ЗУ́БАЎ Канстанцін Аляксандравіч (20.9.1888, г.п. Базарны Сызган Інзенскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 22.11.1956),

рускі акцёр, рэжысёр, педагог. Праф. (1946). Нар. арт. СССР (1949). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це і адначасова ў Пецярбургскім тэатр. вучылішчы (педагог У.М.Давыдаў). Працаваў у т-рах Самары, Харкава, Кіева, Масквы. У 1917 выступіў як рэжысёр. З 1936 акцёр і рэжысёр (з 1947 гал. рэжысёр) Малога т-ра. Творчасць З. вызначалася псіхал. глыбінёй, інтэлектуальнасцю, яркай тэатральнасцю. Сярод лепшых рэжысёрскіх і акцёрскіх работ: «Яўгенія Грандэ» паводле А.​Бальзака (1939), «Варвары» М.​Горкага (1941, сумесна з І.​Судаковым, роля Цыганова), «Пігмаліён» Б.​Шоу (1943, роля Хігінса), «За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва (1946, сумесна з В.​Цыганковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1948, 1951.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Павел Іванавіч (12.7.1909, г. Саратаў, Расія — 1989),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1928). З 1929 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, з 1945 у Бел. т-ры імя Я.​Купалы, у 1964—69 кіраўнік нар. т-ра Палаца культуры і тэхнікі Мінскага аўтазавода. Выканаўца характарных і камедыйных роляў, якія вылучаліся яскравым малюнкам, псіхал. паглыбленасцю: Шаранговіч («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Карандышаў («Беспасажніца» А.​Астроўскага), Энгстранд («Здані» Г.​Ібсена), Пікалаў («Любоў Яравая» К.​Транёва), фон Штубэ («Разлом» Б.​Лаўранёва) і інш. ў т-ры імя Я.​Коласа; Нейгаўз («Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона), Печкуроў («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), Джэралд («Ён прыйшоў» Дж.​Прыстлі) і інш. ў т-ры імя Я.​Купалы.

т. 7, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕ́ЛІН Канстанцін Дзмітрыевіч (16.11.1818, Пецярбург — 15.5.1885),

расійскі гісторык, філосаф, публіцыст, адзін з заснавальнікаў Дзяржаўнай школы ў гіст. навуцы. Скончыў Маскоўскі ун-т (1839). У 1857—61 праф. Пецярбургскага ун-та. У 1840—50-я г. прадстаўнік заходнікаў, зблізіўся з Ц.М.Граноўскім і А.І.Герцэнам. У 1855 склаў «Запіску аб вызваленні сялян у Расіі», за што адхілены ад выкладання лекцый цэсарэвічу Мікалаю Аляксандравічу. Падзяляў гісторыю Расіі на 3 этапы (родавы, вотчынны і дзяржаўны), аналізаваў дзейнасць рас. правіцеляў, у т. л. Пятра I. У філас. поглядах прытрымліваўся рэлятывізму і інш. Адзін з заснавальнікаў час. «Вестник Европы» (1866). Аўтар прац «Погляд на юрыдычны побыт Старажытнай Расіі» (1847), «Думкі і нататкі аб рускай гісторыі» (1866), «Кароткі погляд на рускую гісторыю» (1887) і інш.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ Канстанцін Антонавіч (Мікалаевіч; 3.11.1904, Кіеў — 19 9.1990),

украінскі і расійскі спявак (барытон). Нар. арт. СССР (1957). Скончыў Кіеўскі муз.-драм. ін-т імя М.​Лысенкі (1929). У 1930—52 саліст Адэскага і Кіеўскага, у 1952—68 — Ленінградскага т-раў оперы і балета. У 1973—83 выкладаў у Ленінградскай кансерваторыі. Валодаў мяккім голасам прыемнага тэмбру, драм. талентам. Сярод партый: Астап, Мікола («Тарас Бульба», «Наталка Палтаўка» Лысенкі), Яўген Анегін, Мазепа, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Мазепа», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рэната, Рыгалета, Аманасра («Баль-маскарад», «Рыгалета», «Аіда» Дж.​Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні). Выконваў рамансы, рус., укр. нар., неапалітанскія песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935).

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКО́ЎСКІ Канстанцін Ягоравіч (2.7. 1839, Масква — 30.9.1915),

расійскі жывапісец. Брат У.Я.Макоўскага. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (з 1898). З 1851 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С.Заранкі, з 1858 у Пецярбургскай АМ. У 1863 пакінуў АМ, адзін з членаў Арцелі мастакоў, член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл. Перасоўнікі). Зазнаў уплыў салоннага мастацтва. У канцы 1860 — пач. 1870-х г. звяртаўся да сюжэтаў з нар. жыцця («Балаганы на Адміралцейскай плошчы», 1869), партрэтаў. З сярэдзіны 1870-х г. схіляўся да акадэмізму («Вяртанне свяшчэннага дывана з Меккі ў Каір», 1876; «Балгарскія пакутніцы», 1877). У 1883 парваў з перасоўнікамі і пісаў знешне эфектныя партрэты і жанрава-гіст. сцэны: «Пацалункавы абрад» (1895), «Мінін на Ніжагародскай плошчы» (1896) і інш.

