СТАЛЬМА́ШНАЕ РАМЯСТВО́,

выраб транспартных гужавых сродкаў. Аб’ядноўвае шэраг функцыянальна блізкіх промыслаў: выраб колаў, калёс, мажар, брычак, саней, вазкоў і інш. Выраб колавых (летніх трансп. сродкаў) больш складаны за выраб палазных (зімовых).

На Беларусі карпусы рабочых вазоў для сваіх патрэб рабілі многія сяляне, а колы для іх часцей куплялі ў майстроў-стальмахоў. Выраб колаў, які патрабаваў высокага майстэрства, спец. прыстасаванняў і інструментаў, часта вылучаўся самаст. промысел, цесна звязаны з рынкам. Вытв-сць колаў была дыферэнцыраванай (гнуццё абадоў, выраб калодак, акоўка колаў). Абады для колаў выраблялі з гнуткіх парод драўніны — дубу, вязу, клёну. Загатоўкі для абадоў папярэдне распарвалі ў парні ці лазні і нулі на гбале (бабе). Тым жа спосабам нулі дугі і санныя палазы на гбалах адпаведнай формы. Сагнутыя абады звязвалі па канцах і сушылі каля 2 тыдняў.

Калодкі для колаў выраблялі з бярозы-чачоткі, радзей — з дубу ці вольхі. У іх выразалі лапаценем адтуліны пад вось, і вонкавую паверхню апрацоўвалі на такарным станку. Па акружнасці ў сярэдзіне калодкі выдзёўбвалі 4-вугольныя гнёзды для спіц. Спіцы выраблялі з дубу ці ясеню, сушылі і забівалі ў гнёзды сырых калодак. Насаджвалі спіцы звычайна не перпендыкулярна да калодкі, а з некат. нахілам, каб прадухіліць калыванне колаў у час руху. Пасля замацавання спіц на колесні насаджвалі абады. Пярэднія колы рабілі крыху меншымі за заднія. На Беларусі найб. пашыраныя былі абодныя колы. Яны вядомы з часоў Стараж. Русі (раней сустракаліся ў скіфскіх і сармацкіх павозках). Былі і колы неабодныя: архаічныя суцэльнакругавыя (без спіц) і т.зв. звенчаковыя з дубу ці бярозы дугападобныя часткі. Да пач. 20 ст. сялянскія вазы рабілі амаль цалкам з дрэва. Для павелічэння тэрміну службы ў адтуліну кола з двух бакоў забівалі выкаваныя ў кузні жалезныя ўтулкі (буксы), а паверх калодкі надзявалі абручыкі (рэхвы). Выкарыстанне жалезных шын рабіла неабавязковым ужыванне цэласных абадоў. З канца 20 ст. ў рабочых вазах часцей выкарыстоўваюць гумавыя колы. Выцясненне гужавых трансп. сродкаў аўтамабілем прывяло да скарачэння С.р.

В.​С.​Цітоў.

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЙНО́ЎСКІ (Strojnowski) Іеранім (20.9.1754, с. Ходачкава Крамянецкага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 5.8.1815),

