дэфармавальны (коўкі) сплаў жалеза з вугляродам (ад 0,025 да 2,14%) і інш. элементамі; від жалезавугляродзістых сплаваў; найважнейшы прадукт металургіі. Атрымліваюць гал. чынам з вадкага чыгуну, які выплаўляецца ў доменных печах, і стальнога лому ( гл.Металургічная прамысловасць, Чорная металургія). Асн. агрэгаты для вытв-сці С.: канвертары (у іх атрымліваюць канвертарную С.), мартэнаўскія печы (мартэнаўскую С.) і электрычныя печы (электрасталь).
У залежнасці ад тыпу футроўкі печаў адрозніваюць асноўную і кіслую С.; ад характару застывання металу ў зложніцы — спакойную, паўспакойную і кіпячую С.; ад хім. саставу — вугляродзістую сталь і легіраваную сталь. Паводле прызначэння С. падзяляюцца на канструкцыйныя (напр., высокатрывалая сталь), інструментальныя сталі, С. з асаблівымі фіз. і хім. ўласцівасцямі (кіслотаўстойлівая, нержавейная сталь, электратэхнічная сталь, гарачатрывалая і гарачаўстойлівая; гл. ў арт.Гарачатрывалыя матэрыялы, Гарачаўстойлівыя матэрыялы). Уласцівасці С. паляпшаюць легіраваннем. мадыфікаваннем і тэрмічнай апрацоўкай. Выкарыстоўваюць С. у літым і дэфармаваным выглядзе.
У стараж. часы С. рабілі аднаўленнем жалеза з руд драўняным вугалем у горнах (гл.Сырадутны працэс). Літую С. атрымлівалі тыгельнай плаўкай, якая давала высокую якасць, але была малапрадукцыйная. Плаўленнем у вогнетрывалых тыглях атрымлівалі, у прыватнасці, булат і яго разнавіднасць — дамаскую сталь. У 14 ст. ўзнік крычны перадзел, які заключаўся ў рафінаванні папярэдне атрыманага чыгуну ў т.зв. крычным горне. У канцы 18 ст. пачалі выкарыстоўваць пудлінгаванне, пры якім у полымных печах расплаўленнем чыгуну і перамешваннем яго з жалезістымі шлакамі атрымлівалі малавугляродзістае жалеза (цестападобны метал — крыцу). У 2-й пал. 19 ст. пудлінгаванне выцеснена больш дасканалымі і прадукцыйнымі спосабамі пераробкі чыгуну ў С. — бесемераўскім, тамасаўскім, мартэнаўскім і кіслародна-канвертарным працэсамі (гл. адпаведныя арт.). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць выплаўку С. ў эл. печах. У 20 ст. распрацаваны спосабы вытв-сці С., якія дазволілі атрымліваць асабліва чысты метал: вакуумная плаўка ў дугавых печах і індукцыйных печах, вакуумна-дугавы пераплаў, электрашлакавы пераплаў, плаўка ў электронна-прамянёвых печах, плазменных печах (гл. Вакуумная металургія, Плазменная металургія). Структуру і ўласцівасці С. вывучаюць метафізіка і металазнаўства.
На Беларусі даследаванні С. вядуцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН, у Бел.нац.тэхн. ун-це, інш.ВНУ і галіновых НДІ. Асн. вытворца С. (чорная пракату) — Беларускі металургічны завод у Жлобіне. Вытв-сць С. ёсць таксама на з-дах «Цэнтраліт» (Гомель), МТЗ, МАЗ і інш.
Літ.:
Дреге В. Сталь как конструкционный материал: Пер. с нем. М., 1967;
Гуляев А.П. Металловедение. 6 изд. М., 1986, Физическое металловедение: Пер. с англ.Т. 1—3. 3 изд. М., 1987;
Венецкий С.И. Рассказы о металлах. 4 изд. М., 1985: Яго ж. От костра до плазмы: Рассказ о многовековом пути, пройденном металлургией... М, 1968;
Стальной слиток. Т. 1—3. Мн., 2000—01;
Мозберг Р.К. Материаловедение. 2 изд. М., 1991.
А.П.Ласкаўнёў, У.М.Сацут.
Да арт.Сталь. Дыяграма стану «жалеза—вуглярод»: вобласць з блакітным фонам адпавядае сталі, астатняя — чыгуну.Мікраструктуры сталей: 1 — C = 0,5%, структура Ф + ЦII; 2 — C = 0,15%, Ф + П; 3 — C = 0,35%, Ф + П; 4 — C = 0,8%, структура — пласціністы перліт П; 5 — C = 0,8%, структура — зярністы перліт П; 6 — C = 1,2%, П + ПII; C — вуглярод; Ф — ферыт; Ц — цэментыт; П — эўтэктоідная сумесь (павелічэнне × 500).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКАЛАГІЧНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.
Асн. палажэнні канцэпцыі аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У сістэму экалагічнага заканадаўства ўваходзяць законы, дэкрэты і ўказы Прэзідэнта, пастановы Савета Міністраў, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і інш.дзярж. органаў. У нарматыўных прававых актах па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя змяшчаюцца нормы, якія рэгулююць пытанні: забеспячэння экалагічных правоў грамадзян; кіравання; эканам. механізму аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага прыродакарыстання; аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў; прававога рэжыму прыродных тэрыторый, якія падлягаюць асаблівай і спец. ахове, а таксама тэрыторый з дрэннай экалогіяй; аховы навакольнага асяроддзя ад забруджвання адходамі; экалагічнай бяспекі біятэхналогій; экалагічнай асветы і адукацыі; вырашэння спрэчак і адказнасці за парушэнне патрабаванняў экалагічнага заканадаўства.
Прававое рэгуляванне дзярж. кіравання ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання ажыццяўляецца на аснове законаў «Аб ахове навакольнага асяроддзя» (у рэдакцыі ад 17.7.2002), «Аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе» (у рэдакцыі ад 14.7.2000), дэкрэта Прэзідэнта «Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці» ад 14.7.2003, пастаноў Савета Міністраў «Аб дзяржаўных кадастрах прыродных рэсурсаў» ад 20.4.1993, «Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, які ажыццяўляецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і яго тэрытарыяльнымі органамі» ад 21.6.2003, «Аб Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь» ад 14.7.2003 і інш. нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць парадак і ўмовы ажыццяўлення планавання, стандартызацыі і нарміравання, экалагічнай сертыфікацыі, прагназіравання, ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе плануемай гаспадарчай і інш. дзейнасці, экалагічнай экспертызы, маніторынгу, уліку і вядзення кадастраў, ліцэнзавання ў галіне выкарыстання прыродных рэсурсаў. Парадак платы экалагічнага падатку рэгулюецца законам «Аб падатку за карыстанне прыроднымі рэсурсамі (экалагічны падатак)» ад 23.12.1991.