К.Макоўскі. Балгарскія пакутніцы. 1877.

т. 9, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ-СТАЯ́Н (сапр. Стаян-Себаў) Канстанцін Іванавіч

(25.3.1853, в. Пятроўка Адэскай вобл., Украіна — 13.6.1914),

балгарскі спявак (тэнар), рэжысёр, педагог. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі. У 1888—94 артыст Вял. т-ра ў Маскве, Марыінскага т-ра ў Пецярбургу. Выступаў у оперных спектаклях у Віцебску, розных гарадах Расіі. Выкладаў. З 1907 у Балгарыі. З 1908 заснавальнік і кіраўнік «Балгарскага опернага таварыства» (з 1921 Сафійская нац. опера). Сярод партый: Манрыка, Радамес («Трубадур», «Аіда» Дж.​Вердзі), Каніо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Турыду («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Фауст («Фауст» Ш.​Гуно), Ленскі, Герман («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага). Аўтар тэарэт. прац па мастацтве спеваў.

Тв.:

Рус. пер. — Исповедь тенора. Т. 1—2. М., 1895—96.

Літ.:

Кръстев В.К. Михайлов-Стоян... // Музикални хоризонти. 1984. № 4.

т. 10, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ Канстанцін Іосіфавіч (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк. нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел. нар. песень.

А.​Я.​Ракава.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ Канстанцін Апалонавіч (6.6.1844, г. Таганрог, Расія — 13.2.1905),

рускі жывапісец. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1862—73). Правадз. чл. Пецярб. АМ (з 1895). Чл. Т-ва перасоўных маст. выставак (1878, гл. Перасоўнікі). З 1891 выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, з 1897 у Пензенскім маст. вучылішчы (дырэктар). Для творчасці характэрны выкрывальная скіраванасць, імкненне перадаць складаную псіхалогію і выразнасць нар. тыпажу, майстэрства кампаноўкі шматфігурных сцэн. Пісаў пераважна жанравыя карціны: «Рамонтныя работы на чыгунцы» (1874), «Сустрэча абраза» (1878). У шэрагу твораў сцэны нар. жыцця набываюць трагедыйнае гучанне («На вайну», 1880—88), перадаюць вастрыню сац. канфлікту («Спрэчка на мяжы», 1897). Аўтар ілюстрацый, афортаў, літаграфій.

Літ.:

Левенфиш Е.Г. К.​А.​Савицкий, 1844—1905. Л.;

М., 1959.

К.Савіцкі. Рамонтныя работы на чыгунцы. 1874.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАКЦІ́СТАЎ Канстанцін Пятровіч (н. 7.2.1926, г. Варонеж, Расія),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1964). Лётчык-касманаўт СССР (1964). Чл.-кар. Міжнар. акадэміі астранаўтыкі (1969). Д-р тэхн. н. (1967), праф. (1969). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (МВТВ; 1949). З 1964 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў. 12—13.10.1964 з У.М.Камаровым і Б.Б.Ягоравым здзейсніў палёт на першым шматмесным касм. караблі «Узыход» (як навук. супрацоўнік). У космасе правёў 1 сут. У 1974—90 нам. ген. канструктара НВА «Энергія», з 1990 у МВТВ. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Залаты медаль «Космас». Яго імем названы кратэр на Месяцы. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія СССР 1976.

Тв.:

Семь шагов в небо. М., 1984;

Космическая техника: Перспективы развития. М., 1997;

Траектория жизни. М., 2000.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІХАНО́ВІЧ Канстанцін Георгіевіч (н. 8.7.1929, пас. Таміліна Ухтомскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1959). У 1963—84 маст. рэдактар час. «Беларусь». Ілюстраваў творы бел. і замежных аўтараў у бел. перыяд друку. Аформіў кнігі «Кухаронак» В.​Сіманавай (1961), «Навальніца спее ў цішыні» А.​Шашкова (1973), «Віця Малееў у школе і дома» М.​Носава (1979), «Яраслаўна» В.​Вярбы (1986) і інш. Выканаў станковыя кампазіцыі «Пасуць авечак» (1957), «Кактусы», «Дом I з’езда РСДРП» (абедзве 1967), «Ад’езд Я.​Коласа ў семінарыю» (1972), «Космас» (1975), «Падсвілле. Ціха ў былым партызанскім краі» (1984), трыпціхі «Памяць» (1987), «Хатынь» (1995). Аўтар мемар. медалёў, значкоў, экслібрысаў, дыяфільма «Францыск Скарына» (1994) і інш. Творы вылучаюцца кампазіцыйнай раўнавагай, акцэнтаваным кантрастам чорных і белых плям, экспрэсіўным штрыхом.

т. 17, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)