САКСО́НСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

дынастыя германскіх каралёў (у 919—1024) і імператараў «Свяшчэннай Рымскай імперыі» (з 962). Заснавальнік — Генрых I

[919—936; гл. ў арт. Генрых]; яго пераемнікі: Атон I [936—973],

Атон II [983—983], Атон III [983—1002]. Са смерцю апошняга прамая галіна С.д. скончылася, каралём стаў прадстаўнік яе бакавой лініі баварскі герцаг Генрых [кароль Генрых II, 1002—24]. На змену С.д. прыйшла Франконская дынастыя.

Літ.:

Колесницкий Н.Ф. Исследование по истории феодального государства в Германии (IX — первая половина XII в.). М., 1959;

Жадько Е.Г. Сто великих династий. М., 2001.

Г.​В.​Прыбытка.

т. 14, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛД, Фільд (Field) Джон (26.7.1782, Дублін — 23.1.1837), ірландскі піяніст, кампазітар, педагог; прадстаўнік т.зв. лонданскай школы піянізму. З 1792 выступаў як піяніст. З 1802 у Расіі: канцэртаваў, выкладаў. Яго выкананне вылучалася наватарствам і развітой тэхнікай. Стваральнік жанру фп. накцюрна (каля 20). Сярод інш. твораў: 7 канцэртаў для фп. з арк.; фп. п’есы, у т. л. 4 санаты, варыяцыі на англ. і рус. мелодыі; арыі, рамансы і інш. Сярод вучняў М.Глінка і інш.

Літ.:

Николаев А. Дж.​Фильд. 2 им. М., 1979.

т. 16, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЭДЭРЫ́К-ЛЕМЕ́ТР [Frédérick-Lemaître; сапр. Леметр (Lemaître) Антуан Луі Праспер; 29.7.1800, г. Гаўр, Францыя —26.1.1876],

французскі акцёр. З 1816 выступаў у дэмакр. т-рах бульвараў Парыжа. Прадстаўнік дэмакр. рамантызму і пачынальнік рэалізму ў франц. т-ры. Рэфарматар сцэн. мастацтва — адмовіўся ад класіцысцкага прынцыпу ідэалізацыі вобразаў. Сярод роляў: Рабер Макер («Заезны двор Адрэ» Анцье, Сент-Амана і Паліянта), Джэнара, Руі Блаз («Лукрэцыя Борджа», «Руі Блаз» В.​Гюго), бацька Жан («Парыжскі анучнік» Ф.​Пія), Жорж дэ Жэрмані («Трыццаць гадоў, ці Жыццё гульца» В.​Дзюканжа).

т. 16, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮВА́РА (Juvara, Juvarra) Філіпа (27.3.1678, г. Месіна, Італія — 1.2.1736), італьянскі архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Вучыўся ў Рыме (1703—14) у арх. К.​Фантаны. Працаваў пераважна ў г. Турын, а таксама ў Партугаліі і Іспаніі. Пабудовы Ю. вылучаюцца веліччу форм, спалучэннем павялічанага па маштабе «каласальнага» ордэра з класічнай выразнасцю дэталей і прамалінейнасцю планаў: фасад і лесвіца Палацца Мадама ў Турыне (1718—21), комплекс кляштара Суперга (1714—31), палац Ступініджы (1729—33; абодва каля Турына). Іл. гл. да арт. Турын.

т. 18, кн. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІ́ЛБІ (Philby) Кім (сапр. Гаральд Адрыян Расел; 1.1.1912, г. Амбала, Індыя — 11.5.1988),

адзін з найб. выдатных агентаў сав. знешняй разведкі, журналіст. З сям’і брыт. арыстакратаў. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1933), дзе стаў прыхільнікам сацыяліст. і камуніст. ідэй. Прадстаўнік лонданскай газ. «The Times («Часы») у Іспаніі ў час грамадз. вайны 1936—39. З сярэдзіны 1930-х г. да 1963 супрацоўнічаў з сав. разведкай (чл. «Кембрыджскай пяцёркі»). З 1940 адначасова супрацоўнік брыт. разведкі (МІ 6), дзе спачатку працаваў у контрразведвальным падраздзяленні; з кастр. 1944 кіраўнік 9-га аддзела, з канца 1946 — бюро МІ 6 у Турцыі, з 1949 прадстаўнік МІ 6 пры Цэнтр. развед. упраўленні і Федэральным бюро расследаванняў ЗША (адна з найб. важных І адказных пасад у брыт. разведцы). У 1951 западозраны ў здрадзе і звольнены, але МІ 6, не маючы доказаў, і далей супрацоўнічала з ім як са сваім агентам. Да 1963 карэспандэнт вядучых брыт. выданняў у Бейруце (Ліван). Пад пагрозай выкрыцця і суда выехаў у СССР (1963), дзе і памёр. За гады дзейнасці Ф. сав. разведка атрымала ад яго каштоўныя звесткі аб планах Вялікабрытаніі адносна гітлераўскай Германіі, тайных аперацыях зах. спецслужб супраць сацыяліст. краін, сітуацыі на Б. Усходзе. Аўтар мемуараў.

