наступальная аперацыя войск правага крыла 1-га Прыбалтыйскага фронту (ген. арміі І.Х.Баграмян) у Вял.Айч. вайну ў раёне г. Гарадок Віцебскай вобл. 13—31.12.1943. Мэта аперацыі — разграміць гарадоцкую групоўку праціўніка, ліквідаваць т.зв. Гарадоцкі выступ, авалодаць Гарадком і наступаць у напрамку Віцебска. Удзельнічалі 11-я гв. (ген.-лейт. К.М.Галіцкі), часці 4-й ударнай, 43-й, 3-й паветр. армій, 1-ы і 5-ы танк., 3-і гв.кав. карпусы. Ім процістаялі ням.-фаш. войскі 3-й танк. арміі, 5 пях. і 1 танк. дывізіі групы армій «Цэнтр» і паўд. крыла 16-й арміі групы армій «Поўнач», 2 пях. дывізіі, перакінутыя з-пад Ленінграда. У ходзе аперацыі да 20 снеж. вызвалена больш за 500 нас. пунктаў, 24 снеж. вызвалены Гарадок. У выніку Гарадоцкай аперацыі сав. войскі прасунуліся на 60 км, стварылі ўмовы для наступлення ў раёне Віцебска. 12 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Гарадоцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛЕ́ННЕў біялогіі,
працэс размнажэння клетак, у выніку якога з зыходнай мацярынскай утвараюцца новыя, даччыныя клеткі. Ляжыць у аснове росту тканак і працэсаў палавога размнажэння ў шматклетачных арганізмаў, у аднаклетачных арганізмаў забяспечвае рост іх колькасці. Працэс Дз. звычайна суправаджаецца глыбокімі зменамі ў клетачным ядры. Дзякуючы Дз. забяспечваецца няспыннасць існавання паслядоўных пакаленняў клетак і цэлых арганізмаў. У пракарыётаў (напр., бактэрый), клеткі якіх не маюць марфалагічна адасобленага ядра, Дз. ажыццяўляецца шляхам утварэння папярочнай перагародкі, пачкаваннем або множным Дз. з папярэднім падваеннем (рэплікацыя) генетычнага матэрыялу. У эўкарыётаў, клеткі якіх маюць ядро, адрозніваюць 2 тыпы Дз.: мітоз, уласцівы ўсім саматычным клеткам жывёльных і раслінных арганізмаў, і меёз, характэрны для палавых клетак чалавека і жывёл, а таксама раслін, што размнажаюцца палавым шляхам. У выніку меёзу ўзнікаюць палавыя клеткі з гаплоідным (адзінарным) наборам храмасом. У некаторых выпадках адбываецца прамое Дз. (амітоз) без утварэння храмасом і перабудовы ядра (рэакцыя тканкі на змененыя ўмовы асяроддзя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМУ́ШКА,
абсталяванне для скормлівання кармоў с.-г. жывёлам і птушкам. Умяшчае макс. разавую порцыю кармоў, забяспечвае гігіенічныя ўмовы кармлення, зручная для загрузкі кармоў, ачысткі і дэзінфекцыі.
Бываюць стацыянарныя, паўстацыянарныя (пад’ёмныя), пераносныя, перасоўныя і аўтам. (аўтакармушкі). Выкарыстоўваюць таксама К.-транспарцёры, кармавыя карыты, К. камбінаваныя, індывідуальныя і групавыя. Для буйн. раг. жывёлы найчасцей выкарыстоўваюць стацыянарныя К. з адна- і двухбаковым падыходам, на даільных устаноўках — індывідуальныя для канцэнтраванага корму, для свіней — адна- і двухбаковыя, у якіх задні борт вышэйшы за пярэдні, для курэй — аўтакармушкі бункернага тыпу і жалабковыя.
Кармушкі: а — кармушка-транспарцёр (1 — стужка, 2 — ланцуг); б — аўтакармушка (1 — карыта, 2 — бункер з кормам, 3 — размеркавальны конус); в — аўтакармушка з сістэмай распазнавання жывёл (1 — камбікорм, 2 — станцыя кіравання, 3 — антэна, 4 — датчык, 5 — шнэкавы дазатар); г, д — паваротная і спараная кармушкі для свіней, е — бункерная аўтакармушка для курэй (1 — конусны бункер, 2 — кормаправод, 3 — кармавая чаша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЧУ́К НАТУРА́ЛЬНЫ,
высокаэластычны матэрыял, прадукт расліннага паходжання, асн. кампанент якога палімер ізапрэну. Атрымліваюць каагуляцыяй латэксу натуральнага — млечнага соку каўчуканосных раслін, пераважна гевеі бразільскай. Прамысл. сарты К.н. — смокед-шытс і крэпы маюць 5—7% па масе некаўчукавых рэчываў (бялкоў, ліпідаў, смол і інш.), якія ўплываюць на яго стабільнасць і ўмовы перапрацоўкі.
Поліізапрэн К.н. мае 98—100% звёнаў ізапрэну ў 1,4-цыс канфігурацыі (стэрэарэгулярны поліізапрэн). Пры т-ры вышэй за 10 °C аморфнае рэчыва, шчыльн. 913 кг/м³, т-ра шклавання ад -70 да -72 °C, крышталізуецца пры ахаладжэнні ніжэй за -10 °C ці пры расцяжэнні. Не раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле. Набракае, а потым раствараецца ў бензіне, эфіры, бензоле, талуоле. Вулканізацыяй К.н. атрымліваюць высокаэластычную, зноса- і марозаўстойлівую гуму. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шын, гумава-тэхн. вырабаў, кляёў, эбаніту, электраізаляцыйных матэрыялаў, гумавых вырабаў санітарна-гігіенічнага, мед., харч. і спарт. прызначэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЎСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у мяст.Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовыКрэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.
Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.Кулік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКАў матэматыцы, правіла вылічэння адлегласці паміж любымі пунктамі (элементамі) зададзенага мноства. Мноства з зададзенай на ім М. наз.метрычнай прасторай. М. з’яўляецца сапраўднай лікавай функцыяй p(a,b) якая задавальняе ўмовы: p(a,b) ≥ 0, пры гэтым p(a,b) = 0 толькі, калі a = b, p(a,b) = p(b,a); p(a,b) + p(b,c) ≥ p(a,c). На адным і тым жа мностве М. можна задаць рознымі спосабамі. Напр., на плоскасці за адлегласць паміж пунктамі a(x1, y1) і b(x2, y2) можна прыняць звычайную эўклідаву адлегласць
,
ці інш. У вектарных прасторах (функцыянальных і каардынатных) М. задаецца нормай, а таксама з дапамогай скалярнага здабытку вектараў; у дыферэнцыяльнай геаметрыі — заданнем элемента даўжыні дугі з дапамогай дыферэнцыяльнай квадратычнай формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕнавакольнага асяроддзя,
забруджванне навакольнага асяроддзя адносна інертнымі ў фіз.-хім. адносінах агентамі, якія аказваюць на яго пераважна мех. ўздзеянне. Найб. закранае зямную паверхню, глебу і водныя аб’екты. Адрозніваюць М.з. прыроднае (напр., выкліканае селевым патокам, паводкай) і антрапагеннае (выкліканае дзейнасцю чалавека), асн. крыніцы якога — вытв. і бытавыя адходы (адвальныя пароды, шлакі, пыл, рэшткі драўніны, пластмасы, буд. смецце, адходы с.-г. і харч. вытв-сці, упаковачныя матэрыялы і інш.). Павялічваецца пераважна за кошт пашырэння адкрытай распрацоўкі карысных выкапняў, уцягвання ў эксплуатацыю бедных асн. рэчывамі парод, росту гарадоў і аб’ёмаў вытв-сці. Парушае натуральныя ўмовы існавання многіх арганізмаў, перашкаджае суднаходству, пагаршае эстэт. і рэкрэацыйныя вартасці асяроддзя, спрыяе развіццю другасных працэсаў яго фіз., хім. і біял. (у т. л.мікрабіял.) забруджвання (гл. адпаведныя арт.). Вылучаюць таксама забруджванне космасу — вывад у каляземную і найбліжэйшую касм. прастору аб’ектаў з выпадковымі арбітамі, якія перашкаджаюць функцыянаванню наземных устройстваў (пераважна радыётэхн. і астранамічных).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭМІ́РАВАННЕ (ад прэмія),
від матэрыяльнага стымулявання і заахвочвання работнікаў за канкрэтныя поспехі ў асабістай і калект. працы. Распрацоўка і ўкараненне сістэм П. ажыццяўляецца прадпрыемствам, а правільнасць выбару асн. яго элементаў (паказчыкі і ўмовы, колькасць прэміраваных, памер прэміі) ацэньваецца з пазіцый забеспячэння прынцыпу аплаты за працу і адпаведнасці эфекту, які павінен выяўляцца ў эканоміі выдаткаў на вытв-сць прадукцыі (работ, паслуг) і прырашчэнні прыбытку. П. можа быць штомесячнае, штоквартальнае, па выніках працы за год або інш. перыяды ў залежнасці ад асаблівасцей вытв-сці і працы, характару ўстаноўленых паказчыкаў, наяўнасці неабходных звестак аператыўнага і бухгалтарскага ўліку; таксама перыяды, што вызначаюцца сезоннасцю работ, працягласцю вытв. цыкла і інш. Памеры прэмій кожнага работніка вызначаюцца ў працэнтах да зарплаты па тарыфных стаўках (здзельных расцэнках), службовых акладах або ў памерах да -мінімальнай зарплаты. Ва ўсіх выпадках П. павінна быць забяспечана гарантаванасць крыніцы выплаты прэміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,
расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.
Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.
На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў (Георгій Іванавіч) (31.5.1912, г. Пінега Архангельскай вобл., Расія — 13.5.1987),
расійскі вучоны ў галіне аэрагідрадынамікі, стваральнік навук. школы па газадынаміцы. Акад.АНСССР (1958, чл.-кар. 1953), Герой Сац. Працы (1961). Скончыў Маскоўскі ун-т (1935). З 1934 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, з 1944 у НДІ цеплавых працэсаў, з 1965 у Ін-це касм. даследаванняў АНСССР (дырэктар, з 1973 заг. аддзела). Адначасова з 1952 у Маскоўскім ун-це (з 1955 заг. кафедры). Навук. працы па прыкладной газавай дынаміцы, касм. аэрадынаміцы, цеплафізіцы.
Даследаваў распаўсюджванне мех. хваль у вязкай вадкасці, устойлівасць віхравых слаёў, фіз.ўмовы распаду ламінарнага цячэння. Распрацаваў метады цеплавой аховы спускальных касм. апаратаў. Прапанаваў адно з тлумачэнняў праблемы Тунгускага метэарыта. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1978.
Тв.:
Космические исследования в СССР. М., 1970;
Аэромеханика больших скоростей и космические исследования. Избр. тр.М., 1992.
Літ.:
Воспоминания об академике Г.И.Петрове. М., 1993.