літаратурная група ў 1923—32. Узнікла ў Маскве пры час. «Красная новь» (гал.рэд. А.Варонскі). Напачатку аб’ядноўвала невялікую групу маладых пісьменнікаў, што раней уваходзілі ў літ. групы «Кастрычнік» і «Маладая гвардыя». У зб-ках «Перавал» (1924—28, выйшла 6 нумароў) удзельнічалі А.Вясёлы, М.Галодны, М.Святлоў і інш. Пазней дэкларацыю «П.» супраць «бяскрылага бытавізму» падпісалі больш за 60 пісьменнікаў, у т. л. Э.Багрыцкі, І.Катаеў, Г.Караваева, Н.Агнёў, М.Прышвін і інш. Выступала за захаванне «пераемнай сувязі з мастацкім майстэрствам рускай і сусветнай класічнай літаратуры», асуджала лявацкае сектанцтва, адміністраванне «напостаўцаў» і рапаўцаў, рацыяналізм і фармалізм лефаўцаў. Праграмным творам стала аповесць І.Катаева «Сэрца» (1928). Тэарэтыкі «П.» Дз.Горбаў і А.Лежнеў развілі некат. ідэі Варонскага (кн. «Мастацтва бачыць свет», 1928), сцвярджалі прынцыпы «шчырасці» і інтуітывізму — «мацартыянства» творчасці. У 1927 быў утвораны «Мінскі перавал», які прызнаў дэкларацыю «П.» за сваю ідэйна-маст. праграму. У канцы 1920 — пач. 1930-х г., калі «П.» жорстка крытыкавалі, частка пісьменнікаў, у т. л. Прышвін, Багрыцкі, П.Паўленка, пакінулі групу. Пасля пастановы ЦКВКП(б) ад 23.4.1932 «Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый» «П.» перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕНЭ́Р (ад франц. plein air вольнае паветра),
1) жывапіс на адкрытым паветры, звязаны з непасрэдным вывучэннем натуры з мэтай найб. поўнага ўзнаўлення яе аблічча. Дазваляе перадаць у карціне багацце і разнастайнасць градацый колеру, каляровых ценяў, нюансаў, абумоўленых уздзеяннем сонечнага святла і станам атмасферы. Рысы пленэрнага жывапісу вядомы з эпохі Адраджэння. Як замаст. творчы метад П. склаўся ў 19 ст. ў творчасці Дж.Констэбла (Вялікабрытанія), К.Каро (Францыя), А.Іванава (Расія), мастакоў Барбізонскай школы. Найб. паслядоўна і сістэматычна праблемы пленэрнага жывапісу былі распрацаваны майстрамі імпрэсіянізму, у творах якіх святло і паветра набылі самаст. значнасць. На Беларусі творы ў П. стварылі І.Ахрэмчык, А.Бархаткоў, В.Бялыніцкі-Біруля, С.Жукоўскі, Я.Зайцаў, У.Кудрэвіч, П.Масленікаў, В.Цвірка і інш. У наш час П. — адзін з асн. элементаў маст. навучання.
2) Маст. акцыя, якая аб’ядноўвае шэраг мастакоў для сумеснай працы. П. звычайна прысвечаны памяці славутых мастакоў з мэтай ушанавання іх творчасці, прапаганды мастацтва, стварэння маст. калекцый (творы, як правіла, застаюцца ў месцы правядзення П.). Вылучаюць таксама П. скульптуры, дзіцячай творчасці і інш. На Беларусі пашырыліся ў 1990-я г. (П., у т. л.міжнар., памяці Бялыніцкага-Бірулі, Я.Драздовіча, К.Малевіча, Масленікава, М.Неўрава, Ф.Рушчыца, М.Шагала і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭРАФАЭЛІ́ТЫ (ад лац. prae раней, перад + Рафаэль),
англійскія мастакі і пісьменнікі 2-й пал. 19 ст., якія ставілі за мэту адраджэнне традыцый сярэднявечнага і раннерэнесансавага (да Рафаэля) мастацтва. «Брацтва прэрафаэлітаў» (англ. Pre-Raphaelite Brotherhood) засн. ў 1848 паэтам і жывапісцам Д.Г.Расеці, жывапісцамі Э.Мілесам, У.Х.Хантам (зазналі ўплыў М.Браўна, а праз яго — назарэйцаў), падтрымана Дж. Рэскіным. Выступалі з крытыкай бурж. культуры, супрацьпастаўлялі халоднаму акадэмізму «шчырасць», «свяшчэнны агонь» і «жывую веру» прымітываў (гл.Прымітыў). Маст. творам П. уласціва стылізацыя, перабольшаная графічнасць, дэкаратывізм у спалучэнні з дакладнай дэталізацыяй. Паэзія П. (Расеці, Р.Браўнінг, А.Тэнісан, А.Ч.Суінберн) вызначалася пачуццёвымі адносінамі да прыгажосці, спірытуалістычным культам кахання, заснаваным на традыцыях сярэдневяковай італьян. л-ры. Пасля распаду «Брацтва» ў 1853 новы ўздым руху П. пачаўся з канца 1850-х г., калі вакол Расеці згрупаваліся мастакі У.Морыс, Э.К.Бёрн-Джонс, У.Крэйн, Дж.Ф.Уотс і інш. Жывапіс развіваўся да складанай, стракатай плоскаснай арнаментыкі і містычнай ускладненасці вобразнага ладу. П. паўплывалі на развіццё сімвалізму і эстэтызму «канца стагоддзя» ў л-ры (О.Уайльд, У.Патэр), мадэрну ў выяўл. і дэкар.-прыкладным мастацтве (О.В.Бёрдслі і інш.).
