ПІ́НСКАЕ ДЗЯРЖА́ЎНАЕ ПРАДПРЫЕ́МСТВА «ЗАВО́Д КАМЕРТО́Н» Створана ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1979. Уваходзіць у склад бел. навукова-вытв. аб’яднання «Інтэграл». Спецыялізуецца на вытв-сці крэмніевых пласцін — канстр. аснове для вырабу інтэгральных схем і мікрапрацэсарнай тэхнікі. Тэхналогія вытв-сці навукаёмістая. Сістэма якасці сертыфікавана ў адпаведнасці з міжнар. стандартамі. Асн. прадукцыя (2000): пласціны з монакрышт. крэмнію, лічбавыя вымяральнікі артэрыяльнага ціску, электронныя наручныя гадзіннікі, электронныя лічыльнікі крокаў (метраў): электронныя гадзіннікі-тэрмометры, электронныя гульні. З мэтай маркетынгу на ім арганізавана бел.-амерыканскае прадпрыемства.

З.​М.​Мандроўская, А.​В.​Нікіфараў.

т. 12, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РО́ЯЛ ДАТЧ-ШЭЛ ГРУП»

(Royal Dutch-Shell Group),

англа-нідэрландская нафтавая кампанія, адна з найбуйнейшых транснацыянальных нафтавых карпарацый, уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Засн. ў 1907 у выніку аб’яднання нідэрл. кампаніі «Роял датч петролеум компані» (1890) і англ. кампаніі «Шэл транспарт энд трэйдынг компані» (1897). Займаецца разведкай і здабычай нафты, газу, вугалю, руд каляровых металаў, перапрацоўкай нафты, вытв-сцю нафта-хім. і хім. прадуктаў. Мае ўласны танкерны флот, 69 нафтаперапрац. з-даў, буйныя нафтахім. камбінаты, 27 н.-д. цэнтраў. Аб’ядноўвае больш за 900 даччыных фірм у 100 краінах свету.

т. 13, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧАЛЛЕ,

возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 1 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Уваходзіць у курортную зону Ушачы. Пл. 1,36 км², даўж. 3,68 км, найб. шыр. 480 м, найб. глыб. 35,9 м, даўж. берагавой лініі больш за 8 км. Пл. вадазбору 37,2 км². Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнУ 2—4 м), разараныя. Берагі высокія, на ПнУ і ПдЗ месцамі нізкія. Дно карытападобнае. Ложа складаецца з 2 упадзін, падзеленых невысокім падняццем. Расліннасць займае 5% плошчы возера. Упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Ваўчо. Каля возера дом адпачынку «Лясныя азёры».

т. 4, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ГІДРАГЕАЛАГІ́ЧНАЯ ЭКСПЕДЫ́ЦЫЯ (БГГЭ),

вытворчая арг-цыя па правядзенні геолагаздымачных і пошукавых работ. Створана ў 1956 у г. Мінск як Геолага-гідрагеал. здымачная экспедыцыя. З 1966 Бел. геолага-гідрагеал. трэст, з 1971 Бел. геолага-гідрагеал. экспедыцыя, з 1982 Бел. геолага-пошукавая экспедыцыя, з 1988 сучасная назва. Уваходзіць у ВА «Беларусьгеалогія». У складзе БГГЭ 4 палявыя партыі (1995): Усх. гідрагеал., Зах. пошукава-здымачная, Паўн. гідрагеал., Цэнтр. гідрагеал. і Лабараторыя прамывачных вадкасцяў. Асн. віды дзейнасці: пошукі і разведка падземных водаў для гасп., прамысл. і бальнеалагічнага выкарыстання, рэгіянальныя геолага-здымачныя, гідрагеал., інж.-геал. і экалагічныя работы.

