СЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып арганізацыі вытв-сці, калі на прадпрыемстве адначасова вырабляецца шырокая наменклатура аднароднай прадукцыі, выпуск якой паўтараецца праз пэўны час. Колькасць прадукцыі, што вырабляецца адначасова, наз. памерам серыі, а колькасць дэталей — памерам партыі. У залежнасці ад памераў і частаты чаргавання серый адрозніваюць буйнасерыйную, сярэднесерыйную і дробнасерыйную вытв-сць. Пры буйнасерыйнай вытв-сці прадукцыя вырабляецца працяглы час (звычайна не менш як год) і ў вял. аб’ёмах. На прадпрыемствах шырока выкарыстоўваюцца паточныя лініі, канвееры і сродкі аўтаматызацыі; вытв-сць набывае рысы масавага тыпу (гл. Масавая вытворчасць). Пашырана ў аўтамабільнай, трактарнай прам-сці. Пры сярэднесерыйнай вытв-сці спецыялізацыя абмяжоўваецца больш вузкай наменклатурай. Да яе адносяцца, напр., станка- і маторабудаванне, выпуск пракату чорных і каляровых металаў. Дробнасерыйная вытв-сць набліжаецца да адзінкавай. Выраб прадукцыі звычайна не паўтараецца. Памер серый няўстойлівы, збыт абмяжоўваецца заказамі або дагаворамі. Да дробнасерыйнай адносіцца вытв-сць асобых відаў сплаваў, пракату. С.в. дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадукц. абсталяванне, павышаць якасць прадукцыі, зніжаць яе сабекошт.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НАПСЫ (ад грэч. synapsis злучэнне, сувязь),

функцыянальныя кантакты паміж узбудлівымі клеткамі (нерв., мышачнымі, сакраторнымі), якія пераўтвараюць і перадаюць нерв. імпульсы. Тэрмін «С» ўведзены Ч.​С.​Шэрынгтанам (1897). С. — найб. істотны структурна-функцыян. элемент мозга, а сінаптычныя сувязі — гал. механізм міжнейроннага ўзаемадзеяння, які забяспечвае асн. праяўленні дзейнасці нерв. сістэмы. Колькасць С. на паверхні нейрона ад 1 да 20 тыс. У С. адрозніваюць прэсінаптычную ч. (звычайна канец прэсінаптычнага аксона), сінаптычную шчыліну (прастора, якая раздзяляе мембраны клетак, што кантактуюць, шыр. 20—30 нм) і постсінаптычную ч. (участак клеткі, да якога падыходзіць прэсінаптычны канец). Па функц. значэнні С. бываюць узбудлівыя і тармазныя ў адпаведнасці з тым, актывуюць яны або прыгнечваюць адпаведныя клеткі. Перадача сігналу праз С. адбываецца ў імпульснай (дыскрэтнай) форме ў адзін бок з дапамогай хім. або эл. механізма. Змешаныя С. спалучаюць хім. і эл. механізмы перадачы. У найб. пашыраных хім. С. перадача нерв. імпульсу адбываецца з дапамогай хім. рэчыва — медыятара.

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНГУЛЯ́РНАЕ РАЗМЕРКАВА́ННЕ ў тэорыі імавернасцей,

размеркаванне імавернасцей у n-мернай вектарнай прасторы, якое засяроджана на мностве нулявой меры Лебега і прыпісвае кожнаму аднапунктаваму мноству нулявую імавернасць. У больш шырокім сэнсе — кожнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры P (гл. Мера мноства), калі яно засяроджана на мностве N такім, што яго мера P{N} = 0. У гэтым выпадку любое дыскрэтнае размеркаванне імавернасцей з’яўляецца С.р. у адносінах да меры Лебега.

С.р. (адносна меры Лебега), зададзенае на прамой, мае неперарыўную функцыю размеркавання, мноства пунктаў росту якой мае Лебегаву меру нуль. Напр., кантарава размеркаванне, якое мае выпадковая велічыня Y = 2(1/3X1 + 1/3​2X2 + ... + 1/3​jXj + ...), дзе X1, X2, ... — паслядоўнасць незалежных выпадковых велічынь, якія прымаюць значэнні 0 і 1 з імавернасцю 1/2. Любое размеркаванне імавернасцей у эўклідавай n-мернай прасторы можна адназначна выразіць праз камбінацыю дыскрэтнага, неперарыўнага і сінгулярнага размеркаванняў: P = aPдыскр + bPнепер + cPсінг, дзе a, b,c ≥ 0 і a + b + c = 1 (раскладанне Лебега).

