раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж. Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ДУ ((Amado) Жоржы) (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),
бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер.літ.з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл.Сусв. Савета Міру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРАФО́НІЯ (ад гетэра... + грэч. phōnē гук),
сумеснае, у аснове аднагалосае выкананне мелодыі з эпізадычнымі больш ці менш працяглымі адхіленнямі ад унісону. Найстаражытнейшы муз. склад, прамежкавы паміж манадыйным і поліфанічным. Уласціва аўтэнтычным формам фальклору розных народаў, таму што яе перадумова — абавязковы момант імправізацыйнасці, пастаяннай варыянтнасці напеваў. У гетэрафоннай манеры спяваюць пераважна песні каляндарна-земляробчага і сямейна-абрадавага цыклаў. На Беларусі пашырана ва ўсх. Палессі і на Магілёўшчыне як полірытмічны тып мелодыі, у зах. Палессі і ў паўд. раёнах Мінскай вобл. як дыяфонія на элементах бурданіравання (гл.Бурдон). Да гетэрафоніі блізкія некат. з’явы ў прафес. музыцы 19—20 ст. (К.Дэбюсі, І.Стравінскі).
Літ.:
Бершадская Т. Основные композиционные закономерности многоголосия русской народной крестьянской песни. Л., 1961;
Можейко З.Я. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983;
Яе ж. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ»,
тэарэтычныя мадэлі квантавай тэорыі поля, у аснову якіх пакладзена ідэя адзінства моцных, эл.-магн. і слабых узаемадзеянняў пры звышвысокіх энергіях ці на звышмалых адлегласцях.
Падставай для стварэння «вялікага аб’яднання» з’явіліся эфекты вакууму квантавай тэорыі палёў; экранаванне эл. зараду і антыэкранаванне каляровага зараду ў квантавай хромадынаміцы, з чаго вынікае, што пры пэўным значэнні энергіі эфектыўныя зарады (канстанты ўзаемадзеяння) могуць супадаць. Ідэя «вялікага аб’яднання» эксперыментальна пацвярджаецца адзінай тэорыяй электраслабых узаемадзеянняў. «Вялікае аб’яднанне» тлумачыць квантаванне эл. зараду, прадказвае распад пратона і існаванне манаполяў магнітных. Энергія, пры якой адбываецца «вялікае аб’яднанне», блізкая да т.зв. планкаўскай масы (1019 ГэВ) — энергіі, пры якой неабходна ўлічваць квантавыя гравітацыйныя з’явы, што дае падставы для аб’яднання ў такім падыходзе 4 відаў узаемадзеянняў (гл.Узаемадзеянні элементарных часціц).
Літ.:
Окунь Л.Б. Физика элементарных частиц. 2 изд. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДЧЫК (Яўген Паўлавіч) (н. 2.1.1925, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне анкахірургіі. Акад.АН Беларусі (1996), д-рмед.н. (1987), праф. (1988). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1957). З 1965 заг. аддзела таракальнай хірургіі Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, з 1966 у Мінскім мед. ін-це (у 1974—96 заг. кафедры анкалогіі), адначасова з 1990 дырэктар Рэсп. навукова-практычнага цэнтра пухлін шчытападобнай залозы. Навук. працы па хірургіі стрававода, страўніка, шчытападобнай залозы. Сааўтар адкрыцця з’явы блока сінаптычнай перадачы пры ўздзеянні імпульснага магнітнага поля.
