баявыя дзеянні рас.сухап. войск і 1-й Ціхаакіянскай эскадры пры абароне крэпасці Порт-Артур (цяпер Люйшунь) 9.2.1904—2.1.1905 у час руска-японскай вайны 1904—05. У ноч на 9 студз.яп. мінаносцы нечакана атакавалі на знешнім рэйдзе Порт-Артура рас. эскадру, пашкодзілі 2 браняносцы і 1 крэйсер. Гэта паклала пачатак вайне. 5 мая на Пн ад Порт-Артура высадзілася яп. 2-я армія, якая перарэзала чыгунку і пацясніла рас. войскі каля г. Цзіньчжоў (цяпер г. Цзуньсянь) і чыг. станцыі Вафангоў. Для захопу крэпасці яп. камандаванне стварыла 3-ю армію (70 тыс.чал., каля 400 гармат), якая 30 чэрв. аблажыла крэпасць (гарнізон 50,5 тыс.чал., у т. л. 8 тыс. маракоў, 646 гармат). Спробы рас. эскадры 23 чэрв. і 10 жн. прарвацца ва Уладзівасток пацярпелі няўдачу. Тры штурмы яп. войск былі адбіты. 26 ліст. пачаўся 4-ы штурм. Пасля гібелі 15 снеж.нач.сухап. абароны Р.І.Кандраценкі лёс крэпасці быў прадвызначаны. 2.1.1905 нач. Квантунскага ўмацаванага раёна ген.-лейт. А.М.Стэсель (насуперак меркаванню ваен. савета працягваць абарону) падпісаў капітуляцыю. У палон трапіла каля 32,5 тыс.рас. вайскоўцаў. Страты яп. войск склалі больш за 110 тыс.чал. і 15 караблёў. Пасля вайны для ўдзельнікаў П.-А.а. быў усталяваны ўзнагародны крыж «За абарону Порт-Артура»; шэраг афіцэраў, салдат і матросаў таксама ўзнагароджаны спец. медалём «Чырвонага крыжа» (1906). У час П.-А.а. вызначыліся многія вайскоўцы беларусы, ураджэнцы Беларусі і выхаванцы Полацкага кадэцкага корпуса, у т. л. генералы К.М.Смірноў, В.В.Разнатоўскі, афіцэры Б.А.Вількіцкі (восенню 1904 удзельнічаў у выпрабаваннях падводнай лодкі ў Порт-Артуры), В.А.Квіткін, І.М.Лівотаў, А.А.Нішчанкоў, У.А.Свіньін, Б.Шышко; поўны Георгіеўскі кавалер матрос Дз.А.Румак і інш.
Літ.:
История русско-японской войны, 1904—1905 гг.М., 1977;
Сорокин А.И. Оборона Порт-Артура. 3 изд. М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВІ́ЗІІ (ад лац. revisio перагляд),
перапісы насельніцтва, якое плаціла падаткі і адбывала рэкруцкую павіннасць у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Выкліканы заменай падворнага абкладання падушным падаткам. Р ўлічвалі падатныя саслоўі (да 95% насельніцтва імперыі, без Польшчы, Фінляндыі і Закаўказзя) і ч. непадатковых груп насельніцтва — духавенства, адстаўных салдат, ямшчыкоў і інш. Вынікі перапісу падлягалі шматгадовай праверцы — рэвізіі (адсюль і назва). Асобы, якія падлягалі перапісу, называліся рэвізскімі душамі і заносіліся ў т.зв. рэвізскія сказкі. Усяго праведзена 10 Р. (3—5-я, 7—10-я ахапілі і асоб жаночага полу). Колькасць насельніцтва Расіі паводле Р.: 1-й (1719) — 15,6 млн.чал.; 2-й (1744—45) — 18,1 млн.; 3-й (1763) — 23,2 млн.; 4-й (1782) — 28,4 млн.; 5-й (1795) — 37,4 млн.; 6-й (1811) — 42,7 млн.; 7-й (1815) — 43,9 млн.; 8-й (1833) — 52,9 млн.; 9-й (1850) — 56,9 млн.; 10-й (1857) — 59,3 млн.чал. На Беларусі Р. праводзіліся з 1772. Колькасць насельніцтва ў бел. губернях паводле 3-й Р. (дадатковы перапіс па далучаных бел. землях) — 1,2 млн.чал., 4-й — 1,3 млн. (Полацкая і Магілёўская губ.), 5-й — 4 млн., 6-й — 3,8 млн., 7-й — 3,8 млн., 8-й — 4,7 млн., 9-й —4,8 млн., 10-й —4,5 млн.чал. Матэрыялы Р. — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Рас. імперыі, даюць магчымасць высветліць колькасць і дынаміку руху насельніцтва, яго саслоўны і нац. склад, суадносіны сельскага і гар. насельніцтва і інш.Напр., удзельная вага прыгонных з 5-й да 10-й Р. па 5 бел. губернях знізілася з 75,7% да 55,7% усяго насельніцтва, а іх абсалютная колькасць з 1 527 699 да 1 264 400 чал. мужчынскага полу, што сведчыла пра крызіс прыгонніцтва.
