адзін з гіст. цэнтраў Мінска. Знаходзіцца на левым беразе р. Свіслач. Да канца 18 ст.наз. Траецкая гара. Першапачаткова М.Т.п. — гар. пасад, што ўзнік у 12—13 ст. на левым беразе р. Свіслач для абслугоўвання перавозу (пераправы) цераз раку і транзітных шляхоў на Барысаў, Полацк і Вільню. Аснову планіровачнай структуры стварылі дарогі, на перакрыжаванні якіх узнікла невял. трохвугольная гандл. плошча (з 17 ст. — Траецкі рынак), што была звязана з перавозам (пераправай) па вул. Вялікай або Траецкай (вядома па крыніцах 16 ст.). Паводле крыніц 15—16 ст., у прадмесці знаходзіліся Міхайлаўская і Барысаглебская цэрквы, на гандл. плошчы — каталіцкі храм (засн. каля 1508) і Траецкая царква (у 1630 пры ёй заснаваны Мінскі Троіцкі манастыр базыльянак). На перакрыжаванні сучасных вуліц Камуністычнай і Куйбышава быў Ушэсценскі правасл. манастыр (у 1-й пал. 17 ст. пры ім пабудавана мураваная царква). У 1-й пал. 17 ст. вакол прадмесця ўзведзены гар. ўмацаванні з валамі, бастыёнамі і брамамі (Барысаўскай і Віленскай ?). У 16—18 ст. М.Т.п. было звязана з асн.ч. горада 3 мастамі і грэбляй, на якой стаялі плябанскія і базыльянскія млыны. Пасля пажару 1809, які амаль цалкам знішчыў драўляную забудову прадмесця, зроблена новая рэгулярная планіроўка (праектны план 1817), тэрыторыя значна пашырана на ПнУ. Новыя кварталы набылі геам. абрысы. Галоўнай стала вул. Аляксандраўская (сучасная М.Багдановіча), кампазіцыйным цэнтрам — вял.гандл. плошча (сучасная пл. Парыжскай камуны). На З ад яе ў 1811 пачалося буд-ва касцёла і шпіталя мар’явітак (арх. М.Чахоўскі; у 1840-я г. перабудаваны пад духоўную семінарыю, пасля Вял.Айч. вайны рэканструяваны пад сувораўскае вучылішча, арх. Г.Заборскі). На Пд плошчы паводле праекта арх. Чахоўскага ўзведзены будынкі комплексу парафіяльнага касцёла св. Тройцы (праект ажыццёўлены часткова). Першапачаткова квартал забудоўваўся паводле ўзорных праектаў 1—2-павярховымі жылымі дамамі. У 1840-я г. будынкі манастыра базыльянак і комплексу парафіяльнага касцёла рэканструяваны пад комплекс гар. бальніцы (сучасная 2-я клінічная бальніца). У 1860-я г. на месцы Ушэсценскага манастыра пабудавана жаночае епархіяльнае вучылішча з мураванай царквой. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. пабудаваны шэраг прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. піўзавод «Багемія» (цяпер «Аліварыя»). У 1933—39 у цэнтры гандл. плошчы пастаўлены будынак т-ра оперы і балета. У 1980-я г. праведзена комплексная рэгенерацыя гіст. забудовы квартала, абмежаванага сучаснымі вуліцамі М.Багдановіча, Я.Купалы, Старавіленскай, Камунальнай набярэжнай (б. Сянная пл.), адначасова была знішчана драўляная гіст. забудова 19 ст., часткова парушана планіровачная структура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ГЛАСЦЬ ЖЫЦЦЯ́,
працягласць існавання асобіны (часам клону), якая абумоўлена генетычна і залежыць ад розных фактараў. У жывёл і раслін адрозніваюць П.ж. фізіялагічную, экалагічную і сярэднюю. Фізіялагічная — макс. П.ж. для асобін дадзенага віду пры аптымальных умовах існавання, абумоўленая генетычна. Экалагічная П.ж. характарызуе мяжу ўзросту асобін у прыродных умовах і залежыць ад шматлікіх знешніх фактараў. Сярэдняя П.ж. — узрост, якога ў сярэднім дасягаюць асобіны пэўнай выбаркі аднаго віду. У раслін найб. П.