КАРАГО́Д, каравод, танок,

старажытны від нар. мастацтва, у якім харэаграфічныя рухі арганічна спалучаюцца з хар. спяваннем і драматызацыяй паэт. зместу (часам з інстр. суправаджэннем). Пашыраны ў народаў з каляндарна-земляробчай абраднасцю, асабліва ў славян і прыбалтаў. На Беларусі сустракаецца амаль усюды, найбольш на Магілёўшчыне і Палессі. Звычайна прымеркаваны да пэўнага часу земляробчага календара. Вясенне-летнія К. традыцыйна займалі значнае месца ў жыцці сял. моладзі. Іх «вадзілі» на вуліцы і палянах павольна, плаўна, залучаючы ўсё новых удзельнікаў (напр., «Як выведзем луку»). Паводле харэаграфічнага малюнка іх падзяляюць на 4 групы: круг («кола»), калі ўдзельнікі рухаюцца па ім справа налева «па сонцу» ці папераменна то ў адзін бок, то ў другі (тыповы К. «Перапёлачка»); процілеглыя рады, якія папераменна то сыходзяцца «сцяной на сцяну», то разыходзяцца (тыповы «А мы проса сеялі»); «пляценне» (тыповы «Запляціся, пляцень»); шэсце, дзе ўдзельнікі рытмізаваным крокам рухаюцца ўздоўж вуліцы шарэнгай, звілістымі радамі ці больш адвольным гуртом (тыповы «Памажы нам, божа, на вуліцу выйсці»). Зімовыя К. «гуляюць» пераважна ў хаце жвава, з прытанцоўваннем, ім уласцівы розныя выяўл. элементы, перайманне рухаў звяроў, птушак («Заінька», «Верабей», «Казёл»). Многія зімовыя К. з’яўляюцца часткай калядных гульняў («Яшчур», «Халімон», «Зязюля», «Жаніцьба Цярэшкі»). Тыповыя сюжэты К.; выхад на вуліцу, велічанне дзяўчат і кпіны з хлопцаў, дабранне пары, проціпастаўленне старога і маладога жаніха (мужа), вырошчванне лёну, канапель, маку і інш. Мелодыі К. інтанацыйна блізкія тыповым напевам веснавых, купальскіх і калядных песень, але маюць і жанрава спецыфічныя рысы дзякуючы пэўнай структуры і рытму, абумоўленым рухам (з устойлівымі рытмаформуламі). На Магілёўшчыне вызначальны ўплыў карагоднай традыцыі і ў абавязковым уключэнні К. ва ўсе цыклы каляндарнага круга, і ў пранікненні рыс карагоднай стылістыкі (пластычнасці мелодыкі, тыповых структур, рытмаў, прыпеваў) у розныя песенныя жанры. У сучасным побыце вёскі захаваліся веснавыя К.-шэсці (іх водзяць пажылыя жанчыны) і тыя зімовыя К., якія ўваходзяць у калядныя гульні.

Публ.:

Можейко З.Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;

Народны тэатр. Мн., 1983. Гл. таксама арт. Веснавыя песні, Калядныя песні, Каляндарныя песні.

Літ.:

Владыкина-Бачинская Н.М. Русские хороводы и хороводные песни. М.; Л., 1951;

Яшчанка В.М. Асаблівасці карагодных традыцый Магілёўшчыны // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 2.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 8, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ТЭЛЕРАДЫЁКАМПА́НІЯ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Белтэлерадыёкампанія. Бярэ пачатак ад створанага ў 1924 акц. т-ва «Радыёперадача». Першая перадача Бел. радыё адбылася 15.11.1925. Назва, функцыі, структура арг-цыі мяняліся адпаведна з развіццём і задачамі радыёвяшчання і тэлебачання.