Прававую базу для стварэння запаведнікаў, заказнікаў, нац. паркаў, помнікаў прыроды стварае Закон «Аб асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях» (у рэдакцыі ад 23.5.2000), які вызначае катэгорыі і віды асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, асаблівасці дзярж. кіравання ў гэтай сферы, меры па ахове асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, абмежаванні гасп. дзейнасці ў іх межах, адказнасці за парушэнне заканадаўства. Прававы рэжым экалагічна небяспечных тэрыторый вызначаецца законамі: «Аб прававым рэжыме тэрыторый, якія былі падвергнуты радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» ад 12.11.1991, «Аб ахове насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару» ад 5.5.1998, «Аб радыяцыйнай бяспецы насельніцтва» ад 5.1.1998, «Аб адходах» (у рэдакцыі ад 26.10.2000), «Аб санітарна-эпідэмічнай бяспецы насельніцтва» (у рэдакцыі ад 23.5.2000) і інш.
Рэспубліка Беларусь ажыццяўляе міжнар. супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з агульнапрызнанымі прынцыпамі і нормамі міжнар. права і міжнар. дагаворамі, ратыфікаванымі ва ўстаноўленым парадку: Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці (1979), Канвенцыя аб ацэнцы ўплыву на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (1991), Дэкларацыя Рыо-дэ-Жанейра па навакольным асяроддзі і развіцці (1992), Канвенцыя аб біял. разнастайнасці (1992), Рамачная канвенцыя аб змяненні клімату (1992), Пагадненне дзяржаў—членаў СНД аб узаемадзеянні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя (1992), Канвенцыя аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступе да правасуддзя ў пытаннях, якія тычацца навакольнага асяроддзя (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БСТВА,
найбольш жорсткая форма эксплуатацыі, пры якой эксплуатуемы (раб) з’яўляецца маёмасцю свайго гаспадара-рабаўладальніка. Узнікла пераважна пасля пераходу чалавека да земляробства і жывёлагадоўлі; але існавала і ў некат. паўн.-амер. паляўнічых плямёнах. Верагодна, першыя рабы былі з ваеннапалонных. Найб. прымітыўнай формай Р. было паўсюдна пашыранае патрыярхальнае Р., калі рабы лічыліся бяспраўнымі членамі сям’і. У большасці выпадкаў патрыярхальнае Р. вызначалася адносна лёгкім становішчам раба. У першых дзяржавах Стараж. Усходу 3—2-га тыс. да н.э. [Егіпет часу Стараж. царства, Шумер, Стараж. Індыя і Кітай часу Шан (Інь)] найб. пашырэнне атрымала дзярж. Р., калі рабы выкарыстоўваліся на грамадскіх працах, у палацавай і храмавай гаспадарках; прыватнае Р. было нязначным. У больш позні час пашырылася прыватнае Р., у т. л. продаж у Р. за пазыкі. Законы Хамурапі (18 ст. да н.э.) рэгулявалі Р., гарантавалі рабам некат. вызначаныя правы (шлюбу, уладання пэўнай маёмасцю і інш.). Рабы выкарыстоўваліся пераважна ў хатняй гаспадарцы рабаўладальніка і не адыгрывалі вял. ролі ў эканоміцы ўсх. грамадстваў. У Стараж. Грэцыі і Рыме склалася класічнае ант. Р., цесна звязанае з таварнай вытворчасцю. З 5 ст. да н.э. Р. набывала ўсё большае значэнне ў гаспадарцы Грэцыі, пераважна ў рамястве, горнай справе і інш.Найб. росквіту інстытут Р. дасягнуў у Рым. дзяржаве. З часу позняй рэспублікі (2—1 ст. да н.э.) праца рабоў выкарыстоўвалася ва ўсіх галінах эканомікі. Буйныя рабаўладальнікі мелі тысячы рабоў. Іх становішча было вельмі цяжкае, яны не мелі ніякіх правоў, а рабаўладальнік меў права нават забіць свайго раба. Памяншэнне прытоку рабоў у перыяд імперыі прывяло да пэўнага паляпшэння іх становішча ў 2—4 ст.н.э. Неэфектыўнасць рабскай працы вяла да паступовай замены яе ў сельскай гаспадарцы працай залежных сялян-арандатараў. У час ранняга Сярэднявечча Р. ў краінах Еўропы адыгрывала важную, але не вядучую ролю ў гаспадарцы. У Візантыі Р. мела большае значэнне, чым на Захадзе. У Кіеўскай Русі Р. існавала ў патрыярхальнай форме ў перыяд станаўлення феад. ладу ў 9—11 ст. (гл.Халопы, Чэлядзь). Да 13 ст. Р. практычна знікла ў большасці краін Еўропы, хоць некат. італьян. гарады (Генуя, Венецыя і інш.) працягвалі гандаль рабамі і пазней. У краінах Паўд. і Усх. Азіі патрыярхальнае Р. існавала да ўзнікнення капіталізму. Шырокія памеры Р. набыло ў мусульм. краінах. У 16—18 ст. продаж у Р. людзей, захопленых у выніку набегаў на ўкр., бел. і рус. землі, быў найважн. крыніцай прыбыткаў Крымскага ханства; найб. яскравы нарыс пра гандаль рабамі ў Крыме змешчаны ў творы бел. аўтара 16 ст. М.Літвіна. З 16 ст., са стварэннем буйных плантацыйных гаспадарак у еўрап. калоніях Амерыкі, пачаўся ўвоз туды рабоў з Афрыкі, што набыло асабліва вял. маштабы ў 18 — пач. 19 ст. Да канца 18 ст. негры-рабы складалі б.ч. насельніцтва а-воў Вест-Індыі, Бразіліі і некат. рэгіёнаў ЗША. У 1807 Вялікабрытанія, пазней інш.еўрап. дзяржавы і ЗША прынялі законы, якія забаранялі гандаль рабамі, хоць нелегальны ўвоз рабоў працягваўся. У 1833—38 Р. скасавана ў брыт., пасля 1848 — у франц. калоніях. У Паўн. Амерыцы Р. скасавана ў выніку грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1888 апошняй з амер. краін Р. скасавала Бразілія. Брусельскі акт 1890 афіцыйна забараніў любы гандаль рабамі. Аднак Р. працягвала існаваць у некат. краінах Азіі і Афрыкі да сярэдзіны 20 ст. (напр., Эфіопія скасавала Р. ў 1942, Саудаўская Аравія — у 1962). У 1926 Ліга Нацый прыняла канвенцыю аб Р. з патрабаваннем поўнага яго скасавання. На яе аснове Міжнародная арганізацыя працы падрыхтавала Канвенцыю аб прымусовай працы 1930, якая абавязала ўсе краіны скасаваць усе формы прымусовай працы. Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, прынятая ААН у 1948, забараняе Р. ва ўсялякіх формах. У 1956 міжнар. канферэнцыя ў Жэневе прыняла дадатковую канвенцыю аб барацьбе з Р., гандлі рабамі, скасаванне інстытутаў і звычаяў, падобных да Р.
Літ.:
Кузищин В.И. Античное классическое рабство как экономическая система. М., 1990;
Штаерман Е.М. Расцвет рабовладельческих отношений в Римской республике. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВІЦЦЁ,
незваротнае, накіраванае, заканамернае змяненне матэрыяльных і ідэальных аб’ектаў. Адбываецца т.ч., што кожны наступны стан аб’екта — гэта «разгортванне» папярэдняга стану, ён абумоўлены, дэтэрмінаваны, выкліканы папярэднім («вынікае» з папярэдняга).