Тв.:
Пособие по онкологии. Мн., 1977 (разам з І.А.Петуховым);
Рак щитовидной железы у детей. М., 1996 (разам з А.Ф.Цыбам, Я.Ф.Лушнікавым);
A new form of RET rearrangement in thyroid carcinomas of children alter the Chemobyl reactor accident (у сааўт.) // Oncogene. 1996. 13.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫМІНАЛО́ГІЯ (ад лац. criminis злачынства + ...логія),
навука пра злачыннасць, яе прычыны, асобу злачынца, шляхі і сродкі папярэджання злачыннасці і перспектывы яе ліквідацыі. Даследуе злачыннасць як сац. з’яву, якая выяўляецца ў грамадска небяспечных паводзінах людзей, што супярэчаць патрабаванням крымін. закону. Вывучае звесткі пра злачыннасць у цэлым і па асобных відах і групах злачынстваў, па асобных крыміналагічных праблемах (напр., злачыннасць непаўналетніх, рэцыдыўная, групавая), а таксама прычыны злачыннасці, г.зн. тыя сац. фактары, з’явы і працэсы, якія ўплываюць на існаванне злачыннасці ў цэлым і на ўчыненне канкрэтных злачынстваў. Разглядае асобу злачынца як сукупнасць сац. і сацыяльна значных уласцівасцей, рысаў, якасцей, сувязей і адносін, што характарызуюць асоб, якія ўчыняюць розныя злачынствы, і нейкім чынам уплываюць на іх паводзіны. Важнае месца ў К. займае праблема папярэджання злачынстваў — аднаго з гал. кірункаў барацьбы са злачыннасцю ў сучасным дэмакр. грамадстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЛЯ́Д,
1) сціслае абагульненае паведамленне (у друку, на радыё і тэлебачанні) пра падзеі, што адбыліся за пэўны прамежак часу ў грамадскім жыцці, навуцы, тэхніцы, мастацтве, л-ры (агляд міжнар. падзей, навуковы, тэатральны, літаратурны).
2) Від паказу, у якім сродкамі тэатра (кіно, радыё, тэлебачання, эстрады) падаюцца падзеі, з’явы, факты жыцця. Складаецца з асобных сцэн, эстрадных, харэагр., муз., вак. нумароў, аб’яднаных агульным сюжэтам. Узнік у 1830-я г. ў Францыі, меў надзённы характар. З канца 19 ст. ператварыўся ў пацешлівыя відовішчы (рэвю, мюзік-хол). У бел.нар. тэатры своеасаблівай формай агляду былі ігрышчы, выступленні скамарохаў, школьнага тэатра, батлейкі, у якіх дэманстраваліся бытавыя сцэны з тагачаснага жыцця. У 1920—30-я г. форму агляду мелі агітац.-маст. паказы на актуальныя паліт. ці вытворча-быт. тэмы. Выкарыстоўваецца ў сучасных тэатрах сатыры і мініяцюр.
3) Форма паказу дасягненняў прафес. ці самадзейнага мастацтва — выстаўка, дэкада, конкурс, паказ, свята, фестываль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,
уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (H+) больш за 1 × 10−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводле сан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТАН ((Merton) Роберт Кінг) (н. 5.7.1910, г. Філадэльфія, ЗША),
амерыканскі сацыёлаг. Даследаваў праблемы акад. сацыялогіі ЗША, у т. л. ў тэорыі і метадалогіі структурнага функцыяналізму, сацыялогіі навукі, вывучэнні сац. структуры, з’яў сац. дэзарганізацыі і бюракратыі. Вынікі даследаванняў выкладзены ў працах «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» (1957, 1968), «Сацыялогія навукі» (1973), «Структурны аналіз у сацыялогіі» (1975) і інш. М. распрацаваў паняцце дысфункцыі і правёў дыферэнцыяцыю паміж «відавочнымі» і «латэнтнымі» (скрытымі) функцыямі, што ў працэсе аналізу механізмаў забеспячэння «сацыяльнага парадку» дае магчымасць выяўляць дысфункцыянальныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку супярэчнасцей і напружанасці ў сац. структуры грамадства. Сфармуляваў асновы сацыялаг. аналізу навукі, які характарызуецца ўласнымі каштоўнасна-нарматыўнымі рэгулятывамі (універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм). Услед за франц. сацыёлагам Э.Дзюркгеймам развіваў тэорыю анаміі, якую разумеў як асаблівы маральна-псіхал. стан індывід. і грамадскай свядомасці, абумоўлены распадам сістэмы маральных каштоўнасцей і «вакуумам ідэалаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.