СІРАЦІ́НІН Яўген Сяргеевіч (н. 31.1.1925, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

расійскі ваенны вучоны. Правадз. чл. акадэміі ваен. навук (1966), Рас. акадэміі касманаўтыкі (1998). Д-р тэхн. н. (1972), праф. (1979). Ген.-маёр-інжынер (1976). Скончыў Ваен. артыл. радыётэхн. акадэмію (1955). У 1942—88 ва Узбр. Сілах СССР. З 1957 у НДІ войск ППА (г. Калінін), з 1989 у Ваен. ун-це ППА (г. Цвер). Навук. працы па распрацоўцы і баявым выкарыстанні сродкаў і сістэм разведкі розных відаў. Удзельнічаў у распрацоўцы сістэм папярэджання аб ракетным нападзе, стварэнні першага радыёлакацыйнага комплексу і базавай радыёлакацыйнай станцыі папярэджання. Дзярж. прэмія СССР 1974.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯ́К Юрый Леанідавіч (12.4.1948, Мінск — 6.12.1995),

бел. вучоны ў галіне фітапаталогіі і мікалогіі. Д-р с.-г. н. (1993), праф. (1994). Скончыў Бел. тэхнал. ун-т (1971), дзе і працаваў. З 1989 у Бел. НДІ эксперым. батанікі. Навук. працы па вывучэнні заканамернасцей пашырэння ў хвойных лясах Беларусі каранёвых гнілей і апенькі восеньскай, асн. шкоднікаў хвойных дрэў. Вызначыў асн. прыродныя і антрапагенныя фактары, што ўплываюць на пашырэнне хвароб у хвойных лясах і інш.

Тв.:

К харакгеристике плодоношения опенка осеннего // Лесоведение и лесное хозяйство. 1978. Вьш. 13;

Оценка методов учета очагов корневой губки в сосновых насаждениях (у сааўт.) // Лесоведение и лесное хозяйство. 1989. Вып. 24.

т. 18, кн. 1, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦІНО́ВІЧ Анатоль Канстанцінавіч (н. 6.5.1931, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі. Канд. мед. н. (1967), дац. (1983). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1957). З 1965 у НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (у 1978—97 дырэктар), адначасова ў 1981—97 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. Гал. педыятр Мін-ва аховы здароўя Беларусі (1968—78). Навук. працы па арганізацыі аховы мацярынства і дзяцінства, фізіялогіі і паталогіі нованароджаных. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Справочник по педиатрии. Мн., 1979;

Организация медицинской помощи детям. М., 1979 (разам з К.​М.​Анішчанкам);

Комплексная методика интенсивного сни.жения детской смертности в БССР. Мн., 1987.

т. 18, кн. 1, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙРАФІЗІЯЛО́ГІЯ (нейра... + фізіялогія),

раздзел фізіялогіі жывёл і чалавека, які вывучае функцыі нерв. сістэмы і працэсы, што ляжаць у аснове апрацоўкі інфармацыі і паводзін. Цесна звязана з нейрамарфалогіяй (складаюць тэарэт. аснову неўралогіі), нейрахіміяй, нейраэндакрыналогіяй, электрафізіялогіяй і біякібернетыкай.

Уяўленні аб рэфлекторным прынцыпе дзейнасці нерв. сістэмы вызначаны Р.Дэкартам (17 ст.) і развіты ў 18 ст. чэш. вучоным Й.Прохаскам (тэрмін «рэфлекс», 1784). Станаўленне Н. як самаст. навукі звязана з пачаткам эксперым. даследаванняў па лакалізацыі функцый у ц. н. с. (шатл. вучоны. Ч.​Бел, 1811; франц. вучоны Ф.​Мажандзі, 1822) і распрацовак у галіне складаных форм нерв. дзейнасці (І.М.Сечанаў, 1863). Уклад у развіццё Н. зрабілі П.​К.​Анохін, Л.А.Арбелі, І.С.Берыташвілі, У.М.Бехцераў, Т.Н.Візел, Р.А.Граніт, Б.Кац, І.П.Паўлаў, М.Я.Увядзенскі, А.А.Ухтомскі, А.Ф.Хакслі, А.Л.Ходжкін, Д.Х.Х’юбел, Ч.С.Шэрынгтан, Дж.К.Эклс і інш.