У пач. 1926 створана Радыёкалегія пры аддзеле агітацыі і прапаганды ЦК КП(б)Б, з ліп. 1928 у веданні Нар. камісарыята поштаў і тэлеграфаў, з крас. 1932 — Усебел. к-т радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, з снеж. 1933 К-т радыёфікацыі і радыёвяшчання пры СНК БССР (з сак. 1946 пры СМ БССР), з жн. 1949 К-т радыёінфармацыі пры СМ БССР, з мая 1953 Гал. ўпраўленне радыёінфармацыі Мін-ва культуры БССР, з чэрв. 1957 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМ БССР, з мая 1962 Дзярж. к-т СМ БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з снеж. 1965 К-т па радыёвяшчанні і тэлебачанні пры СМ БССР, з крас. 1967 Дзярж. к-т СМ БССР па радыёвяшчанні і тэлебачанні, з ліп. 1970 Дзярж. к-т СМ БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1978 Дзярж. к-т Беларускай ССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з студз. 1992 Нац. дзярж. тэлерадыёкампанія Беларусі Мін-ва інфармацыі Рэспублікі Беларусь. з сак. 1994 Дзярж. к-т Рэспублікі Беларусь па тэлебачанні і радыёвяшчанні, з жн. 1994 — сучасная назва.

Арганізуе і каардынуе работу разгалінаванай сеткі тэле- і радыёвяшчання, распрацоўвае і ўкараняе на практыцы канцэпцыю перспектыўнага развіцця нац. вяшчання і ўдасканалення тэхн. базы, вызначае прыярытэтныя кірункі ў рабоце калектыву. У складзе Белтэлерадыёкампаніі — Рэспубліканская студыя тэлебачання, Рэсп. радыё, рэсп. радыётэлецэнтр (РРТЦ), распарадчая дырэкцыя, рэкламна-камерцыйная дырэкцыя, Брэсцкае, Віцебскае, Гомельскае, Гродзенскае і Магілёўскае абл. тэлерадыёаб’яднанні. У склад Бел. радыё ўваходзяць дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і радыёстанцыя «Сталіца», у склад Бел. тэлебачання — дырэкцыя праграм, 8 вяшчальных рэдакцый, творчае аб’яднанне «Тэлефільм». На базе рэдакцый інфарм. праграм тэлебачання і радыё створана Інфарм. агенцтва Белтэлерадыёкампаніі. Працуюць таксама сімф. аркестр, акад. і дзіцячы хары, ансамбль нар. музыкі «Бяседа», фальклор-тэатр «Госціца» і камерна-інстр. ансамбль. Белтэлерадыёкампанія — член Еўрапейскага вяшчальнага саюза 42 дзяржаў.

Літ.:

Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983.

Л.​А.​Барадзіна.

т. 11, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́Ф’ЕЎ (Сяргей Сяргеевіч) (23.4.1891, с. Краснае Краснаармейскага р-на Данецкай вобл., Украіна — 5.3.1953),