асветнік, правазнавец, рэліг. дзеяч. Адукацыю атрымаў у навуч. установах ордэна піяраў, членам якога быў у 1776—88. З 1776 выкладаў у Варшаўскім калегіуме. З 1780 праф. кафедры натуральнага права Гал. школы ВКЛ у Вільні, у 1799—1806 яе рэктар (у 1803 пры яго ўдзеле пераўтворана ва ун-т). З 1789 удзельнічаў у рабоце Адукацыйнай камісіі і камісіі па падрыхтоўцы праектаў цывільнага і крымін. кодэксаў. Член Вольнага эканамічнага таварыства ў Пецярбургу і Варшаўскага т-ва сяброў навукі. З 1806 на царк. пасадах, з 1814 біскуп віленскі. Асн. яго твор «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» (Вільня, 1785), які вытрымаў 5 выданняў, у т. л. на рус. мове (1809), выкарыстоўваўся як падручнік для вышэйшых і сярэдніх спец. навуч. устаноў Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны. С. стаяў на пазіцыях дэізму і прызнаваў існаванне Бога ў якасці безаблічнай першапрычыны свету, які затым развіваецца на ўласных законах. У гнасеалогіі прытрымліваўся прынцыпаў сенсуалізму, гал. крыніцай пазнання лічыў адчуванне. Асновай яго сацыялагічнай канцэпцыі было вучэнне пра натуральны парадак рэчаў і як вынік яго — натуральнае права. Людзі, на яго думку, могуць быць шчаслівыя толькі праз глыбокае пазнанне і поўнае захаванне гэтага права; адыход чалавека або грамадства ад дакладных і разумных законаў прыроды непазбежна выклікае «пакаранне» — няшчасці, бедствы, беспарадкі. З натуральных правоў і прыроднай роўнасці людзей С. выводзіў сац. правы і абавязкі, да якіх адносіў вечныя і нязменныя правы асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, недатыкальнасці ўласнасці, недапушчальнасць ужывання сілы ў адносінах да інш. людзей, за выключэннем выпадкаў самаабароны. Ажыццяўленне на практыцы прынцыпаў натуральнага права С. разглядаў у якасці крытэрыяў «ісціннасці» або «няправільнасці» пэўнага сац.-паліт. ладу.

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Бирало А.А. Философские проблемы в науке эпохи Просвещения в Белоруссии и Литве. Мн., 1979;

Асветнікі зямлі Беларускай, X — пачатак XX ст.: Энцыкл. давед. Мн., 2001.

С.​Ф.​Дубянецкі.

І.Страйноўскі.

т. 15, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРО́НЦЫЙ (лац. Strontium),

Sr, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 38, ат. м. 87,62, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 4 стабільных нуклідаў, найб. пашыраны ​88Sr (82,56%). У зямной кары 3,4∙10​−2% па масе. Трапляецца выключна ў выглядзе злучэнняў; вядома каля 40 мінералаў С., найб. важныя — цэлесцін і странцыяніт, ёсць С. ў прыродных мінералізаваных водах (прыблізна 24% агульных запасаў). Адкрыты ў 1790 англ. хімікам А.​Крофардам, які вылучыў аксід С. са странцыяніту (адсюль назва). Метал. С. атрыманы ў 1808 Г.​Дэві.

Мяккі серабрыста-белы (неачышчаны залаціста-жоўты) метал. Існуе ў 3 паліморфных мадыфікацыях; пры т-рах ад пакаёвай да 248 °C устойлівы α-Sr (шчыльн. 2630 кг/м³), tпл 768 °C. Хімічна вельмі актыўны (захоўваюць у закрытых шкляных пасудзінах пад слоем газы). На паветры пакрываецца плёнкай з аксіду SrO і пераксіду SrO2, пры награванні загараецца. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой [гідраксід Sr(OH)2 больш моцная аснова, чым кальцыю гідраксід] і разбаўленымі мінер. к-тамі, з галагенамі, пры 300—400 °C з вадародам, пры t>400 °C з азотам, вугляродам, фосфарам, халькагенамі. Атрымліваюць электролізам расплаву хларыдаў С. (SrCI2; 85%) і калію або амонію, алюматэрмічным аднаўленнем SrO пры 1000 °C у Вакууме. Выкарыстоўваюць для легіравання спец. сплаваў (пераважна алюмініевых), як гетэр у электравакуумнай тэхніцы, злучэнні С.: аксід і карбанат — кампаненты аксідных катодаў электронна-вакуумных прыбораў, шкла для кінескопаў каляровых тэлевізараў, эмалей, палівы; нітрат і хларыд — кампаненты піратэхн. саставаў (афарбоўваюць полымя ў кармінава-чырв. колер); фтарыд — люмінафор, лазерны і аптычны матэрыял; тытанат SrTiO3 — сегнетаэлектрык. Лішкі С. ў арганізме чалавека прыводзяць да пашкоджвання касцявой тканкі, печані і крыві, ГДК у вадзе 8 мг/л. Пры дзяленні ядраў урану ў ядз. рэактарах у значнай колькасці ўтвараюцца β-радыеактыўныя нукліды С.: ​89Sr (перыяд паўраспаду T1/2 = 50,5 сут) і ​90Sr (T1/2 = 29,12 года), якія трапляюць у навакольнае асяроддзе пры выпрабаваннях ядз. зброі, аварыях на АЭС (гл. Радыеактыўнае забруджванне). Найб. небяспечны ​90Sr доўгі час знаходзіцца ў паверхневым слоі Зямлі, вызначаецца высокай міграцыйнай здольнасцю, назапашваецца ў касцявых тканках жывых арганізмаў (замяшчае кальцый), што прыводзіць да ломкасці касцей і інш. шкодных уздзеянняў.

