БУ́БКА (Сяргей Назаравіч) (н. 4.12.1963, г. Луганск, Украіна),

украінскі спартсмен-лёгкаатлет (скачкі з шастом). Засл. майстар спорту СССР (1983), засл. майстар спорту Украіны (1994). Скончыў Кіеўскі ін-т фіз. культуры (1987). Чэмпіён Алімпійскіх гульняў 1988, адзіны ў свеце лёгкаатлет-пераможца 5 чэмпіянатаў свету (1983, 1985, 1987, 1993, 1995). Шматразовы чэмпіён Украіны і Еўропы. 19 разоў паляпшаў уласныя сусв. рэкорды, давёўшы іх да 6,14 м на стадыёнах (1994) і 6,15 м (1993) у залах.

т. 3, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРХА́НАЎ (Шукур) (5.12.1910, Ташкент — 1987),

узбекскі акцёр. Нар. арт. СССР (1959). З 1927 у т-ры імя Хамзы (Ташкент). Ствараў яркія, тэмпераментныя, псіхалагічна складаныя характары: Гафур («Бай і батрак» Хамзы), Фархад («Легенда пра каханне» Назыма Хікмета), Гамлет, Брут («Гамлет», «Юлій Цэзар» У.​Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Вайніцкі («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава) і інш. З 1940 здымаўся ў кіно: «Тахір і Зухра», «Зорка Улугбека», «Гібель чорнага консула» і інш. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1964.

т. 3, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАЖЦО́Ў (Мікалай Мікалаевіч) (28.4.1881, г. Іркуцк, Расія — 9.8.1941),

савецкі хімік-арганік, адзін з арганізатараў анілафарбавальнай прам-сці. Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1904). У 1904—18 выкладаў у розных ун-тах Расіі (праф. з 1917). З 1916 арганізатар і кіраўнік лабараторыі «Рускафарба», з 1924 у Маскоўскім хіміка-тэхнал. ін-це. Навук. працы па хіміі фарбавальнікаў, іх будове, здольнасці афарбоўваць прыродныя валокны. Аўтар манаграфіі «Асновы сінтэзу прамежкавых прадуктаў і фарбавальнікаў» (1934). Дзярж. прэмія СССР 1952.

М.М.Варажцоў.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРСАЛА́ДЗЕ (Элісо Канстанцінаўна) (н. 14.9.1942, Тбілісі),

грузінская піяністка. Нар. арт. Грузіі (1972). Нар. арт. СССР (1989). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1966, клас А.​Вірсаладзе), З 1959 салістка Тбіліскай, з 1977 — Маскоўскай філармоній. З 1967 выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі. Глыбокі і тонкі інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта. У рэпертуары таксама творы кампазітараў-рамантыкаў. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў імя Р.​Шумана (Цвікаў, ГДР, 1966), імя П.​І.​Чайкоўскага (1962, Масква), Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1966). Дзярж. прэмія Грузіі 1983.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-АДМІРА́Л (ад лац. vice замест, узамен + адмірал),

воінскае званне вышэйшага афіцэрскага складу ў ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў. У эпоху паруснага флоту (17 — сярэдзіна 19 ст.) віцэ-адмірал камандаваў авангардам (перадавой часткай сіл) і быў нам. адмірала. У Расіі званне ўведзена ў 1699 (існавала да 1917), у СССР — у 1940; існуе ў ВМФ Расійскай Федэрацыі (адпавядае ген.-лейт. ў арміі). У сав. ВМФ званне віцэ-адмірала мелі ўраджэнцы Беларусі В.П.Дрозд, Г.М.Халасцякоў і інш.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ІНЫ-ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІ́СТЫ,

прынятая ў афіц. ужытку назва ваеннаслужачых Сав. Арміі, якіх накіроўвалі ў інш. краіны з мэтай забеспячэння інтарэсаў СССР і для падтрымкі камуніст. і прасавецкіх урадаў у іх барацьбе з апазіцыяй у час грамадз. войнаў ці замежнай інтэрвенцыі. Найб. пашыраны тэрмін «воіны-інтэрнацыяналісты» стаў у час знаходжання сав. войск у Афганістане (1979—89). Мед. і псіхал. рэабілітацыя воінаў-інтэрнацыяналістаў, іх сац. адаптацыя аднесены да праблем грамадскага значэння, якія рэгулююцца заканадаўствам і інш. прававымі актамі.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НКА (Канстанцін Дзмітрыевіч) (5.7.1867, с. Копцева Смаленскай вобл., Расія — 2.11.1927),

расійскі глебазнавец, адзін з заснавальнікаў айч. глебазнаўства. Акад. АН СССР (1927). Вучань і супрацоўнік В.В.Дакучаева. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1889). У 1908—14 кіраваў глебава-геагр. экспедыцыямі Перасяленчага ўпраўлення ў Сібіры на Д. Усходзе, у Казахстане і Сярэдняй Азіі. Працы па занальнасці глебавага покрыва, генезісе і класіфікацыі глеб. Склаў першую глебавую карту свету (1926). Арганізатар і першы дырэктар Глебавага ін-та імя Дакучаева.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,

спецыяльныя агульнавайсковыя, артыл., інж. і інш. часці і злучэнні, прызначаныя для вядзення дзеянняў у горнай мясцовасці. У некат. арміях горныя войскі наз. альпійскімі (Францыя, Італія), горнапяхотнымі (ФРГ і інш.), горнастралковымі (СССР да сярэдзіны 1950-х г.). Камплектуюцца пераважна з жыхароў горных раёнаў; забяспечваюцца спец. абмундзіраваннем і амуніцыяй; пяхота горных войскаў можа мець палегчанае ўзбраенне, артыл. часці — горную артылерыю і мінамёты палегчанай канструкцыі, прыстасаваныя для руху ў гарах на ўючных жывёлах і інш.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРАГЧА́ (Жугдэрдэмідыйн) (н. 5.12.1947, Гурванбулак, Манголія),

першы лётчык-касманаўт Манголіі (1981). Герой Манголіі (1981), Герой Сав. Саюза (1981). Ген.-маёр. Скончыў Ваен. школу авіяц. спецыялістаў у СССР (1972), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1977). У 1978—81 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.3.1981 з У.А.Джанібекавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-39» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз Т-4». Правёў у космасе 7,9 сут.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВЫ́ДАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 20.11.1924, Масква),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцей «У марах і вандроўках» (1949, пра ліцэйскага сябра А.​С.​Пушкіна рус. мараплаўца Ф.​Ф.​Мацюшкіна), «Паўднёвы Крыж» (1957, пра капітана О.​Я.​Кацэбу), гіст. аповесцей пра нарадавольцаў «Сакавік» (1959) і «Глухая пара лістапада» (кн. 1—2, 1968—70), рамана пра Г.​А.​Лапаціна «Саламяная вартоўня» («Дзве вязкі пісьмаў», 1986, Дзярж. прэмія СССР 1987) і інш.

Тв.:

Соч. Т. 1—3. М., 1996.

т. 5, с. 567

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)