Літ.:
Кабузан В.М. Изменения в размещении населения России в XVIII—первой половине XIX в.: (По материалам ревизий). М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕКАБРЫ́СТЫ,
расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.М.Мураўёў, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, С.І., М.І.Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».
«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.М.Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.А.Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс.салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.
29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.
Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.І.Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва«Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.І.Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.
Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.
Літ.:
Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;
Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;
Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1905—07 У РАСІ́І,
першая расійская рэвалюцыя; няўдалая спроба змены дзярж. ладу. Выклікана рэзкім абвастрэннем эканам. і сац.-паліт. становішча ў сувязі з руска-японскай вайной 1904—05. Пачалася з расстрэлу рабочай дэманстрацыі ў Пецярбургу 9(22).1.1905 (гл.«Крывавая нядзеля»). Выступленні салідарнасці з рабочымі сталіцы ахапілі ўсю краіну. У студз.—сак. 1905 баставалі 810 тыс.прамысл. рабочых — у 2 разы болей, чым за 10 папярэдніх гадоў. У многіх месцах забастоўкі і дэманстрацыі суправаджаліся сутыкненнямі з войскамі і паліцыяй. Барацьба разгортвалася пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве рэвалюцыя!». Вырасла папулярнасць левых партый (Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі, сацыялістаў-рэвалюцыянераў і інш.). У крас. 1905 на III з’ездзе РСДРПбальшавікі ахарактарызавалі рэвалюцыю, як бурж.-дэмакратычную і пралетарскую. Буржуазію яны лічылі няздольнай узначаліць рэв. барацьбу, таму адзіным саюзнікам пралетарыяту, на іх думку, было сялянства, што змагалася за зямлю. Бальшавікі заклікалі шляхам арганізацыі ўзбр. паўстання скінуць самадзяржаўе і ўстанавіць уладу часовага рэв. ўрада, органа пралетарыяту і сялянства, да склікання Устаноўчага сходу. Меншавікі (правае крыло РСДРП) склікалі асобную канферэнцыю, на якой вызначылі, што рэвалюцыя з’яўляецца і паводле характару, і паводле рухаючых сіл буржуазнай. З гэтага вынікала, што гал. задачай рэвалюцыі з’яўляецца пераход улады да буржуазіі і стварэнне ў Расіі парламенцкай рэспублікі. На працягу 1905 рэвалюцыя развівалася па ўзыходнай лініі. Яе вясенне-летні ўздым пачаўся масавымі першамайскімі забастоўкамі рабочых (220 тыс. удзельнікаў). Свята Першае мая адзначалася ў 200 гарадах. Больш за 2 месяцы баставалі рабочыя г. Іванава-Вазнясенск, дзе для кіраўніцтва выступленнем быў створаны першы Савет упаўнаважаных дэпутатаў (правобраз Саветаў рабочых дэпутатаў). Буйная падзея рэвалюцыі — паўстанне каманды браняносца «Пацёмкін» на Чорным м. (чэрв.—ліп. 1905) — першая спроба стварэння ядра рэв.