НАВАДВО́РСКІ УСПЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 1648—1817 у в. Новы Двор (цяпер у Пінскім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. Р.​М.​Валадковічам, які адпісаў яму 2 часткі свайго маёнтка Новы Двор і падначаліў Грозаўскаму манастыру. У сярэдзіне 18 ст. заняты уніятамі, пазней вернуты праваслаўным і прыпісаны да Пінскага Богаяўленскага манастыра. Будынкі былі драўляныя, не зберагліся. Ў манастыры знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, намаляваны, паводле легенды, у 13 ст. кіеўскім мітрапалітам Пятром. У 19 ст. абраз перавезены ў Суражыцкі манастыр Чарнігаўскай епархіі.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 11, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯШЧА́СНЫ ВЫ́ПАДАК у працоўным праве, пашкоджанне здароўя работніка пры выкананні ім прац. абавязкаў або пры інш. акалічнасцях, вызначаных заканадаўствам. Паводле КЗаП Рэспублікі Беларусь наймальнік абавязаны сумесна з прадстаўнікамі прафсаюзаў своечасова і правільна праводзіць расследаванне (пры неабходнасці з удзелам прадстаўнікоў інш. органаў) і весці ўлік Н.в. на вытв-сці. Па запатрабаванні пацярпелага наймальнік абавязаны выдаць яму акт аб Н.в. не пазней як праз 3 дні пасля заканчэння расследавання. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць матэрыяльную адказнасць за шкоду, нанесеную работніку калецтвам або інш. пашкоджаннем здароўя, якія звязаны з выкананнем ім прац. абавязкаў.

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́С, Аляксандр,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Іліяда» траянскі царэвіч, сын цара Прыяма і Гекубы. У спрэчцы Афрадыты з Герай і Афінай за званне прыгажуні прысудзіў перамогу Афрадыце. За гэта Афрадыта дапамагла яму выкрасці прыгажуню Алену, жонку спартанскага цара Менелая, што стала прычынай Траянскай вайны. У канцы вайны П. з дапамогай Апалона забіў грэч. героя Ахіла, але і сам загінуў. Вобраз П., асабліва сюжэт «суд П.», карысталіся папулярнасцю ў мастакоў і скульптараў (Л.Кранах Старэйшы, П.П.Рубенс, А.Канова і інш.).

Парыс. Скульптура А.​Кановы. 1810—16.

т. 12, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГО́РА ТЭАРЭ́МА,

тэарэма элементарнай геаметрыі, што вызначае сувязь паміж даўжынямі старон прамавугольнага трохвугольніка: квадрат гіпатэнузы роўны суме квадратаў катэтаў. Правільная і тэарэма, адваротнай П.т.: калі квадрат стараны трохвугольніка роўны суме квадратаў дзвюх інш. яго старон, тады гэты трохвугольнік прамавугольны.

Мяркуюць, што П.т. была вядома да Піфагора, але яму прыпісваюць доказ гэтай тэарэмы ў агульным выглядае. У першапачатковай форме вызначала суадносіны паміж адпаведнымі плошчамі: квадрат, пабудаваны на гіпатэнузе, роўнавялікі суме квадратаў пабудаваных на катэтах. У матэм. запісе: c​2 = a​2 + b​2.

Да арт. Піфагора тэарэма.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯРКУ́НАС (літ. Perkū́nas ад Perkū́nija навальніца, лат. Pḗrkons гром),

у стараж. балтыйскай міфалогіі бог грому, маланкі і дажджу. Яго ўяўлялі ў выглядзе раззлаванага чорнабародага мужчыны сярэдніх гадоў, увянчанага полымем, сівога старога на нябеснай калясніцы або конніка на вогненным кані і інш.

П. займаў першае месца сярод балтыйскіх багоў у сферы культу і надзяляўся універсальнымі здольнасцямі, у першую чаргу спрыяў урадлівасці. Яго ўмольвалі аб дажджы ў час засухі. У свяцілішчах у гонар П. падтрымлівалася незгасальнае вогнішча, яго культ абслугоўвалі спец. жрацы. У слав. міфалогіі яму адпавядае Пярун.

