І́НДЭКСЫ ў статыстыцы,

адносныя паказчыкі, якія характарызуюць суадносіны велічынь якой-н. эканам. з’явы ў часе (дынамічныя) або ў прасторы (тэрытарыяльныя), напр., кошт асобных тавараў, аб’ём прадукцыі, сабекошт і інш. З іх дапамогай параўноўваюць паказчыкі за шэраг гадоў, месяцаў і г.д. — дынамічны рад. На практыцы выкарыстоўваюць І., якія падзяляюцца на класы, роды, віды і разнавіднасці, на асабістыя і зводныя, яны адрозніваюцца ў залежнасці ад: індэксуемай велічыні — І. цэн, фіз. (натуральнага) аб’ёму прадукцыі, прадукцыйнасці працы і інш.; тыпу (формы) — агрэгатныя і сярэднія (сярэднія арыфметычныя, геаметрычныя і інш.); вагаў — простыя (няўзважаныя) і ўзважаныя (з пастаяннымі, нязменнымі і пераменнымі вагамі); тэрмінаў выкарыстання — базісныя з пастаяннай, нязменнай у часе базай і ланцуговыя (са зменнай базай). Элементамі І. з’яўляецца: індэксаваная велічыня, яе тып (форма), вага, тэрмін выканання.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)