МАЦВЕ́ЕВА (Навела Мікалаеўна) (н. 7.10.1934, г. Пушкін Ленінградскай вобл.),

расійская паэтэса. Скончыла Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1963). Друкуецца з 1957. У паэт. зб-ках «Лірыка» (1961), «Караблік» (1963), «Душа рэчаў» (1966), «Ластаўчына школа» (1973), «Рака» (1978), «Закон песень», «Краіна прыбою» (абодва 1983), «Непарушны круг» (1991), «Менуэт» (1994), «Санеты» (1998), паэмах «Пітэр Брэйгель Старэйшы» (1969), «Шпалы» (1973), «Золата праектаў» (1983) і інш. спалучэнне рамантыкі, фантазіі з паэтызацыяй штодзённага, спроба спасціжэння тайнаў быцця і сусвету, гіст.-культ. рэмінісцэнцыі, метафарычнасць. Аўтар аповесці «Дама-бадзяга» (1998), п’ес «Прадказанне Эгля» (паводле А.​Грына, паст. 1984), «Карчма «Чацвярэнькі» (1998), аўтабіягр. эсэ, успамінаў, артыкулаў па актуальных праблемах мастацтва, паэзіі, песеннага жанру. Піша для дзяцей. Выканаўца ўласных песень, выпусціла некалькі дыскаў і кампакт-дыскаў.

Тв.:

Избранное. М., 1986;

Мелодия для гитары. М., 1998 (разам з І.​Кіуру);

Кассета снов. М., 1998;

Пастушеский дневник. М., 1998.

т. 10, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАЎ (сапр. Ліповіч) Марк Давыдавіч

(27.12.1918, г. Шчорс Чарнігаўскай вобл., Украіна — 20.11.1986),

расійскі паэт. Скончыў Кіеўскі пед. ін-т (1940). Удзельнік партыз. руху на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Асн. тэмы паэт. зб-каў «Спадчына» (1946), «Равеснікі» (1947), «Праз дзесяць гадоў» (1956), «Салдат» (1959), «Незапатрабаванае каханне» (1967), «Бясстрашныя» (1968), «Лірыка» (1976) і інш. — братэрства народаў, героіка падполля і партыз. барацьбы, пераемнасць пакаленняў. Аўтар п’есы «Ніколі не забудзем» («Назаўсёды», паст. 1954), сцэнарыя фільма «Асабіста вядомы» (1958). На бел. тэматыку напісаў паэмы «Блакітныя агні», «У краі маўклівасці», раздзел з аповесці «Грышынцы», вершы («Курган Бессмяротнасці», «Маці», «Ноч перад расстрэлам», «Балада пра палаючае сэрца», «Лістоўка», «З партызанскага дзённіка», «Радзіма», «Балада пра маўклівасць», «Бярозка» і інш.). На бел. мову асобныя творы М. пераклалі К.​Жук, М.​Калачынскі, Г.​Кляўко, Я.​Семяжон.

Тв.:

Избранное. М., 1982.

Г.​Е.​Барысаў.

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЖЭЛА́ЙЦІС ((Mieželaitis) Эдуардас) (3.10.1919, в. Карэйвішкяй Шаўляйскага пав., Літва — 6.6.1997),

