«Саюз» (серыя касм. караблёў) 2/581; 3/154; 5/488—489 (укл.), 497; 8/354; 9/394, 462

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ РА́ДА (БЦР),

дапаможны дарадчы орган, цэнтр. інстанцыя бел. адміністрацыі на акупіраванай тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Створаны ням. фашыстамі ў снеж. 1943 з Беларускай рады даверу пры ген. камісарыяце Беларусі. У БЦР уваходзілі 14 чал.: Р.​Астроўскі (прэзідэнт), М.​Шкялёнак (1-ы віцэ-прэзідэнт), Ю.​Сабалеўскі (2-і віцэ-прэзідэнт), Ф.​Кушаль (вайсковыя справы), С.​Кандыбовіч (фінансы), А.​Калубовіч (справы культуры), П.​Свірыд (юрыд. і рэліг. справы), С.​Калядка (лясная гаспадарка), С.​Станкевіч (прафес. справы), А.​Скурат (школьныя справы), П.​Орса (сельская гаспадарка), Н.​Абрамава, М.​Ганько і інш., якія ўзначальвалі 13 адпаведных аддзелаў. Фармальна гітлераўцы перадалі БЦР кіраўніцтва школьнай справай, культурай, сац. апекай, Беларускай краёвай абаронай (БКА). Аднак на месцах адпаведныя аддзелы заставаліся пад кантролем ням. акруговых камісараў. У акругах арганізоўваліся намесніцтвы ці аддзелы БЦР. У падпарадкаванне БЦР акупанты перадалі раней створаныя арг-цыі: Беларускую народную самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Саюз беларускай моладзі і інш. Члены БЦР памагалі гітлераўцам весці барацьбу супраць партызанаў, спрабавалі стварыць з бел. насельніцтва вайск. фарміраванні БКА. Дзейнасць БЦР фактычна была спынена на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 (27.6.1944, Мінск). Паслядоўнікі БЦР працягваюць паліт. дзейнасць у ЗША і Вялікабрытаніі.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДМО́ЎСКІ ((Dmowski) Раман Станіслаў) (9.8.1864, Камёнак, каля Варшавы, Польшча — 2.1.1939),

польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Ідэолаг польскага нацыяналізму. Скончыў Варшаўскі ун-т (1890). З 1888 чл. тайнай арг-цыі «Саюз польскай моладзі», з 1890 — Польскай лігі, якую ў 1893 разам з З.​Баліцкім ператварыў у Нац. лігу. Заснавальнік (1895) і выдавец час. «Przegląd Wszechpolski» («Усяпольскі агляд»), на старонках якога сфармуляваў праграму польскага нац. руху. У 1907—09 дэпутат і кіраўнік «Польскага кола» (аб’яднанне польскіх дэпутатаў) у рас. 2-й і 3-й Дзярж. думах. У 1917 у Парыжы арганізаваў Польскі нац. к-т, мэтай якога было аднаўленне незалежнай Польшчы. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы». Адмоўна ставіўся да бел. нац. руху, лічыў, што ўся Зах. і Цэнтр. Беларусь павінна ўваходзіць у склад польскай дзяржавы, выказваўся за асіміляцыю беларусаў і ўкраінцаў. Распрацаваў асновы нац.-дзярж. арганізацыі 2-й Рэчы Паспалітай. Аўтар кн. «Германія, Расія і польскае пытанне» (1908), «Польская палітыка і аднаўленне польскай дзяржавы» (1925), «Царква, народ, дзяржава» (1927), «Пасляваенны свет і Польшча» (1931).

Літ.:

Wapiński R. Roman Dmowski. Lublin, 1988.

т. 6, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́НТА (франц. Entente літар. згода),

