ПІСА́РЫК Алесь (сапр. Пісарчык Аляксандр Уладзіміравіч; н. 9.4.1954, Мінск),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1977—80). У 1976—85 працаваў на МТЗ. Друкуецца з 1973. Піша на бел. і рус. мовах. У паэт. зб-ках «Белы май» (1983), «Дажджы яравыя» (1990), «Пакуль гарыць мая зара» (1995), «Ноч дзявочай касы» (1996), «Журба вяргіні» (1997), «Пара медазбору» (1999) і інш. услаўленне прыгажосці роднай прыроды, кахання, асэнсаванне мінулага і сучаснага, тэмы афганскай вайны, чарнобыльскай трагедыі. Многія яго вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Ліставір // Нашчадкі. Мн., 1979;

Откровение незабудки. Мн., 1998;

Глазами любви. Мн., 1998;

На востраве чароўнай Амазонкі. Мн., 2000.

Л.​С.​Савік.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСО́НСКІ БОЙ 1942 у Вялікую Айчынную вайну,

бой Расонскай партыз. брыгады імя Сталіна па разгроме гарнізона ням. фашыстаў (больш за 300 гітлераўцаў) у г.п. Расоны Віцебскай вобл. 19 вер. Летам 1942 партызаны перарэзалі ўсе камунікацыі, што вялі ў Расоны, і пачалі блакаду гарнізона. Да сярэдзіны верасня разграмілі навакольныя апорныя пункты ворага ў вёсках Клясціцы, Сакалішча, Сівошына і інш. У ноч на 19 вер. артабстрэлам умацаванняў гарнізона партызаны вымусілі гітлераўцаў са стратамі ў жывой сіле і ўзбраенні пакінуць Расоны. У гонар гэтага бою ў Расонах пастаўлены помнік.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭДО́Н (Redon) Адылон (20.4.1840, г. Бардо, Францыя —6.7.1916),

французскі графік і жывапісец. З 1855 вучыўся ў С.​Гарына ў Бардо, з 1861 у Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы ў Ж.​Л.​Жэрома. Зазнаў уплыў Р.​Брэдэна, сімвалістаў, мастакоў групы «Набі». На аснове асацыяцый з прыроднымі формамі ствараў свет фантаст. істот, у які ўводзіў рэальныя дэталі, чым дамагаўся эфектаў змяшэння сну з рэчаіснасцю, з хваравіта-містычнымі недагаворкамі: серыі літаграфій «У свеце мары» (1879), «Эдгару По» (1882), «Пачаткі» (1883), «У гонар Гоі» (1885), «Ноч» (1886), «Густаву Флаберу», «Апакаліпсіс св. Іаана» (абедзве 1889), «Заплюшчаныя вочы» (1890) і інш. Пісаў дэкар. нацюрморты.

А.Рэдон. Заплюшчаныя вочы. 1890.

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІ́ЛЬГІС (Smilgis) Эдуардс (22.11.1886, Рыга — 19.4.1966),

латышскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1948). З 1911 акцёр Новага Рыжскага, з 1915 Петраградскага лат. т-раў. У 1920—64 заснавальнік, маст. кіраўнік, акцёр Маст. т-ра імя Я.​Райніса (Рыга). Пастаноўкі С. вылучаліся манументальнасцю, героіка-рамантычнай накіраванасцю, яркай тэатральнасцю: «Фауст» І.​Гётэ (1940), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1946), «Агонь і ноч» Я.​Райніса (1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера (1956), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1959), «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага (1964) і інш. Сярод роляў: Тотс («Гуляў я, скакаў» Райніса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» Г.​Ібсена), Гамлет («Гамлет» Шэкспіра), Дон Карлас («Дон Карлас» Шылера) і інш.

т. 15, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАБІ́ДЗЕ Тыцыян Юстынавіч (2.4.1895, с. Шуамта Ванскага р-на, Грузія — 16.12.1937),

грузінскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). Друкаваўся з 1912. Адзін з заснавальнікаў групы груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі» (1915). Пазней пазбавіўся ўплыву сімвалізму. Роздумам пра жыццё адзначаны яго вершы «Радзіма», «Тбіліская ноч». Аўтар паэм «Руаль Амундсен», «Рыён-Порт», «На франтах», «1918 год» (усе 1928), зб-каў «Вершы» (1933), нарысаў «Сэрцам да сэрца» (1934). На бел. мову асобныя вершы перакладаў М.​Лужанін.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Анталогія грузінскай паэзіі. Мн., 1989. Т. 2;

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1964.

Літ.:

Цурикова Г. Т.​Табидзе. Л., 1971.

Г.В.Табідзе.

