каралеўская дынастыя ў Шатландыі (з 1371) і ў Англіі (1603—49, 1660—1714). Паходзілі са стараж.шатл. роду, прадстаўнікі якога ў 12 ст. займалі пасаду каралеўскага кіраўніка Шатландыі («сцюарта», адсюль назва). Дзякуючы шлюбу Уолтэра С. з дачкой шатл. караля, іх сын Роберт II у 1371 стаў шатл. каралём. Якаў IV С. [1488—1513] парадніўся з англ. каралеўскім родам, яго ўнучка Марыя Сцюарт прэтэндавала на англ. трон, але была пакарана смерцю. Якаў I [1603—25] і яго сын Карл I [1625—49] праводзілі палітыку ўмацавання абсалютызму, але не здолелі прадухіліць англійскія рэвалюцыі 17 стагоддзя, у час першай з іх Карл I пакараны смерцю, а Англія абвешчана рэспублікай. Пасля рэстаўрацыі манархіі С. (1660; Карл II, кароль у 1660—85) зноў занялі трон. Пераемнік Карла II Якаў II [1685—88] скінуты ў выніку дзярж. перавароту. Трон заняў Вільгельм III Аранскі [1689—1702], які правіў разам са сваёй жонкай — дачкой Якава II Марыяй II (каралева ў 1689—94). Пасля смерці Ганны С. [1702—14] трон перайшоў да Гановерскай дынастыі. Род С. знік пасля смерці ўнука Якава II, кардынала Генрыха Бенядзікта (1807).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА БЫЛЫ́Х ПАЛІТКАТАРЖА́Н І ССЫЛЬНАНАСЯЛЕ́НЦАЎ Існавала ў СССР у 1921—35. Створана па ініцыятыве Ф.Э.Дзяржынскага, Я.Э.Рудзутака, Е.М.Яраслаўскага і інш. Аказвала матэрыяльную дапамогу б. паліткатаржанам і ссыльнапасяленцам, арганізоўвала іх выступленні, успаміны, і даклады, лекцыі. Важным кірункамі дзейнасці т-ва былі збор, вывучэнне і выданне гіст.-дакумент. матэрыялаў. У 1921—23 аддзяленні т-ва ўзніклі ў Віцебску, Гомелі, Мінску. Бел. аддзяленне да 1928 правяло 3 канферэнцыі. Навукова-даследчую працу члены т-ва вялі ў секцыях: па гісторыі дзекабрызму, рэвалюцыі 1905—07, нарадавольцаў і інш. Яны абмяркоўвалі даклады і мемуары, рыхтавалі да друку зб-кі дакументаў, манаграфіі. Т-ва выдавала час.«Каторга и ссылка», біябібліягр. слоўнік «Дзеячы рэвалюцыйнага руху ў Расіі» (1927—34), «Бюллетень Центрального совета Всесоюзного общества бывших политка-торжан и ссыльнопоселенцев» (1929—33), у якіх ёсць біягр. артыкулы і звесткі пра дзеячаў, чый лёс звязаны з Беларуссю. Супрацоўнічала з Гістпартам, Ін-там Маркса—Энгельса—Леніна пры ЦКВКП(б) і іх філіяламі на месцах, з Таварыствам старых бальшавікоў. Т-ва спыніла дзейнасць у 1935 ва ўмовах разгортвання ў СССРпаліт. рэпрэсій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВО́РЧЫ САЮ́З,
грамадскае аб’яднанне творчых работнікаў, якія сваімі дасягненнямі зрабілі ўклад у развіццё культуры, мастацтва і інш.культ. творчай дзейнасці. У Рэспубліцы Беларусь ствараецца ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку на аснове агульнасці інтарэсаў яго членаў у пэўным відзе творчай дзейнасці для задавальнення іх духоўных або інш. нематэрыяльных патрэб. Прававымі крыніцамі Т.с. з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон «Аб творчых саюзах і творчых работніках» ад 16.12.1999 і інш. заканадаўчыя акты. Членамі (удзельнікамі) Т.с. могуць быць фіз. асобы, якія займаюцца культ. творчай дзейнасцю або прадстаўляюць пэўную творчую прафесію. Умовы і парадак прыёму ў члены Т.с. вызначаюцца статутам Т.с. Ствараюцца і дзейнічаюць Т.с. на прынцыпах добраахвотнасці, незалежнасці, самакіравання і галоснасці, яны незалежныя ў сваёй дзейнасці ад паліт. партый і інш. грамадскіх аб’яднанняў. Дзяржава рэгулюе грамадскія адносіны ў сферы культурнай творчай дзейнасці, садзейнічае стварэнню спрыяльных умоў для забеспячэння і папулярызацыі дзейнасці Т.с., пашырэнню іхміжнар. сувязей. Найб. вядомыя і масавыя бел. Т.с.: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Саюз кампазітараў Беларусі, Саюз мастакоў Беларусі, Саюз тэатральных дзеячаў Беларусі, Саюз журналістаў Беларусі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛІ, тлёвыя (Aphidinea),
падатрад паразітычных сысучых насякомых атр. раўнакрылых. 11 сям., каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. — ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Жывуць пераважна калоніямі. Асобныя віды прыстасаваны да пэўных раслін-гаспадароў і іх частак. Многія Т. шкодзяць раслінам, у т. л.с.-г.; пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі трапляюцца прадстаўнікі 2 надсям.: сапраўдныя тлі (Aphidoidea) і хермесавыя (Adelgoidea); найб. — прадстаўнікі родаў афіс (Aphis), ацыртасіфан (Acyrthosiphon), капітафорус (Capitophorus), макрасіфум (Macrosiphum) і інш.