расійскі кампазітар, піяніст, дырыжор. Нар. арт. Расіі (1947). Чл. нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме (1934), Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1947). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю па кл. кампазіцыі (1909, вучыўся ў А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава), дырыжыравання (у М.Чарапніна) і фп. (у Г.​Есіпавай; абодва 1914). Пачаў выступаць у 1908 як піяніст. З 1918 жыў і працаваў за мяжой. З 1936 у Расіі. Творчасць П., трывала звязаная з традыцыямі мінулага, пашырыла межы муз. мастацтва ў галіне мовы, зместу, сродкаў выразнасці, уяўляла сабой наватарскую з’яву сучаснасці. Стварыў значныя творы ва ўсіх муз. жанрах.: вак., сімф., камерна-інстр., пісаў музыку да кінафільмаў і тэатр. пастановак. Яго музыка, гарманічная і жыццесцвярджальная, аб’ядноўвае ў сабе эпас і лірыку, драматызм і гумар, іронію і гратэск, характарыстычнасць і псіхалагізм. Вядучая роля ў ёй належыць оперы і балету, якія вылучаюцца нетрадыцыйнымі сюжэтамі, новымі прынцыпамі і прыёмамі муз. драматургіі і належаць да рэфарматарскіх заваёў (супрацоўнічаў з С.​Дзягілевым, У.​Меерхольдам, А.​Таіравым, С.​Эйзенштэйнам). Аўтар 8 опер, у т. л. «Заручыны ў манастыры» (1940), «Вайна і мір» (1943); 7 балетаў, у т. л. «Рамэо і Джульета» (1936), «Золушка» (1944), пастаўленых у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1962, 1985, 1968, 1965; 7 сімфоній (у т. л. «Класічная», 1916—17, 7-я, 1951—52); араторыі «На варце міру» (1950); кантат «Здравіца» (1939, з выкарыстаннем фалькл. тэкстаў народаў СССР, у т. л. бел.), «Аляксандр Неўскі» (1938); сімф. казкі «Пеця і воўк» (1936) і інш. Адзін з першых кампазітараў сусветнага кіно. Сярод кінафільмаў, да якіх напісаў музыку: «Аляксандр Неўскі», «Іван Грозны», бел. «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.​Файнцымер) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946 (тройчы), 1947, 1951. Ленінская прэмія 1957.

Літ. тв.: Автобиография. М., 1973; Детство. 5 изд. М., 1983.

Літ.:

Нестьев И.В. Жизнь Сергея Прокофьева. 2 изд. М., 1973;

Мартынов И.И. Сергей Прокофьев: Жизнь и творчество. М., 1974;

Савкина Н.П. С.​С.​Прокофьев. М., 1982;

Данько Л. С.​С.​Прокофьев, 1891—1953. 2 изд. Л., 1983;

Сергей Прокофьев, 1891—1991: Дневник, письма, беседы, воспоминания. М., 1991.

Н.​А.​Юўчанка.

С.С.Пракоф’еў.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НЫ,

гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтам. дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава. За 45 км ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыг. ст. Івацэвічы на лініі Баранавічы—Брэст. 3,4 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552. Належалі Тышкевічам. У 1598 Р. купіў канцлер ВКЛ Л.​Сапега, які ўладкаваў там адну з гал. рэзідэнцый роду Сапегаў. Р. ўваходзілі ў Слонімскі пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. 20.6.1637 атрымалі магдэбургскае права і герб. У 17 ст. ў Р. больш за 400 дамоў, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў, кляштар кармелітаў, палац Сапегаў, дзе зберагалася значная б-ка. У 1698 Р. разбураны ў час вайны Сапегаў са шляхтай ВКЛ. У 18 ст. архітэктар Я.​С.​Бекер перабудаваў палац (гл. Ружанскі палацавы комплекс), выканаў праекты новых пабудоў. У Р. дзейнічаў прыгонны тэатр, працавалі паперня, палатняныя мануфактуры, Ружанскія суконныя прадпрыемствы. вырабляліся дываны. З 1795 Р. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. У 1831 за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 Р. канфіскаваны і перададзены ў казну. У 19 ст. ў Р. 2 гарбарныя з-ды, палатняная і 3 суконныя ф-кі. У 1897 у Р. 5016 ж., 769 будынкаў, 5 дробных прадпрыемстваў, нар. вучылішча, у 1914—6815 ж., 26 прадпрыемстваў (341 рабочы), выраблялася ружанская кераміка. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 3622 ж. (1921). Дзейнічаў райком КПЗБ. З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Ружанскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 23.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 5491 чал., дзейнічаў падп. антыфашысцкі к-т. З 1962 у Пружанскім р-не.

Працуюць мэблевая ф-ка, вытворча-харчовы з-д, вытворча-гандлёвы камбінат; сярэдняя і муз. школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана; брацкая магіла сав. воінаў і Курган Славы (за 2 км ад Р. каля шашы на Ваўкавыск). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян, Троіцкі касцёл, Палацавы комплекс, сінагога (2-я пал. 19 ст.).