ўзбр. сіл. Амаль адначасова адбылося паўстанне маракоў на Балтыцы ў Лібаве (Ліепаі). Усяго летам 1905 адбылося больш за 10 выступленняў у арміі і на флоце. Крыху пазней пачаў разгортвацца сял. рух, у якім пераважным уплывам карысталіся сацыялісты-рэвалюцыянеры (эсэры). Па іх ініцыятыве ў жн. 1905 у Расіі ўзнікла першая масавая арг-цыя сялян — Усерасійскі сялянскі саюз, які выступаў за мірныя метады барацьбы (перагаворы, петыцыі). Разам з тым эсэры актыўна выкарыстоўвалі ў барацьбе з царскімі ўладамі тактыку індывід. тэрору. Летам 1905 толькі ў Еўрап. Расіі адбылося больш за 900 сял. выступленняў. Напалоханы размахам рэвалюцыі ўрад 19.8.1905 апублікаваў маніфест аб скліканні законадарадчай думы. Аднак гэты праект не задаволіў не толькі рэв. лагер, але і лібералаў, і не быў ажыццёўлены. Восень 1905 характарызавалася далейшым нарастаннем рэв. выступленняў. У пач.кастр. 1905 у Маскве забаставалі рабочыя Гал. майстэрань Казанскай чыгункі, хутка да іх далучыліся практычна ўсе чыгункі Маскоўскага вузла. Гэтыя падзеі сталі пачаткам Кастрычніцкай усерасійскай палітычнай стачкі 1905 (каля 2 млн. удзельнікаў), якая праходзіла пад заклікамі дэмакр. свабод і склікання Устаноўчага сходу і фактычна паралізавала эканам. жыццё краіны. Да рабочых далучыліся служачыя і дробная буржуазія. Ствараліся Саветы рабочых дэпутатаў. Ва ўрадавым лагеры адчувалася збянтэжанасць. Войскі неахвотна выконвалі навязаныя ім паліцэйскія функцыі па задушэнні нар. незадавальнення. Найб. кансерватыўныя сілы ў акружэнні цара Мікалая П заклікалі ўжыць жорсткія меры, больш дальнабачныя прапаноўвалі пайсці на пэўныя ўступкі. Ў выніку гэтых ваганняў цар падпісаў Маніфест 17 кастрычніка 1905 (30.10 па н.ст.) «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку», у якім дэкларавалася ўвядзенне дэмакр. свабод і скліканне Дзяржаўнай думы з заканад. функцыямі. Для рас. лібералаў абнародаванне маніфеста азначала перамогу і адначасова канец рэвалюцыі. Іх мэты былі дасягнуты. Рас. буржуазія і дваранства пачалі ствараць партыі на легальнай аснове. Былі арганізаваны партыя буйной буржуазіі і капіталіст. арыентаваных памешчыкаў — Саюз 17 кастрычніка (гл.Акцябрысты), партыя ліберальнай буржуазіі — Канстытуцыйна-дэмакратычная партыя (кадэты). Нягледзячы на істотныя разыходжанні ў праграмах, акцябрысты і кадэты былі адзіныя ў імкненні ператварыць Расію ў канстытуцыйную манархію. Акрамя буржуазных кансалідаваліся і крайне правыя (чарнасоценныя) партыі, сац. базай якіх было памеснае дваранства, духавенства і найб. цёмныя нізы горада і вёскі, пранізаныя манархісцкім і нацыяналіст. духам. Найб. масавым быў створаны ў ліст. 1905 Саюз рускага народа. Маніфест 17 кастр. не спыніў напалу рэв. барацьбы. Увосень 1905 актывізавалася сялянства, у ліст.Сял. саюз абвясціў аб далучэнні да ўсеагульнай забастоўкі. Сяляне патрабавалі раздзелу памешчыцкай зямлі. Рэвалюцыянізацыя сялянства адбівалася на настроях у арміі і на флоце, бо большасць салдат і маракоў былі выхадцамі з сялян. Найб. грамадскі рэзананс мела Севастопальскае паўстанне 1905. Адным з найб. вострых пытанняў рэвалюцыі было нацыянальнае. Русіфікатарская палітыка самадзяржаўя прывяла да ўздыму нац.-вызв. барацьбы ў імперыі. У Фінляндыі. Польшчы, Прыбалтыцы, Закаўказзі, Украіне народы патрабавалі ўраўнавання ў правах, магчымасці атрымліваць адукацыю на роднай мове, развіваць нац. культуру. Адбываўся працэс стварэння нац.