А.​П.​Чарнякова.

т. 15, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭХНАЛО́ГІЯ (ад грэч. technē майстэрства + ...логія),

сукупнасць прыёмаў і спосабаў перапрацоўкі сыравіны. матэрыялаў і паўфабрыкатаў, вырабу прадукцыі ў розных галінах вытв-сці; навука, якая распрацоўвае і ўдасканальвае гэтыя прыёмы і спосабы. Т. або тэхнал. працэсамі наз. таксама самі аперацыі атрымання, апрацоўкі, перапрацоўкі, транспартавання, складавання матэрыялаў, зборкі або буд-ва тэхн. аб’ектаў, апісанне гэтых аперацый.

Т. звычайна разглядаецца ў адносінах да канкрэтных галін вытв-сці, кожная з якіх мае сваю Т., што звычайна складаецца з сумы Т. розных вытв. працэсаў. Напр., хімічная тэхналогія — вывучае і распрацоўвае метады і сродкі хім. перапрацоўкі сыравіны, паўфабрыкатаў і прамысл. адходаў; Т. машынабудавання — спосабы апрацоўкі металаў (рэзанне іх на такарных, фрэзерных, свідравальных і інш. металарэзных станках), Т. ліцейнай вытворчасці — спосабы адліўкі дэталей з расплаўленага металу (гл. Ліццё), Т. тэрмічнай апрацоўкі — спосабы апрацоўкі металаў нагрэвам і ахаладжэннем для надання ім патрэбных уласцівасцей (трываласці, цвёрдасці, пругкасці); Т. буд. вытв-сці — комплекс загатоўчых, транспартных, падрыхтоўчых і мантажна-ўкладачных работ. Вытв. Т. выбіраецца з улікам тэхналагічнасці, якая вызначае адпаведнасць канструкцыі вырабу патрабаванням вытв-сці і эксплуатацыі. Рэжым апрацоўкі і неабходную для яе аснастку тэхналагічную (набор спец. кандуктараў, штампаў, інструментаў і прыстасаванняў для мацавання, падачы і кантролю загатовак і дэталей) вызначаюць тэхнолагі. На кожную дэталь яны складаюць маршрутную тэхнал. карту, дзе ўказаны паслядоўнасць усіх аперацый, маршруты дэталі з цэха ў цэх. Тэхнал. карта з’яўляецца таксама асн. дакументам на аб’ектах буд-ва, дзе рэгламентуе характар і парадак буд. аперацый. Т. разглядаецца таксама адносна да пэўнага віду матэрыялу (напр., тэхналогія металаў), да ўзроўню рабатызацыі вытв-сці (тэхналогія бязлюдная), мінімізацыі адходаў і затрат энергіі (безадходныя тэхналогіі, энергазберагальныя тэхналогіі) і інш.

На Беларусі разнастайныя прамысл. Т. распрацоўваюцца ў Беларускім тэхналагічным універсітэце, Бел. нац. тэхн. ун-це, інш. ВНУ, НДІ Нац. АН і галіновых. Найб. значныя навук. дасягненні ў Т. будаўніцтва і буд. матэрыялаў, машына- і прыладабудавання, хімічнай; дэфектаскапіі, кібернетыцы тэхнічнай, матэрыялазнаўстве, парашковай металургіі, робататэхніцы, фізіцы неразбуральнага кантролю, якія шырока выкарыстоўваюцца пры стварэнні Т. розных галін вытв-сці.