Ідэя Р. — адна з вядучых у гісторыі філасофіі, прырода- і грамадазнаўства. У еўрап. культуры паняцце Р. набыло катэгарыяльны і светапоглядны статус пры пераходзе ад антычнасці да сярэдневякоўя ў сувязі са станаўленнем паняцця гісторыі і яго хрысц. інтэрпрэтацый. З узнікненнем навукі Новага часу фарміруюцца ўяўленні аб накіраваных і незваротных змяненнях у прыродзе і грамадстве. Пераломную ролю адыграла стварэнне навук.касмалогіі, тэорыі эвалюцыі ў біялогіі і геалогіі. Замацаванне ідэі Р. ў навуцы пацягнула за сабой яе філас. асэнсаванне, здзейсненае ў рамках розных тэарэт. мадэляў: эвалюцыянізму (Г.Спенсер), «творчай эвалюцыі» і «эмерджэнтызму» (Л.Морган, А.Бергсон), раўнаважна-інтэграцыйнай (А.Багданаў), антрапалагічнай (экзістэнцыялізм, персаналізм) і інш. Вяршыняй у асэнсаванні працэсу Р. і стварэння яго агульнай тэорыі з’яўляецца дыялектычная мадэль (Г.Гегель).
У адрозненне ад змяненняў Р. ўяўляе сабой самарух аб’екта, крыніца якога ў самім аб’екце. Яго вынікам выступае змена складу або структуры аб’екта (узнікненне, трансфармацыя або знікненне яго элементаў і сувязей). У гэтым сэнсе Р. — глабальнае цэласнае змяненне аб’екта або сукупнасці аб’ектаў, якія ўзаемадзейнічаюць. Адначасова Р. — накіраваны працэс, які выражае пэўную паслядоўнасць і незваротнасць праходжання аб’ектам (які развіваецца) спецыфічных для яго ступеняў. Гэта інтэгральны працэс, для ажыццяўлення якога неабходны пэўны інтэрвал, пэўная серыя паслядоўных змяненняў, парадак і праходжанне асобных стадый якога не могуць быць адвольна зменены. З прычыны таго, што ўнутрана абумоўленая змена станаў аб’екта — існаванне 2 узаемапроцілеглых працэсаў (узнікненне і знікненне), суадносіны паміж імі могуць мець 3 формы: змяненні ад менш арганізаванага да больш арганізаванага (прагрэс); пераход ад больш арганізаванага да менш арганізаванага (рэгрэс); пераход, які не змяняе ўзроўню арганізацыі (функцыянаванне і кругаварот). Прагрэс найб. адэкватны працэсу Р. з яго спецыфічнымі рысамі; пры дамінаванні змен, якія вядуць да павышэння ўзроўню арганізацыі дадзенага аб’екта, заўсёды прысутнічае пэўнае спалучэнне 2 інш. форм змяненняў, што характарызуе супярэчлівую нелінейную прыроду. Пра гэта сведчаць і даныя сучасных навук (касмалогія, астраномія, біялогія, антрапалогія і інш.), якія раскрываюць працэсы Р. ў даступнай частцы Сусвету. Змены, выкліканыя самім аб’ектам, і змены, выкліканыя ўмовамі яго быцця, не з’яўляюцца 2 самаст. відамі руху, што былі б раздзелены ў прасторавых і часавых адносінах, таму што аб’ект «разгортвае» сябе праз умовы, а ўмовы рэалізуюць сябе праз «самаразгортванне» аб’екта. Адсюль вынікае суадносная прырода Р. і «неразвіцця» (проста рух). Гэта азначае, што тая ці інш. змена, якая ў адной сістэме адносін з’яўляецца проста рухам, у другой такой жа аб’ектыўнай сістэме суадносін выступае як фрагмент Р. Напр., рух планет вакол Сонца не можа быць прадстаўлены як Р., але як момант больш глабальных незваротных працэсаў касм. эвалюцыі кваліфікуецца як Р. Працэс Р. характарызуецца вял. разнастайнасцю канкрэтных відаў і форм. Вылучаюць 2 агульныя паказчыкі Р.: павышэнне ўзроўню арганізацыі і захоўванне эвалюцыйнай перспектыўнасці. У свеце неарган. прыроды крытэрыямі Р. выступаюць мера самаарганізацыі, узнікненне больш складаных структур і функцыянальных магчымасцей (нейтрына—плазма—поле—рэчыва і г.д.). Для арган. прыроды крытэрыямі Р. з’яўляюцца: ступень адаптацыі да ўмоў існавання, ступень эвалюц. пластычнасці арганізацыі, павелічэнне адноснай незалежнасці арганізмаў праз ускладненне ўзаемасувязей са знешнім асяроддзем. У адносінах да сац. свету (гл.Развіццё сацыяльнае) розныя філас. кірункі прапаноўваюць часам процілеглыя крытэрыі (ступень Р. прадукцыйных сіл, ступень Р. свабоды, павышэнне інтэграцыі і дыферэнцыяцыі, узровень Р. духоўнасці грамадства і асобы і г.д.). Наяўнасць розных вызначэнняў паказчыкаў сац. Р., іх неакрэсленасць і несувымернасць пабуджае да пошуку аб’ектыўных комплексных колькасных крытэрыяў. Напр., ААН уведзены агульны крытэрый — індэкс чалавечага Р., які ўключае 3 асн. паказчыкі росту; гадавога нац. валавога прадукту, што прыпадае на 1 чалавека; адукаванасці насельніцтва; сярэдняй працягласці жыцця ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЛАВЕ́К,
вышэйшая ступень эвалюцыі жывых арганізмаў на Зямлі, прадстаўнік біял. віду, сацыяльная істота і суб’ект гісторыі. Вывучэннем Ч. займаюцца біял. і грамадскія навукі: анатомія, фізіялогія, антрапалогія, псіхалогія, шэраг мед. навук, а таксама гісторыя, філасофія, сацыялогія, этнаграфія, педагогіка і інш. Усе выкапнёвыя формы Ч. (архантрапы, палеантрапы, неаантрапы) і Ч. сучаснага віду — Homo sapiens — адносяцца да атрада прыматаў і складаюць асобнае сям.гамінідаў. З жывёльнага свету Ч. вылучаюць свядомасць, здольнасць рабіць прылады працы і выкарыстоўваць іх для ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Ад антрапоідаў (якія бліжэй за ўсё стаяць да яго) Ч. адрозніваюць: прамахаджэнне, здольныя да маніпуляцыі рукі, высокаразвіты мозг, членараздзельная мова. Першыя прадстаўнікі сям. гамінідаў цалкам залежалі ад прыроды, біял. заканамернасці ў іх адаптацыі адыгрывалі асн. ролю, кліматычныя змены адбіваліся на структурных асаблівасцях, узмацнялі працэсы марфал. зменлівасці, садзейнічалі расаўтварэнню (гл.Расы). З завяршэннем антрапагенезу Ч., захоўваючы сваю біял. аснову, ператварыўся ў істоту сацыяльную. У яго існаванне і дзейнасць уключаюцца сац. фактары, якія паступова займаюць вядучую ролю ў развіцці грамадства. Біял. асаблівасці Ч. запісаны ў яго генетычнай праграме пры дапамозе малекулы ДНК, якая забяспечвае перадачу спадчынных адзнак. На тэр. Беларусі Ч. сучаснага віду з’явіўся прыкладна 26 тыс. гадоў назад (гл.Каменны век).