Даўж. да 6 мм. Цела яйцападобнае, авальнае або падоўжанае, зверху пукатае. Крылаў 2 пары, ёсць бяскрылыя формы. Вусікі 3—6-членікавыя з органамі пачуццяў. Ротавы апарат колюча-сысучы. Скурнае покрыва тонкае, мяккае, у некат. з васковым налётам. Афарбоўка звычайна пад колер раслін. Вочы складаныя або простыя. Характэрны рэзка выражаны полімарфізм, чаргаванне палавога і партэнагенет. пакаленняў. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 2—25 пакаленняў. Выдзяленнямі Т. кормяцца многія насякомыя, іх збіраюць пчолы як падзевы мёд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),
навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл.Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭКТАНІ́ЧНЫ ЦЫКЛ,
перыяд геал. гісторыі Зямлі, які вызначаецца сукупнасцю паслядоўнага развіцця буйных структур тэктанасферы і агульнагеал. падзей. Найб. праяўлены ў геасінкліналях, дзе цыкл пачынаецца з апусканняў зямной кары, намнажэння глыбакаводных асадкаў пры праяўленні падводнага вулканізму, прыводзіць да ўтварэння на іх месцы складкавых і складкава-глыбавых структур і заканчваецца гораўтварэннем (цыклы Шціле).
Т.ц. наз. таксама цыкл складкавасці, эпоха складкавасці або складкавасць. Вылучаюць яшчэ Т.ц. як этапы развіцця складкавых паясоў (цыклы Вілсана): кантынентальнага рыфтагенезу, раннюю, спелую, згасання, заключную і рэліктавую стадыі. На платформах на пач. цыкла кантынент. ўмовы змяняюцца трансгрэсіяй мора, потым рэгрэсіяй і ўстанаўленнем кантынент. рэжыму з утварэннем кор выветрывання. Вучэнне аб Т.ц. найб. распрацавана для позняга пратэразою і фанеразою (байкальская, каледонская, герцынская, кімерыйская, альпійская складкавасці або Т.ц., гл. адпаведныя арт.). Сярэдняя працягласць Т.ц. 150—200 млн.г.Іх аб’ядноўваюць у вял. мегацыклы (каля 550 млн.г.). У дакембрыі вылучаецца не менш за 4 мегацыклы, фанеразой ахоплівае 1 мегацыкл. Уяўленні пра Т.ц. выкарыстоўваюць пры складанні тэктанічных і металагенічных карт вял. тэрыторый (Еўропы, Еўразіі, Свету). Блізкія паняцці да Т.ц. — тэктона-магматычны цыкл, арагенічны цыкл, эпоха тэктанічная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГНАЕ́ННІ, тукі,
арганічныя і мінеральныя рэчывы, што маюць элементы жыўлення раслін; забяспечваюць іх пажыўнымі рэчывамі, павялічваюць ураджайнасць і паляпшаюць якасць с.-г. культур. Мэтазгоднае выкарыстанне У. павышае ўрадлівасць глебы, падтрымлівае дадатны баланс біягенных элементаў і гумусу.
Падзяляюць на У. прамыя, якія маюць элементы непасрэднага жыўлення раслін (азот, фосфар, калій, магній, сера, бор і інш.), і ўскосныя, якія паляпшаюць уласцівасці глебы (напр., вапнавыя ўгнаенні). Паводле хім. саставу адрозніваюць мінеральныя ўгнаенні, арганічныя ўгнаенні, аргана-мінер. (прыродныя — сапрапель, штучныя — торфааміячныя, торфа-мінеральна-аміячныя і інш.) і бактэрыяльныя ўгнаенні; вылучаюць таксама зялёныя У. (гл.Сідэрацыя). Непасрэдна ў сельскіх гаспадарках атрымліваюць У. мясцовыя (гл.Гной, Попел), на спец. з-дах — У. прамысловыя, ці хімічныя (напр., калійныя ўгнаенні), да якіх адносяць таксама прамысл. адходы розных вытв-сцей (напр., шлакі). Спосабы найб. эфектыўнага выкарыстання У. распрацоўвае аграхімія; унясенне праз меру вял. колькасці У. не толькі нерэнтабельнае, але можа прывесці да зніжэння ўраджайнасці і якасці с.-г. культур, назапашвання ў іхнітратаў або таксічных элементаў, а таксама да забруджвання навакольнага асяроддзя (гл.Ахова прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТЫЛІТАРЫ́ЗМ (ад лац. utilitas карысць, выгада),
1) прынцып ацэнкі ўсіх з’яў з пункту гледжання іх карыснасці, магчымасці служыць сродкам для дасягнення пэўнай мэты.