літоўскі паэт і грамадскі дзеяч. Нар. паэт Літвы (1974). Герой Сац. Працы (1974). Засл. дз. культуры Арменіі (1976). Чл.-кар. Ням. АМ у Берліне (1970). Вучыўся ў Каўнаскім і Віленскім ун-тах (1939—40). Друкаваўся з 1935. Першыя зб-кі паэзіі «Лірыка» (1943), «Вецер з радзімы» (1946) напісаны ў стылі даваен. неарамантычнай паэзіі. У зб-ках «Уваскрэслая зямля» (1951), «Паэма братэрства» (1954, Дзярж. прэмія Літвы 1957), «Чужыя камяні» (1957), «Ля падножжа зорак» (1959), «Сонца ў бурштыне» (1961), лірычным цыкле «Чалавек» (1961, Ленінская прэмія 1962), «Мая ліра» (1979, Дзярж. прэмія Літвы 1980) і інш.лірыка-філас. асэнсаванне гісторыі і сучаснасці, сувязі чалавека-творцы з Сусветам, прыродай і цывілізацыяй 20 ст., веліч яго здзяйсненняў, значэнне матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных чалавекам, пейзажныя матывы, асабістыя перажыванні. У кнігах, што спалучаюць лірычную прозу і вершы, у публіцыстычных і аўтабіягр. эсэ «Аўтапартрэт. Авіяэскізы» (1962), «Лірычныя эцюды» (1964), «Хлеб і слова» (1965), «Тут Літва» (1968), «Барока Антакальніса» (1971), «Манадрама» (1976), «Маналогі» (1981), «Муза і фарэль» (1984), «Захад» (1992), «Міфы» (1996) і інш. выявілася пантэістычнае светаўспрыманне, гуманіст. пачатак, лірызм і філасафічнасць. Пісаў для дзяцей. Асобныя творы М. пакладзены на музыку, па матывах лірычнага цыкла «Чалавек» створаны аднайм. балет (В.​Салманаў, паст. 1966). Неаднаразова наведваў Беларусь. Пераклаў на літ. мову шэраг твораў Я.​Купалы. На бел. мову творы М. пераклалі Р.​Барадулін, П.​Бітэль, П.​Броўка, А.​Вялюгін, С.​Гаўрусёў, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, В.​Жуковіч, Х.​Жычка, С.​Законнікаў, А.​Зарыцкі, В.​Зуёнак, М.​Калачынскі, К.​Камейша, В.​Коўтун, П.​Макаль, П.​Марцінкевіч, У.​Паўлаў, А.​Разанаў, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў, М.​Танк, Н.​Тулупава, М.​Хведаровіч, К.​Цвірка. Міжнар. прэмія Дж.​Нэру (Індыя, 1969). Міжнар. прэмія Н.​Вапцарава (Балгарыя, 1979).

Тв.:

Raštai. Т. 1—8. Vilnius, 1982—85;

Бел. пер. — Паэма братэрства. Мн., 1958;

Чалавек: Вершы. Мн., 1984;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—3. М., 1977—79.

Літ.:

Макаров А. Эдуардас Межелайтис. М., 1966.

А.​Лапінскене.

Э.Межэлайціс.

т. 10, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр. Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),

бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел. дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.​Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.​Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.​Сасюры, Е.​Стулпана і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1993—94.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»), Мн., 1962;

Глебка П. Паэзія барацьбы і перамогі. Мн., 1973;

Звонак А. Неспакойныя сэрцы. Мн., 1973;

Хведаровіч М. Незабыўнае. Мн., 1976;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1979;

Ярош М., Бечык В. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг. Мн., 1985.

Л.​М.​Гарэлік.

Я.Пушча.

т. 13, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЕЙК ((Blake) Уільям) (28.11.1757, Лондан — 12.8.1827),

англійскі паэт, мастак. Першы англ. рамантык паводле вызначэння паэтаў-прэрафаэлітаў. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі. Аўтар лірыка-філас. зб-каў «Песні неспакушанасці» (1789) і «Песні вопыту» (1794). У «Прароцкіх кнігах» (1789—1820); паэмы «Шлюб Неба і Пекла», «Французская рэвалюцыя», «Прывідныя ўяўленні дачок Альбіёна», «Амерыка», «Еўропа» і інш.) праз складаную сімволіку міфал. і біблейскіх вобразаў адлюстраваў трагічныя калізіі еўрап. гісторыі на мяжы стагоддзяў. Паэма «Іерусалім: эманацыя гіганта Альбіёна» (1820) — духоўны запавет Блейка. Ілюстраваў уласныя творы, «Кнігу Іова», «Боскую камедыю» Дантэ. Наватарскія ідэі Блейка (тэорыя ўяўлення як універсальны інструмент адкрыцця вышэйшай духоўнай рэальнасці; прынцып сінтэзу мастацтваў, увасоблены ў кніжнай графіцы), надоўга апярэдзіўшы свой час, заставаліся ў цэнтры ўвагі 20 ст. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1965;

Стихи М., 1978.

Літ.:

Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЖЫ́НА (Міхаіл Афанасьевіч) (н. 7.5.1922, в. Курылаўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. спявак (бас). Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Я.Віцінга). З 1956 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае голасам шырокага дыяпазону, добрымі сцэнічнымі данымі, свабодна адчувае сябе ў партыях лірыка-драм. і камедыйнага плана. Сярод партый нац. рэпертуару: Гадлеўскі («Яснае світанне» А.​Туранкова), Прафесар, Ракоўскі («Калючая ружа», «Новая зямля» Ю.​Семянякі), Палкоўнік («Надзея Дурава» А.​Багатырова), Найміт («Сівая легенда» Дз.​Смольскага); найб. значныя партыі з класічных опер — Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Дасіфей, Пімен («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), цар Дадон («Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава), Агамемнан («Арэстэя» С.​Танеева), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Інквізітар («Дон Карлас» Дж.​Вердзі), Стольнік («Галька» С.​Манюшкі).