Б.​А.​Залескі.

т. 14, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НТЭЗ МІНЕРА́ЛАЎ,

штучнае атрыманне мінералаў і монакрышталёў; адзін з раздзелаў эксперымент. мінералогіі. Ажыццяўляецца рознымі метадамі з аднакампанентных і многакампанентных сістэм. Крышталізацыя з расплаву — найб. пашыраны працэс прамысл. вырошчвання крышталёў і мінер. злучэнняў: карунд і яго разнавіднасці, рутыл, фабуліт, шпінэлі, флюарыт, александрыт, гранаты і інш. Крышталізацыя з насычаных раствораў адбываецца пры т-рах 30—600 °C — з водных раствораў (гідратэрмальны метад), 600—1400 °C — з солевых і інш. раствораў-расплаваў пры розных цісках (напр., пры сінтэзе алмазаў некалькі гігапаскаляў). Гэтым метадам атрымліваюць кварц (зялёныя і блакітныя крышталі, аметыст, цытрын), кальцыт, берлініт, цынкіт, карунд і яго разнавіднасці, сфалерыт, садаліт, кінавар і інш. Крышталізацыя з паравой (газавай) фазы адбываецца праз кандэнсацыю з малекулярных або плазменных пучкоў, катоднае або высокачастотнае распыленне, сінтэз у замкнёных аб’ёмах або ў патоку інертных газаў. Гэтым метадам вырабляюць галеніт, паратэлурыд і інш. Існуюць таксама метады хім. асаджэння з раствораў (напр., сінтэз апалу), цвердафазных рэакцый з прасаваннем пры высокіх цісках (напр., атрыманне бірузы, жадэіту). Гл. таксама Мінералы штучныя.

У.​Я.​Бардон.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СТАРЫНА́»,

тэрмін, які ў часы ВКЛ адпавядаў значэнням «традыцыі», «звычаі», што ў значнай ступені рэгулявалі прававое, сац.-эканам. і паліт. становішча пэўных класаў, сац. груп, асоб. Для феадалаў у многіх выпадках «С.» — сінонім даўнасці, якой яны абгрунтоўвалі свае паліт. прывілеі, права на зямлю і сялян. Сяляне і мяшчане атаясамлівалі «С.» са звычаямі, традыцыямі. У барацьбе супраць увядзення «навін», якія абцяжарвалі прававое становішча сялян, апошнія выкарыстоўвалі разнастайныя формы барацьбы (скаргі вял. князю, уцёкі ад сваіх гаспадароў, адмаўленне выконваць павіннасці і інш.). Гэта вымушала велікакняжацкую адміністрацыю прымаць пэўныя захады да захавання «С.». Жыгімонт III у Статуце ВКЛ 1588 урачыста абяцаў усім падданым захоўваць у непарушнасці даўнія звычаі, не ўводзіць новых павіннасцей і інш. Аднак як буйны землеўласнік вял. князь не мог не лічыцца з інтарэсамі феадалаў, якія імкнуліся захоўваць ранейшыя павіннасці залежнага ад іх насельніцтва і ўводзіць новыя. Таму некаторыя новаўвядзенні ўносіліся ў граматы і праз пэўны час набывалі сілу «С.». Гл. таксама Звычай.

В.​Ф.​Голубеў.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАСКАПІ́ЧНАЕ ТЭЛЕБА́ЧАННЕ,

сістэма тэлебачання, якая стварае ў гледача ўражанне аб’ёмнасці відарыса. Грунтуецца на бінакулярнасці зроку (гл. Бінакулярны зрок). Перадача відарысаў (чорна-белых ці каляровых) стэрэапары можа быць адначасовая або паслядоўная. Разнавіднасць С.т. — шматракурснае тэлебачанне. Выкарыстоўваецца ў асн. для прыкладных мэт.

У найб. простых сістэмах С.т. відарысы стэрэапары пачаргова ўзнаўляюцца на экране кінескопа і глядач назірае іх праз святлоклапанныя акуляры, сінхранізаваныя з разгорткай тэлевізара так, каб левы відарыс накіраваць у левае вока, а правы — у правае. Існуюць інш. метады перадачы і пабудавання тэлевізійных прыёмнікаў, у т. л. праекцыйных, якія таксама патрабуюць выкарыстання акуляраў (святлоклапанных, каляровых, паляроідных ці іх камбінацыі). У безакулярных сістэмах С.т. экран кінескопа мае лінзава-растравую оптыку і пры выбары пэўнага вугла назірання левы відарыс накіроўваецца ў левае вока, правы — у правае. Перспектывы С.т. звязваюць з лічбавым тэлебачаннем, а таксама з камп’ютэрнымі спосабамі апрацоўкі відарысаў.