І.​І.​Леановіч. У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЕАГУ́ЛЬНАЕ АБАВЯЗКО́ВАЕ НАВУЧА́ННЕ,

сістэма дзярж. мерапрыемстваў па забеспячэнні дзяцей пэўнага ўзросту школьным навучаннем па ўстаноўленых праграмах. Для ажыццяўлення У.а.н. неабходна ўстанаўленне абавязковасці навучання і стварэнне ўмоў, якія рэальна забяспечвалі б магчымасць навучання ў школе: бясплатнасць навучання, наяўнасць неабходнай колькасці школ і настаўнікаў, забеспячэнне вучняў навуч. прыладамі, выкладанне на роднай мове, дакладны ўлік дзяцей, што падлягаюць навучанню, стварэнне сеткі спец. школ для дзяцей, якія маюць фіз. недахопы ці разумова адсталыя. Законы аб У.а.н. ўведзены ў большасці краін: у ЗША (у розных штатах) у 1852—1900, у Вялікабрытаніі ў 1880, у Францыі ў 1881—82. У СССР У.а.н. дэкларавана «Палажэннем аб Адзінай працоўнай школе РСФСР» ад 16.10.1918. У БССР усеаг. пачатковае навучанне ўведзена ў 1926/27 навуч. г. пастановай СНК і Прэзідыума ЦВК БССР ад 7.4.1926. У 1931/32 навуч. г. першым канцэнтрам школ (1—4 групы) ахоплена 97% усіх дзяцей ва ўзросце 8—11 гадоў. У гарадах, рабочых пасёлках і фабр.-заводскіх раёнах У.а.н. ў аб’ёме сямігодкі ўведзена ў 1931/32 навуч. г., на тэр. ўсёй рэспублікі (Пастанова СНК БССР ад 2.8.1932) — у 1932/33 навуч. г. З уз’яднаннем Беларусі ў 1939 у зах. абласцях увядзенне У.а.н. пачалося разам са стварэннем сав. школьнай сістэмы. У гады Вял. Айч. вайны для ўсіх дзяцей (акрамя яўрэйскіх) акупац. ўлады на тэр. ген. акругі Беларусь уводзілі абавязковае школьнае навучанне, за адмову наведваць школы на бацькоў і вучняў накладваліся розныя спагнанні, аднак рэалізаваць на практыцы У.а.н. акупантам не ўдалося. Да сярэдзіны 1950-х г. У.а.н. фактычна ўведзена за курс 7-гадовай школы. Паводле Пастановы Вярх. Савета СССР «Аб умацаванні сувязі школы з жыццём і аб далейшым развіцці сістэмы народнай адукацыі ў СССР» (1958) 7-гадовыя школы пераўтвораны ў 8-гадовыя; на іх базе ажыццяўлялася ўсеаг. абавязковая няпоўная сярэдняя адукацыя. Пашыралася і сетка сярэдніх школ. У 1970-я г. пачаўся пераход да ўсеаг. сярэдняй адукацыі. З 2-й пал. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь вядзецца рэформа школы, якая павінна перабудаваць яе працу ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу: мяняецца структура школы, уводзіцца шырокая дыферэнцыяцыя навучання.

І.​М.​Раманава.

т. 16, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕХТАВА́ННЕ (ад ням. fechten фехтаваць, змагацца),

від спорту, які аб’ядноўвае адзінаборствы з выкарыстаннем халоднай спарт. зброі (рапіра, шабля, шпага). Мэта паядынку — нанясенне саперніку найб. колькасці ўколаў (удараў) за фіксаваны час. Паядынкі адбываюцца на спец. дарожцы 14 × 1,5—2 м. Праграмы афіц. спаборніцтваў уключаюць асабістыя і камандныя турніры мужчын і жанчын.