У ант. філасофіі Ч. разглядаўся як частка космасу, «малы сусвет», мікракосм (Дэмакрыт) — адлюстраванне і сімвал Сусвету, макракосму. Паводле Арыстоцеля, Ч. — істота, надзеленая духам, розумам («разумнай душой») і здольнасцю да грамадскага жыцця. У хрысціянстве Ч. — вобраз і падабенства Бога. Філасофія эпохі Адраджэння зыходзіла з прынцыпу аўтаномнасці, дасканаласці і бязмежнасці творчых магчымасцей Ч., разумення яго як цэнтра ўсяго Сусвету (макракосму). Р.Дэкарт сфармуляваў палажэнне аб мысленні як адзіным дакладным сведчанні чалавечага існавання. Г.Гегель лічыў Ч. суб’ектам духоўнай дзейнасці, які стварае свет культуры, з’яўляецца носьбітам агульназначнай свядомасці, усеагульнага ідэальнага пачатку — духу. Л.Феербах у межах антрапал. канцэпцыі ставіў у цэнтр філасофіі Ч., як пачуццёва-цялесную істоту. Марксісцкая канцэпцыя Ч. грунтавалася на яго трактоўцы як «сукупнасці ўсіх грамадскіх адносін». Прадстаўнікі розных філас. кірункаў 18—20 ст. рабілі акцэнт на такіх спецыфічных асаблівасцях Ч., як пачуццё (І.Гаман), воля (А.Шапенгаўэр), «гульня жыццёвых сіл» (Ф.Ніцшэ), інтуіцыя (А.Бергсон), перажыванне страху і канечнасці існавання (М.Хайдэгер) і інш. Ідэі філасофіі жыцця і фенаменалогіі паслужылі асновай для ўзнікнення філасофскай антрапалогіі. Натуралістычны падыход да Ч. характэрны для прадстаўнікоў фрэйдызму.
Сутнасць Ч., яго паходжанне і прызначэнне, яго месца ў свеце былі і застаюцца цэнтр. праблемамі філасофіі, рэлігіі, навукі і мастацтва. Генетычна звязаны з інш. жывымі арганізмамі, Ч. адрозніваецца ад іх наяўнасцю свядомасці, абстрактнага мыслення і мовы, здольнасцю пранікаць у сутнасць навакольных прадметаў і самога сябе. Ён з’яўляецца суб’ектам грамадска-гіст. працэсу, творцам каштоўнасцей матэрыяльнай і духоўнай культуры, носьбітам традыцый, якія змяшчаюць у сабе дасягненні цывілізацыі. Ч. ставіць перад сабой мэты і ўсведамляе матывы, якія заахвочваюць яго да дзейнасці. Неад’емнымі атрыбутамі Ч. з’яўляюцца перакананасць і вера — ад веры ў лагічныя ісціны да веры ў духоўны Абсалют. Як асоба Ч. — своеасаблівае адзінства агульначалавечых і індывід. якасцей. Ступень свабоды яго дзеянняў абмяжоўваецца прынятымі грамадствам маральнымі, прававымі нормамі і правіламі пэўнага віду дзейнасці. Аднак Ч. у пэўнай ступені свабодны ў выбары сац. роляў, вызначэнні ў іх межах варыянтаў сваіх дзеянняў, праяўленні творчага падыходу да выканання сваіх абавязкаў. У працэсе далучэння да культуры ў Ч. выпрацоўваюцца механізмы самакантролю, якія выяўляюцца ў здольнасці намаганнямі волі рэгуляваць спектр сваіх імкненняў, захапленняў, інстынктаў, каштоўнасных арыентацый і да т.п.
Літ.:
Алексеев В.П. Человек: Эволюция и таксономия. М., 1985;
Андреев И.Л. Происхождение человека и общества. 2 изд. М., 1988;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Пер. с англ.М., 1990;
Харитонов В.М. Введение в теорию антропогенеза и археологию палеолита. М., 1998;
Парсонс Г. Человек в современном мире: Пер. с англ.М., 1985;
Тараткевич М.В. Человек и его потребности. Мн., 1989;
Трибулев Б.С. Природа и сущность человека. Мн., 1999;
Человек: Филос.-энцикл. словарь. М., 2000;
Ананьев Б.Г. Человек как предмет познания. 3 изд. СПб., 2001;
Тейяр де Шарден П. Феномен человека: Пер. с фр.М., 2002;
Хамитов Н.В. Философия человека: от метафизики к метаантропологии. Киев;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТРЫКА ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА (недакладная скарочаная назва Літоўская метрыка; ад лац. matricula спіс),
збор спецыфічных матэрыялаў (сшыткаў, кніг) велікакняжацкай канцылярыі Вялікага княства Літоўскага 15—18 ст. з копіямі дакументаў, якія выдаваліся ад імя вялікага князя (гаспадара), Рады ВКЛ, сеймаў і падлягалі неабмежаванаму ў часе захаванню. У складзе Метрыкі знаходзяцца агульназемскія прывілеі, абласныя прывілеі, прывілеі гарадам, асобным групам насельніцтва, феадалам на валоданне маёнткамі, фінансавыя, судовыя і інш. льготы, на пабудову гарадоў і мястэчак, адкрыццё корчмаў, правядзенне таргоў, кірмашоў, пра наданне пасад, збор падаткаў і інш.Вял. месца займаюць судовыя дэкрэты па справах, што разглядаліся велікакняжацкім судом. У Метрыку заносіліся велікакняжацкія (каралеўскія) наказы, статуты, сеймавыя пастановы і г.д. У пасольскіх кнігах Метрыкі — матэрыялы знешняй палітыкі: лісты да кіраўнікоў замежных дзяржаў і ад іх, дагаворы, інструкцыі паслам і інш. У склад Метрыкі ўваходзілі таксама некаторыя важныя пабочныя матэрыялы (пераклады ярлыкоў крымскіх ханаў, спісы з маскоўскіх дыпламат. дакументаў і інш.), справаводчыя матэрыялы (рэестры актаў, інвентары Метрыкі і інш.). Метрыка стала асновай велікакняжацкага, а пазней гал.дзярж. архіва ВКЛ і выконвала нотафікацыйныя (юрыдычна-рэгістрацыйныя) функцыі. Выкарыстоўвалася ў юрыд. і даведачных мэтах усімі суб’ектамі права, найперш вярх. уладай, дзярж. ўстановамі, магістратамі, царквой, этнарэлігійнымі абшчынамі, прывілеяванымі саслоўямі, мяшчанамі. На аснове матэрыялаў Метрыкі паводле адпаведных запытаў выдаваліся юрыдычна завераныя дакументы (копіі з копій). Як асн. і самы багаты комплекс крыніц па гісторыі феад. Беларусі і ВКЛ у цэлым, Метрыка дае магчымасць даследаваць вядучыя кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі на працягу больш за тры стагоддзі, змены ў адм.-тэр. і судовай сістэмах, заканадаўстве, рэальным эканам. і грамадскім жыцці, паліт., гандлёвыя, культ. і інш. сувязі з Польшчай, Расіяй, Латвіяй, Эстоніяй і інш. краінамі. Метрыка — найбольшы па памерах, значнасці і храналагічным ахопе збор помнікаў духоўнай культуры, старабел. («рускай»), польскай, лац. моў, пісьмовасці.