паліт. партый. Кульмінацыяй рэвалюцыі стала Снежаньская ўсерасійская палітычная стачка 1905, якая перарасла ва ўзбр. паўстанні ў Маскве і многіх гарадах поўдня Расіі, Урала, Сібіры, Украіны. Усе яны былі жорстка задушаны войскамі і паліцыяй, якім не маглі процістаяць рабочыя з іх тактыкай барыкадных баёў. Пачаўся паступовы спад рэвалюцыі, хоць часам хвалі рабочых, сялянскіх, салдацкіх і матроскіх выступленняў (Свеаборгскае паўстанне 1906, Кранштацкае паўстанне 1906 і інш.) узнімаліся даволі высока. На апошнім этапе рэвалюцыі (1906—07) у сувязі з узмацненнем урадавага тэрору паліт. барацьба ў значнай ступені перамясцілася ў Дзярж. думу, у 1-м (10.5—21.7.1906) і 2-м (5.3—15.6.1907) складах якой існавала лева-ліберальная большасць (кадэты, трудавікі, нар. сацыялісты, сацыял-дэмакраты і інш.), шырока абмяркоўваліся пытанні аграрнай рэформы. У той жа час спробу рэфармавання краіны пачаў старшыня Савета міністраў П.А.Сталыпін. Аднак амаль усе прапанаваныя ім законапраекты былі правалены Думай і царскім акружэннем, якое бачыла ў Сталыпіне «разбуральніка асноў». Рэфармаванне краіны «зверху» зноў пацярпела няўдачу, што ў канчатковым выніку прадвызначыла рэвалюцыю 1917. Канцом рэвалюцыі 1905—07 лічыцца «трэцячэрвеньскі пераварот» 1907 (16.6 па н.ст.), калі царызм распусціў 2-ю Дзярж. думу. Прыняты урадам новы выбарчы закон істотна абмежаваў выбарчыя правы працоўных. Усталявалася «трэцячэрвеньская манархія», якая, нягледзячы на свой кансерватыўны характар, была новым у параўнанні з дарэв. часам этапам развіцця рас. дзяржаўнасці (спалучала элементы ранейшага самадзяржаўя і бурж. парламенцкай манархіі).
На Беларусі Р. 1905—07 пачалася ў студз. 1905 выступленнямі салідарнасці з рабочымі Пецярбурга, якія ахапілі 31 горад і мястэчка, у т. л. Мінск. Віцебск, Магілёў, Гродна, Брэст, Смаргонь, Мазыр, Полацк, Слонім. У канцы студз. — пач.лют. праходзілі масавыя эканам, забастоўкі асобных прадпрыемстваў і цэлых галін прам-сці. Рабочыя дамагліся скарачэння рабочага дня да 9—10, а часам нават да 8 гадзін, прыкметнага павышэння заробкаў і інш. уступак. Нярэдка эканам. забастоўкі суправаджаліся антыўрадавымі маніфестацыямі. Пад уплывам паліт. выступлення рабочых пачалі абуджацца дэмакр. пласты гар. насельніцтва, вучнёўская моладзь. Свята Першага мая паўсюдна на Беларусі адзначана 18 крас. (па ст.) стачкамі, дэманстрацыямі і сходамі пад заклікамі «Далоў самадзяржаўе!», «Няхай жыве дэмакратычная рэспубліка!». Падзеі летам 1905 на Беларусі прадэманстравалі непарыўную сувязь барацьбы мясц. пралетарыяту з агульнарас. рэв. рухам. Летні уздым барацьбы ў краі быў выкліканы крывавымі расправамі царскіх улад над рабочымі Лодзі, Варшавы, Адэсы, Іванава-Вазнясенска, а таксама паўгадавінай пачатку рэвалюцыі. У чэрв.-ліпені выступленні салідарнасці адбыліся ў Мінску, Віцебску, Магілёве, Бабруйску, Барысаве, Оршы, Смаргоні, Копысі. У Талачыне і Ашмянах мелі месца ўзбр. дэманстрацыі. Усяго ў крас.—чэрвені паліт. выступленні рабочых адбыліся ў 56 гарадах і мястэчках Беларусі. Пад уздзеяннем рабочага руху пачаўся масавы рэв. рух сялян, накіраваны супраць памешчыкаў і мясц. адміністрацыі. Калі ў студз.—сакавіку 1905 на Беларусі адбылося 53, то ў крас.