помнік бел. л-ры 17 ст. Напісаны ў 1655 і адрасаваны смаленскаму ваяводу П.Абуховічу, які ў 1654 здаў горад рус. войскам у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Ва ўсіх вядомых спісах адпраўшчыкам «Ліста» названы Цыпрыян Камуняка, аднак дакладна не ўстаноўлена, сапраўднае гэта імя ці псеўданім, якім карыстаўся невядомы аўтар. Твор высокага грамадз. гучання, глыбока-патрыятычны, у ім выказаны погляды прагрэсіўнай часткі бел. грамадства 17 ст. У пасланні, поўным злой іроніі, Камуняка развенчвае бяздарнасць ваяводы ў ваен. справе, асуджае яго як здрадніка. У асобе Абуховіча аўтар выкрывае буйную шляхту, высмейвае яе норавы і паводзіны, крытыкуе яе крывадушнасць, прадажнасць, бездапаможнасць пры абароне радзімы. Помнік напісаны сакавітай нар. моваю, месцамі рыфмаванай, перасыпанай вострымі словамі і дасціпнымі параўнаннямі, каларытнымі прыказкамі і прымаўкамі. У творы шырока выкарыстаны сродкі нар. гумару і сатыры. Упершыню апубл. ў 1910.
Публ.:
Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла Д.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБА́ЎСКІ Мацвей Кузьміч (13.8. 1860, с.Вял. Мажары Сараеўскага р-на Разанскай вобл., Расія — 22.11.1936),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Расійскай АН (1917), акад.АНСССР (1929). Д-ргіст.н. (1901). Скончыў Маскоўскі ун-т (1882), з 1894 дац., з 1901 праф. у ім, у 1911—17 рэктар. Вучань В.В.Ключэўскага. У 1913—29 старшыня Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх. У 1929 арыштаваны і ў 1930 высланы ў г. Уфа, дзе ў 1931—35 працаваў навук. супрацоўнікам Башкірскага НДІнац. культуры. Аўтар грунтоўных даследаванняў па сац.-паліт. гісторыі ВКЛ («Літоўска-рускі сейм», 1900; «Нарыс гісторыі Літоўска-Рускай дзяржавы да Люблінскай уніі ўключна», 1910, і інш.), курсаў лекцый «Гістарычная геаграфія Расіі ў сувязі з каланізацыяй» (1909), «Лекцыі па старажытнай рускай гісторыі да канца XVI ст.» (3-е выд., 1918) і інш. Сярод яго вучняў У.І.Пічэта, С.У.Бахрушын, М.Г.Беражкоў і інш.
Тв.:
Обзор истории русской колонизации с древнейших времен и до XX в. М., 1996.
Літ.:
Карев Д.В. Академик М.К.Любавский: Судьба и наследие // Наш радавод. Гродна, 1994. Кн. 6, ч. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й Існаваў у Магілёве з 15.11.1867 пры Магілёўскім губ. стат. к-це, развіццю якога спрыяў губернатар А.С.Дамбавецкі. У 1878 музей меў гістарычны, этнаграфічны і геаграфічны (геалагічны) аддзелы. Пад 1898 было каля 1500 экспанатаў, у т. л. калекцыя манет 10—19 ст. (больш за 500 экз.), кальчуга і ўпрыгожанні з раскопак Анэлінскага кургана Быхаўскага пав., рукапіснае Евангелле 15 ст., акты Магілёўскага магістрата 1577—1756, «Лексікон славянароскі», надрукаваны ў 1654 у Куцеінскай друкарні, грамата 1767 караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага аб пацвярджэнні Мсціславу магдэбургскага права, троннае крэсла Кацярыны II з Магілёўскага дарожнага палаца, сані Напалеона, кінутыя ім у час уцёкаў з Расіі, атлас 1823 з планамі гарадоў Магілёўшчыны, мадэлі сялянскага двара Рагачоўскага пав. і ветрака, батлейка з Быхаўскага пав., прылады працы і побыту сялян, прадметы саматужнай і заводскай вытворчасці, нар. адзенне, дзіцячыя цацкі, узоры глеб, гербарыі і інш. Музейны матэрыял вывучалі і сістэматызавалі гісторыкі-краязнаўцы М.В.Фурсаў, Е.Р.Раманаў, С.Ю.Чалоўскі. Калекцыі музея сталі асновай Магілёўскага гіст. музея (гл. ў арт.Магілёўскі абласны краязнаўчы музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗА́ЧЫО, Мазача