2) Кірунак у этыцы, прадстаўнікі якога разглядаюць карысць як аснову маральнасці, крытэрый ацэнкі ўсіх чалавечых учынкаў. Быў шырока распаўсюджаны ў Англіі ў 19 ст.Асн. прынцыпы У. распрацаваны англ. філосафамі І.Бентамам і Дж.С.Мілем. Тэарэт. аснова поглядаў Бентама — натуралістычны падыход да чалавека, дзе за аснову маралі прымаецца прыроднае імкненне людзей адчуваць асалоду і пазбягаць пакут. Маральным ідэалам Бентам абвясціў «найбольшае шчасце найбольшай колькасці людзей» шляхам задавальнення іх прыватных інтарэсаў; на яго думку, узровень маральнасці кожнага ўчынку можна разлічыць з матэм. дакладнасцю ў выглядзе балансу прыемнасцей і пакут, якія з’яўляюцца вынікам паводзін чалавека ў пэўнай сітуацыі. Міль імкнуўся да паслаблення гранічнага эгаізму У.; асн. палажэнні У. ён дапоўніў прынцыпам салідарнасці і ўзгаднення асабістых інтарэсаў усіх людзей. Прыхільнікі У. спрабавалі выкарыстаць утылітарысцкі падыход у тлумачэнні сац., эканам. і дзярж.-прававых з’яў. У. паўплываў на англ. сацыялогію 19 ст. (Г.Спенсер і інш.). Своеасаблівае прадаўжэнне У. — прагматызм, які пашырыў прынцып практычнай карыснасці на веды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦЫСКА́НЦЫ (лац. Ordo Fratrum Minorum, OFM ордэн братоў меншых),
жабрацкі каталіцкі манаскі ордэн. Засн. Францыскам Асізскім у Італіі ў 12071209, неўзабаве пашырыўся і ў інш. краінах Зах. Еўропы. Статутнае патрабаванне беднасці было і для членаў ордэна і для ордэна ў цэлым. Ф. жылі не ў манастырах, а на людзях, вандравалі, прапаведавалі на мове простага народу беднасць і аскетызм, займаліся дабрачыннасцю. Гэта садзейнічала росту іх папулярнасці і прытоку ахвяраванняў. Ордэн, які ўзнік у процівагу афіц. царкве з яе багаццем і раскошай, з цягам часу ператварыўся ў надзейны сродак абароны інтарэсаў папства: Ф. вялі барацьбу супраць ерасі, бралі ўдзел у дзейнасці інквізіцыі. У 1256 папа даў Ф. права выкладаць ва ун-тах. Яны займаліся і місіянерскай дзейнасцю. Каля 1237 з’явіліся ў Польшчы, адтуль пачалі місіянерскую дзейнасць у ВКЛ. На тэр. Беларусі асабліва актыўна дзейнічалі ў 17 ст.Іх канвенты існавалі ў Ашмянах, Гальшанах, Івянцы, Навагрудку, Пінску, Паставах, Свіслачы і ў інш. Пасля падаўлення паўстання 1830—31 большасць канвентаў скасавана, пасля паўстання 1863—64 застаўся адзін у Гродне (зачынены ў сярэдзіне 1940-х г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫТАДЭ́ЛЬ (ад італьян. citadella літар. — маленькі горад),
1) найб. умацаваная цэнтр.ч. горада або крэпасці, разлічаная на самаст. абарону ў выпадку разбурэння вонкавых фартыфікацыйных збудаванняў; апошні пункт абаронцаў пры штурме. Ц. ўзніклі ў гарадах Стараж. Егіпта, Месапатаміі і інш.Гіст. назвы — акропаль (Стараж. Грэцыя), капітолій (Стараж. Рым). На Беларусі Ц. былі дзядзінцы, пазней астрогі. З 13—14 ст. ролю Ц. выконвалі замкі і вежы-данжоны (гл.Камянецкая вежа, Тураўская вежа). Ц. складаліся з абарончых збудаванняў розных тыпаў і канструкцый (умацаваныя драўляныя тыны, равы, валы, муры, вежы і інш.), дзе размяшчаліся адм. і культавыя пабудовы, жылі князь з дружынай і інш. Часцей іх будавалі на натуральных або штучных узвышшах, на лініі крапасных сцен, унутры горада (крэпасці) ці за іх межамі. Ц. мелі абароннае значэнне да пач. 20 ст. (гл.Бабруйская крэпасць, Брэсцкая крэпасць).
2) Унутраны аб’ём карабля (да 3/4 яго даўжыні), абмежаваны бранявымі паясамі, пераборкамі (траверзамі) і палубай, для размяшчэння жыццёва важных часцей (машынных і кацельных аддзяленняў, боезапасаў і інш.).
3) У пераносным значэнні Ц. — гал. апорны пункт (цэнтр) якой-н. арг-цыі, цвярдыня, крэпасць, апора.