. саветаў. Мае н.-д. флот. Рыхтуе навук. кадры. Публікуе навук. л-ру. Прысуджае медалі і прэміі за навук. працы. Падтрымлівае міжнар.навук. сувязі, у т. л. з Нац.АН Беларусі. Прэзідэнты РАН (у 1741—46, 1810—18 і ў 1916—17 не было); Л.Л.Блюментрост (1725—33), Г.К.Кейзерлінг (1733), І.А.Корф (1734—40), К. фон Брэверн (1740—41), К.Р.Разумоўскі (гл.Разумоўскія; 1746—98), А.Л.Нікалаі (1798—1803), М.М.Навасільцаў (1803—10), С.С.Увараў (1818—55), Дз.М.Блудаў (1855—64), Ф.П.Літке (1864—82), Дз.А.Талстой (1882—89), вял.кн. Канстанцін Канстанцінавіч (Раманаў; 1889—1915), А.П.Карпінскі (1917—36), У.Л.Камароў (1936—45), С.Л.Вавілаў (1945—51), А.М.Несмяянаў (1951—61), М.У.Келдыш (1961—75), А.П.Аляксандраў (1975—86), Г.І.Марчук (1986—91), Ю.С.Осіпаў (з 1991).
Літ.:
Российская Академия наук: Персональный состав. Кн 1—3. М., 1999;
Уставы Российской академии наук, 1724—1999. М., 1999.
У.Я.Калаткоў.
Будынак Прэзідыума Расійскай акадэміі навук у Маскве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ СПАБО́РНІЦТВА,
аб’ектыўныя адносіны, скіраваныя на дасягненне найлепшых вынікаў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Уласціва толькі сацыяліст. спосабу вытв-сці. Адной з першых форм С.с. былі камуніст. суботнікі (1919). З 1923 сталі праводзіцца вытв. нарады, якія ўключалі элементы С.с. Новым этапам С.с. ў гады 1-й пяцігодкі (1928/29—1932/33) стала ўдарніцтва. У час індустрыялізацыі ўдарныя брыгады сталі асн. формай С.с.
У крас. 1929 калектыў ленінградскага з-да «Чырвоны выбаржац» выступіў ініцыятарам С.с. ў агульнадзярж. маштабе. У маі 1930 узніклі грамадскія буксіры, мэтай якіх была дапамога перадавых калектываў адстаючым. У ліп. 1930 рабочыя Ленінградскага з-да імя К.Маркса распрацавалі сустрэчны прамфінплан, які стаў эфектыўным сродкам выяўлення рэзерваў вытв-сці. У маі 1931 на маш.-буд. з-дзе імя Леніна ў Ленінградзе ўзнікла першая гасп.-разліковая брыгада. Значную ролю ў распаўсюджанні перадавога вопыту і павышэнні кваліфікацыі рабочых кадраў адыграў ізотаўскі і стаханаўскі рух.
У БССР С.с. разгарнулася вясной 1929. Першымі ў яго ўключыліся калектывы добрушскай папяровай ф-кі «Герой працы», віцебскага з-да «Чырвоны металіст», мінскіх металаапрацоўчых з-даў «Камунар» і «Энергія», гарбарных прадпрыемстваў Магілёва, Мінска, Віцебска, Гомеля і інш. У канцы 1929 у С.с. ўдзельнічала каля 15% рабочых буйной прам-сці Беларусі, у канцы 1930 — больш за 60%. Усяго да 1936 у розных формах С.с. ўдзельнічала 72,2% рабочых БССР. Масавы энтузіязм рабочага класа адыграў важную ролю ў вырашэнні задач індустрыялізацыі. Аднак з цягам часу С.с. пачало насаджацца парт. і прафс. органамі, набыло кампанейскі характар. У гады Вял.Айч. вайны спаборніцтва праходзіла пад лозунгам «Усё для фронту, усё для перамогі». За самаадданую працу многім беларусам было прысвоена званне Героя Сац. Працы. Ва ўмовах жорсткай цэнтралізацыі разгортвалася С.с. па аднаўленні разбуранай вайной нар. гаспадаркі. У кастр. 1958 калектыў дэпо Масква-Сартавальная прапанаваў разгарнуць спаборніцтва за камуніст. адносіны да працы. Калі ў цэлым у С.с. ў пач. 1970-х г. удзельнічала больш за 77 млн.чал., то ў руху за камуніст. адносіны да працы — каля 45 млн.чал. (на Беларусі адпаведна — 2854 тыс. і 1560 тыс.). Аднак на шляху многіх пачынанняў станавілася адміністрацыйна-камандная сістэма. Так, брыгадны падрад быў абмежаваны шматлікімі інструкцыямі і практычна страціў сваё эканам. значэнне. Не атрымала распаўсюджання і ініцыятыва Шчокінскага камбіната пад дэвізам «Менш работнікаў — больш прадукцыі». Актыўнасць працоўных стрымлівалася бюракратызмам, адсутнасцю эканам. метадаў кіравання, залежнасцю аб’яднанняў і прадпрыемстваў ад міністэрстваў. У выніку С.с. было пазбаўлена эканам. асновы, што патрабавала карэнных змен у яго арганізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТЫ́ТАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. агрэгаты, у якіх ёсць апатыт у колькасцях і формах, што адпавядаюць умовам прамысл. перапрацоўкі. Па колькасці фосфарнага ангідрыту P2O5 апатытавыя руды падзяляюцца на багатыя (больш за 18%), бедныя (5—8%) і збедненыя (3—5%). Па ўмовах утварэння вылучаюць эндагенныя (у масівах шчолачных магматычных парод), экзагенныя (радовішчы выветрывання) і метамарфізаваныя (пераўтвораныя) радовішчы. Найбольшае прамысл. значэнне маюць магматычныя радовішчы, звязаныя з масівамі нефелінавых сіенітаў (P2O5 16—19%). Апатытавыя руды выкарыстоўваюцца для вытв-сці мінер. угнаенняў, фосфарнай кіслаты, розных соляў, у металургіі, керамічнай, шкляной і хім. прам-сці. Найбольшыя запасы апатытавых руд у Рас. Федэрацыі. Бразіліі, ПАР, Фінляндыі, Угандзе, Нарвегіі, Зімбабве, Канадзе, Іспаніі, Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́Л-ПАЙГАМБА́Р,