Ружаны. Царква Пятра і Паўла манастыра базыльян.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМЯНЯ́КА (Юрый Уладзіміравіч) (26.11.1925, Мінск — 16.7.1990),

бел. кампазітар. Нар. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1957, клас А.​Багатырова). У 1947—63 канцэртмайстар Дзярж. акад. харавой капэлы Беларусі. У яго творчасці пераважалі 2 асн. кірункі — муз. тэатр і песня. Музыцы С. ўласцівы лірызм, яркі меладызм, шчырасць выказвання; інтанацыйны склад грунтуецца на бел. нар. песеннасці і асаблівасцях сучасных масавых жанраў. Сярод твораў: оперы «Калючая ружа», «Калі ападае лісце», «Зорка Венера», «Новая зямля» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі адпаведна ў 1960, 1968, 1970, 1982), аперэты «Рабінавыя каралі» (1964, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры), «Пяе «Жаваранак» (1969, паст. ў Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі; 2-я рэд. 1971, паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Паўлінка», «Тыдзень вечнага кахання», дзіцячая «Сцяпан — вялікі пан» (паст. ў т-ры муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1973, 1975, 1979), кантаты, у т. л. «Ясныя дарогі» (1957), «Памяці Канстанціна Заслонава» (1958), «Горад юнацтва» (1964), «Велічальная Мінску» (1967), «Зямля мая» ў 4 ч. (1979, для нар. хору і нар. арк.), «У вянок Максіму Багдановічу» (1980), сюіты «Родныя песні» (1979, для хору і нар. арк.) і інш. Аўтар шматлікіх песень, у т. л. «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Беларусь — мая песня», «Люблю цябе, Белая Русь», «Расцвітай, Беларусь», «Явар і каліна», «Ты мне вясною прыснілася», «Не за вочы чорныя», «Журавіны», «Беларусачка» і інш. Значнае месца ў творчасці займалі харавыя творы (хары а капэла «Вы чулі, як плачуць дрэвы», паэма-рэквіем «Хатынскія званы», цыкл на словы Я.​Коласа), вак. дуэты, трыо, квартэты, музыка да драм. спектакляў («Трэцяе пакаленне» паводле К.​Чорнага, паст. ў Бабруйскім муз.-драм. т-ры, «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела і «Залаты медаль» І.​Шамякіна, паст. ў Бел. рэсп. т-ры юнага гледача, «Узнятая цаліна» паводле М.​Шалахава, паст. ў Дзярж. рус. драм. т-ры імя М.​Горкага, «Мурын бор» І.​Ісачанкі, паст. ў Магілёўскім абл. драм. т-ры і інш.). Пісаў музыку да кінафільмаў «Каханнем трэба даражыць» (у сааўт.), «Песня нашай зямлі», «Веснавыя мелодыі», «Дарогі Беларусі» і тэлефільмаў («Плач перапёлкі»), радыёспектакляў і тэлепастановак. Апрацоўваў бел. нар. песні для хору а капэла, дзіцячага хору і інш. У 1978—80 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Літ.:

Жураўлёў Дз., Загародні Г. Юрый Семяняка. Мн., 1974.

А.​Я.​Ракава.

Ю.У.Семяняка.