[Masaccio; уласнае Тамаза ды Джавані ды Сімоне Касаі (Гвідзі); 21.12.1401, г. Сан-Джавані-Вальдарна, Італія — восень 1428],
італьянскі жывапісец Ранняга Адраджэння; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў фларэнційскай школы жывапісу. Працаваў (часта з Мазаліна) у Фларэнцыі, Пізе і Рыме. У творчасці адышоў ад традыцый готыкі, працягваў маст. пошукі Джота ды Бандоне. У рэліг. кампазіцыях увасабляў гуманіст. ўяўленні аб дасканалай асобе, надаваў ім надзвычайную жыццёвую пераканаўчасць. Творы вызначаюцца энергічнай святлоценявой лепкай, пластычнай трохвымернасцю фігур, імкненнем да манум. абагульнення форм: «Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель» (1423?), «Мадонна са св. Ганнай» (разам з Мазаліна, каля 1424), паліпціх у царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Пізе (1426), размалёўкі капэлы Бранкачы ў царкве Санта-Марыя дэль Карміне ў Фларэнцыі («Выгнанне з раю», «Цуд са стацірам», «Святыя Пётр і Іаан раздаюць міласціну», «Святы Пётр вылечвае хворых сваім ценем», паміж 1425 і 1428). У фрэсцы «Тройца» (каля 1426—27, царква Санта-Марыя Навела ў Фларэнцыі) упершыню ў насценным жывапісе стварыў велічную цэнтральна-перспектыўную пабудову.
Літ.:
Знамеровская Т.П. Проблемы кватроченто и творчество Мазаччо. Л., 1975.
Мазачыо. Святыя Еранім і Іаан Хрысціцель. 1423 (?).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКАЕ ПІСЬМО́, старамангольскае пісьмо,
пісьменства, створанае на аснове уйгурскага алфавіта (гл.Уйгурскае пісьмо). Першыя помнікі М.п. — надпіс на т.зв. Чынгісавым камені (1225), Пісьмо іль-хана Аргуна (1289). Напрамак пісьма зверху ўніз, радкі чытаюцца злева направа, знакі паліфоннага характару (многія перадаюць па 2 ці 3 фанемы). У залежнасці ад становішча ў слове некат. знакі маюць 2 ці 3 абрысы. У алфавіце 20 асн. і 8 дадатковых літар (для перадачы іншамоўных гукаў) — вытворныя ад 14 асн. знакаў уйгурскага алфавіта, які захоўваўся ў манголаў у запазычаным выглядзе; на мяжы 16—17 ст. у яго ўнесены значныя змены. Вядомы таксама квадратнае пісьмо (13—14 ст., на аснове тыбецкага алфавіта), з 17 ст. — айрацкае «яснае пісьмо» Зая-Пандзіты (на аснове «старога пісьма»; атрымала шырокае распаўсюджанне сярод айратаў і калмыкаў). М.п. існавала да 1931 у буратаў (Бурація) і да 1945 у Манголіі; ва Унутр. Манголіі (Кітай) ім працягваюць карыстацца.
Літ.:
Санжеев Г.Д. Старописьменный монгольский язык. М., 1964;
Яго ж. Лингвистическое введение в изучение истории письменности монгольских народов. Улан-Удэ, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (дзявочае Сакаўніна) Фядосся Пракопаўна
(21.5.1632, Масква — 12.11.1675),
дзяячка рус.расколу, паплечніца пратапопа Авакума, баярыня. Сваячка М.І.Міласлаўскай, жонкі цара Аляксея Міхайлавіча. У 1649 выдадзена замуж за баярына Г.І.Марозава, аўдавела ў 1662. Перабудавала хатні ўклад свайго жыцця на манастырскі ўзор, прымала ўсіх, каго праследавалі за старую веру. У М. жыў, вярнуўшыся ў 1664 са ссылкі, Авакум; перапісвалася з ім пасля яго другой ссылкі. У 1670 тайна пастрыглася ў манашкі пад імем Феадора. Разам з сястрой княгіняй Е.П.Урусавай 16.11.1671 зняволена за прыхільнасць да стараверства, непадпарадкаванне цару і патрыярху. Падверглася жорсткім катаванням, яе ўладанні канфіскаваны. У 1673 разам з Урусавай і жонкай стралецкага палкоўніка М.Г.Данілавай адпраўлена ў г. Бораўск (Калужская вобл.). Зняволеныя ў земляную турму, памерлі ад голаду. М. прысвечаны «Пра трох спаведніц слова плачэўнае» Авакума, «Аповесць пра баярыню Марозаву» (1670-я г.) ананімнага аўтара, малюнкі і карціны В.Сурыкава, В.Пярова і інш.
