КАЛО́РЫЯ (ад лац. calor цяпло),

пазасістэмная адзінка колькасці цеплаты. Абазначаецца кал, 1 кал = 4,1868 Дж, тэрмахім. К. роўная 4,1840 Дж. Пасля ўвядзення Міжнар. сістэмы адзінак (СІ) заменена джоўлем.

т. 7, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕНА́Н (Cuquenán),

вадаспад у Венесуэле, на р. Кукенан (прыток р. Карані) на Гвіянскім пласкагор’і. Выш. падзення вады 610 м (другі па вышыні ў Паўд. Амерыцы пасля вадаспада Анхель).

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОРЗАБАГА́ТЫ (Уладзіслаў Канстанцінавіч) (5.5.1831, маёнтак Рутка, цяпер Навагрудскі р-н — 28.3.1886),

удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі. За ўдзел у Братнім саюзе літоўскай моладзі выключаны з Мінскай гімназіі (1849). Пасля 1855 скончыў мед. ф-т Маскоўскага ун-та, працаваў урачом у Навагрудку. У 1863 паўстанцкі камісар Навагрудскага пав. Аднадумец К.​Каліноўскага, абараняў інтарэсы сялян. Пасля задушэння паўстання хаваўся, завочна прыгавораны да пакарання смерцю. У 1865 эмігрыраваў у Італію. З 1869 у Парыжы, удзельнік Парыжскай камуны. У 1874 вярнуўся на радзіму, сасланы ў Архангельск, потым у Кастрамскую губ. У 1884 вярнуўся на Беларусь.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУШНЫ́ ТЫФ,

вострая інфекц. хвароба чалавека з групы кішачных. Суправаджаецца пашкоджаннем лімфатычнага апарату і тонкага кішэчніка, бактэрыяльнай інтаксікацыяй, ліхаманкай, высыпкай. Узбуджальнік (палачка брушнога тыфу) трапляе ў арганізм з ежай, вадой, кантактна-быт. шляхам. Пасля інкубацыйнага перыяду (10—14 дзён) з’яўляюцца слабасць, дрыжыкі, страта апетыту, галаўны боль, бяссонніца, высокая т-ра, трызненне (тыфозны стан), затрымліваецца стул. На 8—9-ы дзень на скуры з’яўляецца высыпка — дробныя ружовыя кропкі, павялічваецца печань і селязёнка, назіраюцца парушэнні дзейнасці цэнтр. нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, кішэчніка, органаў дыхання. Ускладненні: кішачны крывацёк, прарыў сценкі кішэчніка, перытаніт. Пасля хваробы выпрацоўваецца ўстойлівы імунітэт. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 3, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНЮ́К (Максім Антонавіч) (1895, в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 30.7.1961),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). З 1915 у арміі, прапаршчык. З кастр. 1917 у Чырв. гвардыі, у грамадз. вайну пам. камандзіра палка, камандзір батальёна, Паўд. групы войскаў 5-й арміі, дывізій. Пасля вайны камандзір стралк. дывізій, нам. ген.-інспектара пяхоты Чырв. Арміі. Чл. ЦВК Узбекістана (1925), ЦВК БССР (1927). У Вял. Айч. вайну камандуючы 2-й, 3-й рэзервовымі і 48-й арміямі, групамі войск Ленінградскага фронту, на інш. камандных пасадах. Пасля вайны да 1947 нам. камандуючага войскамі Львоўскай ваен. акругі.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГУ́Н (Аляксей Васілевіч) (16.1.1885, в. Пярэжыр Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 7.2.1943),

удзельнік рэв. руху на Беларусі. З 1904 настаўнічаў на Міншчыне. У рэв. 1905—07 кіраўнік сял. выступленняў у Ігуменскім пав. У 1906 арыштаваны і сасланы ў Архангельскую губ., адкуль уцёк. Эмігрыраваў у ЗША, быў чл. Амерыканскай сацыяліст. партыі, пасля Кампартыі ЗША, дэлегат яе 1-га з’езда (1919). Пасля грамадз. вайны на радзіме. З 1921 супрацоўнік інфарм. аддзела ЦБ КП(б)Б. У 1924—41 на парт. і гасп. рабоце ў Мінскай і Магілёўскай абл. З 1941 на прафс. рабоце ва Узбекістане.

