ВЕРАШЧА́ГІН Васіль Васілевіч (26.10.1842, г. Чарапавец, Расія — 13.4.1904),
рускі жывапісец-баталіст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1860—63), у майстэрні Ж.Л.Жэрома ў Парыжы (1864—65). Вандраваў па Расіі, Зах. Еўропе, Сірыі, Палесціне, Індыі, Японіі, ЗША і інш. Удзельнічаў у заваяванні Сярэдняй Азіі (1867—68), рус.-тур. (1877—78) і рус.-яп. (1904—05) войнах; загінуў у Порт-Артуры пры выбуху на браняносцы «Петрапаўлаўск». Быў блізкі да перасоўнікаў. У тэматычных серыях карцін «Туркестанская» (1871—74), «Балканская» (1877—78 і 1880-я г.), на тэму вайны 1812 (1887—1904) і інш. паказаў жорсткія будні вайны [«Пасля няўдачы. (Пераможаныя)», 1868], цяжар і героіку ратнай працы (трыптых «На Шыпцы ўсё спакойна!», 1878—79), мужнасць і маральную сілу народа-змагара («Не чапай, дай падысці!», 1887—95). У яго творах рамант. ўвасабленне ваен. сутыкненняў упершыню ў рус. батальным жанры саступіла месца філас. разважанням пра вайну («Апафеоз вайны», «Нападаюць знянацку», абедзве 1871), выкрыццю рэліг. фанатызму («Трыумфуюць», 1872), каланіялізму («Задушэнне індыйскага паўстання англічанамі», 1884). Па ўласных замалёўках і натурных эцюдах стварыў адметны жанр дакумент.-этнагр. жывапісу, дзе спалучыў дакумент. дакладнасць адлюстравання з дасканала распрацаванай кампазіцыяй, выразным малюнкам, каларыстычным рашэннем [«У гарах Алатау», 1869—70, «Дзверы Цімура (Тамерлана)», 1872—73, «Маўзалей Тадж-Махал у Агры», 1874—76, і інш.].
Тв.:
Избр. письма. М., 1981.
Літ.:
Верещагин В.В. Воспоминания сына художника. Л., 1982;
Лебедев А.К., Солодовников А.В. В.В.Верещагин. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГМАТЫ РЭЛІГІЙНЫЯ,
афіцыйна прызнаныя палажэнні рэліг. веравучэння, якія абвяшчаюцца царквой бясспрэчнай ісцінай, не падлягаюць перагляду і зменам, прызнаюцца вечнымі боскімі ўстанаўленнямі, абавязковымі для ўсіх веруючых. Кожная з рэлігій мае сваю дагматычную сістэму. У хрысціянстве догматы зацверджаны 2 першымі ўсяленскімі саборамі — Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) і атрымалі назву Нікея-Царградскага сімвала веры. Яны ўключаюць 12 асн. догматаў: аб адзінстве і траістасці Бога; аб Хрысце як зямным увасабленні Бога, сыне Божым, пасрэдніку паміж Богам і людзьмі; аб другім прышэсці Хрыста на зямлю; аб пашане адзінай саборнай царквы; аб неабходнасці хрышчэння; аб веры ў цялеснае ўваскрэсенне памерлых; аб веры ў замагільнае жыццё пасля «страшнага суда» і інш., якія пазней дапаўняліся. Праваслаўная царква абмежавалася рашэннямі першых 7 сусв. сабораў. Пасля падзелу цэркваў заходняя, рымска-каталіцкая, уключыла ў сваё веравучэнне новыя догматы: аб філіёкве (аб зыходжанні Святога духа не толькі ад бога-айца, але і ад сына); аб чысцілішчы; аб запасе добрых спраў; аб бязгрэшным зачацці Багародзіцы. Пратэстантызм прызнаў Д.р. аб апраўданні сваіх паслядоўнікаў вераю, а не царквою. Іудаізм у розныя часы прытрымліваўся розных дагматычных сістэм, з іх засталіся асн. тры: прызнанне адзінабожжа Яхве, богавыбраннасці яўр. народа і чаканне прыходу месіі (збавіцеля). Іслам у межах яго багаслоўскай сістэмы — калама — выпрацаваў догматы: аб адзіным Богу — Алаху, аб яго пасланніку Мухамеду, аб прадвызначэнні чалавечага лёсу Алахам. Індуізм зыходзіць з прызнання святасці «Ведаў», з перасялення душ, з няроўнасці людзей, наяўнасці кармы і інш. (гл. таксама Догма).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,
асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш.Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).
