ТЭХНАЛО́ГІЯ (ад грэч. technē майстэрства + ...логія),

сукупнасць прыёмаў і спосабаў перапрацоўкі сыравіны. матэрыялаў і паўфабрыкатаў, вырабу прадукцыі ў розных галінах вытв-сці; навука, якая распрацоўвае і ўдасканальвае гэтыя прыёмы і спосабы. Т. або тэхнал. працэсамі наз. таксама самі аперацыі атрымання, апрацоўкі, перапрацоўкі, транспартавання, складавання матэрыялаў, зборкі або буд-ва тэхн. аб’ектаў, апісанне гэтых аперацый.

Т. звычайна разглядаецца ў адносінах да канкрэтных галін вытв-сці, кожная з якіх мае сваю Т., што звычайна складаецца з сумы Т. розных вытв. працэсаў. Напр., хімічная тэхналогія — вывучае і распрацоўвае метады і сродкі хім. перапрацоўкі сыравіны, паўфабрыкатаў і прамысл. адходаў; Т. машынабудавання — спосабы апрацоўкі металаў (рэзанне іх на такарных, фрэзерных, свідравальных і інш. металарэзных станках), Т. ліцейнай вытворчасці — спосабы адліўкі дэталей з расплаўленага металу (гл. Ліццё), Т. тэрмічнай апрацоўкі — спосабы апрацоўкі металаў нагрэвам і ахаладжэннем для надання ім патрэбных уласцівасцей (трываласці, цвёрдасці, пругкасці); Т. буд. вытв-сці — комплекс загатоўчых, транспартных, падрыхтоўчых і мантажна-ўкладачных работ. Вытв. Т. выбіраецца з улікам тэхналагічнасці, якая вызначае адпаведнасць канструкцыі вырабу патрабаванням вытв-сці і эксплуатацыі. Рэжым апрацоўкі і неабходную для яе аснастку тэхналагічную (набор спец. кандуктараў, штампаў, інструментаў і прыстасаванняў для мацавання, падачы і кантролю загатовак і дэталей) вызначаюць тэхнолагі. На кожную дэталь яны складаюць маршрутную тэхнал. карту, дзе ўказаны паслядоўнасць усіх аперацый, маршруты дэталі з цэха ў цэх. Тэхнал. карта з’яўляецца таксама асн. дакументам на аб’ектах буд-ва, дзе рэгламентуе характар і парадак буд. аперацый. Т. разглядаецца таксама адносна да пэўнага віду матэрыялу (напр., тэхналогія металаў), да ўзроўню рабатызацыі вытв-сці (тэхналогія бязлюдная), мінімізацыі адходаў і затрат энергіі (безадходныя тэхналогіі, энергазберагальныя тэхналогіі) і інш.

На Беларусі разнастайныя прамысл. Т. распрацоўваюцца ў Беларускім тэхналагічным універсітэце, Бел. нац. тэхн. ун-це, інш. ВНУ, НДІ Нац. АН і галіновых. Найб. значныя навук. дасягненні ў Т. будаўніцтва і буд. матэрыялаў, машына- і прыладабудавання, хімічнай; дэфектаскапіі, кібернетыцы тэхнічнай, матэрыялазнаўстве, парашковай металургіі, робататэхніцы, фізіцы неразбуральнага кантролю, якія шырока выкарыстоўваюцца пры стварэнні Т. розных галін вытв-сці.

І.​І.​Леановіч. У.​М.​Сацута.

т. 16, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)