ж. ў хвоі асцістай і баабаба — 4—5 тыс. гадоў, секвоядэндрана, ціса, кіпарыса — да 3 тыс. гадоў, дуба, каштана, грэцкага арэха — больш за 2 тыс. гадоў. Сярод жывёл — у чарапахі (больш за 150 гадоў), пласцініста-жаберных малюскаў (да 100 гадоў), некаторых рыб (асятровыя — да 100 гадоў, шчупак — больш за 80 гадоў), сланоў (60—70 гадоў), птушак (філін — да 70, клондар — да 40 гадоў). У некаторых амёб у спрыяльных умовах П.ж. не абмежавана, клоны парамецый жывуць да 10 гадоў. П.ж. чалавека вызначаецца яго біял., спадчыннымі асаблівасцямі, сацыяльнымі (побыт, праца, адпачынак, харчаванне) і экалагічнымі ўмовамі. У дэмаграфічнай статыстыцы выкарыстоўваецца шэраг сярэдніх характарыстык П.ж., якія разлічваюцца з дапамогай табліц смяротнасці. Чакаемая П.ж. паказвае — колькі гадоў можа пражыць у сярэднім адзін чалавек з пакалення народжаных або дасягнуўшых пэўнага ўзросту, калі на працягу далейшага жыцця гэтага пакалення ў кожным узросце захаваецца інтэнсіўнасць смяротнасці дадзенага перыяду. Паводле даследаванняў П.ж. і стан здароўя насельніцтва залежаць на 51,2% ад спосабу жыцця, на 20,4% ад біял. даных чалавека, у т. л. спадчыннасці, на 19,9% ад стану навакольнага асяроддзя і на 8,5% ад узроўню развіцця аховы здароўя. Паводле даных на 1999 найб. высокую чакаемую П.ж. мелі: Японія 80,5 гадоў, Швецыя 79,5, Канада і Швейцарыя 79 гадоў. Найменшы паказчык чакаемай П.ж. адзначаны ў краінах Афрыкі: Малаві 36 г., Замбія 37,5, Эфіопія і Уганда па 41,5 года. У большасці краін свету чакаемая П.ж. ў жанчын перавышае аналагічны паказчык у мужчын. Беларусь па ўзроўні П.ж. займае адно з апошніх месц у першай сотні краін свету. Паказчыкі чакаемай П.ж. пасля значнага росту амаль да канца 1960-х г. (П.ж. вырасла да 72,9 года ў 1964—69) стабілізаваліся ў канцы 1980-х г., а потым пачалі зніжацца. У 1999 узровень чакаемай П.ж. стаў ніжэй узроўню 1958—59 (70,3 года) і склаў 68,5 года. П.ж. адрозніваецца вял. дыферэнцыяцыяй паводле полу: у мужчын 64, у жанчын 74 гады. Мае месца і доўгажыхарства. Перапіс насельніцтва (1999) зарэгістраваў у групе людзей узростам 100 і болей гадоў 104 мужчыны, 877 жанчын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́НЧЫК (Юдзіф Самойлаўна) (19.12.1908, Мінск — 3.6.1993),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыла Бел.драм. студыю ў Маскве (1926, яўр. секцыя). Працавала ў Дзярж.яўр. т-ры БССР (да 1949). У 1950—56 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе. У 1970—90 маст. кіраўнік Мінскага нар.т-ра мімікі і жэсту Бел.рэсп.т-ва глухіх. Мастацтва Арончыка вызначалася разнастайнасцю фарбаў у абмалёўцы характараў, глыбокім пранікненнем у псіхалогію персанажаў. З лепшых роляў: Вера Паўлаўна («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.Макаёнка), Голда («Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема), Лаўрэнсія («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр.Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),
латышская актрыса. Нар.арт.СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫ́КУЛ ВО́ІНСКІ,
першы вайскова-крымінальны і вайскова-працэсуальны кодэкс Расіі. Распрацаваны ў перыяд стварэння Пятром I рэгулярнай арміі. Выдадзены ў 1715. Нормы артыкула воінскага выкарыстоўваліся ў агульнацывільных судах. Дзейнічаў да выдання ў 1839 вайскова-крымінальнага статута.