Літ.:
Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.
В.С.Пазднякоў.
Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІБІ́РСКАЕ ХА́НСТВА, Сібірскі юрт,
феадальная татарская дзяржава ў Зах. Сібіры і Паўн. Казахстане ў 15—16 ст.
Склалася ў 1420—90-я г. ў бас. рэк Табол, Тура, Об, Іртыш пасля распаду Залатой Арды. Да пач. 16 ст. сталіца г. Чынгі-Тура (сучасная Цюмень), пазней — г. Кашлык (другая назва Сібір, ад якой і назва ханства). Асн. насельніцтва — цюркамоўныя і уграмоўныя плямёны, якія паступова кансалідаваліся ў тат. этнас (сібірскія татары); ад іх залежалі ханты, мансі і інш. заходнесібірскія народы. Дзярж. рэлігія — іслам. Аснова гаспадаркі — качавая жывёлагадоўля, земляробства, паляванне, рыбалоўства, рамёствы (ганчарства, кушнерства, ткацтва, плаўка і апрацоўка металаў), гандаль з Сярэдняй Азіяй, Нагайскай Ардой, Казанскім ханствам, Манголіяй, Зах. Кітаем і Рус. дзяржавай. У С.х. правілі ханы — нашчадкі Джучы і яго сына Шэйбана, вял. уплывам карысталася качавая арыстакратыя — бекі, мурзы і тайбугі. З узмацненнем у сярэдзіне 16 ст.рус. націску на С.х. ханская ўлада ў ім аслабла, у 1555 хан Едыгер прызнаў сябе васалам Рас. дзяржавы. У 1563 ханам стаў Кучум, які з 1572 актыўна выступаў супраць Расіі. У 1581—82 казацкі атаман Ярмак пры падтрымцы рус. прамыслоўцаў Строганавых ажыццявіў паход супраць С.х., разбіў асн. войскі Кучума і захапіў Кашлык. У 1585 Кучум знішчыў атрад Ермака, аднак рас. войскі неўзабаве аднавілі прасоўванне ў С.х., будуючы на яго тэр. крэпасці (Тара, Табольск, Бярозаў). У 1598 Кучум канчаткова разбіты рас. ваяводам А.Ваейкавым на р. Бердзь; С.х. спыніла існаванне, яго тэр. далучана да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛО́ВІЧЫ, Сталавічы,
вёска ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля р. Смалянка, на аўтадарозе Гарадзішча—Баранавічы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 12 км на Пн ад горада і чыг. ст. Баранавічы, 210 км ад Брэста. 671 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Успенская царква (былы Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля), Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса.
Вядома з 14 ст. З 16 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав., належала Радзівілам. У пач. 17 ст. М.К.Радзівіл Сіротка засн. Сталовіцкую камандорыю Мальтыйскага ордэна ў складзе маёнткаў С. і Пацейкі для свайго сына мальтыйскага рыцара Ж.К.Радзівіла. У 1640—46 у С. пабудаваны Сталовіцкі касцёл Іаана Хрысціцеля. У Сталовіцкай бітве 1771 армія А.В.Суворава разбіла каля С. войска М.К.Агінскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) С. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Навагрудскага пав. Слонімскай, з 1797 Літоўскай, з 1801 Гродзенскай, з 1842 Мінскай губ. У 1897—929 ж., у 1909—858 ж., 95 двароў, школа, 2 царквы, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, 2 кірмашы на год. У 1907—11 пабудаваны Сталовіцкі касцёл Сэрца Ісуса. У 1921—39 у складзе Польшчы. мястэчка, цэнтр гміны Баранавіцкага пав. Навагрудскага ваяв., 678 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР. вёска, з 1940 цэнтр сельсавета Гарадзішчанскага р-на Баранавіцкай вобл., з 1954 — Брэсцкай вобл., з 1962 — Баранавіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУНДАМЕНТАЛІ́ЗМ,
1) кансерватыўны кірунак у пратэстантызме, прадстаўнікі якога патрабуюць прыняцця ў якасці асновы («фундамента») веравучэння ўсяго зместу Свяшчэннага пісання і адмаўляюць любыя спробы яго алегарычнага і рацыяналістычнага вытлумачэння. Узнік у 1910-я г. ў ЗША як рэакцыя на пашырэнне матэрыялізму, неадарвінізму і крытычных адносін людзей да Бібліі; было апублікавана выданне «The fundamentals» («Асновы»; вып. 1—12, 1910—12), якое і дало назву ўсяму руху. Найб. росквіту дасягнуў у 1920-я г., калі па ініцыятыве фундаменталістаў у многіх паўд. штатах ЗША былі прыняты т.зв. «антыэвалюцыйныя законы», якія забаранялі выкладанне вучэння Ч.Дарвіна. У 1919 на Сусв. біблейскай канферэнцыі ў Філадэльфіі заснавана Сусв.хрысц. фундаменталісцкая асацыяцыя. На Ніягарскіх біблейскіх канферэнцыях, якія рэгулярна праводзяцца ў ЗША, былі выпрацаваны 5 асн. прынцыпаў у якасці базы Ф.: боганатхнёнасць і непагрэшнасць Бібліі; божая прырода Ісуса Хрыста; бязгрэшнае зачацце; збавіцельная ахвяра сына Божага; яго фіз. ўваскрэсенне і будучае другое прышэсце.