т. 14, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРАДЖЭ́ННЕ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ,

заканамернасць у гіст. развіцці асобных народаў, якая выяўляецца ў паскораным руху да больш высокага ўзроўню грамадскага быцця, культуры і нац. свядомасці пасля перыяду застою альбо ўпадку. Адраджэнне нацыянальнае неабходна адрозніваць ад Рэнесансу — еўрап. культ.-гіст. эпохі на сумежжы сярэднявечча і Новага часу (гл. Адраджэнне). Феномен гуманіст. Адраджэння характэрны для тых рэгіёнаў, гіст. працэсы ў якіх пазначаны адноснай стабільнасцю і паступальнасцю развіцця. Адраджэнне нацыянальнае, наадварот, выяўляецца пераважна ў тых народаў Усх. Еўропы, у славянскім, азіяцкім і афрыканскім рэгіёнах, гіст. працэсы ў якіх характарызуюцца нераўнамернасцю і катастрафічнасцю. У полі зроку Адраджэння нацыянальнага як заканамернай сусв.-гіст. з’явы, якая паўтараецца ў пэўным «гістарычным рытме», Рэнесанс бачыцца як яго этап, на якім адбываецца станаўленне нац. дзяржаў, нац. культур і моў.

Прыкметы раннехрысц. адраджэння (станаўленне дзяржавы і прававых інстытутаў, высокі ўзровень дойлідства, ужытковага і царк. выяўл. мастацтва, асветніцтва Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага) з’явіліся на Беларусі ў 11—13 ст. у выніку творчага парыву маладога этнасу і ўплыву вытанчанай эліністычнай культуры Візантыі. Бел. грамадска-паліт. і творча-культ. ўзлёт у 16—1-й пал. 17 ст. (кнігадрукаванне і асветніцтва Ф.​Скарыны, высокі ўзровень правасвядомасці, зафіксаваны ў Статутах ВКЛ 1529, 1566, 1588, развіццё свецкай л-ры і мастацтва, дзяржаўнасць бел. мовы) абумоўлены бел. дзяржаўнасцю, культ. сувязямі з Зах. Еўропай, уплывам гуманіст. светапогляду. Ва ўмовах упадку (2-я пал. 17—18 ст.) і ліквідацыі (канец 18 — пач. 20 ст.) бел. дзяржаўнасці нац. культура развівалася, набывала новыя, свецкія формы (архітэктура, тэатр, лацінская і польскамоўная л-ра, асв. філасофія), аднак паступова была адсунута афіц. польскай і рус. культурамі на этнагр., часткова царк.-прыходскі ўзровень. Парадокс бел. гісторыі і культуры ў тым, што т.зв. «адсталасць» і «забітасць» карэнных беларусаў, пераважна сялянства, дазволілі захаваць генет. «ядро» самабытнай нар. культуры, якое пазней стала асновай Адраджэння нацыянальнага. Традыц. этн. культура і яе носьбіты былі выключаны са сфер афіц. функцыянавання і праз гэту сваю ізаляванасць пазбеглі дэнацыяналізацыі, растварэння ў афіц. польск. і рус. культурах. Пад прэс паланізацыі і русіфікацыі трапілі толькі «вяршкі» культуры, яе афіцыйная функцыян. частка — школа, друк, некаторыя прафес. віды і жанры мастацтва, сферы дзярж. кіравання — тое, з чаго фактычна была выключана асн. частка бел. народа.