ваенна-паліт. блок Вялікабрытаніі, Францыі, Расіі (Траістая згода), аформлены ў 1904—07; у 1-ю сусв. вайну аб’яднаў супраць герм. кааліцыі 25 дзяржаў. З узнікненнем Антанты фактычна закончыўся падзел дзяржаў Еўропы на 2 варожыя лагеры. Германія, значэнне якой у Еўропе вырасла пасля перамогі ў франка-прускай вайне 1870—71, падпісала ў 1879 саюз з Аўстра-Венгрыяй. У 1882 да яго далучылася Італія. Гэтым завяршылася стварэнне Траістага саюза 1879—82. У адказ Францыя і Расія заключылі франкарускі саюз 1891—93. Англія спрабавала застацца ў баку ад блокаў і быць міжнар. арбітрам, але ўзмацненне англа-герм. супярэчнасцяў прымусіла яе падпісаць англа-франц. (1904) і англа-рус. (1907) пагадненні, якія фактычна аформілі стварэнне Антанты. Расія і Францыя мелі ў гэтай групоўцы пэўныя ваен. абавязацельствы (Англія ад іх адмовілася). Рознагалоссі паміж удзельнікамі Антанты часткова былі згладжаны, але канчаткова не ліквідаваны. Іх спрабавала выкарыстаць Германія, каб вывесці з групоўкі Расію. Але гэтаму перашкаджала залежнасць Расіі ад франц. капіталу і ваен. пагроза з боку Германіі. У той жа час Антанта імкнулася ізаляваць ад Траістага саюза Італію (у маі 1915 апошняя перайшла на бок Антанты) і Аўстра-Венгрыю. На пач. 1-й сусв. вайны ўдзельнікі Антанты выступілі разам і ў вер. 1914 падпісалі пагадненне аб незаключэнні сепаратнага міру з Германіяй. У кастр. 1915 да пагаднення далучылася Японія і абвясціла вайну Германіі. У ходзе вайны да Антанты далучылася яшчэ 20 дзяржаў. Асноўны цяжар вайны неслі Расія і Францыя, на тэрыторыі якіх вяліся ваен. дзеянні. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917, калі Расія выйшла з Антанты, Англія і Францыя падпісалі пагадненне (23.12.1917) пра сумесную інтэрвенцыю ў Сав. Расію і падзел яе тэрыторыі. Антанта была ініцыятарам паходаў супраць Сав. дзяржавы (гл. Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя ў Расіі 1918—20). Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Антанты пасля заканчэння 1-й сусв. вайны прывяло да распаду гэтага блока.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНА-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ, кадэты, к.-д., партыя «народнай свабоды»,

палітычная арг-цыя леваліберальнага кірунку, адна з гал. партый у Расіі ў 1905—17. Аформілася на 1-м (12—18.10.1905, Масква) і 2-м (4—11.1.1906, Пецярбург) з’ездах на аснове арг-цый «Саюз вызвалення» і «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (засн. ў 1903—04) у ходзе рэвалюцыі 1905—07. Сац. склад — інтэлігенцыя, сярэдняя гар. буржуазія і ліберальна настроенае дваранства, а таксама служачыя, настаўнікі, рабочыя і інш. Паводле праграмы выступала за эвалюцыйнае развіццё рас. грамадства, замену самаўладства канстытуцыйнай і парламентарнай манархіяй на ўзор Вялікабрытаніі, мясц. самакіраванне, культ.-нац. самавызначэнне народнасцей, з аўтаноміяй для Польшчы, Фінляндыі і інш. У Дзярж. думе блакіраваліся з акцябрыстамі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіруючая партыя, яе прадстаўнікі ўваходзілі ў склад 3 кааліцыйных кабінетаў Часовага ўрада. Выступала за ліквідацыю двоеўладдзя, скліканне Устаноўчага сходу, правядзенне агр. і нац. рэформ. У кастр. 1906 70 тыс. членаў, у сак. 1917 да 100 тыс. членаў. Лідэры: П.М.Мілюкоў, П.Б.Струвэ, А.​І.​Шынгароў і інш. Афіц. друкаваныя органы — штотыднёвік «Вестник партии народной свободы» і газ. «Речь»; кадэцкай арыентацыі прытрымліваліся каля 70 цэнтр. і мясц. газет і часопісаў. У 1905—17 адбылося 10 з’ездаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 як праціўнік партыі бальшавікоў падтрымлівала белагвардзейскія ўрады. З 1920 у эміграцыі. На тэр. Беларусі арг-цыі кадэтаў існавалі ў 1905—06 у Магілёве і Пінску, пасля Лют. рэвалюцыі 1917 да ліст. 1917 іх было больш за 30 (дзейнічалі ў Віцебску, Магілёве, Мінску, 28 у пав. гарадах і населеных пунктах).