т. 15, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́ПКІН Мікалай Іванавіч (5.12.1918, в. Сабліна Старыцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 20.2.1999),

рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це (1939—41), скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Друкаваўся з 1945. Яго паэзія адметная спалучэннем фальклорна-песеннай і кніжнай традыцый, напеўнасцю, разнастайнасцю форм. Аўтар паэт. зб-каў «Першая баразна» (1953), «Белая ноч» (1956), «Краснаполле» (1962), «Гняздо маіх бацькоў» (1967), «Гусі-лебедзі» (1971), «Вячэрні звон» (1975), «Запаведзь» (1976), «Скрып маёй калыскі» (1978), «Вогненныя яслі» (1985) і інш.; паэм («Сярод лясоў і палёў», 1964). У некат. яго вершах бел. тэма. Дзярж. прэмія Расіі 1992.

Тв.:

Стихотворения, 1940—1982. М., 1983;

Излуки. М., 1987.

т. 15, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫГРАНЯ́Н Армен Тыгранавіч (26.12.1879, г. Гюмры, Арменія — 10.2.1950),

армянскі і грузінскі кампазітар, харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Арменіі (1935). Засл. дз. маст. Грузіі (1936). Скончыў Тбіліскае муз. вучылішча (1902). У 1902 арганізаваў у Александропалі нар. хары, з якімі вёў канцэртную дзейнасць. З 1913 у Тбілісі. Аўтар першай арм. нар.-быт. оперы «Ануш» (паст. 1912), якая адкрыла новы стылістычны кірунак у арм. муз. т-ры. Сярод інш. твораў: опера «Давід-бек» (паст. 1950), песенная драма «Лейлі і Меджнун» (паст. 1918), кантаты, у т. л. «Крывавая ноч» (1936), танц. сюіта для арк. (1946), маршы для духавога арк., п’есы для фп., песні, музыка да драм. спектакляў і інш.

т. 16, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДАСЕ́ВІЧ Уладзіслаў Феліцыянавіч (28.5.1886, Масква — 14.6.1939),

рускі паэт, крытык. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1922 у эміграцыі (з 1925 у Парыжы). Друкаваўся з 1905. Першая кніга — «Маладосць» (1908). Яго лірыка (зб-кі «Шчаслівы домік». 1914; «Шляхам зерня», 1920; «Цяжкая ліра», 1922; цыкл «Еўрапейская ноч», 1927) спалучае традыцыі рус. класічнай паэзіі, арыентацыю на пушкінскую глыбіню, гарманічнасць і светаадчуванне чалавека 20 ст., які перажывае яго катаклізмы. У мемуарах «Некропаль» (1939) літ. партрэты сучаснікаў у кантэксце гісторыі рус. л-ры пач. 20 ст. Аўтар біяграфіі Г.​Дзяржавіна (1931), зб. арт. «Пра Пушкіна» (1937), літ.-крытычных арт., перакладаў.

Тв.:

Державин. М., 1988;

Стихотворения. Л., 1989.

т. 16, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦОРН (Zorn) Андэрс (18.2.1860, Мора, Швецыя — 22.8.1920),

шведскі мастак. Вучыўся ў маст.-прамысл. школе (1875—77) і АМ (1877—81) у Стакгольме. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму. Пачынаў як акварэліст, з 1880-х г. працаваў у алейным жывапісе. Творы вылучаюцца свабоднай і віртуознай, амаль эскізнай манерай выканання, смелымі эфектамі асвятлення, лепкай формы шырокім мазком: «Танец у Іванаву ноч», «Тост» (абодва 1897), «Дзяўчаты ў лазні» (1906), шматлікія ню ў пленэры і інш. Індывідуальнасць мадэлі, асаблівасці мімікі і жэстаў адлюстраваны ў партрэтах А.​А.​Каклен (1889), С.​Мамантава (1896), аўтапартрэце. Багаццем ігры святла і ценю вылучаюцца афорты «Амнібус» (1891), «Мадонна» (1900). Працаваў і як скульптар.

А.Цорн. Аўтапартрэт.

т. 17, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУ́ДЗІНСКІ БОЙ 1942,

бой партыз. атрада В.​А.​Васільева па разгроме ням. гарнізона ў в. Чудзін Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон (каля 400 гітлераўцаў), узброены вінтоўкамі і 4 кулямётамі закрываў партызанам выхад цераз р. Морач у лясы Ганцавіцкага р-на. У ноч на 11 кастр. партызаны сканцэнтраваліся на Пн ад в. Чудзін, зрабілі засады на шляхах магчымага адступлення праціўніка. На досвітку ў выніку 1,5-гадзіннага бою часткова быў знішчаны ўзвод аховы гарнізона, але частка гітлераўцаў вырвалася і схавалася ў балотах. Партызаны захапілі 6 радыёпрыёмнікаў, вінтоўкі, запас патронаў, веласіпеды і інш. Гарнізон не адноўлены, што пашырыла партыз. зону.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 17, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)