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Прэрафаэліты. У.Х.Хант. Клаўдзіо і Ізабела. 1850.Да арт.Прэрафаэліты. Д.Г.Расеці. La Ghirlandata. 1873.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЧАЛА́»,
зборнік павучальных выслоўяў і афарызмаў; помнік старажытнарускай перакладной літаратуры. Арыгінал складзены ў 11 ст. манахам Антоніем на аснове выказванняў ант. аўтараў і зборніка цытат хрысц. пісьменнікаў (складзены ў 7 ст. Максімам Спавядальнікам). З грэч. мовы на стараж,слав. перакладзены ў канцы 12 — пач. 13 ст. Захаваўся ў шматлікіх рэдакцыях, якія змяшчалі дапаўненні ў адпаведнасці з прызначэннем кнігі і светапоглядам складальнікаў. Кампанаваўся паводле хрысц. іерархічнага прынцыпу: кожны тэматычны раздзел (пра жыццёвую дабрачыннасць, дабро і зло, праўду, дружбу і любоў) уключаў вытрымкі з Новага, потым са Старога запаветаў, кароткія павучанні «айцоў царквы» і маральна-філас. сентэнцыі ант. філосафаў і пісьменнікаў (Гамера, Герадота, Дыягена, Дэмакрыта, Арыстоцеля, Ксенафонта, Платона, Сакрата). У раздзеле «Слова аб красе» выявіліся асн. прынцыпы хрысц. эстэтыкі. Меў вял. папулярнасць, часта цытаваўся стараж.-рус. пісьменнікамі, перапрацоўваўся і дапаўняўся выказваннямі з рус. помнікаў, блізкіх яму па кампазіцыі. Быў адной з крыніц ведаў пра ант. свет. Шырока выкарыстоўваўся бел. пісьменнікамі і асветнікамі 13—17 ст. у публіцыстыцы і красамоўстве. Многія выказванні «П.» ўвайшлі ў жывую мову і, відазмяніўшыся, сталі прыказкамі.
Літ.:
Семенов В. Древняя русская Пчела по пергаменному списку. СПб., 1893;
Сперанский М.Н. Переводные сборники изречений в славяно-русской письменности: Исслед. и тексты. М., 1904;
Конан У. Беларуская мастацкая культура ў эпоху сярэднявечча // Мастацтва. 1999. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВА́НІЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 19 ст. ў в. Раванічы Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў паўн.ч. вёскі ў б. маёнтку мінскага маршалка Л.Слатвінскага. Уключаў палац, фланкіраваны 2 флігелямі, гасп. пабудовы, парк. Цэнтрам комплексу быў класіцыстычны палац, што размяшчаўся на ўзвышшы. Мураваны прамавугольны ў плане 1-павярховы на цокальным паверсе будынак пад вальмавым дахам. Гал. і паркавы фасады вылучаны ў цэнтры 4-калоннымі мансардавымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. 2 бакавыя лесвіцы порціка гал. фасада вядуць на тэрасу, з якой зроблены гал. ўваход. Плоскасныя фасады палаца рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны сандрыкамі, вуглавымі лапаткамі. У пач. 20 ст. ў будынку размяшчалася суконная ф-ка. У 1952 палац адноўлены, у ім размешчана сельская бальніца. Флігелі — 1-павярховыя кампактныя прамавугольныя ў плане будынкі пад 2-схільнымі дахамі. Парк пейзажнага тыпу, з садам (пл. 11 га), закладзены ў сярэдзіне 19 ст. Вакол асн.ч. парку — кальцавая пейзажная дарога ў форме эліпса. У парку расце каля 60 відаў і форм экзотаў. Парк аддзелены ад дарогі, якая вядзе з вёскі, сістэмай сажалак, звязаных з р. Уша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел.пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНО́ВІ́Ч (Яўген Сцяпанавіч) (21.1.1905, Мінск — 25.2.1979),
бел. драматург, празаік, тэатр. дзеяч. Засл. арт. Беларусі (1944). Вучыўся ў БДУ (1922—24). У 1922—48 акцёр, рэжысёр, заг.літ. часткі Бел.т-ра імя Я.Купалы, у 1949—63 працаваў у Мін-ве культуры Беларусі. Друкаваўся з 1923. Аўтар п’ес «Кантракт, альбо Усё добра будзе» («Усё добра будзе», паст. 1924), «Вір» (паст. 1926), «Крывая аблона», «Мост» (абедзве паст. 1929), «Камяні на дарозе» (паст. 1931), «Палешукі», «Таварыш Андрэй» (абедзве паст. 1944; усе ў т-ры імя Я.Купалы). Творы вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам. Аўтар оперных і балетных лібрэта «У пушчах Палесся» (паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва», паст. 1939), «Алеся» (з П.Броўкам, паст. 1944), «Дзяўчына з Палесся» (паст. 1953), «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Мара» (паст. 1961; усе ў Бел. т-ры оперы і балета). Даследаваў гісторыю бел.т-ра: кн. «Першы тэатр» (1946), «Народны артыст СССР Б.В.Платонаў» (1954), «Рэкі цякуць з ручаёў» (1969), «Людзі і маскі» (1977). Выдаў зб-кіапавяд. і аповесцей «Галіна Званцова» (1958), «Знаёмыя сілуэты» (успаміны пра бел. пісьменнікаў, 1974). Перакладаў на бел. мову п’есы Л.Талстога, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Горкага і інш.