2) Ідэалагічная прыхільнасць зыходным ідэям, прынцыпам, каштоўнасцям пэўных вучэнняў, дактрын [напр., ісламскі Ф., язычніцкі Ф., этнічны Ф., экалагічны («зялёны») Ф. і да т.п.]. Узнікае ва ўмовах крызісу якога-н. руху і праяўляецца ў супраціўленні, у т. л. гвалтоўнымі сродкамі, працэсу змен і абнаўлення розных сфер грамадскага жыцця. Напр., прыхільнікі ісламскага Ф. выступаюць за няўхільнае выкананне прадпісанняў Карана і шарыяту і ўвядзенне іх у якасці абавязковых норм сучаснага грамадска-паліт. жыцця (ісламізацыя), выкарыстоўваюць метады тэрору і насілля ў «свяшчэннай вайне» (газават, джыхад) з іншаверцамі за ўмацаванне і пашырэнне мусульманскага ўплыву ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЦІ́ЛА Іван Браніслававіч (28.12.1910, в. Талька Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 12.2.1977),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1953). Скончыў драм. курсы імя Ф.Дзяржынскага ў Мінску (1932). У 1932—61, 1967—71 працаваў у Бел. т-ры імя Я.Купалы, у 1961—67 — у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, вял.сцэн. абаяння. Валодаў яркім тэмпераментам, выконваў ролі эмацыянальна, з драм. насычанасцю і сац. акрэсленасцю. Складаным псіхал. малюнкам і драматызмам вызначаліся вобразы Рыгора («Партызаны» К.Крапівы), Янкі Купалы («Шчасце паэта» В.Віткі), Касагорава («Уцёкі з ночы» бр. Тур), Сыраварава («У мяцеліцу» Л.Лявонава). Пранікнёна, з лірызмам іграў Якіма Сароку («Паўлінка» Я.Купалы), Міколу Вераса («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы), з палымяным тэмпераментам — Тыбальта («Рамэо і Джульета» У Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Левановіч («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Іван Зарудны («У ціхім завулку» А.Маўзона), Мікола («Пагібель воўка» Э.Самуйлёнка), Раман («Каб людзі не журыліся» А.Макаёнка), Вронскі («Ганна Карэніна» паводле Л.Талстога), Трэплеў («Чайка» А.Чэхава), Крэчат («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Рыбакоў («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна), Хельмер («Нора» Г.Ібсена). Здымаўся ў кіно: «Пяюць жаваранкі», «Першыя выпрабаванні», «Вуліца малодшага сына», «Масква—Генуя».