т. 2, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІКТО́РЫЯ (Victoria Falls),

вадаспад на р. Замбезі, у Паўд. Афрыцы, на мяжы Замбія—Зімбабве; адзін з буйнейшых у свеце. Выш. 120 м, шыр. 1800 м. Падзяляецца астравамі на часткі: Глотка Д’ябла, Галоўны, Вясёлкавы, Усходні. Вада падае з уступу выш. 120 м у вузкі (130 м) і глыбокі (140 м) каньён у базальтах, утварае гіганцкія слупы вадзянога пылу. Расход вады моцна вагаецца на працягу года, у сярэднім каля 1400 м³/с. Уваходзіць у склад нац. паркаў Вікторыя-Фолс (Зімбабве) і Мосі-Оа-Тунья (Замбія). ГЭС. Турызм. Адкрыты ў 1855 Д.Лівінгстанам, названы ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.

т. 4, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДЭГІ́ДЫ,

клас арганічных злучэнняў, у састаў якіх уваходзіць альдэгідная група — C(O)H, звязаная з вуглевадародным радыкалам. Найпрасцейшы — фармальдэгід. Ніжэйшыя альдэгіды — рэчывы з рэзкім пахам, вышэйшыя C8—C14 — з прыемным. Рэакцыйназдольныя: акісляюцца да кіслот, аднаўляюцца да спіртоў, уступаюць у рэакцыі замяшчэння, далучэння, кандэнсацыі, утвараюць ненасычаныя злучэнні, цыклічныя трымеры (паральдэгід, трыаксан), лінейныя палімеры (парафармальдэгід), прадукты полікандэнсацыі. Атрымліваюць з любых класаў злучэнняў; некаторыя вылучаюць з расліннай сыравіны. Выкарыстоўваюць у сінтэзе палімераў (поліфармальдэгіду, полівінілацэталяў, аміна- і фенолальдэгідных смолаў), карбонавых кіслот, спіртоў і інш.; у вытв-сці пестыцыдаў, выбуховых, духмяных рэчываў, лекаў, фарбавальнікаў. Гл. таксама Ацэтальдэгід, Фурфурол, Ванілін, Цытраль.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНАВІ́ТАЯ ПАЛА́ТА,

помнік архітэктуры Расіі канца 15 ст.; адзін з стараж. будынкаў Масквы. Уваходзіць у комплекс Крамля Маскоўскага. Пабудавана ў 1487—91 італьян. арх. М.​Фразінам і П.​А.​Салары. Назва з-за аздаблення гранёным рустам усх. фасада палаты. Выкарыстоўваецца як парадная зала для ўрачыстых прыёмаў. Пл. каля 500 м². Перакрыта крыжовымі скляпеннямі, што апіраюцца на цэнтр. слуп. У 1882 сцены палаты размалявалі палехскія іканапісцы, якія паўтарылі своеасаблівую кампазіцыю стараж. размалёўкі. Разны залочаны партал 15 ст. выкананы ў формах рэнесансавай архітэктуры.

Літ.:

Насибова А. Грановитая палата Московского Кремля: [Альбом]. Л., 1978.

Гранавітая палата. Фрагмент фасада.

т. 5, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДЗЯ́НКА, Падкасцёлак,

возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец, уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,33 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, на Пд да 15 м, парослыя лесам, на З і У разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З і Пд супадаюць са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. На З выцякае ручай у воз. Галодна.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ДНА, Галубінае возера,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.

На ПнУ выцякае ручай у воз. Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІЦЫ́Н, амінавоцатная кіслата, глікакол,

H2NCH2COOH, прасцейшая, заменная амінакіслата. Бясколерныя крышталі, tпл 232—236 °C, у 100 мл вады пры 25 °C раствараецца 25 г гліцыну, у абсалютным спірце і эфіры не раствараецца. Уваходзіць у састаў усіх бялкоў, глутатыёну, а таксама мурэіну клетачных сценак бактэрый, трапляецца ў жывых арганізмах у свабодным стане. Удзельнічае ў біясінтэзе парафінаў, крэаціну, пурынаў, крыніца аміячнага азоту ў рэакцыях пераамінавання. Вытворныя гліцыну — гіпуравая і глікафоліевая к-ты, бетаін і інш. Атрымліваюць гліцын гідролізам жэлаціну або сінтэзам з монахлорвоцатнай к-ты і аміяку. Выкарыстоўваюць для прыгатавання буферных раствораў, сінтэзу гіпуравай к-ты і інш.

т. 5, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)