Як від адзінаборстваў узнікла ў Стараж. Егіпце (каля 3000 да н.э.). Утылітарнае Ф. вядома ў Стараж. Грэцыі і Рыме. З пач. 15 ст. найб. пашырылася ў Іспаніі, з 16 ст. ў Італіі і з 17 ст. ў Францыі. У нац. відах Ф., напр., нанайскім, у якасці зброі выкарыстоўваюць шост, у грузінскім — меч са шчытом і інш. Спарт. Ф. сфарміравалася да канца 17 ст. У 2-й пал. 19 ст. вызначаны асн. правілы і праграмы афіц. спаборніцтваў, стандарты спарт. зброі і ахоўнага рыштунку. У праграме Алімп. гульняў з 1896 (жанчыны з 1924). Чэмпіянаты Еўропы адбываюцца з 1906, свету — з 1937. Ф. на шпагах уваходзіць у склад пяцібор’я. Міжнар. федэрацыя Ф. засн. ў 1913 (Парыж). Найб. пашырана Ф. ў Венгрыі, Германіі, Італіі, Расіі, Францыі.

На Беларусі гурткі Ф. з’явіліся ў канцы 1920-х г. У 1928 бел. фехтавальшчыкі ўдзельнічалі ў I Усесаюзнай спартакіядзе. Афіц. спаборніцтвы з 1938 (першынство Мінска). I чэмпіянат Беларусі адбыўся вясной 1941. Федэрацыя Ф. Беларусі створана ў 1960. Сярод бел. фехтавальшчыкаў — чэмпіёны Алімп. гульняў: Ш.Алёхін, А.Бялова, Б.​Карэцкі, А.Раманькоў, Т.Самусенка, В.Сідзяк; прызёры Алімп. гульняў: У.Лапіцкі, А.Ніканчыкаў, А.Паўлоўскі, Ю.Смалякоў, А.Чарнушэвіч, І.​Валетаў, А.​Коцешаў; чэмпіёны свету і прызёры: Дз.Ніканчыкава, С.Прыходзька, С.​Баранава, В.​Захараў, У.​Паўленка і інш. Мужчынская каманда шпажыстаў заняла 6-е месца на XXVII Алімп. гульнях (2000, г. Сідней, Аўстралія), 4-е — на чэмпіянаце свету (1998, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя), каманда шаблістаў была сярэбраным прызёрам чэмпіянату Еўропы (2000, г. Фуншал, Партугалія); жаночая каманда шпажыстак — 5-й на чэмпіянаце свету (2001, г. Нім, Францыя). Бел. трэнеры — засл. трэнеры СССР і Беларусі: Э.У.Асіеўскі, Г.М.Бокун, Л.П.Бокун, Я.​Ц.​Андрэеў, А.​А.​Аўсянкін, С.​А.​Васільеў, А.​М.​Казлоўскі, М.​Н.​Няпраўскі, В.​С.​Хрэнаў; засл. трэнер Украіны А.​Л.​Фель.

А.​І.​Конюхава.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАКЕ́Й З ША́ЙБАЙ на лёдзе,

спартыўная камандная гульня на каньках; адзін з зімовых відаў спорту. Гуляюць 2 каманды, у кожнай да 22 гульцоў, у т. л. 2 варатары. Непасрэдна на пляцоўцы гуляюць не больш як 6 і не менш як 4 гульцы; у любы час яны могуць быць заменены запаснымі. Час гульні — 3 перыяды па 20 мін. Задача каманд — у адведзены час закінуць спец. клюшкамі як мага больш шайб у вароты сапернікаў. Дазваляюцца сілавыя прыёмы. Пляцоўка для гульні (61×30 м) па перыметры абнесена бартамі выш. 1—1,22 м ад паверхні лёду; памеры варот — 1,83×1,22 м. Інвентар: клюшка даўж. да 134,5 см з круком да 37,5 см і шайба — плоскі дыск з цвёрдай гумы таўшчынёй 25,4 мм, дыям. 76,2 мм.

