група буйных птушак атр. драпежных. Каля 20 відаў. Падзяляюць на грыфы сапраўдных (14 відаў у бязлесных гарах і перадгор’ях Афрыкі, Паўд. Еўропы і Азіі) і грыфы амерыканскіх, пашыраных ва ўсіх прыродных зонах Паўн. Амерыкі. Найб. вядомыя грыфы сапраўдныя: чорны (Aegypius monachus), сцярвятнік, сіп белагаловы (гл.Сіпы), барадач; сярод грыфаў амерыканскіх: каралеўскі (Sarcoramphus papa), кондар (Vultur gryphus), кондар каліфарнійскі (Gymnogyps californianus; занесены ў Чырв. кнігу МСАП). На Беларусі выпадкова залётны від грыф чорны.
Даўж.каля 1 м, размах крылаў да 3 м. Галава і шыя голыя або ўкрытыя пухам. Крылы шырокія, доўгія, прыстасаваныя да працяглага лунаючага палёту. Лапы масіўныя, пальцы тоўстыя. Нясуць 1 яйцо. Жывяцца пераважна мярцвячынай. Карысныя як прыродныя санітары. Колькасць рэзка скарачаецца (асабліва ў Еўропе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м.каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас. войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́НЬКА (Францішак Леапольдавіч) (15.3.1862, в. Пуцілкавічы Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.3.1892),
бед. краязнавец і археолаг. Скончыў Мінскую гімназію (1881), Варшаўскі ун-т (1887). У 1886 за навук. працу па бел.нар. медыцыне ўзнагароджаны залатым медалём. Рабіў археал. раскопкі на тэр. сучаснага Ушацкага р-на: даследаваў гарадзішчы каляв. Гвазды, Вял. Бірулі, М. Дольцы, Афераўшчына; у наваколлі в. Пуцілкавічы выявіў 9 гарадзішчаў жал. веку, каля 50 курганных груп раннефеад. часу (раскапаў 36 курганоў) і склаў археал. карту ваколіц вёскі (уключана 85 помнікаў). У рукапісах засталіся працы «Курганы ў Пуцілкавічах» (1887—92), «Курганы і два дагістарычныя пасяленні ў Пуцілкавічах», археал. карты, схемы гарадзішчаў, замчышчаў, запісы бел. фальклору. Частка матэрыялаў захоўваецца ў Кракаўскім археал. музеі.
Тв.:
Przyczynek do lecznictwa ludowego // Materiały antropologiczno-archeologiczne i etnograficzne... Kraków, 1986. T.1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каляг. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),
англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп.«Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРНАП’Я́Н (Datura),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.
Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ ФУ (712, каляг. Сіянь, Кітай — 770),
кітайскі паэт. Шмат вандраваў па Кітаі з Гао Шы і Лі Бо (сяброўства з якім у многім вызначыла яго далейшы творчы лёс). З 746 жыў у сталіцы Чан’ані. У творчасці гэтага перыяду пераважалі тэмы нар. пакут, спагады беднякам, выкрыцця тых, хто прагнуў вайны: «Песня пра баявыя калясніцы», «З сталіцы ў Фэнсянь». У час антыўрадавага мяцяжу ў 756 пакінуў сталіцу, жыў на чужыне. У творах таго часу пачуццё болі за свой народ і краіну («Вёска Цянцунь», цыклы вершаў «Тры чыноўнікі» і «Тры расстанні»). З 759 жыў у Чэнду, напісаў каля 1000 вершаў, у цэнтры якіх — імкненне ахвяраваць сабой дзеля людзей. Стыль Д. адметны яснасцю, акварэльнай празрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),
сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр.Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш. вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЁРАН ((Dulaurans) Нестар) (каля 1825, Варшава — 1868),
удзельнік паўстання 1863—64. Каля 1861 працаваў у кіраўніцтве буд-вам Варшаўска-Пецярбургскай чыгункі ў Вільні, удзельнічаў у арг-цыі першых рэв. гурткоў. Балансаваў паміж «чырвонымі» і «белымі». У 1862 камісар Варшаўскага Цэнтр.нац.к-та ў Літоўскім правінцыяльным камітэце, неўзабаве выключаны з к-та, зблакіраваўся з «белымі». У лют. 1863 выступіў з прапановай адхіліць «чырвоных» ад кіраўніцтва паўстаннем. Па яго ініцыятыве Літоўскі к-т распушчаны і створаны «белы» Аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы, у якім Дз. заняў пасаду камісара варшаўскага паўстанцкага ўрада ў Літве і Беларусі. З лета 1863 у Познані — пам.рэв. камісара ў Прусіі, з лета 1864 у Дрэздэне — рэв. камісар паўстанцкага ўрада ў Германіі. Пасля задушэння паўстання эмігрыраваў у Парыж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЕСТР (малд.Ністру),
рака на ПдЗ Украіны і ў Малдове (часткова на мяжы гэтых краін). Даўж. 1352 км. Пл. вадазбору 72,1 тыс.км². Бярэ пачатак на паўн.-ўсх. схілах Укр. Карпат на выш.каля 900 м. Упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. У вярхоўях — горная рака, ніжэй г. Галіч (Украіна) цячэнне больш спакойнае. У нізоўях цячэ ў шырокай даліне па Прычарнаморскай нізіне. Асн. прытокі: Стрый, Рэут (справа), Серэт, Збруч (злева). Жыўленне дажджавое і снегавое. Летнія паводкі; ледастаў (са снеж. да сак.) няўстойлівы.
Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 339 м³/с. На Д. — Дубасарская ГЭС і вадасховішча. Выкарыстоўваецца для арашэння, лесасплаву (у вярхоўях). Суднаходная ад г. Сарока (Малдова) да вусця (з перарывам каля Дубасарскай ГЭС). На Д. гарады Сарока, Рыбніца, Бендэр, Ціраспаль (Малдова), Магілёў-Падольскі (Украіна).