Літ.:

Джакония В.Е., Коганер С.Э., Ткаченко А.П. Стереоскопическое телевидение // Бытовая радиоэлектронная техника. Мн., 1995.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАПЧЭ́ЎСКІ Фелікс Феліксавіч [літ. псеўд. Хвэлька з Рукшэніц; каля 1838, б. фальварак Будзішча (Лёсава) Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 29.12.1892], бел. паэт-дэмакрат. Скончыў Лепельскае дваранскае вучылішча. Працаваў у канцылярыі Віцебскага земскага суда. У 1864 арыштаваны за сувязь з паўстанцамі 1863—64, з-за недаказанасці выпушчаны. Працаваў упраўляючым у маёнтку Ухвішча (Полацкі р-н). Яго гумарыст. творы распаўсюджваліся ў рукапісах. Вершы «Саўсім не тое, што было», «Грошы і праца», «Ён і яна», «Вечарынка», «Панскае ігрышча» (прыпісваўся і А.​Турыновічу) зберагліся ў рукапіснай «Беларускай хрэстаматыі» Б.​І.​Эпімах-Шыпілы. Дэмакратызм Т. выяўляўся праз тыпова сялянскае светабачанне лірычнага героя яго вершаў — назіральнага, дасціпнага, які высока цэніць чалавека працы, асуджае бурж. адносіны ў грамадстве, высмейвае шляхецкую культуру, але застаецца ў палоне патрыярхальных уяўленняў.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1988.

Літ.:

Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 86—91 Пачынальнікі. Мн., 1977. С. 378—380.

У.​І.​Мархель.

т. 15, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),

ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.

А.​В.​Белы, В.​Рыч.

т. 15, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́РАСЫ, Тураса,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 24 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,74 км², даўж. больш за 1,7 км, найб. шыр. 740 м, найб. глыб. 15,3 м, Даўж. берагавой лініі больш за 6,1 км, пл. вадазбору 2,94 км². Катлавіна складанага тыпу, озавай градой падзелена на паўн. і паўд. плёсы. Схілы выш. да 15 м, на З і Пн 20—32 м (озавая града), укрытыя лесам, на Пд і У разараныя. Тэраса выш. 0,8—1,2 м. Пойма на Пн і ПнУ шыр. 10—12 м, сухая; на Пд і ПдУ шыр. да 50 м, забалочаная, пад лугам. Берагі нізкія, на З і У зліваюцца са схіламі, пясчаныя. Дно ў прыбярэжнай ч. пясчанае, глыбей ілістае і сапрапелістае. Зарастае слаба, шыр. паласы расліннасці ў залівах да 50 м, на ПдУ да 100 м. Праз возера цячэ р. Дзіва (злучае з воз. Атолава).

т. 16, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕВЫМЯРЭ́ННІ, тэлеметрыя,

галіна тэлемеханікі, якая вывучае тэорыю, прынцыпы і тэхн. сродкі вымярэнняў на адлегласці фіз. велічынь, што характарызуюць які-н. працэс, з’яву прыроды ці стан жывога арганізма. Вынікі Т. у выглядзе кадзіраванага эл.- або радыёсігналу аўтаматычна перадаюцца з аб’екта кіравання (кантролю) на пункт кіравання для апрацоўкі на ЭВМ, рэгістрацыі і інш.

Адрозніваюць Т. бягучых значэнняў параметраў (перадаюцца іх неперарыўныя ці дыскрэтныя значэнні) і інтэгральных значэнняў параметраў (перадаюцца дыскрэтныя значэнні праз пэўныя прамежкі часу, напр., расходу электраэнергіі, паліва, газу). Правільнасць і надзейнасць работы вымяральнага тэлеметрычнага прыстасавання (сукупнасці пераўтваральных і вымяральных прылад з каналамі сувязі паміж імі) залежаць ад каналаў сувязі, якія бываюць акустычныя, аптычныя, гідраўлічныя і эл. (найб. пашыраныя) — правадныя, кабельныя і радыёрэлейныя лініі сувязі, а таксама радыёканалы. Вынікі Т. могуць быць прадстаўлены ў аналагавай (напр., з дапамогай стрэлачных вымяральных прылад, асцылографа) або ў лічбавай (напр., з дапамогай лічбавых індыкатараў) форме.

Літ.:

Проектирование и надежность систем автоматики и телемеханики. Мн., 1981.

М.​І.​Сарока.

т. 16, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)