Сшыткі і кнігі Метрыкі больш-менш сістэматычна вяліся з сярэдзіны 15 ст. Да пач. 16 ст. яны зберагаліся, як мяркуецца, у Трокскім замку пад наглядам гаспадарскага падскарбія, пазней захоўваліся ў велікакняжацкім скарбе ў асобных памяшканнях у Вільні. Загадваў кнігамі Метрыкі канцлер, а з 1566 — і падканцлерВКЛ. Пасля размежавання канцылярый канцлера і падканцлера Метрыка стала падзяляцца на вялікую і меншую. Інтэнсіўнае выкарыстанне кніг Метрыкі ўжо да канца 16 ст. значна папсавала іх. Пад кіраўніцтвам канцлера Л.Сапегі ў 1594—1607 старыя кнігі былі перапісаны (у 17 ст. яны амаль усе загінулі). Новыя кнігі разам з пазнейшымі матэрыяламі Метрыкі выкарыстоўваліся ў гаспадарскай канцылярыі ў 17—18 ст. Яны склалі аснову сучасных архіўных фондаў Метрыкі. Да сярэдзіны 18 ст. кнігі Метрыкі былі перавезены ў Варшаву. Пасля задушэння паўстання 1794 Метрыка вывезена ў Санкт-Пецярбург, большая яе частка перададзена ў Сенат. У 1835—37 кнігі Метрыкі разбіты на 12 аддзелаў: Кнігі запісаў; Кнігі судовых спраў; Кнігі публічных спраў; Кнігі перапісаў; Кнігі выпісаў; Сігілата; Кнігі Пастаяннай Рады і найноўшага справаводства; Інвентары (вопісы кніг Метрыкі); Новыя кнігі (пераплеценыя зборнікі арыгінальных актаў розных часоў, вывезеныя з Варшавы); Старажытныя акты; Радаводы; Межавыя карты. У 1887—88 б.ч. матэрыялаў Метрыкі пераведзена ў Маскоўскі архіў Мін-ва юстыцыі, цяпер зберагаецца ў Рас.дзярж. архіве стараж. актаў у Маскве (фонд 389, 662 адзінкі захоўвання; у Нац.гіст. архіве Беларусі ёсць іх мікрафільмы). Некаторыя кнігі і дакументы са складу Метрыкі цяпер захоўваюцца ў Гал. архіве стараж. актаў у Варшаве, Рас.Нац. б-цы ў Санкт-Пецярбургу, Нац. б-цы Украіны імя У.І.Вярнадскага ў Кіеве і некат. інш. зборах.
Дакументы Метрыкі паслужылі крыніцай для прац па гісторыі ВКЛ М.К.Любаўскага, М.В.Доўнар-Запольскага, М.А.Максімейкі, І.І.Лапы, У.І.Пічэты, І.А.Маліноўскага, Г.Лаўмянскага і інш. Значны ўклад у вывучэнне Метрыкі зрабілі С.Л.Пташыцкі, М.Г.Беражкоў, П.К.Грымстэд і інш. Шмат матэрыялаў Метрыкі апублікавана ў «Актах Заходняй Расіі», «Скарбніцы грамат», «Актах Літоўскай Метрык», «Актах Літоўска-Рускай дзяржавы», «Рускай гістарычнай бібліятэцы», «Беларускім архіве» і інш. выданнях. 11 кніг Метрыкі з матэрыяламі сярэдзіны 15—16 ст. у апошнія гады апублікаваны ў Літве.
Літ.:
Пташицкий С.Л. Описание книг и актов Литовской метрики. СПб., 1887;
Бережков Н.Г. Литовская метрика как исторический источник. Ч. 1. М.; Л., 1946;
Исследования по истории Литовской метрики: Сб. науч. тр. [Ч.] 1—2. М., 1989;
Литовская Метрика: Исслед. 1988 г. Вильнюс, 1992;
Grimsted P.K. The «Lithuanian Metrica» in Moscow and Warsaw. Cambridge (Mass.), 1984.
Г.Я.Галенчанка.
Да арт.Метрыка Вялікага княства Літоўскага (злева направа): Устава Жыгімонта II Аўгуста ўраднікам гаспадарскіх двароў. 1529 (копія канца 16 ст. Кніга № 225); тытульны ліст кнігі з дакументамі 1540—43 (копія 1596. Кніга № 231); друкаваны тытульны ліст 1786 да ўсіх кніг Метрыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРАЛОГІЯ
Культуралагічныя даследаванні ў Беларусі пачаліся ў эпоху Адраджэння. Праблемы нац. і рэліг. самаідэнтыфікацыі, біблейскай і антычнай традыцый адлюстроўваліся ў творах Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага, М.Сарбеўскага, Сімяона Полацкага, М.Сматрыцкага, А.Філіповіча. Да навук. асэнсавання праблем айчыннай культуры бел. даследчыкі звярнуліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пытанні бел. культуры закраналіся ў этнаграфічных і фальклорных працах Л.Бароўскага, П.А.Бяссонава, Я.Ф.Карскага, М.І.Каспяровіча, А.Г.Кіркора, Ю.Ф.Крачкоўскага, М.Я.Нікіфароўскага, Я.П.Тышкевіча, Е.Р.Раманава, І.А.Сербава, М.Федароўскага, П.В. Шэйна і інш. На аснове комплекснага параўнальна-гіст. абагульнення фактычнага матэрыялу яны абгрунтавалі нац. самабытнасць беларусаў як самастойнага народа, які стварыў сваю багатую і арыгінальную культуру. Культуралогія як частка комплекснай гуманіт. навукі фарміравалася на стыку гісторыі, філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі, антрапалогіі, этналогіі, мастацтвазнаўства, семіётыкі, лінгвістыкі і інш. навук.
У 2-й пал. 20 ст. вызначальную ролю ў распрацоўцы тэорыі і гісторыі айч. культуры адыгралі бел. вучоныя Г.І.Барышаў, Я.М.Бабосаў, Ю.А.Гусеў, Э.К.Дарашэвіч, У.М.Конан, М.І.Крукоўскі, Г.А.Каханоўскі, А.Б.Ладыгіна, А.І.Лакотка, А.В.Мальдзіс, У.Ф.Мартынаў, І.В.Марозаў, В.Ф.Нячай, І.Д.Розенфельд, Я.М.Сахута, Р.Б.Смольскі, В.У.Пазнякоў, В.Ф.Шматаў і інш. У навук. працах разгледжаны праблемы развіцця бел. нацыі, сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях у кантэксце ўзаемадзеяння са станаўленнем і праяўленнямі спецыфічна бел. менталітэту, нац. самасвядомасці бел. народа ў мінулыя эпохі і ў сучасны перыяд.Бел. культуролагі даследуюць заканамернасці развіцця і функцыянавання культуры, яе структуру і дынаміку, (Я.М.Бабосаў, Э.К.Дарашэвіч, М.І.Крукоўскі, С.В.Лапіна, А.І.Смолік), этнічныя і духоўныя асновы культуры і быцця чалавека (Т.І.Адула, П.Р.Ігнатовіч, А.С.Майхровіч, Ю.В.Чарняўская), праблемы тэорыі каштоўнасці і варыятыўнасці культуры (А.М.Пакроўская), дыялектыку ментальнасці і нац. культуры, узаемадзеяння розных культур і цывілізацый свету (В.В.Брыгадзіна, Э.С.Дубянецкі, І.І.Касперава, У.П.Люкевіч). Новым кірункам у культуралогіі стала архітэктурная герменеўтыка (працы І.В.Марозава «Таямнічым шляхам Гермеса», 1994; «Архітэктурная герменеўтыка», 1999). Вывучэнню сутнасных праяў прыгажосці, што дэтэрмінуюць развіццё культуры, прысвечаны працы У.Ф.Мартынава «Філасофія прыгажосці» (1999) і «Эстэтыка» (2004). Вучоныя культуролагі Ю.Г.Болатава, С.Л.Вілейка, А.А.Каспярук, І.Л.Коган, Э.А.Усоўская, Т.І.Якавук і інш. даследуюць аксіялагічныя асновы маст. культуры, пытанні генезісу, тыпалогіі і механізмаў захавання традыц. культуры, ролі і месца этыкі і рэлігіі ў структуры культ. арганізма.
