бел.нар. гульня. Удзельнікі (8—20 чал.) дзеляцца на 2 каманды, выбіраюць «агнёў» (вядучых). На пляцоўцы чэрцяць «калідор» (даўж. 8—12 м, шыр. 8—10 м). «Агні» становяцца ў «калідоры», гульцы — паабапал яго. Ударам аб зямлю ўнутры «калідора» гулец адной каманды перакідвае мяч гульцу другой, а «агні» ловяць. Гулец, мяч якога злоўлены, лічыцца «згарэлым» і выбывае. Гульня працягваецца, пакуль «агні» выведуць з яе гульцоў другой каманды. Гульню можна праводзіць і са зменай «агнёў» праз 10—15 мін. Перамагае той, хто выведзе з гульні найб. гульцоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРО́Д,
1) гаспадарчая пабудова на Беларусі; збудаванне са слупоў і жэрдак для дасушвання збажыны, сена, бульбоўніку і інш. Лакальныя назвы пераплот, астраўкі. Найб. пашыраны ў цэнтр. і паўн. раёнах. У фальварках азярод размяшчалі непасрэдна каля гумнаў, стадол, такоў. Цяпер у меншай ступені бытуе ўсюды.
2) Бел.нар. гульня. Удзельнікі бяруць дугу за адзін канец, а другім стукаюць аб зямлю так, каб дуга, саспружыніўшы, пераляцела цераз азярод (адсюль назва). Пераможца той, у каго дуга пераляціць цераз азярод больш разоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́ЧНАЯ СТУПЕ́НЬ, бараметрычная ступень,
паказчык стану атмасферы, роўны адлегласці па вертыкалі ў метрах, якая адпавядае змяненню атм. ціску на 1 гПа. З памяншэннем атм. ціску і ростам т-ры барычная ступень павялічваецца. Так, пры ціску 1000 гПа і т-ры 0 °C барычная ступень 8 м/гПа, пры ціску 500 гПа (на выш. каля 5 км) і той жа т-ры — каля 16 м/гПа. З ростам т-ры на 1 °C барычная ступень павялічваецца на 0,4%. Барычная ступень выкарыстоўваецца пры разліках па бараметрычнай формуле і пры бараметрычным нівеліраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТРА́ЦКІЯ ПЕ́СНІ,
песні батракоў, парабкаў, наймітаў у памешчыцкіх або кулацкіх гаспадарках; сацыяльна-бытавая нар. пазаабрадавая лірыка. Змест іх — скарга на гаротнае жыццё, цяжкую працу, здзекі гаспадара, сац. пратэст. Глыбінёй пачуцця вылучаюцца песні парабчанкі-сіраты, вымушанай жыць на «служэбным хлебе», што ела «ў сенцах за дзвярмі, аблівалася слязьмі», і наогул найміткі, бо яе хлеб таксама горкі («хто яго ўкусіць, той плакаці мусіць»). Батрацкія песні ўвабралі ў сябе больш раннія бурлацкія і некаторыя прымацкія песні, блізкія да іх сац. гучаннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГАЗЕ́ТА ГРОДЗЕ́НЬСКА»
(«Gazeta Grodzieńska»),
першае перыядычнае выданне на тэр. сучаснай Беларусі. Выдавалася з мая 1776 да 1783 (?) у Гродне на польск. мове раз на тыдзень на 2 старонках фарматам 15 × 20 см. Друкавалася ў Гродзенскай друкарні. У перадавых артыкулах абмяркоўваліся надзённыя грамадска-паліт. праблемы (на той час унікальная з’ява). Па патрабаванні караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродне была ўведзена пасада цэнзара, па загадзе якога рэдакцыйныя артыкулы часам замяняліся паведамленнямі з інш. выданняў. Змяшчала інфармацыю пра падзеі ў горадзе, аб’явы. Апошні выяўлены нумар газеты датаваны 28.12.1780.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМ’Я́НАЎ Мікалай Якаўлевіч (27.3.1861, г. Цвер, Расія — 19.3.1938),