—чэрвені — 237 сял. выступленняў. У чэрв. адбылася агульная забастоўка сялян-падзёншчыкаў і парабкаў Навагрудскага павета. На працягу лета 1905 падобныя забастоўкі ахапілі Мінскі, Гродзенскі, Брэсцкі, Бабруйскі, Ваўкавыскі, Слуцкі і Рэчыцкі пав. Гэта была новая для вёскі форма барацьбы, якая пашыралася пад уплывам агітацыі мясц. арг-цый рэв. партый — РСДРП, эсэраў, Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), Бунда. Кіравалі гэтымі выступленнямі выбарныя сял. к-ты, якія рыхтавалі патрабаванні да памешчыкаў і вялі перагаворы з імі. Памешчыкі вымушаны былі пайсці на ўступкі — павысіць плату сялянам-падзёншчыкам і парабкам. Летам 1905 адбыліся хваляванні салдат у Мінску і Віцебску. У жн. 1905 паўсюдна на Беларусі прайшлі мітынгі і дэманстрацыі пратэсту супраць спробы царызму падмануць народ шляхам склікання дарадчай Дзярж. думы. У кастр. 1905 Беларусь, як і ўся краіна, была ахоплена кастр.усерас.паліт. стачкай, якая прымусіла царызм да выдання Маніфеста 17 кастр. з абяцаннем дэмакр. свабод. Паліт. рух працоўных у гэты час адбываўся ў 53 бел. гарадах і мястэчках. Ужо пасля абвяшчэння Маніфеста былі расстраляны мітынгі ў Віцебску і Мінску (гл.Курлоўскі расстрэл 1905), адбыліся сутычкі з паліцыяй у Полацку і Смаргоні, яўрэйскія пагромы ў Гомелі, Рэчыцы, Оршы. На Беларусі дзейнічалі аддзяленні Саюза рускага народа, акцябрыстаў, кадэтаў. Паліт. платформу кадэтаў падтрымлівала Канстытуцыйна-каталіцкая партыя Літвы і Беларусі. Небывалага размаху дасягнула дзейнасць партый рэв.-дэмакр. лагера — РСДРП, Бунда, эсэраў, БСГ, Польскай сацыялістычнай партыі. Іх нізавыя арг-цыі выйшлі з падполля і дзейнічалі амаль адкрыта — праводзілі мітынгі і сходы, выдавалі газеты і лістоўкі, кіравалі стачкамі рабочых, выступленнямі сялян і вайскоўцаў. Пад уплывам кастр. падзей колькасць сял. выступленняў вырасла з 17 у вер. да 154 у ліст. (у 9 разоў); у снеж. іх было 286. Пачасціліся выпадкі разгромаў і падпалаў памешчыцкіх маёнткаў. У Горацкім, Клімавіцкім і Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ.сял. рух набыў характар узбр. паўстання. Сур’ёзныя хваляванні адбываліся ў войску. У Гродне ад падпарадкавання камандаванню адмовілася артыл. брыгада, у ліст. 1905 адбыліся Бабруйскае выступленне салдат 1905, Баранавіцкае выступленне рабочых і салдат 1905, Брэсцкія выступленні Салдат 1905—07 і інш. У час Снеж.усерас.паліт. стачкі 1905 рэв. выступленні адбыліся ў 28 гарадах і мястэчках Беларусі (усе задушаны ўзбр. сілай). Нягледзячы на ваен.-паліцэйскі тэрор, узровень рэв. руху на Беларусі ў студз. 1906 заставаўся даволі высокім: рабочыя 13 гарадоў стачкамі адзначылі гадавіну рэвалюцыі, сял. рух у студз. выліўся ў 135 выступленняў, першамайскія забастоўкі 1906 адбыліся ў 40 населеных пунктах. Адначасова з паліт. узмацняўся і эканам, рух рабочых, у якім усё большую ролю адыгрывалі прафес. саюзы, легалізаваныя ў час рэвалюцыі. Удзельная вага паліт. выступленняў бел. сялян летам 1906 перасягнула паказчыкі 1905. Пасля роспуску 1-й Дзярж. думы (ліп. 1906) урад ва ўнутр. палітыцы перайшоў да адкрытага ваен. тэрору. У такіх умовах рэв. сілы на Беларусі, як і паўсюдна ў Расіі, пачалі адступаць. Колькасць рабочых і сял. выступленняў паступова змяншалася. Партыі інтэлігенцыі і буржуазіі канчаткова перанеслі сваю дзейнасць у Думу.
Літ.:
Первая русская революция и ее историческое значение. М., 1975;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.
У.Г.Філякоў.
Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Браняносец «Пацёмкін», які паўстаў, у Адэскім порце. Чэрвень 1905.Да арт.Рэвалюцыя 1905—07 у Расіі. Дэманстрацыя рабочых у Смаргоні. Кастрычнік 1905.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,
антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс.салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасці сацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам. дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв.к-т» на чале з С.Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.М.Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.М.Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.Д.Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс.чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс.чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс.чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),
1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.І.Леніна і ЦКРСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл.парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.
2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац. пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.К.Уладзіміраў. У вер. 1905 парт.арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр.к-тРСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.—сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп.к-т РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СК,
горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс.ж. (1995).
Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах.рус. арміяй ген. П.І.Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс.чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.
Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЦІ́НСКІ (Анатоль Ільіч) (н. 18.11.1931, в. Дзямешкава Лепельскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Скончыў БДУ (1956). Працаваў у прэсе. У 1975—82 сакратар праўлення СП Беларусі, у 1986—90 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва». У 1990—96 дэп. Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Друкуецца з 1951. Першы зб. паэзіі «Песня пра хлеб» (1962). Тэмы сучаснага жыцця ў яго шматгранных вымярэннях — у аснове кніг «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979). Творам Вярцінскага ўласцівы высокі грамадзянскі пафас, філасафічнасць, аналітычнасць, вострая публіцыстычнасць. Паэт асэнсоўвае «вечныя» праблемы чалавечага існавання, маральныя каштоўнасці жыцця, услаўляе духоўную веліч чалавека, выкрывае абыякавасць і самазадаволенасць. Найб. значныя творы — ліраэпічныя паэмы «Заазер’е» і «Дажынкі» (1968) — прысвечаны жыццю пасляваен. бел. вёскі, маці — вясковай працаўніцы — лірычная паэма «Начны бераг» (1972), у якой сцвярджаецца неабходнасць захавання гармоніі ва ўзаемаадносінах чалавека з прыродай, і лірыка-філас. паэма «Колькі лет, колькі зім!» (1979, тэлеспектакль 1980). Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй!» (паст. 1974), «Скажы сваё імя, салдат» (паст. 1975), «Гефест — друг Праметэя» (паст. 1984), літ.-крытычных і публіцыстычных твораў (зб. «Высокае неба ідэалу», 1980, «Нью-Йоркская сірэна», 1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы класічнай і сучаснай рус., укр., літ., лат., балт., польск., венгерскай паэзіі, п’есы Лопэ дэ Вэгі «Раба свайго каханага», М.Себасцьяна «Безыменная зорка», В.Пальчынскайтэ «Спяшаюся за летам».