т. 13, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛЬВІ́НІ (Salvini) Тамаза (1.1.1829, г. Мілан, Італія — 31.12.1915),

італьянскі акцёр. З акцёрскай сям’і. У 1842 дэбютаваў на прафес. сцэне. З 1843 у трупе пад кіраўніцтвам Г.​Модэны, які паўплываў на яго творчасць. З 1860-х г. узначальваў свае трупы. Творчасці ўласцівы рамант. ўзнёсласць, гераічны пафас у спалучэнні з глыбокім пранікненнем у псіхалогію вобраза. Сусв. славу яму прынеслі выкананне гал. роляў шэкспіраўскай драматургіі: Атэла, Гамлет, Макбет, Кароль Лір у аднайм. п’есах. Сярод інш. лепшых роляў: Карада («Грамадзянская смерць» П.​Джакамеці), Арасман («Заіра» Вальтэра). Аўтар мемуараў і тэарэт. артыкулаў.

т. 14, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАРО́Г (ад санскр. сварга — неба),

вобраз стараж. міфалогіі ўсх. славян, божаства Неба, нябеснага агню, бацька Сварожыча і Дажбога. Паводле стараж. міфа, злучыў неба і зямлю, навучыў людзей каваць жалеза (у час яго ўладарства нібыта з неба на зямлю ўпалі клешчы і людзі пачалі каваць зброю). Яму прыпісваецца ўвядзенне манагамнага шлюбу і кары за парушэнне гэтага звычаю (парушальнікаў быццам бы кідаў у вогненную печ). Паступова С. страціў значэнне гал. божаства, ім стаў Дажбог, потым Пярун. З пашырэннем хрысціянства рысы С. як апекуна шлюбу нададзены Кузьме.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 14, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНО́Д БЕЛАРУ́СКАЙ ПРАВАСЛА́ЎНАЙ ЦАРКВЫ́,

сход вышэйшых духоўных асоб у Беларускай праваслаўнай царкве. Дзейнічае з усталяваннем у 1989 Беларускага экзархата. Яму належыць вышэйшая царк. заканад., выканаўчая і суд. ўлада ў межах экзархата. Складаецца з 5 (4 часовыя і 1 пастаянны экзарх) членаў і з 10 кіруючых архірэяў Бел. правасл. царквы. Часовыя члены па чарзе выклікаюцца на пасяджэнні, якія праводзяцца не радзей як 4 разы за год. Сінод дзейнічае ў межах кампетэнцыі, вызначанай царк. канонамі і Статутам Бел. экзархата. Падсправаздачны Сіноду Рускай правасл. царквы.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Юрый Васілевіч (2.9.1925, в. Дзешукова Макар’еўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Стралок мал. сяржант С. вызначыўся 24.6.1944 у баі каля в. Шалашына Аршанскага р-на Віцебскай вобл., дзе цяжка паранены трапіў у палон да гітлераўцаў і, нягледзячы на катаванні, не выдаў ваен. тайну, быў распяты на сцяне бліндажа. У вёсках Бераснёва Аршанскага, Буда і Шалашына Дубровенскага р-наў, у г. Орша і г.п. Арэхаўск Віцебскай вобл. яму пастаўлены помнікі.

Ю.В.Смірноў.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАГО́РСКІ (сапр. Пяцігорскі) Аляксандр Паўлавіч

(26.2.1910, г. Днепрапятроўск, Украіна — 6.1.1987),

віяланчэліст, педагог. Праф. (1961). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934). З 1936 выкладаў у Маскоўскай, Уральскай, Горкаўскай, у 1954—62 Бел. кансерваторыях. З 1963 у Маскоўскім муз.-пед. ін-це імя Гнесіных. Першы выканаўца прысвечаных яму канцэртаў для віяланчэлі з арк. А.​Багатырова, В.​Залатарова, А.​Масалова, рэдактар твораў бел. кампазітараў М.​Аладава, Багатырова, Залатарова і інш. Пісаў выканальніцкія і тэксталагічныя творы для віяланчэлі. Аўтар артыкулаў па праблемах методыкі ігры на віяланчэлі. Лаўрэат 3-га Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1937).

М.​С.​Шчарбакоў.

т. 15, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)