У Бел. ун-це культуры падрыхтаваны і выдадзены працы, прысвечаныя ролі духоўнай культуры ў рэгуляцыі розных сфер сац. быцця ва ўмовах сістэмнай трансфармацыі грамадства, дзейнасці сацыякультурных інстытутаў, якія забяспечваюць функцыянаванне культуры: «Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме» А.І.Смоліка (1999), «Філасофія культуры: Уводзіны ў тэарэтычную культуралогію» М.І.Крукоўскага (2001), «Этнічныя асновы культуры» П.Р.Ігнатовіча і Ю.В.Чарняўскай (2001) і інш. Даследаванні культуры канкрэтных сац. арганізмаў, што існуюць у пэўных прасторава-часавых межах, а таксама культуры рэгіёнаў вядуцца ў Гродзенскім ун-це (І.В.Бусько, Э.А.Малько, С.З.Сямернік, І.Д.Розенфельд, М.А.Валковіч, Т.Р.Бараноўская). У Бел. ін-це праблем культуры (І.Б.Багачова, Р.Л.Бузук, І.І.Кулік, Л.І.Ракавецкая, У.П.Скараходаў) і Рэсп. ін-це вышэйшай школы (Ю.Ю.Гафарава, М.Р.Жбанкоў, В.У.Пазнякоў, Я.С.Яскевіч) праводзяцца фундаментальныя даследаванні асноў нац.-культ. развіцця ва ўмовах дэмакр. прававой дзяржавы, развіцця нар. творчасці і прафес. мастацтва, узаемадзеяння бел. культуры з інш. культурамі свету, распрацоўваецца канцэпцыя культуралагічнай адукацыі моладзі.
Выдадзены шэраг калект. і індывід.навуч. дапаможнікаў па культуралогіі, тэорыі і гісторыі культуры, асобных праблемах культуразнаўства і культурна-філас. антрапалогіі (В.В.Брыгадзіна, У.У.Качаноўскі, М.Д.Каўшараў, Н.А.Круталевіч, С.В.Лапіна, І.Я.Левяш, У.Ф.Мартынаў, Т.Я.Мінянкоў, С.Я.Парашкоў, Н.А.Рабцова, Ю.В.Чарняўская, І.Я.Шыршоў); навук. даведнік «Культура Беларусі XI—XIX ст.» А.І.Смоліка (1995). У 2003 выйшаў у свет энцыклапедычны даведнік Э.С.Дубянецкага «Культуралогія», у якім змест асн. паняццяў, тэрмінаў і феноменаў культуры арганічна ўвязаны з гісторыяй і рэальнымі працэсамі этнакультурнага развіцця бел. грамадства.
Літ.:
Роль культуры в формировании личности. Мн., 1980;
Ширшов И.Е. Динамика культуры. Мн., 1980;
Майхрович А.С. Поиск истинного бытия и человека: Из истории философии и культуры Беларуси. Мн., 1992;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;
Смолік А.І. Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме. Мн., 1999;
Морозов И.В. Архетипы культуры: Основы культурологии. Мн., 2001;
Потапенко Н.Я. Культура как самоорганизующаяся система. Мн., 2003;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш.Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес.дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.
На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл.Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п.м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж.геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц.нар.адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес.дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц.нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац.АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).
Літ.:
Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;
Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: З гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;
Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;
Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.
Я.М.Сахута.
Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.Да арт.Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА,
від выяўленчага мастацтва, які аб’ядноўвае малюнак (як самаст. галіну творчасці) і друкаваныя маст. творы (розныя віды гравюры), што грунтуюцца на мастацтве малюнка з уласцівымі ім выяўл. сродкамі і магчымасцямі. Творы графікі звычайна выконваюцца на паперы. Асн. выразныя сродкі — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны ці каляровы фон аркуша, часам выкарыстоўваецца і колер. На мяжы жывапісу і графікі — акварэль, гуаш, пастэль, тэмпера. Паводле прызначэння падзяляюць на станковую (станковы малюнак, эстамп), кніжную графіку, газетна-часопісную (ілюстрацыя, дэкар. афармленне, шрыфты і інш.), прамысловую графіку, плакат, карыкатуру. Сродкамі графікі звычайна робяць накіды, эцюды да жывапісных твораў, фіксуюць арх. замыслы на стадыі праектавання і інш.
Найб.стараж. і традыц. від графічнага мастацтва — малюнак, вытокі якога ў выявах эпохі палеаліту і ў ант.вазапісе, у аснове якога — лінія, сілуэт, каляровая пляма. Гравюра вядомая з 6—7 ст. у Кітаі, з 14—15 ст. у Еўропе (напачатку дрэварыт і разцовая гравюра, пазней афорт). Станковая графіка адыгрывала важную ролю ў культ. і паліт. жыцці Еўропы з эпохі Адраджэння (творы Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, А.Дзюрэра і інш.). У 17—19 ст. у розных відах графікі працавалі Ж.Кало, Рэмбрант, К.Хакусай, У.Хогарт, А.Дам’е, Ф.Гоя, Г.Дарэ, Э.Дэлакруа, Ф.Мазерэль, А.Кіпрэнскі, М.Уткін, В.Сяроў, І.Шышкін, у 20 ст. — П.Пікасо, А.Матыс, Ж.Грос, К.Кольвіц, А.Астравумава-Лебедзева, У.Фаворскі, У.Лебедзеў, Л.Лісіцкі і інш. Адметнасць графікі ў аператыўным водгуку на актуальныя падзеі жыцця, здольнасці распаўсюджвацца ў вял. колькасці экзэмпляраў, што шырока выкарыстоўвалася ў агітацыйнай і сатыр. графіцы (асабліва ў час вял.гіст. змен і войнаў).
