МАКО́ЎСКІ (Канстанцін Ягоравіч) (2.7. 1839, Масква — 30.9.1915),
расійскі жывапісец. Брат У.Я.Макоўскага. Правадз.чл. Пецярбургскай АМ (з 1898). З 1851 вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў С.Заранкі, з 1858 у Пецярбургскай АМ. У 1863 пакінуў АМ, адзін з членаў Арцелі мастакоў, член-заснавальнік Т-ва перасоўных маст. выставак (гл.Перасоўнікі). Зазнаў уплыў салоннага мастацтва. У канцы 1860 — пач. 1870-х г. звяртаўся да сюжэтаў з нар. жыцця («Балаганы на Адміралцейскай плошчы», 1869), партрэтаў. З сярэдзіны 1870-х г. схіляўся да акадэмізму («Вяртанне свяшчэннага дывана з Меккі ў Каір», 1876; «Балгарскія пакутніцы», 1877). У 1883 парваў з перасоўнікамі і пісаў знешне эфектныя партрэты і жанрава-гіст. сцэны: «Пацалункавы абрад» (1895), «Мінін на Ніжагародскай плошчы» (1896) і інш.