Тв.:
Па пройдзеных сцежках // Вытокі песні. Мн., 1973.
Літ.:
Уладамірская Г. Мастацтва — яго стыхія, тэатр — ягоны дом // Полымя. 1975. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАНСА́Р ((Ronsard) П’ер дэ) (11.9.1524, замак Ла-Пасаньер; Францыя — 27.12.1585),
французскі паэт; прадстаўнік эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Наварскім калежы ў Парыжы (1533—34). Быў прыбліжаны да каралеўскага двара. Узначальваў літ. групу «Плеяда», што адыграла значную ролю ў фарміраванні франц.нац. мовы і паэзіі. У першай кн. «Оды» (кн. 1—5, 1550—52) паспяхова здзейсніў праграму «ўзвышэння» франц. паэзіі. Пісаў любоўныя вершы: зб. санетаў «Любоўныя вершы да Касандры» (1552, нап. пад уплывам Ф.Петраркі і італьян. паэтаў-неапетраркістаў), цыклы санетаў «Працяг любоўных вершаў» (1555), «Новы працяг любоўных вершаў» (1556), «Санеты да Алены» (1578). У зб-ках «Кніжка свавольстваў» (1553) і «Гай» (1554) звяртаўся да «нізкага» стылю, натуральнасці і прастаты. Філас. лірыка (зб. «Гімны», кн. 1—2, 1555—56) прысвечана Сусвету і Космасу, апявае навуку, законы чалавечага быцця і ідэальнага грамадскага ладу. У цыкле «Развагі пра няшчасці гэтага часу» (1560—62) адстойваў права паэта ўмешвацца ў грамадскае жыццё. У празаічным трактаце «Кароткі выклад паэтычнага мастацтва» (1565) сфармуляваў эстэт. прынцыпы, блізкія паэтыцы класіцызму. На бел. мову асобныя яго вершы пераклала Н.Мацяш.
Тв.:
Бел.пер. — [Вершы] // Далягляды, 1989. Мн., 1989;
Рус.пер. — Лирика. М., 1963;
Избр. поэзия. М., 1985;
О вечном: Избр. лирика. М., 1996;
У кн.: Поэзия Плеяды. М., 1984.
Літ.:
Виппер Ю.Б. Поэзия «Плеяды»: Становление лит. школы. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),
расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз.чл. Інбелкульта (1924). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел.нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтваАН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус.геагр.т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел.літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КАТАЎ (Фёдар Сцяпанавіч [1735) (1736?),
с. Варанцова, цяпер у межах Масквы — 24.12.1808], рускі жывапісец. Акад. Пецярбургскай АМ (1765). З 1760 вучыўся ў Пецярбургскай АМ, з 1762 яе ад’юнкт. Адзін з першых у рас. мастацтве авалодаў прыёмамі зах.-еўрап. параднага партрэта («Кацярына II», 1763). У шэрагу ранніх партрэтаў, якім уласціва натуральнасць і непасрэднасць вобразаў, працягваў традыцыі рус. партрэтнага жывапісу 1-й пал. 18 ст. («І.Л.Галянішчаў-Кутузаў», 1762—64). З 1765 у Маскве. У 1760—70-я г. пісаў інтымныя партрэты, якія вызначаюцца прыглушанасцю агульнага настрою, унутр. адухоўленасцю вобраза, танальна-вытанчанымі адценнямі, няяркім, але інтэнсіўна-кантрастным асвятленнем: «І.Г.Арлоў» (1762—65), «В.І.Майкаў» (каля 1765), «А.І.Варанцоў» (канец 1760-х г.), «А.П.Струйская» (1772), «Невядомая ў ружовай сукенцы», «Невядомая ў трохвуголцы» (абодва 1770-я г.) і інш. У творах 1780-х г. паўзмрочнае асвятленне змянілася больш акрэсленымі колеравымі тонамі і мадэліроўкай аб’ёмаў: партрэты В.Е.Навасільцавай, В.Н.Сураўцавай, Е.В.Санці і інш. Позняя творчасць характарызуецца агульным для рас.мастацтва пераходам ад вытанчанасці ракако да яснасці і строгасці класіцызму.