Паводле артыкула воінскага найб. цяжкімі злачынствамі лічыліся здрада, замах на воінскіх начальнікаў, невыкананне загаду, дзеянні супраць дзяржавы, арміі і інш. Артыкул воінскі прадугледжваў меры пакарання: біццё бізунамі, шпіцрутэнамі, клеймаванне жалезам, высылку на катаргу, пакаранне смерцю і інш. Артыкул воінскі змяшчаў таксама артыкулы аб вартаўнічай ахове, у яго была ўнесена воінская прысяга і інш. У 18—19 ст. артыкулам называлі, акрамя таго, параграф статута, а таксама ружэйныя прыёмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,
від і метад навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні археалагічных помнікаў на аснове выяўленых знаходак. Праводзіцца паводле дазволу (адкрытага ліста). Пры археалагічнай разведцы на Беларусі асаблівая ўвага звяртаецца на абследаванне берагоў старыц і тарфяных масіваў, якія ў мінулым былі вадаёмамі. Асаблівы плён дае абследаванне зямель, якія разворваюцца, дзе лёгка прасочваюцца стараж. могільнікі і жытлы. Выкарыстоўваюць таксама авіяразведку, якая дае магчымасць выявіць малапрыкметныя з зямлі помнікі, з дапамогай электрапошуку атрымліваюць даныя пра рэшткі стараж. збудаванняў пад зямлёй. Знойдзеныя археал. помнікі наносяць на карту, апісваюць, робяць чарцяжы, фотаздымкі. Па сабраных знаходках вызначаюць папярэдняе датаванне помніка, яго прыналежнасць да пэўнай археалагічнай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖО́Ў (Павел Пятровіч) (27.1.1879, Сысерцкі завод каля Екацярынбурга — 3.12.1950),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскую духоўную семінарыю (1899). Настаўнічаў. Першая кн. «Уральскія былі» (1924). У 1939 выдаў аўтабіягр. аповесць «Зялёны конік» і зб. сказаў па матывах уральскага фальклору «Малахітавая шкатулка» (Дзярж. прэмія СССР 1943). Яго творы — прыклад майстэрскага выкарыстання нар. мовы. Паводле яго сказаў створаны кінафільм «Каменная кветка» (1946), балет С.Пракоф’ева «Сказ пра каменную кветку» (паст. 1954). На бел. мову творы Бажова перакладалі Я.Брыль, М.Машара, М.Паслядовіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЖЭ́НАЎ (Васіль Іванавіч) (12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводлеінш. крыніц Масква — 13.8.1799),
рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж. б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛІ́К (Ocimum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 60 (паводлеінш. звестак да 150) відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Каля 10 відаў культывуюць як эфіраносныя і вострапрыпраўныя расліны. Найб. вядомыя базілік эўгенольны (Ocimum gratissimum), камфорны (Ocimum basilicum), свяшчэнны (Ocimum sancta). На Беларусі як вострапрыпраўную расліну зрэдку вырошчваюць базілік камфорны.
Травы, паўкусты і невысокія кусты. Лісце пераважна суцэльнае, апушанае. Кветкі па 6—10 у несапраўдных кальчаках сабраны ў канцавыя гронкападобныя суквецці; чашачка званочкавая, у зеве валасістая; венчык двухгубы, верхняя губа 4-лопасцевая. Плод — арэшак. Лек., харч., тэхн. (эфіраалейныя) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛА́НСАВАЯ ВА́РТАСЦЬасноўных фондаў,
ацэначная іх вартасць на пачатак і канец года. Складаецца з вартасці асн. фондаў, што знаходзяцца на балансе па аднаўленчай вартасці на момант апошняй іх ацэнкі, і вартасці асн. фондаў, уведзеных у эксплуатацыю ў наступныя гады і ацэненых па іх поўнай першапач. вартасці. Балансавая вартасць выкарыстоўваецца для разліку сярэднегадавых аб’ёмаў асн. фондаў, налічэння амартызацыі, вызначэння ўзроўню эфектыўнасці вытв-сці. У рыначнай эканоміцы вызначаюць балансавую вартасць актыву (як першапач. вартасць доўгатэрміновага актыву за вылікам зносу), балансавую вартасць кампаніі, ці чыстыя актывы, уласны капітал (як сукупныя актывы кампаніі за вылікам сукупных абавязацельстваў), балансавую вартасць акцыі (вызначаецца паводлеспец. методыкі на аснове ўліковай дакументацыі кампаніі).