На Беларусі бярэ пачатак ад аздоб і мініяцюр рукапісных кніг (Тураўскае евангелле, 11 ст.; Аршанскае евангелле, 12—13 ст.; Мсціжскае евангелле, 14 ст.). Контурны малюнак вядомы па Лаўрышаўскім евангеллі 14 ст., акварэль — па Радзівілаўскім летапісе 15 ст. Значных поспехаў дасягнула графіка ў 16—18 ст. з развіццём кнігадрукавання. З выдавецкай дзейнасцю Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў звязана ўзнікненне кніжнага дрэварыту, які займаў гал. месца ў выданнях друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Брэста, Нясвіжа, Куцейны, Супрасля, Магілёва, Гродна. У 2-й пал. 16 ст. ўзнікла разцовая гравюра на метале — медзярыт (першыя з іх — працы Т.Макоўскага, В. і М.Вашчанкаў). З канца 16 ст. пачала развівацца станковая графіка: партрэт, гар. пейзаж, гравюра-тэзіс, панегірычная, геральдычная гравюра, картаграфія, малюнкі арх. праектаў, экслібрысы (Макоўскі, Вашчанкі, Ф.Ангілейка, А. і Л.Тарасевічы, Г.Ляйбовіч, а таксама замежныя майстры К.Гётке, А. ван Вестэрфельд і інш.). У 18 ст. з’явіліся новыя віды графікі: лубок (П.Комар), эскізы дэкарацый (М.Жукоўскі). У канцы 18 ст. ў яе станаўленні пэўную ролю адыграў Полацкі езуіцкі калегіум, дзе выкладаўся малюнак, у 19 ст. — Віленская мастацкая школа. У розных жанрах графікі (партрэт, гар. пейзаж, быт. і этнагр. замалёўкі) працавалі Ю.Азямблоўскі, А.Бартэльс, В.Ваньковіч, Я.Дамель, М.Падалінскі, Я.Рустэм і інш. Умовы нац. і сац. ўціску (асабліва пасля паўстання 1863—64) прывялі да заняпаду выяўл. мастацтва ў цэлым, у т. л. і графікі. Адраджэнне яе звязана з нац.-вызв. рухам пач. 20 ст. Графікі ўдзельнічалі ў афармленні газет «Наша доля», «Наша ніва», кніг на бел. мове, з’явіліся плакат і карыкатура (С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Драздовіч, К.Каганец, П.Лепяшынскі і інш.), значнасць якіх павялічылася ў гады рэвалюцыі і грамадз. вайны (Віцебскія, Гомельскія, Мінскія вокны РОСТА, Гомельская мастацкая студыя імя М.А.Урубеля). Да плаката звярталіся А.Быхоўскі, Ф.Валяроў, П.Гуткоўскі, С.Каўроўскі, Я.Целішэўскі і інш. Усе віды і жанры графікі актыўна развіваліся ў 1920-я г. У кніжнай графіцы працавалі Гуткоўскі, В.Дваракоўскі, Г.Змудзінскі, М.Малевіч, А.Тычына, у станковай — А.Астаповіч, З.Гарбавец, Я.Горыд, Драздовіч, Я.Мінін, М.Сеўрук, С.Юдовін і інш. У гады 2-й сусв. вайны мастакі В.Букаты, Я.Зайцаў, Б.Звінагродскі, В.Козак, Красільнікаў, Я.Красоўскі, М.Філіповіч, А.Шаўчэнка і інш. ўдзельнічалі ў сатыр. выданнях «Раздавім фашысцкую гадзіну!» і «Партызанская дубінка». Папулярнасць набыла сатыр. графіка на старонках час.«Вожык» (А.Волкаў, Р.Грамыка, М.Гурло, Дз.Красільнікаў, С.Раманаў, А.Чуркін і інш.). Лепшыя творы графікаў 1960-х г. (Л.Асецкі, А.Кашкурэвіч, А.Лось, Г.Паплаўскі, А.Паслядовіч, В.Шаранговіч) сведчаць пра філас. глыбіню, імкненне стварыць аналітычныя сімволіка-алегарычныя ці метафарычныя кампазіцыі з глыбокім сац. падтэкстам. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлая плеяда мастакоў (В.Александровіч, М. і У.Басалыгі, У.Вішнеўскі, А.Дзямарын, П.Драчоў, А. і Ю.Зайцавы, М.Карпук, Я.Кулік, М.Купава, Л.Марчанка, В.Паўлавец, У.Пашчасцеў, А.Рыбчынскі, У.Савіч, М.Селяшчук, Р.Сітніца, В.Славук, Г.Скрыпнічэнка і інш.), у творчасці якіх зварот да нац.маст. традыцый, глыбокага вывучэння прафес. графічнай культуры.
Літ.:
Фаворский В. О графике как об основе книжного искусства // Искусство книги. М., 1961;
Вып. 2;
Виппер Б.Р. Графика // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970;
Мальцева Н.Л. Пути развития советской графики. М., 1980;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка 1945—1977 гг.Мн., 1979;
Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка 1917—1941. Мн., 1978.
А.М.Пікулік, В.Ф.Шматаў.
Да арт.Графіка. Н.Орда. Палац у вёсцы Масаляны Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобл. 1861—77. Малюнак.Да арт.Графіка. Г.Паплаўскі. Іл. да кнігі Я.Коласа «Выбранае». 1983.Да арт.Графіка. М.Селяшчук. Экслібрыс А.С.Цярэшчанкі. 1985. Літаграфія.Да арт.Графіка. А.Тарасевіч. Ілюстрацыя да кнігі «Разарыум...». 1672. Медзярыт.Да арт.Графіка. Мікеланджэла. Малюнак да плафона Сіксцінскай капэлы. 1508—12.Да арт.Графіка. Я.Мінін. Стары Віцебск. 1927. Дрэварыт.Да арт.Графіка. У.Вішнеўскі. Птушкаловы II. 1988. Афорт.Да арт.Графіка. А.Рыбчынскі. Магілёўскае паўстанне. 1979. Малюнак.Да арт.Графіка. Р.Сітніца. Нясвіж. Формула мінуўшчыны. 1990. Каляровая аўталітаграфія.Да арт.Графіка. В.Шаранговіч. Цэнтральная частка трыпціха «Дзе крыўда адвечная спела». 1993. Каляровая літаграфія.Да арт.Графіка. Ф.Скарына. Старонка з кнігі «Прамудрасць». 1518.Да арт.Графіка. М.Карпук. Веснавы ранак. 1981. Малюнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛОГІЯ
Асноўныя кампаненты сацыялагічных ведаў на Беларусі закладваліся ў 19 ст. ў творах Ф.Багушэвіча, К.Каліноўскага, А.Пашкевіч (Цёткі) і інш. У 1921 у БДУ створана кафедра сацыялогіі і першабытнай культуры, якую ўзначальваў С.З.Кацэнбоген. З заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і наступным пераўтварэннем яго ў Бел.АН (1929) сацыялагічныя даследаванні набылі большую маштабнасць і глыбіню. Даследаваліся праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця бел. нацыі, адукацыі, культуры (М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Іваноўскі, У.М.Ігнатоўскі, Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, С.М.Васілейскі, С.Я.Вальфсон і інш.). Быў назапашаны каштоўны вопыт арганізацыі і правядзення эмпірычных сацыялаг. даследаванняў, тэарэт. асэнсавання іх вынікаў, падрыхтоўкі нац. кадраў сацыёлагаў. У канцы 1930-х г. сацыялогія была абвешчана шкоднай бурж. плынню, а многія яе прадстаўнікі разам з інш. навукоўцамі і дзеячамі культуры рэпрэсіраваны. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця сацыялаг. навукі ў Беларусі. У 1965 створаны грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў пры ЦККПБ (дырэктар А.Дз.Малочка), які выконваў функцыі рэсп.навук. цэнтра па каардынацыі такіх даследаванняў. У 1967 грамадскі ін-т скасаваны, а яго функцыі перададзены Праблемнай н.-д. лабараторыі сацыялаг. даследаванняў БДУ. У 1970 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі арганізаваны сектар, а потым аддзел сац. даследаванняў. У 1974 пры кафедры філасофіі гуманіт. ф-таў БДУ створаны сектар прыкладной сацыялогіі. У 1960—70-я г. сацыялаг. групы функцыянавалі ва ўсіх вядучых ВНУ і рэгіёнах Беларусі, пачалі фарміравацца галіновыя кірункі сацыялогіі (працы, сям’і, адукацыі, рэлігіі, асобы, моладзі, дэвіянтных паводзін). Апублікаваны падрыхтаваныя Г.П.Давідзюком падручнікі для ВНУ «Уводзіны ў прыкладную сацыялогію» (1975) і «Прыкладная сацыялогія» (1979). У 1977 у БДУ адбыўся 1-ы выпуск спецыялістаў у галіне прыкладной сацыялогіі. Атрымала развіццё заводская сацыялогія (І.І.Голуб, Л.М.Злотнікава, М.Н.Камінскі, А.П Корбут, Э.І.Скорабагаты, М.Н Тухто, К.В.Шульга і інш.). Абагульняльныя вынікі гэтых даследаванняў выкладзены ў кнігах «Сацыяльнае планаванне ў першасным калектыве» І.Я.Пісарэнкі (1973), «Вытворчы калектыў: праца, асяроддзе, выхаванне» У.Н.Семянькова (1975), «Новае ў распрацоўцы комплексных планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця працоўных калектываў» К.Л.Патаенкі (1978), калект. манаграфіі «Устойлівасць і развіццё вытворчага калектыву» (1975). У 1984 выйшаў «Слоўнік прыкладной сацыялогіі», які быў у 1991 перавыдадзены ў дапоўненым выглядзе пад назвай «Сацыялагічны слоўнік» У 1989 адкрыты аддзяленне і кафедра сацыялогіі БДУ (заг. кафедры А.М.Елсукоў). У АН Беларусі арганізаваны Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў, на базе якога ў 1990 створаны Ін-т сацыялогіі АН Беларусі (дырэктар-арганізатар Я.М.Бабосаў). Ін-т стаў галаўной арганізацыяй па дзярж. праграме фундаментальных даследаванняў «Дынаміка сацыяльных працэсаў ва ўмовах дзярж. незалежнасці Беларусі: сацыялагічны аналіз і прагназіраванне». У 1996 засн. Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ (кіраўнік Д.Г.Ротман). Выдадзены падручнікі і навуч. дапаможнікі: «Гісторыя сацыялогіі» (1993, 1997), «Прыкладная сацыялогія» (2000) і «Агульная сацыялогія» (2002) Я.М.Бабосава, «Эканамічная сацыялогія» (2000) і «Сацыялогія працы» (2002) Г.М.Сакаловай, «Сацыялогія» (2002, пад рэд. А.М.Елсукова).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. даследаваліся праблемы сац. трансфармацый бел. грамадства, каштоўнасных арыентацый і паліт. актыўнасці розных сац. груп насельніцтва, стратыфікацыі і дэмаграфічных характарыстык пераходнага грамадства пад уздзеяннем сац., эканам., сац.-псіхал. фактараў (І.І.Антановіч, А.М.Данілаў, А.Г.Злотнікаў, Т.М.Кучынскі, М.Е.Ліхачоў, А.Б.Міскевіч, А.А.Ракаў, В.І.Русецкая, В.І.Секун, Л.П.Шахоцька і інш.). Праблематыка эканам. сацыялогіі і сацыялогіі працы ўсё больш узаемадзейнічае з пытаннямі сац. экалогіі, сацыялогіі катастроф і экстрэмальных сітуацый, пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.М.Бабосаў, П.А.Вадап’янаў, А.П.Лімарэнка, У.А.Палікарпаў, С.В.Сівуха і інш.). Актуальныя праблемы сацыялогіі сям’і, дэмаграфіі, гендэрнай сацыялогіі даследуюць Ю.М.Бубнаў, С.Н.Бурава, А.К.Воднева, С.Д.Лапцёнак, М.М.Урбан, Л.Р.Цітарэнка, З.М.Юк і інш. Распрацоўваюцца пытанні функцыянавання навукі ў кантэксце глабальных сац. і сацыякульт. змен, развіцця новай інавацыйнай сістэмы, стварэння рынку новых тэхналогій, маніторынгу міграцыі навук. кадраў краіны (М.І.Арцюхін, І.Ф.Багданава, В.Я.Качаргін, Г.А.Несвятайлаў, А.А.Шчэрскі, І.М.Шарый, В.К.Шчэрбін). Сацыёлагі І.М.Андрэева, Т.Н.Гацукевіч, У.А.Дунаеў, Д.Г.Ротман, В.А.Кліменка, А.І.Ляўко, Л.Р.Новікава і інш. вывучаюць актуальныя праблемы вышэйшай школы, эвалюцыі нац. сістэмы адукацыі, яе сац.-культ. асаблівасці. Сістэмныя даследаванні праводзяцца па пытаннях сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях, узаемасувязі са станаўленнем спецыфічна бел. менталітэту і нац. самасвядомасці (Э.К.Дарашэвіч, А.М.Елсукоў, П.Г.Ігнатовіч, С.В.Лапіна і інш.), міжнац. адносін ва ўмовах станаўлення суверэнітэту краіны, рэгіянальнай палітыкі, развіцця мясц. самакіравання (Я.М.Бабосаў, А.Я.Кучко, Л.І.Навуменка, В.І.Русецкая, В.А.Сімховіч, П.П.Украінец і інш.), электаральных паводзін розных груп насельніцтва (Д.Г.Ротман, А.П.Вардамацкі, Я.І.Дзмітрыеў, І.В.Катляроў, Л.Н.Міхейчыкаў, Р.А.Смірнова, Г.М.Явелькін і інш.). Паказчыкам высокага ўзроўню развіцця сацыялаг. навукі на Беларусі сталі выданне навук.-тэарэт.час. «Сацыялогія» (з 1997), першай айч. «Сацыялагічнай энцыклапедыі» (пад рэд. А.М.Данілава; 2003) і энцыклапедыі «Сацыялогія» (складальнік і гал. рэдактар А.А.Грыцанаў; 2003).
Літ.:
Антонович И.И. Буржуазная социологическая теория. Ч. 1—2. Мн., 1980—81;
Шавель С.А. Социальная сфера и личность. Мн., 1988;
Методологические основы социологии. Социология как наука Мн., 1992;
Бабосов Е.М. Катастрофы: Социол. анализ. М., 1995;
Яго ж. Социально-стратификационная панорама современной Беларуси. Мн., 2002;
Лапина С.В. Социологическое познание. Мн., 1998;
Данилов А.Н. Переходное общество: Проблемы систем. трансформации. 2 изд. Мн., 1998;
Яго ж. Социология власти: теория и практика глобализма. Мн., 2001;
Оперативные социологические исследования: методика и опыт организации. Мн., 2001;
Бабосов Е.М. Социально-стратификационная панорама современной партии. Мн., 2002;