Літ.:
Повесть о боярыне Морозовой / Подготовка текстов и исслед. А.И.Мазунина. Л., 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,
«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.А.Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад урада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.А.Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЦЕРАЎ Пётр Іванавіч (29.12.1912, г. Ульянаўск, Расія — 18.4.1982),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыў студыю Бел.т-ра юнага гледача імя Крупскай (1933). З 1932 працаваў у Т-ры юнага гледача. Беларусі, у 1938—41 у Полацкім калгасна-саўгасным, з 1944 у Палескім і Пінскім абл.драм. т-рах. З 1949 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, з 1956 у бабруйскіх вандроўным бел.драм. і муз.-драм., у 1965—78 у магілёўскіх абл.муз. камедыі і драмы і камедыі т-рах. Камедыйны акцёр. Створаныя ім вобразы вылучаліся знешне выразнай, сцэнічна рэальнай трактоўкай. Найб. значныя ролі: у т-рах драмы і камедыі — Моцкін, Цярэшка Калабок («Выбачайце, калі ласка» і «Трыбунал» А.Макаёнка), шэф-кухар Пётр Пятровіч («Злавацца не трэба» В.Зуба), Карандышаў («Беспасажніца» А.Астроўскага), дзед Нічыпар («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Шпак («Шальменка-дзяншчык» Р.Квіткі-Аснаўяненкі). Паставіў спектаклі: «Генеральны консул» бр. Тур і Л.Шэйніна (1939), «Дзяўчына з вяснушкамі» А.Успенскага (1961), «Не ўсё кату масленіца» Астроўскага (1974) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЖЫРАЎ Аляксандр Пятровіч (н. 6.9.1923, Масква),
расійскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.Вялюгін, С.Гаўрусёў, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ КА́ПІШЧА,
старажытнаславянскае язычніцкае свяцілішча ў Мінску. Праіснавала да пач. 20 ст. У 2-й пал. 19 ст. ўяўляла сабой абгароджаную з 3 бакоў прамавугольную пляцоўку на беразе р. Свіслач, дзе знаходзіліся 4 культавыя прадметы: гранітны валун Дзед (лічыўся галоўным), вял. дуб Волат, выкладзенае з невял. камянёў вогнішча-зніч Жыжа (агонь), крынічка каля валуна (вада з яе лічылася цудадзейнай). Мясц. жыхары, нягледзячы на афіц. вызнанне хрысціянства, ушаноўвалі М.к. як святое месца. Валуну Дзеду ахвяравалі мёд, малако, віно, палатно; дубу Волату — пераважна ручнікі і стужкі, якія развешвалі на ім на 33 дні (жалуды Волата лічыліся лекавымі), агню (Жыжу) прыносілі жывёльную ахвяру. М.к. абслугоўвалі т.зв. чараўнікі (апошнімі былі бацька і сын Севасцеі), якія прадказвалі лёс, лячылі ад хвароб, налівалі святую ваду з крынічкі, давалі амулеты-абярэгі і г.д. У канцы 1880-х г. у сувязі са святкаваннем 900-годдзя хрысціянства на Русі гар. ўлады паспрабавалі закрыць М.к. як апошнюю апору язычніцтва (было патушана і разбурана вогнішча, спілаваны дуб), але канчаткова гэта зроблена ў пач. 20 ст. Валун Дзед захоўваецца ў Парку камянёў.