Узнік у Канадзе ў 1860-я г. як варыянт хакея-бендзі. Правілы гульні распрацаваны ў 1879. апублікаваны ў 1886. З 1892 разыгрываецца Кубак Стэнлі (рэгулярныя спаборніцтвы прафес. каманд Паўн. Амерыкі). Міжнар. хакейная федэрацыя (ліга) засн. ў 1908. У 1914 створана Вышэйшая канада-амер. (нац.) хакейная ліга (НХЛ). яе чэмпіянаты разыгрываюцца з 1925. Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца штогод з 1910, свету — з 1920 (раз у 4 гады; з 1930 — штогод). У праграме Алімп. гульняў з 1920. Чэмпіянаты СССР праводзіліся з 1946/47. У 1973 засн. Сусв. хакейная асацыяцыя.

На Беларусі Х. з ш. развіваецца з 1947; з 1948 бел. хакеісты ўдзельнічалі ў чэмпіянатах СССР. Нац. чэмпіянаты Беларусі разыгрываюцца з 1993. Найб. вядомыя спецыялісты ў галіне Х. з ш.: засл. трэнеры Беларусі П.​Ф.​Баранаў, А.​М.​Варывончык, А.​В.​Грышын. Л Я.​Кантаровіч, У.​В.​Крыкуноў, А.​В.​Мураўёў, В.​І.​Стаін і інш. Зборная Беларусі — чэмпіён Спартакіяды народаў СССР (1986). Юнацкая зборная Беларусі — чэмпіён Еўропы ў групах «C» (1993) і «B» (1994), чэмпіён свету ў групе «B» (1999, 2001). Маладзёжная зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1997) і «B» (1998, 2000). Нац. зборная Беларусі — чэмпіён свету ў групах «C» (1995) і «B» (1997, 2002), заняла 4-е месца на XIX зімовых Алімп. гульнях (2002, г. Солт-Лейк-Сіці, ЗША).

І.​М.​Мартыноўскі.

т. 16, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНЗУ́РА (лац. censura),

сістэма дзярж., духоўнага (царкоўна-рэлігійнага), грамадскага і прыватнага (фінансава-алігархічнага) нагляду і кантролю за друкам і сродкамі масавай інфармацыі (СМІ). Як правіла, вызначае формы і метады ажыццяўлення цэнзурнай палітыкі, прадугледжвае фарміраванне адпаведных заканад.-нарматыўнай базы, структуры органаў і штата служачых — цэнзараў. Узнікла са з’яўленнем дзяржавы. Першая інстытуцыя Ц. — царква. Забарона і публічнае знішчэнне ератычных кніг бярэ пачатак ад першых усяленскіх сабораў. Вынаходніцтва кнігадрукавання прывяло да стварэння адмысловых устаноў Ц. і дакладнага акрэслення іх абавязкаў. Першай з еўрап. краін Ц. ўвяла ў 1502 Іспанія, потым Францыя (1521), Германія (1521), Англія (1530). На Беларусі першымі аб’ектамі ўвагі Ц. былі апокрыфы, некананічная богаслужэбная л-ра, ератычныя трактаты ў Полацкім, Смаленскім, Тураўскім княствах. Палітыку правасл. Ц. ў ВКЛ вызначалі Канстанцінопальскі і Маскоўскі патрыярхаты; каталіцкую Ц. — Ватыкан і манаскія ордэны. У Расіі Ц. зарадзілася ў 16 ст. як духоўная, якую з 1721 ажыццяўляў Сінод. У 19 ст. яна рэгулявалася спец. статутамі і правіламі. На працягу сак. — кастр. 1917 у Расіі была адменена папярэдняя і карная (акрамя ваен.) Ц., ажыццёўлена амаль поўная свабода друку. У розныя перыяды 1917—21 Ц. ў асобных рэгіёнах Беларусі вызначалі ўрады РСФСР, БНР, ССРБ, а таксама Літвы, Украіны, акупац. ўлады Германіі і Польшчы. У 1922 пры Наркамаце асветы БССР створана Гал. ўпраўленне па справах л-ры і выд-ва (Галоўліт), якое на працягу свайго існавання часткова мяняла назву і функцыі; з 19.9.1991 наз. Гал. ўпраўленне па ахове дзярж. тайнаў у друку і інш. сродках масавай інфармацыі пры СМ Рэспублікі Беларусь. У сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (13.1.1995) Ц. адменена (арт. 4). У 20 ст. свабода слова і друку абвешчана ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (10.12.1948), у канстытуцыях большасці дзяржаў свету, у т. л. Рэспублікі Беларусь (арт. 33).