Літ.:

Шелохаев В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907—1914 гг. М., 1991;

Шардыка І.У. Да пытання аб колькасным і сацыяльным складзе арганізацый кадэцкай партыі на Беларусі ў 1917 г. // Весн. Бел. дзярж. ун-та. Сер 3. 1992. № 3.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБО́ЧЫ САЮ́З ЛІТВЫ́,

РСЛ (Związek Robotniczy na Litwie), інтэрнацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў Вільні, Мінску і Смаргоні ў 1896—1900. Створаны па ініцыятыве С.С.Трусевіча як альтэрнатыва Літ. с.-д. партыі (ЛСДП), якая адмовілася ад узаемадзеяння з рас. рабочым рухам. Арганізатары і кіраўнікі: Трусевіч, В.​Вайткевіч, В.​Васілеўскі, С.​Рулькоўскі, М.​Казлоўскі. Іх погляды склаліся пад уплывам рас. групы «Вызваленне працы» і польскай сацыяліст. партыі «Пралетарыят». РСЛ лічыў неабходным уступленне ў будучую Рас. с.-д. партыю на правах аўтаномнай групы. Ставіў за мэту звяржэнне царызму і ўстанаўленне рэсп. ладу, вызваленне рабочых ад прыгнёту бачыў у сацыялізме. Нац. пытанне ў праграме замоўчвалася. Гарантыю поўнай свабоды нац.-культ. развіцця насельніцтва «Літвы» звязваў са стварэннем рас. дэмакр. -канстытуцыі. У паняцце «Літва» дзеячы РСЛ уключалі і б. ч. Беларусі ў межах Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ., але прытрымліваліся пашыранага на той час памылковага меркавання пра адсутнасць бел. нацыі і, адпаведна, бел. рабочых, якіх па канфесіянальных прыкметах падзялялі на «рускіх» і «палякаў». У 1896—97 РСЛ кіраваў шэрагам стачак у Вільні і Смаргоні, якія суправаджаліся арыштамі. Да канца 1896 арганізаваў прафесійны саюз гарбароў Літвы з аддзяленнямі ў Вільні, Мінску і Смаргоні. Паслаў Г.​В.​Пляханаву, П.​Б.​Аксельроду, В.​І.​Засуліч мандат на Лонданскі міжнар. сац. кангрэс 2-га Інтэрнацыянала. Арышты 1897 большасці кіраўнікоў не спынілі дзейнасці саюза. Ён выпускаў пракламацыі, вёў вусную агітацыю, у сак. 1899 быў адным з арганізатараў 3 антыўрадавых дэманстрацый віленскіх рабочых, праведзеных з нагоды адпраўкі ў ссылку членаў РСЛ, ЛСДП і Бунда. У 1897—99 выдаў 6 нумароў газ. «Przegląd Robotniczy» («Рабочы агляд»). У студз. 1900 аб’яднаўся з сацыял-дэмакратыяй Каралеўства Польскага ў Сацыял-дэмакратыю Каралеўства Польскага і Літвы, некат. члены РСЛ пасля ссылкі ўдзельнічалі ў стварэнні Віленскай арг-цыі і Паўн.-Зах. к-та РСДРП.

М.​В.​Біч.

т. 13, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ ГАЙ»,

бел. культурна-асветная арг-цыя ў Адэсе ў снеж. 1917 — лют. 1920. Аб’ядноўвала бел. інтэлігенцыю (у 1918 больш за 500 чл.). Мэта — клопат пра бежанцаў 1-й сусв. вайны і бел. насельніцтва ў Адэсе. Стаяла на паліт. платформе партыі бел. эсэраў, выступала за нац.-дзярж. самавызначэнне бел. народа. Выдавала газ. «Белорусы в Одессе». «Беларускі гай» прыняў рэзалюцыі ў падтрымку рэвалюцыі, за ўтварэнне краёвага ўрада Беларусі і яе федэратыўны саюз з Расіяй (28.1.1918), рэзалюцыю-пратэст супраць разгону 17.12.1917 кіраўніцтвам Зах. вобласці і фронту Усебел. з’езда ў Мінску (3.3.1918), супраць умоў Брэсцкага мірнага дагавору (7.4.1918). 19.3.1918 на аб’яднаным пасяджэнні рады «Беларускага гаю» і Бел. вайсковай рады створана Бел. нац. рада для абароны інтарэсаў беларусаў у Адэсе і яе ваколіцах. Рада выбрала Бел. нац. камісарыят, у які ўвайшлі Я.​Трафімаў, С.​М.​Некрашэвіч, А.​В.​Баліцкі, Г.​Я.​Козел, П.​Н.​Гудзень, П.​В.​Ільючонак, С.​А.​Янушкевіч, А.​Ф.​Ляжневіч, І.​І.​Мацюкевіч, П.​Пячонкін.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 2, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ СТУДЭ́НЦКІХ АРГАНІЗА́ЦЫЙ (Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Празе) (АБСА). Дзейнічала ў жн. 1924 — вер. 1939. Заснавана на канферэнцыі бел. студэнцкіх арг-цый. Устаноўчы з’езд адбыўся 29.6.1926. Мэта — «аб’яднанне ўсяго бел. студэнцтва на грунце акадэмічнай самапомачы», прапаганда ідэі незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У 1924 прынята ў склад Аб’яднання студэнцкіх эмігранцкіх арг-цый Усх. Еўропы, 27.8.1926 — у Міжнар. студэнцкую канфедэрацыю (СІЕ). Выпускала бюлетэнь на франц. мове (з 1924) пра дзейнасць арг-цый бел. студэнтаў, становішча на Беларусі, супрацоўнічала ў перыяд. выданнях СІЕ. У 1930-я г. наладзіла сувязь з арг-цыямі бел. студэнтаў у Амерыцы, Германіі, Латвіі, Літве, шэрагу гарадоў Еўропы, у АБСА увайшлі Т-ва беларусазнаўства пры Віленскім ун-це імя С.​Баторыя (у Вільні працаваў аддзел прэзідыума АБСА на чале з С.​Станкевічам),