На Беларусі даследаванні па Н. пачаліся ў 1922 у БДУ як ч. агульных фізіял. даследаванняў (Л.П.Розанаў). Уклад у развіццё Н. зрабілі І.П.Антонаў, Ю.М.Астроўскі, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, А.С.Дзмітрыеў, М.І.Грашчанкаў, В.М.Гурын, І.К.Жмакін, У.М.Калюноў, Б.Б.Кузьміцкі, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, Н.І.Нечыпурэнка, У.У.Салтанаў, Э.П.Цітавец, К.С.Шадурскі, Г.С.Юньеў і інш. Асн. навук. цэнтры: ін-ты фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскі і Гродзенскі мед. ін-ты, Віцебскі мед. ун-т, Гомельскі ун-т. Даследуюцца дзейнасць тэрмарэгулюючых цэнтраў, роля сістэмы плазмінаген—плазмін у жыццядзейнасці клетак нерв. тканкі, функцыянаванні структур мозга і аферэнтных сістэм, нейратрансмітэрныя сістэмы мозга і механізмы фарміравання матывацыйных паводзін, распрацоўваюцца новыя фундаментальныя кірункі па вывучэнні механізмаў аксігенацыі тканак мозга, прынцыпы накіраванай карэкцыі жыццёва важных функцый пры эксперым. парушэнні міжнейронных адносін і інш.

Літ.:

Общая физиология нервной системы. Л., 1979;

Частная физиология нервной системы. Л., 1983;

Шеперд Г. Нейробиология: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ Аляксей Уладзіміравіч (н. 15.5.1950, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1995). Сын У.А.Белага. Скончыў Маскоўскі ун-т імя М.​В.​Ламаносава (1973). З 1973 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1992 у Прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы ўзаемадзеяння канцэнтраваных патокаў зараджаных часціц з кандэнсаванымі асяроддзямі, трыбатэхніцы. Развіў фіз. асновы іонна-прамянёвай апрацоўкі матэрыялаў і пакрыццяў, метады мадыфікавання паверхневых слаёў зносаўстойлівых матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1988.

Тв.:

Поверхностная упрочняющая обработка с применением концентрированных потоков энергии. Мн., 1990 (разам з Я.​М.​Макушком, І.​Л.​Побалем);

Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з Г.​Дз.​Карпенкам, М.​К.​Мышкіным).

т. 3, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁМ-БА́ВЕРК (BöHm-Bawerk) Ойген Рытэр фон (12.2.1851, г. Брно, Чэхія — 27.8.1914),

аўстрыйскі вучоны-эканаміст і дзярж. дзеяч; адзін з заснавальнікаў аўстрыйскай школы ў палітэканоміі. У 1897—98, 1900—04 міністр фінансаў Аўстрыі. У 1880—89 праф. Венскага, з 1909 Інсбрукскага ун-таў. З 1911 прэзідэнт Аўстр. АН. Асн. працы: «Асновы тэорыі каштоўнасці гаспадарчых работ» (1886, рус. пер. 1903), «Капітал і прыбытак» (т. 1—2, 1884—89, рус. пер. т. 1, 1909), «Тэорыя Карла Маркса і яе крытыка» (1896, рус. пер. 1897). Сутнасць эканам. працэсаў тлумачыў матывацыяй і псіхалогіяй суб’ектаў гаспадарання, на аснове чаго абгрунтаваў суб’ектыўна-псіхалагічную гранічнай карыснасці тэорыю і тэорыю прыбытку. Абвяргаў марксісцкую тэорыю працоўнай вартасці і прыбавачнай вартасці.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНО́ВІЧ Іосіф Робертавіч (н. 3.12.1928, в. Гайна Лагойскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1973). Засл. дз. нав. Беларусі (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953). З 1953 у Бел. НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па лячэнні пераломаў, несапраўдных суставаў і дэфектаў касцей, эндапратэзаванні суставаў, дыягностыцы і лячэнні спінальных хворых і касцявых пухлін. Аўтар спосабу лячэння пераломаў мышчалак сцегнавой і вялікагалёначнай касцей з дапамогай спіц і клямара без ускрыцця каленнага сустава.

