ЮВА́РА (Juvara, Juvarra) Філіпа (27.3.1678, г. Месіна, Італія — 1.2.1736), італьянскі архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Вучыўся ў Рыме (1703—14) у арх. К.Фантаны. Працаваў пераважна ў г. Турын, а таксама ў Партугаліі і Іспаніі. Пабудовы Ю. вылучаюцца веліччу форм, спалучэннем павялічанага па маштабе «каласальнага» ордэра з класічнай выразнасцю дэталей і прамалінейнасцю планаў: фасад і лесвіца Палацца Мадама ў Турыне (1718—21), комплекс кляштара Суперга (1714—31), палац Ступініджы (1729—33; абодва каля Турына). Іл. гл. да арт. Турын.
т. 18, кн. 1, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)