Тв.:

Рус. пер. — Моя тайная война. М., 1989.

Літ.:

Найтли Ф. Ким Филби — супершпион КГБ: Пер. с англ. М., 1992.

А.​А.​Тозік.

т. 16, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́АРНЕ (Aarne) Анці Аматус (5.12.1867, г. Б’ёрнеборг, Фінляндыя — 5.2.1925),

фінскі фалькларыст; прадстаўнік т.зв. фінскай гісторыка-геагр. школы ў фалькларыстыцы. Распрацаваў і абгрунтаваў тэхн. прыёмы параўнальнага метаду, даў узоры яго дастасавання да казак, загадак, песень. Гал. працы: «Паказальнік казачных тыпаў» (1910), «Асновы параўнальнага вывучэння казак» (1913), «Параўнальнае вывучэнне загадак» (т. 1—3, 1918) і інш. На аснове яго паказальніка амер. казкавед С.​Томпсан склаў свой «Паказальнік казачных тыпаў» (1928). Міжнар. сістэму класіфікацыі казачных сюжэтаў А.—Томпсана выкарыстаў Л.Р.Бараг у паказальніку «Сюжэты і матывы беларускіх народных казак» (1978).

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬБЕРХ Іван Іванавіч (14.7.1766, Масква — 26.7.1819),

рускі танцоўшчык, першы рус. балетмайстар, педагог. Прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Пецярбургскую тэатр. школу (1786), выкладаў у ёй (з 1794). З 1786 саліст Пецярбургскіх імператарскіх т-раў, выконваў пантамімныя партыі: Ясон («Медэя і Ясон» Ж.​Ж.​Радольфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» Д.​Штэйбельта). Паставіў 37 (1-ы — «Шчаслівае пакаянне», 1795) і ўзнавіў 10 балетаў інш. харэографаў. Працаваў у традыцыях дзейснага балета 18 ст. Адбіраў для імператарскіх т-раў лепшых танцоўшчыкаў з прыватнаўласніцкіх труп (у т. л. 14 салістаў Шклоўскага тэатра Зорыча).

т. 3, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Малера, А.​Брукнера, І.​Брамса, Л.​Бетховена і інш.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНІ́ХІН Андрэй Нічыпаравіч (28.10.1759, с. Новае Усолле Пермскай вобл., Расія — 5.3.1814),

рускі архітэктар, прадстаўнік ампіру. Да 1785 прыгонны графа А.​С.​Строганава. З 1777 вучыўся ў Маскве жывапісу, а таксама архітэктуры ў В.Бажэнава і М.Казакова. З 1779 у Пецярбургу. Праф. Пецярбургскай АМ (1811—14). Асн. работы ў Пецярбургу: Казанскі сабор (1801—11) і Горны ін-т (1806—11). Прымаў удзел у стварэнні арх. ансамбляў у Паўлаўску і Пецяргофе (цяпер Петрадварэц). Выкарыстоўваў аблегчаныя канструкцыі, натуральныя буд. матэрыялы. Майстар інтэр’ера і малых арх. формаў.

А.Вараніхін. Будынак горнага інстытута ў Пецярбургу. 1806—11.

т. 4, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЦЛАЎ З ШАМО́ТУЛ (Wacław z Szamotuł), Шаматульчык, Шаматульскі (Szamotulczyk, Szamotulski; 1533 ці 1534, г. Шаматулы, Польшча — 1567 ці 1568),

польскі кампазітар, паэт. Прадстаўнік польскага муз. Адраджэння, майстар поліфанічнага стылю а капэла. З 1555 на Беларусі, працаваў у кн. Радзівіла Чорнага. Аўтар літургічных твораў, у т. л. імшы, матэтаў, шматгалосых рэфармац. песень пераважна на лац. і польск. тэксты. Найб. вылучаюцца матэты, адметныя гуманіст. зместам, шырокім выкарыстаннем імітацыйнай тэхнікі, сувяззю з нац. нар. песеннасцю. Многія яго творы змешчаны ў пратэстанцкім канцыянале «Песні хвал боскіх», выд. у Брэсце Я.​Зарэмбам (1558).

т. 4, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)