Тв.:
Выбранае. Мн., 1973;
Святло зямное. Мн., 1981;
Дзякуй, вялікі дзякуй!: П’есы. Мн., 1983;
Хлопчык глядзіць... Мн., 1992.
Літ.:
Шпакоўскі Я. Узрушанасць. Мн., 1978. С. 91—102;
Сямёнава А. Высокае неба // Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Бугаёў Дз. Споведзь даверлівая і шчырая // Бугаёў Дз. Талент і праца. Мн., 1979;
Лойка А. Пераадоленне // Лойка А. Паэзія і час.Мн., 1981;
Арочка М. Усе чатыры вятры паэзіі // Арочка М. Саюз часу і майстэрства. Мн., 1981;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 129—131, 134—136, 161—167;
Бечык В. На аснове чалавечай роднасці... // Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Гніламёдаў У. Вершы мае — пісьмы // Гніламёдаў У. Ля аднаго вогнішча. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІЯ ПАЎСТА́НЦКІЯ АТРА́ДЫ,
узброеныя фарміраванні ў паветах Гродзенскай губ. ў ходзе паўстання 1863—64. Першым іх буйным выступленнем быў напад у ноч на 11.1.1863 паўстанцкіх атрадаў (усяго больш за 1000 чал.) пад агульным камандаваннем У.Ціхорскага (Замэчка) на гарнізон г. Сураж. Паўстанцы разграмілі ротны цэйхгаўз, папсавалі чыг. і тэлегр. сувязь. Да 20.1.1863 атрады Ціхорскага, Р.Рагінскага, С.Сангіна, Б.Рыльскага, В.Левандоўскага (усяго каля 5000 чал.) сканцэнтраваліся ў мяст. Сямяцічы Бельскага пав. (цяпер тэр. Польшчы), аднак 26 студз. былі выбіты адтуль. У крас. 1863 у Сакольскім пав. (цяпер Польшча) сфарміраваны атрад В.Урублеўскага, які аб’яднаўся з беластоцкім (узначальвалі афіцэры А.Баранцэвіч, Ю.Эйтмановіч і інш.), а таксама з атрадам з Бельскага пав. на чале з Э.Кярсноўскім. Адначасова ў Гродзенскім пав. створаны атрад А.Лянкевіча (Ляндара, 200 чал.), які пасля бою 22 крас. каля мяст. Азёры пайшоў у Ваўкавыскі пав., дзе злучыўся з мясц. атрадам Г.Стравінскага (Млотка). У ходзе бою 2—3 мая паблізу в.Міхалін Кобрынскага пав. пад націскам паўстанцаў (500—800 чал.) урадавыя войскі (2 роты салдат і каля 100 казакоў) адступілі. У Пружанскім пав. ў крас. быў сфарміраваны атрад Ф.Влодэка, у Слонімскім пав. дзейнічаў атрад Ф.Юндзіла (каля 250 чал.). У Кобрынскім пав. 25 крас. — 1 мая створаны атрад Р.Траўгута (Кракаўскага), да якога ў маі далучыўся брэсцкі атрад на чале з Я.Ваньковічам (Лялівам). У Брэсцкім пав. сфарміраваны атрад Стасюкевіча (каля 300 чал.). На тэр. Гродзенскай і Аўгустоўскай губ. дзейнічаў таксама атрад Тышкі (каля 100 чал.), у Гродзенскай пушчы з лют. 1863 — атрад Л.Нарбута (пасля яго гібелі атрад ўзначальваў К.Парадоўскі, у ім змагаліся М.Э.Андрыёлі і Ф.Багушэвіч). На тэр. губерні дзейнічалі і больш дробныя атрады. Самая вял. бітва адбылася ў маі 1863 каля в.Мілавіды (гл.Мілавідская бітва 1863). Асаблівасцю Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў было адносна шырокае прадстаўніцтва ў іх сялян. Атрады захоплівалі павятовыя канцылярыі, знішчалі дакументы, вярталі сялянам сабраныя падаткі, а казённыя грошы пад распіску бралі на патрэбы атрада. У канцы лета — пач. восені 1863 паводле рашэння Выканаўчага аддзела Літвыўзбр. барацьба на тэр. Беларусі і Літвы, у т. л. ў Гродзенскай губ., спынена. Рэшткі Гродзенскіх паўстанцкіх атрадаў адышлі ў Падляшша, дзе пэўны час працягвалі барацьбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСТАТУ́ТНЫЯ ЎЗАЕМААДНО́СІНЫ,
устойлівыя сацыяльна-негатыўныя адносіны суб’ектаў інстытуцыянальных структур, у т. л. ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, звязаныя з глумленнем, здзекамі і насіллем адных людзей над інш.