Бел. Адраджэнне нацыянальнае пачалося ў 19 ст. і прайшло некалькі этапаў. Чарговыя хвалі ўздыму ў неспрыяльных умовах змяняліся спадам, што дазваляе гаварыць пра адносную самастойнасць кожнага з гэтых этапаў, бо яны адрозніваліся сваімі мэтамі і вынікамі, грамадскімі сіламі і духоўнымі імпульсамі, якія выклікалі адраджэнцкі рух. Першы этап пачаўся ў рэгіёне ўплыву Віленскага ун-та як літаратурнае асветніцтва ліберальна-рамант. кірунку: яго дзеячы, пісьменнікі і публіцысты на сумежжы польск. і бел. культур (Я.​Чачот, Я.​Баршчэўскі, Р.​Падбярэскі, В.​Дунін-Марцінкевіч і інш.) марылі пра аднаўленне гіст. пройдзенай рэальнасці — Рэчы Паспалітай на канфедэратыўных асновах. Пасля задушэння паўстання 1863—64, паліт. рэакцыі і застою ў апошняй чвэрці 19 ст. пачаўся другі этап Адраджэння нацыянальнага — пераважна мірнага руху, нацэленага на выхаванне самасвядомасці народа, развіццё яго мовы, л-ры, інш. відаў мастацтва, грамадскай думкі, на стварэнне незалежных ад улад сац.-культ. структур — аматарскіх і прафес. суполак, партый, нац. друку, кнігавыдавецтваў, набліжэння школы і царквы да традыцый нац. культуры. Прарокам новай хвалі Адраджэння нацыянальнага быў Ф.​Багушэвіч, які вызначыў сутнасць бел. нац. ідэі. За нац. самавызначэнне выступіў падп. час. «Гомон». Пасля рэв. 1905—07 рух набыў масавы характар і даў значныя вынікі — нац. класічную л-ру (творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, М.​Гарэцкага, А.​Гаруна і інш.), развіццё кнігадрукавання і бел. перыяд. друку («Наша ніва», «Наша доля», «Маладая Беларусь» і інш.), станаўленне нац. школы ў тэатр., муз. і інш. відах мастацтва, арг-цыя нац. паліт. партый і рухаў, пачатак бел. асветы. Завяршальным звяном гэтага этапу Адраджэння нацыянальнага была барацьба за паліт. самавызначэнне беларусаў і абвяшчэнне суверэннай Беларускай Народнай Рэспублікі (1918). Ва ўмовах БССР Адраджэнне нацыянальнае выявілася ў практычным ажыццяўленні ў 1920-я г. палітыкі беларусізацыі, у выніку якой створаны нац. школа, навука, масавы друк, тэатральнае, выяўл., муз. і інш. прафес. віды мастацтва, нац. эканоміка і структура дзярж. кіравання. Новы этап Адраджэння нацыянальнага, пераважна на ўзроўні літ.-маст. творчасці грамадскай думкі, пачаўся ў 2-й пал. 1950-х г. ва ўмовах частковага пераадолення вынікаў бальшавіцка-сталінскай палітыкі: бел. культура набыла сусв. вядомасць, адраджаліся яе страчаныя, забароненыя і разбураныя пласты, даследаваліся культ. традыцыі. Аднак у 1970—80-я г. склалася небывала цяжкае становішча ў бел. культуры ў выніку разбурэння крыніц, што жывілі яе (жывое бытаванне нац. мовы ў грамадстве, фальклор і інш. віды аўтэнтычнай культуры). Перспектывы чарговага этапу Адраджэння нацыянальнага залежаць ад рэалізацыі ідэй нац. суверэнітэту, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і інш. заканад. актах краіны.

Літ.:

Богданович М. Белорусское возрождение. М., 1916 (факс. выд. Мн., 1991);

Ігнатоўскі У. Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. 2 выд. Мн., 1921;

Шантыр Ф. Патрэбнасць нацыянальнага жыцця для беларусаў і Самаадзначэння народу. Слуцк, 1918 (факс. выд. Мн., 1992).

У.​М.​Конан.

т. 1, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭЛІГЕ́НЦЫЯ (ад лац. intelligens разумны, дасведчаны),

сацыяльная група (слой) людзей, прафесійна занятых складанай творчай працай, развіццём і пашырэннем культуры. Тэрмін «І.» ўпершыню ўведзены ў 1860-я г. рус. пісьменнікам П.​Дз.​Бабарыкіным. Перадумовай узнікнення І. быў падзел працы, асабліва аддзяленне разумовай ад фізічнай, які гістарычна адбыўся яшчэ ва ўмовах рабаўладання, феадалізму і ўзмацняўся ў працэсе фарміравання і развіцця індустр. грамадства. На гэтай аснове павялічвалася і большала колькасць і роля І., якая вылучалася ў асобную групу (інжынеры, юрысты, урачы, работнікі культуры, навукі і інш.). На этапе навук.-тэхн. рэвалюцыі і пераходу да постіндустр. грамадства ўдзельная вага І. ў некат. галінах прам-сці склала 30—50% працуючых. Пашыраецца слой адм.-кіраўнічых работнікаў, работнікаў сродкаў масавай інфармацыі і інш. І. неаднародная па сваім сац. паходжанні, статусе і сац.-паліт. арыентацыі; выконвае функцыі тэарэт. асэнсавання і выпрацоўкі канцэпцый развіцця грамадства, культуры, вытв. сіл, асветы, а таксама арганізацыі розных сацыяльных ін-таў. На Захадзе больш пашыраны тэрмін «інтэлектуальны», ён ужываецца і як сінонім І.