Літ.:
Сабалеўскі А. Творчасць, сугучная думам народным // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;
Яго ж. Рампай асветленае. Мн., 1962. С. 35—49;
Яго ж. Жыццё тэатра. Мн., 1980. С. 203—206;
Бур’ян Б. Адухоўлены прафесіяналізм: (Да 60-годдзя І.Б.Шацілы) // Тэатр. Мінск. 1970. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́Ў ЛЯШЧЫ́НСКІ (20 10 1677, г. Львоў, Украіна — 23.2.1766),
кароль польскі і вялікі князь ВКЛ [1704—09, 1733]. Паходзіў са стараж. польскага шляхецкага роду. З 1696 выбіраўся паслом на соймы, з 1699 ваявода пазнанскі. У 1703 узначаліў апазіцыю каралю Аўгусту II Моцнаму. У час Паўночнай вайны 1700—21 стаў прыхільнікам саюзу са Швецыяй і выступаў за абранне каралём Якуба Сабескага, сына Яна III Сабескага. Адзін з ініцыятараў стварэння Варшаўскай канфедэрацыі, якая 14.2.1704 абвясціла дэтранізацыю Аўгуста II і бескаралеўе. Паводле загаду шведскага караля Карла XII 12.7.1704 элекцыйны сойм абраў С.Л. на трон Рэчы Паспалітай. У С.Л. не было шматлікіх войск і прыхільнікаў. Толькі пасля паражэння Аўгуста II у Саксоніі ад войск Карла XII і яго адрачэння ад польскага трона ў 1706 С.Л. быў прызнаны каралём большасцю магнатаў у Польшчы, Літве і Беларусі. Аднак пасля Палтаўскай бітвы 1709 прыхільнікі пачалі пакідаць С.Л., пасля чаго ён эмігрыраваў у Эльзас. Пасля смерці Аўгуста II (1733) франц. дыпламатыя вылучыла С.Л. кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай. 12.9.1733 12 тысяч выбаршчыкаў абралі С.Л. каралём польскім і вял. князем літоўскім. Аднак Расія і Аўстрыя не пагадзіліся з гэтым. Праз Беларусь і Літву ў Варшаву прыйшла рас. армія ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха. Пад аховаю рас. войск 5.10.1733 меншасць выбаршчыкаў абрала каралём Аўгуста III. Пачалася вайна за польскую спадчыну. У 1736 С.Л. быў вымушаны адмовіцца ад трона і зноў эмігрыраваў у Францыю. У выніку Венскага міру 1738 паміж Францыяй і Аўстрыяй, якім скончылася вайна, С.Л. атрымаў у пажыццёвае кіраванне герцагства Латарынгію і Бар пад кантролем Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАВА́НСКІЯ,
расійскі княжацкі род у 15—19 ст., прадстаўнікі якога займалі буйныя дзярж. і ваен. пасады. Паходзяць ад кн.Нарымонта (1294—1348), 2-га сынавял.кн.ВКЛГедзіміна. Сын Нарымонта Патрыкей у 1408 перайшоў на службу да Маскоўскага вял. князя Васілія I. Унук Патрыкея Васіль Фёдаравіч па празванні Хаванскі — непасрэдны родапачынальнік Х., з якіх найб. вядомыя:
Іван Андрэевіч Х. (?—1621), у час «Смуты» з 1607 актыўны ўдзельнік ваен. дзеянняў супраць Ілжэдзмітрыя II, ад прыхільнікаў якога ў 1609 вызваліў гарады Ржэў і Старыца; адзін з кіраўнікоў народнага апалчэння 1612; ваявода ў Яраслаўлі (1613—14) і Ноўгарадзе (1617—19); Іван Мікітавіч Х. (? — каля 1671), баярын, ваявода; кіраваў задушэннем Наўгародскага і Пскоўскага паўстанняў 1650, у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 удзельнік узяцця Смаленска (1654) і потым ваявода ў ім; Іван Андрэевіч Х. (мянушка Таратуй — пустамеля; ?—1682). баярын, ваявода; у вайну 1654—67 і рус.-швед. вайну 1654—57 ваявода ў Магілёве (з 1656) і Пскове (1657—61); у 1657 разбіў каля г. Гдоў швед. войска; у 1659—60 узначаліў рэйд царскіх войск па Беларусі, які суправаджаўся вял. спусташэннямі і забойствамі мірных жыхароў; у снеж. 1659 захапіў г. Гродна, у студз. 1660 — Брэст, пазней неаднаразова разбіты войскамі Рэчы Паспалітай; кіраваў падаўленнем Маскоўскага паўстання 1662; кіраўнік Маскоўскага паўстання 1682, т.зв. «Хаваншчыны», у час якога ўзначальваў Стралецкі прыказ; пакараны смерцю; Аляксандр Мікалаевіч Х. (1771—1857), сенатар, кіраўнік Дзярж. асігнацыйнага банка і экспедыцыі нарыхтоўкі каштоўных папер (з 1818); Мікалай Мікалаевіч Х. (1777—1837), ген. ад інфантэрыі, сенатар. чл.Дзярж. савета (з 1836); у 1823—37 бел. генерал-губернатар.