А.​Я.​Ракава.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМАНАЎ (Андрэй Дзімітраў) (17.6.1932, в. Яварава Варненскай акругі, Балгарыя — 15.5.1981),

балгарскі паэт-перакладчык. Засл. дз. культ. Балгарыі (1977). Скончыў Сафійскі ун-т (1955). Друкаваўся з 1951. Любоў да чалавека працы, пранікненне ў яго псіхалогію, філас. асэнсаванне з’яў і супярэчнасцей жыцця, гарманічнае спалучэнне формы і зместу — асноўнае ў зб-ках паэзіі «Парасткі» (1959), «Рабочы цягнік» (1962), «Раўнадзенства» (1965), «Ператварэнні» (1968), «Астравы» (1972), «Каменная зямля» (1975), «Выбуховая зона» (1977), «Другія чатырохрадкоўі» (1980) і інш. Пераклаў на балг. мову шэраг твораў Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, А.​Вярцінскага, Н.​Гілевіча (у зб-ках «Выбраныя вершы», 1962; «Беларускія паэты», 1971), Р.​Барадуліна, В.​Вярбы, А.​Грачанікава, А.​Куляшова, М.​Танка і інш. На бел. мову творы Германава перакладалі Танк, Барадулін, Г.​Бураўкін, Вярцінскі, Гілевіч, Грачанікаў, А.​Разанаў, У.​Паўлаў і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Касцёр на вяршыні: Выбр. лірыка. Мн., 1975.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬЧАНКА (Аляксандр Елісеевіч) (4.6.1909, г. Харкаў, Украіна — 16.9.1994),

украінскі пісьменнік. Друкаваўся з 1929. Першая кніга — зб-к нарысаў «Днепрэльстан» (1932). Аўтар аповесці, пабудаванай на матэрыяле жыцця Т.​Шаўчэнкі, «Сэрца чакае» (1939; перапрацаваны варыянт — п’еса «Пецярбургская восень», 1941, паст. 1954). Героіку Вял. Айч. вайны адлюстраваў у кн. апавяданняў і нарысаў «Байцы з нашых мясцін» (1941), «Горны пейзаж» (1942), «Крываўнік» (1946). У лірыка-гумарыстычным рамане «Казацкаму роду няма зводу, ці Мамай і Агонь-Маладзіца» (кн. 1—2, 1958) адлюстраваў гіст. падзеі на Украіне ў 2-й пал. 17 ст., у бурлескным стылі стварыў вобраз героя-запарожца, які ўвасабляе ідэю бессмяротнасці нац. духу, імкненне ўкраінскага народа да свабоды. Творы І. прасякнуты багатым укр. фальклорам. Зб. аповесцей, нарысаў і замалёвак «Аснова, або Хто там стукае ў дзверы? Пастскрыптум жыцця публіцыста» (1984) — філас. роздум пра жыццё, літ. творчасць, культуру.

Тв.:

Вибрані твори. Т. 1—2. Київ, 1989.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.​Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.​Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна).

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕРНАЯ СІМФО́НІЯ,

разнавіднасць сімфоніі. Склалася ў пач. 20 ст. з развіццём неакласіцызму як своеасаблівая рэакцыя на вял. цыклічную сімфонію 19 ст. і вял. аркестравы апарат. Характэрныя рысы: невял. часавая працягласць пры нестабільнай колькасці частак, абмежаваны інстр. склад, індывідуальны для кожнага твора; перавага поліфанічнай фактуры; спалучэнне стылявых мадэлей музыкі 18 ст. з прыёмамі сучаснай кампазітарскай тэхнікі. У адносінах зместу можа быць абвострана псіхалагічная (А.​Шонберг), лірыка-драм. (А.​Анегер, К.​Караеў), апаэтызаваная (Б.​Чайкоўскі). Развіццю К.с. ў бел. музыцы садзейнічала стварэнне Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь (1968). Сталыя ўзоры жанру прадстаўлены ў творчасці Г.​Вагнера, В.​Войціка, У.​Дарохіна, А.​Залётнева, В.​Капыцько, В.​Кузняцова, К.​Цесакова і інш.

Літ.:

Арановский М.Г. Камерный вариант симфонии // Арановский М.Г. Симфонические искания. Л., 1979;

Сцепуро Л.А. Камерно-оркестровые жанры в творчестве белорусских композиторов 60—70-х гг. // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1985. Вып. 4.

Р.​М.​Аладава.

т. 7, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)