Фарміраванне нац. І. ў Беларусі адбывалася ў рэчышчы агульных заканамернасцей, хоць мела адметную спецыфіку, абумоўленую тым, што на працягу многіх стагоддзяў Беларусь знаходзілася ў складзе іншых дзяржаў. Вытокі бел. І. ў глыбокай старажытнасці і звязаны з перыядам станаўлення Полацкага, Тураўскага, Пінскага і інш. княстваў Кіеўскай Русі. У эпоху ВКЛ нац. І. была прадстаўлена нешматлікім сац. слоем паліт. дзеячаў, духавенства, вучоных, філосафаў, мастакоў, архітэктараў і інш. Аб’яднанне ВКЛ з Польшчай (1569) і стварэнне Рэчы Паспалітай прывяло да актыўнага фарміравання ў Беларусі польскамоўнай І. У 19 — пач. 20 ст. ў Беларусі склаўся самаст. сац. слой І., якая развівала нац. л-ру, мастацтва, тэатр, актыўна ўдзельнічала ў грамадска-паліт. жыцці. У пач. 1920-х г. І. ў БССР складала каля 6 тыс. чал. (0,1% агульнай колькасці насельніцтва), у 1926—40 тыс. чал., у 1939—156 тыс. чал. Інтэнсіўна І. фарміравалася ў пасляваен. перыяд. У 1989 на 1 тыс. чал. ва ўзросце 15 гадоў і старэй прыпадала 108 чал. з вышэйшай і 494 чал. з незакончанай вышэйшай і сярэдняй (агульнай і спец.) адукацыяй. У 1996 з 4360,3 тыс. чал., занятых у эканоміцы Рэспублікі Беларусь, у сферах, звязаных з разумовай працай, было 1016,4 тыс. чал. (23,3%).

Літ.:

Социальное развитие советской интеллигенции М., 1986;

Вехи: Интеллигенция в России: Сб. ст., 1909—1910. М., 1991;

Лыч Л., Навіцкі У. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996.

Т.​І.​Адула.