Літ.:

Лемке М.К. Эпоха цензурных реформ, 1859—1865 гг. СПб., 1904;

Блюм А.В. Советская цензура в эпоху тотального террора, 1929—1953. СПб., 2000;

Ракашевич В.К. Главлит БССР (1923—1991) // Бел. археагр. штогоднік. Мн., 2000. Вып. 1.

т. 17, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУБРА́ЎЦЫ (Towarzystwo Szubrawców, літаральна — «Таварыства нягоднікаў»),

легальнае літ.-грамадскае т-ва ліберальнай інтэлігенцыі ў Вільні ў 1816—22. Напачатку існавала ў выглядзе ініцыятыўнай групы асветнікаў, якая рыхтавала выданне «Wiadomści Brukowe» («Вулічныя навіны», пазней друкаваны штотыднёвік т-ва). Заснавальнікі т-ва — М.​Балінскі, Л.​Бароўскі, Ю.​Завадскі, А.​Марціноўскі, З.​Нямчэўскі, Я.​Шымкевіч і інш., прэзідэнты — Шымкевіч, К.​Контрым, М.​Ромер і А.​Снядэцкі. Асн. прынцыпы структурнай арганізацыі і кірункі дзейнасці т-ва адлюстраваны ў т.зв. «Кодэксе шубраўскім», які распрацоўвала спец. камісія ў складзе К.​Стравінскага (кіраўнік), Балінскага і Контрыма (прыняты 30.6.1817, апубл. 7.2.1819) і дадатку да яго «Аб рустыканах», а таксама ў артыкулах «Прамова да шубраўства» і «Дадатак да «Вулічных навін» Снядэцкага (студз. 1818). Ш. падзяляліся на сапраўдных членаў, т.зв. «урбанаў» — аўтарытэтных жыхароў Вільні колькасцю не больш як 40 чал. і ўзростам не маладзей за 25 гадоў, ганаровых членаў, т.зв. «рустыкан» (сельскіх жыхароў) 1-й катэгорыі і членаў-карэспандэнтаў («рустыкан» 2-й катэгорыі), колькасць якіх была не абмежавана. Рустыкан 1-й катэгорыі выбіралі з асоб, вядомых публікацыямі ў сферы л-ры і мастацтва; 2-ю катэгорыю Ш. папаўнялі высокаадукаванымі людзьмі, зацікаўленымі ў развіцці навукі, або моладдзю, здатнай да літ. працы. Гал. мэты Ш. — пошукі новых кірункаў сац.-эканам. і духоўнага аздараўлення грамадства, сатырычна-гумарыстычная характарыстыка грамадскіх і асобасных заган. На думку Ш., сродкам маральнага ўдасканалення грамадства з’яўлялася трапнае друкаванае слова. Асновай сац.-маральнага прагрэсу яны лічылі асвету, узгадаваную на айч. грунце і накіраваную для дабра народу. Т-ва адстойвала роўнасць людзей перад законам, настойліва даводзіла неправамернасць падыходу да асветы як прывілеі толькі заможных слаёў грамадства, даказвала неабходнасць фарміравання кадраў нац. інтэлігенцыі. Па некат. пытаннях сац.-паліт. і літ. жыцця Ш. заставаліся на кансерватыўных пазіцыях. Перанос сатырычнага акцэнту з агульных заган на канкрэтна ўплывовых асоб стаў падставай для закрыцця штотыднёвіка, а пасля і самога т-ва.

