НЕЙРАФІЗІЯЛО́ГІЯ (нейра... + фізіялогія),
раздзел фізіялогіі жывёл і чалавека, які вывучае функцыі нерв. сістэмы і працэсы, што ляжаць у аснове апрацоўкі інфармацыі і паводзін. Цесна звязана з нейрамарфалогіяй (складаюць тэарэт. аснову неўралогіі), нейрахіміяй, нейраэндакрыналогіяй, электрафізіялогіяй і біякібернетыкай.
Уяўленні аб рэфлекторным прынцыпе дзейнасці нерв. сістэмы вызначаны Р.Дэкартам (17 ст.) і развіты ў 18 ст. чэш. вучоным Й.Прохаскам (тэрмін «рэфлекс», 1784). Станаўленне Н. як самаст. навукі звязана з пачаткам эксперым. даследаванняў па лакалізацыі функцый у ц. н. с. (шатл. вучоны. Ч.Бел, 1811; франц. вучоны Ф.Мажандзі, 1822) і распрацовак у галіне складаных форм нерв. дзейнасці (І.М.Сечанаў, 1863). Уклад у развіццё Н. зрабілі П.К.Анохін, Л.А.Арбелі, І.С.Берыташвілі, У.М.Бехцераў, Т.Н.Візел, Р.А.Граніт, Б.Кац, І.П.Паўлаў, М.Я.Увядзенскі, А.А.Ухтомскі, А.Ф.Хакслі, А.Л.Ходжкін, Д.Х.Х’юбел, Ч.С.Шэрынгтан, Дж.К.Эклс і інш.
На Беларусі даследаванні па Н. пачаліся ў 1922 у БДУ як ч. агульных фізіял. даследаванняў (Л.П.Розанаў). Уклад у развіццё Н. зрабілі І.П.Антонаў, Ю.М.Астроўскі, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, А.С.Дзмітрыеў, М.І.Грашчанкаў, В.М.Гурын, І.К.Жмакін, У.М.Калюноў, Б.Б.Кузьміцкі, В.А.Лявонаў, Д.А.Маркаў, Н.І.Нечыпурэнка, У.У.Салтанаў, Э.П.Цітавец, К.С.Шадурскі, Г.С.Юньеў і інш. Асн. навук. цэнтры: ін-ты фізіялогіі і біяхіміі Нац. АН Беларусі, Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, БДУ, Мінскі і Гродзенскі мед. ін-ты, Віцебскі мед. ун-т, Гомельскі ун-т. Даследуюцца дзейнасць тэрмарэгулюючых цэнтраў, роля сістэмы плазмінаген—плазмін у жыццядзейнасці клетак нерв. тканкі, функцыянаванні структур мозга і аферэнтных сістэм, нейратрансмітэрныя сістэмы мозга і механізмы фарміравання матывацыйных паводзін, распрацоўваюцца новыя фундаментальныя кірункі па вывучэнні механізмаў аксігенацыі тканак мозга, прынцыпы накіраванай карэкцыі жыццёва важных функцый пры эксперым. парушэнні міжнейронных адносін і інш.
Літ.:
Общая физиология нервной системы. Л., 1979;
Частная физиология нервной системы. Л., 1983;
Шеперд Г. Нейробиология: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1987.
С.С.Ермакова.
т. 11, с. 274