запаведнік ва Узбекістане. Размешчаны на аднайм. пясчаным востраве (даўж. каля 8 км, шыр. каля 5 км) у рэчышчы Амудар’і каля г. Тэрмез у Сурхандар’інскай вобл.Пл.больш за 3 тыс.га, у т. л. 964 га пад лесам, 6 га — вадаёмы. Засн. ў 1960 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў тугайных лясоў (туранга, лох, тамарыск) і чарацяных зараснікаў, а таксама для аднаўлення папуляцыі бухарскага аленя. Пашыраны індыйскі пласціністазубы пацук, заяц-пясчанік, дзік, шакал, у паўд. пустыннай частцы в-ва — сярэднеазіяцкая чарапаха, шэры варан, туранская гюрза, стэпавая агама, з птушак — чаплі, крыжанка, шэрая гусь, змеяед, чорны грыф, валасянкі, звычайны ляляк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХЕАЛО́ГІЯ І НУМІЗМА́ТЫКА БЕЛАРУ́СІ»,
аднатомная галіновая энцыклапедыя. Падрыхтавана і выдадзена выд-вам «Беларуская Энцыклапедыя» ў 1993. У сістэматызаваным выглядзе і алфавітным парадку ў ёй падаюцца звесткі па гісторыі бел.археал. і нумізматычнай навукі. Аб’екты апісання — выяўленыя на працягу апошніх 250 гадоў археолагамі розных краін помнікі матэрыяльнай культуры далёкіх продкаў беларусаў, усе манеты і боны, што хадзілі на тэр. Беларусі. Уключае аглядныя нарысы па бел. археалогіі і нумізматыцы і больш за 2,3 тыс. энцыклапедычных артыкулаў; спіс л-ры (1756 назваў) на бел., рус., англ., польскай, ням., італьян., літ., чэшскай, швед. і інш. мовах. Артыкулы ілюстраваны здымкамі, картамі, планамі, схемамі.
В.К.Шчэрбін.
Энцыклапедыя «Археалогія і нумізматыка Беларусі». Вокладка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЦЬ,
старадаўняя гасп. пабудова для сушкі збажыны; тып сушні. Была пашырана ў паўн.-ўсх. раёнах Беларусі да сярэдзіны 20 ст. Квадратны або прамавугольны ў плане будынак вянковай канструкцыі, накрыты саломай, драніцай. Унутраная прастора перакрыццем з жэрдак падзялялася на 2 ярусы. Цёплае паветра ад курнай печы ў ніжнім ярусе праз шчыліны перакрыцця ішло ў верхні ярус, дзе сушылі снапы. У сял. гаспадарках 19—пач. 20 ст. Асеці будавалі паблізу гумна, стадолы, тока. Нярэдка мела «перадасець» каркаснай канструкцыі, дзе абмалочвалі высушанае збожжа. У фальварках існавалі больш складаныя структуры, дзе 2 асеці злучаліся крытым токам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛЫ (Mantoptera, Mantodea),
атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).
Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРО́ДСКАЯ РАЗЬБА́,
рускі нар. промысел разьбяных цацак і скульптуры з драўніны. Існуе з 16—17 ст. у в. Багародскае (Загорскі р-н Маскоўскай вобл.). Да канца 19 ст. захоўвалася традыц. тэхніка неглыбокіх парэзак з фігуркамі людзей, жывёл і рухомых цацак з характэрнымі персанажамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэхніка парэзак змянілася больш дэтальнай распрацоўкай фігур, аб’яднаных у кампазіцыі і быт. сцэны на сюжэты баек, казак, вершаў, а таксама на тэмы сучасных падзей і гісторыі. На пач. 20 ст. майстры аб’ядналіся ў арцель (з 1923 — «Багародскі разьбяр», з 1960 Багародская ф-камаст. разьбы).
Літ.:
Розова Л. Богородская игрушка и скульптура: [Альбом]. М., [1970].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЗЯ́К (Cirsium),
род кветкавых раслін сям. астравых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 8 відаў. Найб. вядомыя бадзяк агародны (Cirsium oleraceum), балотны (Cirsium palustre), звычайны (Cirsium vulgare), палявы (Cirsium arvense), рачны (Cirsium rivulare). Бадзяком таксама называюць віды раслін з роду асот.
Шмат- або двухгадовыя травяністыя, пераважна калючыя расліны з чаргаваным глыбакаперыста-раздзельным або суцэльным лісцем без прыдаткаў. Кветкі трубчастыя, кветкавыя кошыкі шматкветныя, паніклыя ці прамастойныя. Лісцікі абгорткі лінейныя і лінейна-ланцэтныя, на канцы з шылаватай калючкай. Кветаложа ўсаджана доўгімі шчацінкамі. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, трубчастыя, рознага колеру. Плод — голая сціснутая сямянка з чубком. Меданосныя, лек., кармавыя і дэкар. расліны.