Літ.:

Chmielowski P. Liberalizm i obskurantyzm na Litwie i Rusi (1815—1823). Warszawa, 1898;

Bieliński J. Szubrawcy w Wilnie (1817—1822). Wilno, 1910;

Skwarczyński Z. Kazimierz Kontrym. Towarzystwo Szubrawców. Dwa studia. Lódź, 1961.

М.​Я.​Рыбко.

т. 17, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАДЭ́МІЯ ПАСЛЯДЫПЛО́МНАЙ АДУКА́ЦЫІ Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь,

вядучая навуч., навук. і метадычная ўстанова ў сістэме паслядыпломнай пед. адукацыі. Засн. ў 1992 на базе Рэсп. ін-та ўдасканалення настаўнікаў. У 2004 ф-ты: кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі вышэйшага звяна, кіруючых работнікаў і спецыялістаў школ і дашкольных устаноў; псіхалогіі; сац. і выхаваўчай работы; педагогаў-дэфектолагаў. У структуру акадэміі ўваходзяць таксама цэнтры: інфарм. тэхналогій, развіваючых пед. тэхналогій, творчага развіцця «Гармонія»; упраўленні: планавання і маніторынгу навуч. працэсу, сац. і выхаваўчай работы, навуч.-метадычнай работы і інш.; аддзелы: каардынацыі сістэмы павышэння кваліфікацыі, прыкладной пед. псіхалогіі, спец. адукацыі, інавацыйных тэхналогій у дашкольнай адукацыі і інш. 8 прадметных кафедраў, аспірантура і магістратура. Акадэмія ажыццяўляе навук.-метадычнае забеспячэнне рэформы адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь, арганізуе апераджальнае навучанне і падрыхтоўку пед. кадраў да інавацыйнай дзейнасці, навук. кансультаванне і метадычнае суправаджэнне доследна-эксперым. работы ў адукац. установах. Штогод праводзіцца больш за 200 курсаў павышэння кваліфікацыі розных тыпаў, на якіх навучаецца да 8 тыс. розных катэгорый кіраўнікоў і спецыялістаў сістэмы адукацыі, дзейнічае камп’ютэрная сістэма кіравання навуч. працэсам.

Гал. кірункі навук.-пед. дзейнасці: выяўленне, аналіз, абагульненне і распаўсюджванне лепшага вопыту ў засваенні новага зместу, форм і тэхналогій адукацыі; інфарм. і навук.-метадычнага забеспячэння павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі пед. работнікаў; праблем развіцця адукацыі, у т. л. якасці адукацыі, стварэння новых метадаў і інструментаў яго кантролю; пераемнасці розных ступеней адукацыі, кіравання, інфарматызацыі, выхавання і пазашкольнай работы. На базе акадэміі праводзяцца рэсп. і міжнар. навук.-практ. канферэнцыі, конкурсы прафес. майстэрства педагогаў («Крыштальны журавель», «Сацыяльны педагог года»), рэсп. метадычныя выстаўкі. Ажыццяўляецца супрацоўніцтва з роднаснымі ўстановамі Расіі, Украіны, Казахстана, Польшчы, Чэхіі, Нідэрландаў, Даніі, Швецыі і інш. краін. Штогод выдаецца каля 70 навуч., навук. і метадычных дапаможнікаў. Супрацоўнікі акадэміі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы дзярж. стандартаў адукацыі, навуч. праграм, падручнікаў, навуч.-метадычных дапаможнікаў, рэкамендацый і манаграфій. Усяго ў акадэміі працуе каля 300 супрацоўнікаў, у т. л. больш за 50 д-роў і канд. навук. Сярод іх д-ры навук У.Т.Кабуш, Г.І.Нікалаенка (гл. Дадатак), А.І.Таўгень, У.А.Янчук і інш.

А.​І.​Таўгень.

т. 18, кн. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)