савецкі хімік-арганік. Акад.АНСССР (1929; чл.-кар. 1924). Скончыў Маскоўскі ун-т (1886). З 1894 праф. Пятроўскай лясной і земляробчай акадэміі ў Маскве, з 1935 у Ін-це арган. хіміі АНСССР. Навук. працы па хіміі цыклічных злучэнняў. Распрацаваў агульны метад атрымання нармальных гранічных гліколяў, ненасычаных спіртоў і ізамерных ім аксідаў. Адкрыў ізамерызацыю аліцыклаў (расшырэнне ці звужэнне на адзін атам вугляроду) пры дэзамінаванні першасных амінаў азоцістай к-той (перагрупоўка Дз., 1903). Ленінская прэмія 1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́СПАРА (ад грэч. diaspora рассейванне),
пражыванне значнай ч. народа (этн. супольнасці) па-за межамі той краіны, дзе жыве асн.ч. народа. Утваралася ў выніку гвалтоўнага высялення, пагрозы генацыду, эканам. і геагр. фактараў. Першапачаткова Д. — вобласці па-за межамі Палесціны, дзе жылі яўрэі, асабліва ў часы Вавілонскага палону пасля выгнання іх у пач. 6 ст. да н.э.Навухаданосарам II, а ў 1—2 ст.н.э. — рымлянамі. Паступова тэрмін Д. стаў выкарыстоўвацца і да інш.рэліг. і этн. груп, якія жывуць у новых раёнах рассялення. Гл. таксама Дыяспара беларуская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ Апанас, бел. пісьменнік сярэдзіны 19 ст. Паводле некаторых звестак, пісаў вершы і апавяданні на магілёўскіх гаворках. Яму прыпісваюць аўтарства твора-брашуры «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» (выдадзена ананімна ў 1861). У форме гутаркі з урадавых пазіцый тонам сял. добразычліўца аўтар імкнуўся растлумачыць значэнне царскай рэформы як сродку вызвалення ад прыгону, заклікаў сялян прыхільна ставіцца да яе. Нягледзячы на тэндэнцыйнасць, у творы адлюстраваны рэальныя рысы тойгіст. эпохі, незадаволенасць сялян грабежніцкай рэформай. У творы шмат прыкладаў са стараж. гісторыі, мова жывая, насычаная фразеалагізмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́МЕР, Крэймер (Kramer) Стэнлі (н. 29.9.1913, Нью-Йорк), амерыканскі кінарэжысёр і прадзюсер. Скончыў Нью-Йоркскі ун-т (1933). Стваральнік вострасюжэтных фільмаў актуальнай тэматыкі: «Не схіліўшыя галавы» (1958, у пракаце «Скаваныя адным ланцугом»), «На апошнім беразе» (1959), «Пажнеш буру» (1960), «Нюрнбергскі працэс» (1961), «Гэты шалёны, шалёны, шалёны, шалёны свет» (1963), «Карабель дурняў» (1965), «Благаславі звяроў і дзяцей» (1971), «Прынцып «Даміно» (1977), «І спатыкаецца той, хто бяжыць...» (1979) і інш. Фільмы К. адпавядаюць традыц. драматургічным і жанравым схемам, для іх характэрна яснасць думкі. выказанай з максімальнай публіцыст. даступнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТО́ННЫ ЛІК, лептонны зарад,
квантавы лік, які характарызуе лептоны. Адлюстроўвае захаванне розніцы лікаў лептонаў і антылептонаў адной і той жа сям’і (пакалення) ва ўзаемадзеяннях элементарных часціц. Л.л. роўны 1 для лептонаў, -1 для антылептонаў і 0 для астатніх часціц. Л.л. сістэмы часціц роўны алг. суме Л.л. асобных часціц, якія ўваходзяць у яе састаў, і закон захавання лептонаў зводзіцца да закону захавання Л.л. Існуюць тэарэт. меркаванні, што закон захавання Л.л. з’яўляецца набліжаным, напр., магчымы ўзаемныя пераходы паміж нейтрына розных тыпаў (асцыляцыі нейтрына).