гурток бел. студэнтаў у Бруселі, Саюз бел. студэнтаў у Германіі. Старшыні: В.​Жук-Грышкевіч, з 1926 М.​Гузоўскі, з 1932 А.​Вітушка. Спыніла дзейнасць у сувязі з пачаткам 2сусв. вайны.

Ю.​Р.​Васілеўскі.

т. 1, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКАЯ БІ́ТВА 1238,

бітва паміж ням. рыцарамі і войскам галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча Галіцкага ў г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Польшча). У 1237 польскі кн. Конрад Мазавецкі перадаў раней заняты ім г. Драгічын Берасцейскай зямлі дабжынскім рыцарам на чале з магістрам Бруна. Тут пасялілася тая частка Дабжынскага ордэна, якая не ўвайшла ў 1235 у Тэўтонскі ордэн і захавала самастойнасць. Гэтым актам Конрад Мазавецкі спрабаваў замацавацца ў Берасцейскай зямлі і стварыць фарпост абароны ад Літвы. Вясной 1237 кн. Даніла Раманавіч рушыў на Драгічын, каб выбіць ням. рыцараў з падкантрольнай яму зямлі. З’явіўшыся пад горадам у сак. 1238, Даніла перамог дабжынцаў і захапіў у палон магістра Бруна. Вынікам перамогі стаў антыпольскі саюз, заключаны паміж Данілам Раманавічам і вял. князем ВКЛ Міндоўгам. У 2пал. 1238 ваяваць Мазовію хадзілі са сваім войскам Міндоўг і новагародскі кн. Ізяслаў. Конрад Мазавецкі адмовіўся ад тэр. дамаганняў да Галіцка-Валынскага княства.

Г.​М.​Сагановіч.

т. 6, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ДЭНДОРФ ((Ludendorff) Эрых) (9.4.1865, маёнтак Крушэўня каля г. Познань, Польшча — 20.12.1937),

германскі ваен. і паліт. дзеяч. Ген. пяхоты (1916). Скончыў ваен. акадэмію ў Берліне (1893). У 1908—12 нач. аператыўнага аддзела Генштаба. У 1-ю сусв. вайну памочнік ген. П.Гіндэнбурга і фактычны кіраўнік дзеянняў герм. войск на Усх. фронце. 23—31.8.1914 разбіў 2рас. армію ген. А.​В.​Самсонава каля Таненберга (цяпер в. Стэмбарк у Вармінска-Мазурскім ваяв. Польшчы). 3 ліст. 1914 нач. штаба фронту, са жн. 1916 1-ы ген.-кватэрмайстар штаба вярх. камандавання і фактычны кіраўнік дзеянняў узбр. сіл Герм. імперыі. 3 кастр. 1918 у адстаўцы. Удзельнік антысеміцкага руху, Капаўскага путчу 1920 і кіраўнік (разам з А.​Гітлерам) «піўнога путчу» 1923 супраць Веймарскай рэспублікі. У 1924—28 дэп. рэйхстага. У 1926 разам з жонкай заснаваў т.зв. Таненбергскі саюз (у 1933 забаронены), які меў на мэце барацьбу з «унутранымі ворагамі дзяржавы» (яўрэямі, масонамі, камуністамі). Аўтар кніг «Вядзенне вайны і палітыка» (3-е выд. 1923), «Татальная вайна» (1936).

т. 9, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)