Н.ў. вядомы з часоў стварэння армій, у якіх афіцыйна выкарыстоўвалася разгалінаваная сістэма статутных адносін. Напр., у ВКЛ нормы рыцарскага права былі ўзаконены пастановамі Навагрудскага (1502), Віленскага (1507) і інш. соймаў, потым сістэматызаваны ў Статутах ВКЛ і Артыкулах вайсковых (1754), але яны не заўсёды выконваліся. У выніку адбываліся канфлікты, у т. л. ўзброеныя, паміж вайскоўцамі. Н.ў. былі вял.сац. праблемай у арміі Рас. імперыі як сярод салдат, кадэтаў і юнкераў, так і ў дваранскім і афіцэрскім асяроддзі. Л.М.Талстой вылучаў у салдацкім асяродку 3 групы аб’ектаў і суб’ектаў Н.у.: прыгнечаныя, тыя, што прыгнятаюць, і адчайныя. Найб. небяспечная для арміі група «адчайных», прадстаўнікі якой здольны «начальніка забіць і таварыша абрабаваць».
Шмат правапарушэнняў у сферы міжасобасных адносін было ва Узбр. Сілах СССР і ў наш час існуюць у арміях шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Прычыны Н.у. абумоўлены аб’ектыўнымі супярэчнасцямі гіст. развіцця грамадства і неадэкватнымі мерамі па спыненні крымінальных праяў, а таксама нізкай кампетэнцыяй службовых асоб і іх халатнасцю пры выкананні сваіх абавязкаў. Недахопы фармальнай (статутнай) сістэмы ўзаемаадносін у вайсковых калектывах кампенсуюцца ў нефармальных іерархічных структурах, якія складваюцца ў калектывах. Перадумовамі ўзнікнення і падставамі для з’яўлення Н.у. служаць т.зв. «дзедаўшчына» (падзел ваеннаслужачых па тэрмінах службы), «зямляцтва» (падзел па рэгіянальнай і нац. прыналежнасці), «культ сілы», а таксама крымінальныя, рэліг. і грамадска-паліт. фактары. Для Узбр. Сіл Беларусі дамінуючым фактарам з’яўляецца «дзедаўшчына». Суб’екты Н.у. (правапарушальнікі) часцей належаць да крымінальна-гвалтоўнага тыпу асобы, для якіх характэрны гіпертрафіраваны ўзровень матэрыяльных патрабаванняў, эгаістычныя тэндэнцыі, адсутнасць (прыгнечанасць) духоўных памкненняў і г.д. Для аб’ектаў Н.у. (пацярпелых) характэрны больш малады ўзрост і пазнейшы прызыў, а ў некаторых выпадках — псіхал. гатоўнасць да здзекаў (успрыняцце Н.у. як армейскай «традыцыі»), нізкі ўзровень фіз. і псіхічнай падрыхтаванасці да службы і г.д. У бел. войску выпрацавана сістэма метадаў і прыёмаў папярэджання дэвіянтных паводзін ваеннаслужачых, што спрыяла зніжэнню негатыўных наступстваў Н.у.
Літ.:
Дедовщина в армии: (Сб. социол. док.). М., 1991;
Мацкевич Й.М., Эминов В.Е. Преступное насилие среди военнослужащих. М., 1994;
Сероштан В.А. Неуставные взаимоотношения в армии: социальные истоки и пробл. предупреждения // Армия. 1998. № 5.