т. 7, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДНЫЯ ПЕ́СНІ,

калядкі, жанр стараж. нар. абрадавых песень зімовага цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Спяваюцца пры калядаванні. Пашыраны ў індаеўрап., у т. л. слав. народаў. На Беларусі найб. распаўсюджаны ў паўд. і цэнтр. раёнах. Сінкрэтычна звязаны з нар. гульнямі і тэатр. паказамі пераапранутых. Іх прызначэнне ў старажытнасці — наблізіць надыход сонечнага цяпла і паспрыяць багатаму ўраджаю. Вызначаюцца святочна-прыўзнятым ці гулліва-гумарыст. настроем. Паводле зместу К.п. — велічальнае віншаванне гаспадароў хаты, пажаданне ім дабра і заможнасці, услаўленне іх працавітасці і шчодрасці, ухваленні дарослых дачкі і сына, дабрадушныя кепікі з дзеда і старой. Прац. тэматыка часта спалучаецца са шлюбнымі матывамі. Тыповыя для К.п. і замалёўкі са свету звяроў, свойскай жывёлы і птушак, апяванне самой персаніфікаванай Каляды з мехам пірагоў, вясёлых зімовых свят, з якімі селяніну так не хочацца развітвацца («Ай, калядачкі, вы вярніцеся», «Каб калядачак цэлы гадочак»). У паэт. тэкстах некат. К.п. ёсць гіст. матывы, чутны адгалоскі войнаў. Урадлівасць і багацце пададзены ў іх гіпербалізавана, а карціны прыроды набываюць часам касм. формы («Ходзіць-паходзіць месяц па небу, кліча-пакліча зоры з сабою»). Для каляднай вобразнасці найб. характэрны амбівалентныя карнавалізаваныя ператварэнні: «каза», якая ўсімі ўшаноўвалася, «упала, здохла і прапала», а потым уваскрэсла ў скоках; дыялогі і спрэчкі жывёл, птушак і рыб рэзюмуюцца нечаканымі змяшчэннямі: «З цябе, рыбачка, смачная юшка, а з мяне, арла — мяккая падушка». К.п. характэрны сталыя рэфрэны, перакліканне запявалы з хорам, слоўныя прыгаворы перад спяваннем і пасля яго. Напевы К.п. тыпалагічна акрэсленыя і надзвычай устойлівыя; найчасцей квінтавыя з дакладнай структурай і характэрнай калядкавай рытмаформулай («А ў борку, ў борку», «За мхом, за мхом на пожанкі»). Гучанне маляўнічае дзякуючы багатым тэмбравым зрухам і розным гукапераймальным прыёмам, абумоўленым сувяззю з тэатралізаванай гульнёй. У паўд. (Палессе) і цэнтр. раёнах Беларусі пераважаюць песні святочна-прыўзнятага характару са звонкімі рэфрэнамі-воклічамі, у паўн. (Паазер’е) — гарэзліва-гуллівыя, ва ўсх. набліжаюцца да распеўных лірычных або пластычных карагодных песень. Агульныя з калядкамі тыпы напеваў, акрамя навагодніх віншаванняў-прыгавораў, маюць шчадроўскія песні. Зберагліся ў побыце вёскі і бытуюць як вясёлая навагодняя карнавальная забава.

Публ.:

Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі / Скл. А.​І.​Гурскі, З.​Я.​Мажэйка. Мн., 1975 (Бел. нар. творчасць);

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Можейко З.Я. Коляда в белорусском полесском селе // Сов. этнография. 1969. №3;

Гурский А.И. Зимняя поэзия белорусов. Мн., 1980.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,

галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак. цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.

Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.​Шуберт, Р.​Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.​Шапэну, І.​Брамсу, А.​Дворжаку, Х.​Вольфу, К.​Дэбюсі, Л.​Яначаку, Б.​Бартаку, П.​Хіндэміту, М.​Глінку, А.​Даргамыжскаму, М.​Мусаргскаму, П.​Чайкоўскаму, С.​Танееву, С.​Рахманінаву, А.​Скрабіну, М.​Метнеру, Дз.​Шастаковічу, С.​Пракоф’еву, М.​Мяскоўскаму, Г.​Свірыдаву.

На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.​Абрамовічу, І.​Глінскаму, М.​Ельскаму, Н.​Орду, Ф.​Міладоўскаму, В.​Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел. муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.​Крошнера, М.​Чуркіна, В.​Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.​Аладава, А.​Багатырова, П.​Падкавырава, Р.​Пукста, Я.​Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.​Абеліёвіч, Багатыроў, Г.​Гарэлава, Дз.​Лукас, Пукст, Дз.​Смольскі, Э.​Тырманд, Л.​Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.​Глебаў, В.​Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.​Войцік, С.​Картэс, А.​Навахрост, Ф.​Пыталеў, Тырманд, К.​Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц. інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар. муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.​Бельцюкоў, Гарэлава, У.​Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел. муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.

Літ.:

Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;

Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;

Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;

Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;

Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг. Мн., 1997.

Т.​А.​Дубкова.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)