ДАТАЛІ́Т (ад грэч. dateomai дзялю, падзяляю + ...літ),
мінерал падкласа борасілікатаў, гідраксілборасілікат кальцыю, CaB[SiO4]OH. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі, зярністыя і шчыльныя агрэгаты, нацёчныя і радыяльна-прамянёвыя выдзяленні. Колер белы да бясколернага, часта з зеленаватым адценнем. Бляск шкляны. Паўпразрысты да празрыстага. Цв. 5—5,6. Шчыльн. 2,8—3 г/см³. Гідратэрмальнага паходжання. Выкарыстоўваецца як другарадны вырабны матэрыял і борная руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЦЫ́НТ (назва ад падабенства афарбоўкі да пурпурова-чырвоных кветак гіяцынта),
мінерал, празрыстая марганецзмяшчальная ювелірная разнавіднасць цыркону густа-чырвонага ці чырванавата-карычневага колеру. Крышталі — чатырохгранныя прызмы з пірамідальнымі галоўкамі. Бляск алмазны. Цв. 6,5—7,5. Шчыльн. 3,9—4,7 г/см³. Гіяцынты ювелірнай якасці трапляюцца пераважна ў шчолачна-высокагліназёмных базальтах, кімберлітавых і сіенітавых пегматытах. Здабыча ў Шры-Ланцы, Бразіліі, Аўстраліі, на Мадагаскары. Каштоўны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗУМРУ́Д, смарагд,
мінерал, рэдкая празрыстая разнавіднасць берылу, афарбаваная прымессю хрому (Cr3+ да 2%) у яркі густа-зялёны колер. Бездэфектныя крышталі масай больш за 5 каратаў цэняць вышэй, чым алмазы такіх жа памераў. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай справе як каштоўны камень 1-га класа. Гал. радовішчы І. ў Расіі, ПАР, Бразіліі, Індыі, Замбіі, Зімбабве і інш. Сінтэтычныя І. выкарыстоўваюць у квантавай электроніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАФІЛІ́Т (ад піра... + грэч. phyllon ліст),
мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксідалюмасілікат Al2[Si4O10](OH)2; прымесі магнію, жалеза і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае ліставатыя, лускаватыя, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер бледна-зялёны, блакітны, жоўты, буры. Цв. 1—2. Шчыльнасць 2,65—2,9 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, метамарфічны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці вогнетрывалых керамічных вырабаў, у гумавай, папяровай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДЭЛЕ́ІТ,
мінерал падкласа простых аксідаў, двухвокіс цырконію (ZrO2). Мае ў сабе 96,5—99% ZrO2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі каротка- або доўгапрызматычныя, таблітчастыя. Колер жоўты, зялёны, карычневы, чорны. Бляск тлусты, шкляны. Цв. 6,5. Крохкі. Шчыльн. 5,4—6 г/см³. Трапляецца ў карбанатных і ультраасноўных шчолачных пародах, алмазаносных і інш. россыпах. Сыравіна для керамічнай прам-сці, вытв-сці абразіваў, ферасплаваў і атрымання метал. цырконію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛЕЗІ́Т (ад назвы в-ва Англсі ў Англіі),
мінерал класа сульфатаў, сульфат свінцу, Pb[SO4]. Мае 68,3% свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонка і тоўстатаблітчастыя, прызматычныя; зярністыя і шчыльныя агрэгаты, жаўлакі. Бясколерны, белы, злёгку афарбаваны (шэры, жоўты, буры і інш.). Бляск шкляны да алмазнага, цьмяны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Пераважна гіпергенавы, утвараецца ў зоне акіслення свінцовых рудаў. Свінцовая руда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОМАРГІРЫ́Т,
мінерал класа галагенідаў, брамід серабра, AgBr. Утварае цвёрдыя растворы з хлораргірытам, т.зв.эмбаліт Ag(Cl, Br), іншы раз з прымессю ртуці. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, жаўлакі, суцэльныя масы, радзей дробныя крышталі. Колер зялёны, жоўты, на паветры павольна цямнее. Бляск крышталёў алмазны, смаляны. Цв. каля 2,5. Шчыльн. каля 6,4 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення радовішчаў сераброзмяшчальных сульфідных рудаў. Уваходзіць у састаў сярэбраных рудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАБЕРГІ́Т (ад назвы радовішча Анаберг у ФРГ),
мінерал класа арсенатаў Ni3[AsO4]2∙8H2O. Поўны ізамарфізм з эрытрынам. Часта мае ў сабе кобальт, прымесі кальцыю, магнію, жалеза, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае скарынкі, налёты, зямлістыя агрэгаты. Колер светла-зялёны. Бляск шкляны, да зямлістага. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 3,1 г/см³. Утвараецца ў зонах акіслення арсенідаў кобальту і нікелю. Анабергіт («нікелевыя кветкі») — пошукавая прыкмета на нікелевыя руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ КРЫШТА́ЛЬ,
мінерал, бясколерная празрыстая разнавіднасць нізкатэмпературнай мадыфікацыі кварцу — SiO2. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Трапляецца ў пустотах і «крышталяносных скляпах» у пегматытах, у жылах гідратэрмальных і альпійскага тыпу ў выглядзе адзінкавых крышталёў, іншы раз друзаў. Вядомы крышталі горнага крышталю масай да 1 т і больш. Выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы, вытв-сці шкла, ювелірнай справе. Радовішчы ў Расіі, на Украіне, у Кітаі, Бразіліі, М’янме, Шры-Ланцы і інш.