Э.​А.​Карніловіч.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯШКЕ́ВІЧ (Мікалай Восіпавіч) (1873, г. Ліда — 1903 ?),

дзеяч адной з першых с.-д. арг-цый у Расіі — Бруснева групы. Вучыўся ў Лідскім і Пецярбургскім гар. вучылішчах. З 1889 вёў заняткі ў рабочых гуртках у Пецярбургу, друкаваў на гектографе і распаўсюджваў с.-д. выданні. Пасля арышту М.​І.​Бруснева (1892) аднавіў дзейнасць разгромленай арг-цыі. Падрыхтаваў рэферат «Аб рабочым пытанні ў Расіі і на Захадзе», склаў праект статута арг-цыі. У 1893 арыштаваны. Пасля вызвалення жыў у Ноўгарадзе, у 1896 заснаваў там падп. друкарню. У 1897 зноў арыштаваны, высланы на 3 гады ў Валагодскую губ.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБІ́НСКІ (Генрык) (30.7.1908, г. Іркуцк, Расія — 12.8.1941),

удзельнік рэв. руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. Пасля 1-й сусв. вайны жыў у Ашмянах. З канца 1932 у Віленскім ун-це на чале антыфаш. групы Студэнцкай лявіцы «Фронт». У 1935 адзін з заснавальнікаў легальнай антыфаш. студэнцкай газ. «Poprostu» («Папросту»). Удзельнік антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове. У 1937 засуджаны на 4 гады турмы. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР інспектар раённага аддзела нар. асветы. Расстраляны гітлераўцамі ў Ганцавічах.

Тв.:

Wybór pism. Warszawa, 1962.

Літ.:

Brodowski L. Henryk Dembiński: człowiek dialogu. Warszawa;

Kraków, 1988.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІЛІТАРЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + мілітарызацыя),

у міжнародным праве ліквідацыя на падставе дагавора ваен. умацаванняў і збудаванняў на пэўнай тэрыторыі, а таксама забарона ўтрымліваць на ёй ваен. базы і ўзбр. сілы або іх абмежаванне. Адрозніваюць поўную (Антарктыка, Аландскі архіпелаг, Шпіцберген, нябесныя целы, у т. л. Месяц) і частковую Д. (напр., стварэнне бяз’ядзерных зон). Д. таксама ўстанаўліваецца з мэтай гарантавання бяспекі дзяржавы-пераможцы з боку пераможанай дзяржавы: напр. Д. Германіі пасля 1-й сусв. вайны паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і пасля 2-й сусв. вайны паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945, Д. Японіі паводле Сан-Францыскага мірнага дагавора 1951.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМПЛАНТА́ЦЫЯ [ад лац. im (in) у, унутр + plantatio саджанне, перасадка],

у эмбрыялогіі, прымацаванне і заглыбленне зародка ў слізістую абалонку маткі ў млекакормячых з унутрывантробным развіццём (сумчатых і плацэнтарных). І. ў чалавека бывае праз 6—7 дзён пасля апладнення зародка. Адрозніваюць І.: паверхневую (у слізістую абалонку маткі апускаюцца толькі варсінкі харыёну), заглыбляльную (заглыбляецца зародак з абалонкамі), абдамінальную (поласцевую; яйцаклетка пасля апладнення застаецца ў брушной поласці; развіваецца пазаматачная цяжарнасць). І. ў хірургіі — аперацыя ўжыўлення матэрыялаў (біялагічна неактыўных металаў, пластмас і інш.), ці агульная назва пластычных аперацый перасадка храстка, косці, утварэнне некат. анастамозаў (мачаточніка, семявыноснай пратокі).

т. 7, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)