Тв.:

Остеосинтез металлическими спицами. Мн., 1969 (разам з Л.​Я.​Грыгор’евым);

Повреждения коленного сустава. Мн., 1971;

Заживление переломов костей: Эксперимент. и клинич. исслед. Мн., 1994 (у сааўт.).

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАХТА́НГ VI (1675—27.3.1737),

грузінскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Намеснік, потым цар Картлі ў 1703—12, 1719—24. У знешняй палітыцы арыентаваўся на Расію. Пад яго кіраўніцтвам створаны кодэкс феад. права Грузіі (гл. Вахтанга законы). У 1709 па яго ініцыятыве ў Тбілісі заснавана 1-я груз. друкарня (у 1712 выйшла першае друк. выданне паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» з навук. каментарыямі Вахтанга). Стварыў камісію вучоных для складання гісторыі Грузіі 14—18 ст. У 1712—19 адхілены ад улады шахам Ірана. Ускладненне знешніх і ўнутр. абставін, няздольнасць процістаяць тур. агрэсіі прымусілі Вахтанга ў 1724 эмігрыраваць у Расію. Выношваў планы вызвалення Грузіі. Паэзіі Вахтанга ўласцівыя патрыят. матывы. Быў таксама лексікографам і перакладчыкам.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́НСКІ Георгій Канстанцінавіч (н. 26.12.1912, г. Казань, Расія),

бел. вучоны ў галіне машыназнаўства і тэхн. кібернетыкі. Чл.-кар. АН Беларусі (1969), д-р тэхн. н. (1968), праф. (1969). Скончыў БПІ (1938). Арганізатар і першы дырэктар Ін-та машыназнаўства і аўтаматызацыі і Ін-та тэхнічнай кібернетыкі АН Беларусі. Навук. працы па аўтаматызацыі канструявання і тэхнал. праектавання. Распрацаваў тэарэт. асновы, метады і алгарытмы мадэлявання і аўтаматызаванага праектавання тэхнал. працэсаў у машынабудаванні.

Тв.:

Элементы теории автоматизации машиностроительного проектирования с помощью вычислительной техники. Мн., 1970 (у сааўт.);

Автоматизированные системы технологической подготовки производства в машиностроении. М., 1976 (у сааўт);

Технологическое проектирование в комплексных автоматизированных системах подготовки производства. М., 1981 (разам з Э.​І.​Бендзеравай).

М.​П.​Савік.

Г.К.Гаранскі.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЧКІН Васіль Прохаравіч (29.1.1868, в. Выкса Ніжагародскай вобл., Расія — 21.9.1935),

рускі вучоны, заснавальнік навукі пра с.-г. тэхніку. Акад. УАСГНІЛ (1932); ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў Маскоўскія ун-т (1890) і вышэйшае тэхн. вучылішча (1894). З 1913 кіраваў арганізаванай ім машынавыпрабавальнай станцыяй пры Маскоўскім с.-г. ін-це. У 1919—20 рэктар Пятроўскай (цяпер Ціміразеўская) с.-г. акадэміі, у 1929 дырэктар, потым кансультант Усесаюзнага ін-та с.-г. механікі (пазней — с.-г. машынабудавання). Распрацаваў тэарэт. асновы разліку і пабудовы с.-г. машын і прылад, метады іх эксперым. даследаванняў.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. 2 изд. М, 1968.

Літ.:

Дубровский А.А. Академик В.​П.​Горячкин: Биогр. очерк. М., 1960.

В.П.Гарачкін.

т. 5, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)