ПРАПЕДЭ́ЎТЫКА (ад грэч. propaideuo папярэдне навучаю),
скарочанае выкладанне якой-н. навукі ў сістэматызаваным выглядзе; падрыхтоўчы ўводны курс, які папярэднічае больш глыбокаму і дэталёваму вывучэнню адпаведнай дысцыпліны. У Платона П. — заняткі, якія папярэднічалі вывучэнню дыялектыкі. У філас. традыцыі І.Канта П. часта называлі агульны курс арыстоцелеўскай логікі, які папярэднічаў вывучэнню канкрэтных навук. Кант, у якасці філас. П., прапанаваў разглядаць сваю трансцэндэнтальную філасофію (логіку). Г.Гегель значэнне П. прыпісаў дыялект. логіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННЫЯ ФА́КТАРЫ,
рухальныя сілы, якія ўплываюць на прыродныя працэсы і паходжаннем звязаны з існаваннем і дзейнасцю чалавека. Сукупны ўплыў антрапагенных фактараў фарміруе антрапагеннае ўздзеянне на прыроду, што адбываецца ў комплексе з абіятычнымі і біятычнымі фактарамі і характарызуецца цеснай сувяззю і ўзаемазалежнасцю паміж імі. Адмоўнае і станоўчае значэнне антрапагенных фактараў для існавання жывых арганізмаў і чалавека выяўляецца на ўзроўні асобных экасістэм (найб. яскрава) і біясферы ў цэлым, улічваецца пры планаванні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРДЫНА́ЦЫЯ» 1638, «Ардынацыя войска Запарожскага рэестравага»,
пастанова сойма Рэчы Паспалітай пра абмежаванне правоў казацтва пасля сялянска-казацкага паўстання 1637—38 на Украіне. «Ардынацыя» абмяжоўвала прывілеі рэестравых казакоў, скасоўвала пасаду гетмана, адмяняла выбарнасць есаулаў і палкоўнікаў; замест гетмана соймам назначаўся камісар, які ажыццяўляў вайсковую і судовую ўладу. У рэестры (на дзярж. службе) было пакінута 6 палкоў па 1 тыс.чал., астатнія пераводзіліся ў паспалітых казакоў (сялян). «Ардынацыя» страціла значэнне пасля вызв. вайны на Украіне 1648—54.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРДА́Ж (франц. abordage),
спосаб вядзення бою вёславымі і паруснымі караблямі. Адзін або некалькі атакоўчых караблёў падыходзілі да карабля праціўніка як мага шчыльней, счапляліся з ім бартамі, высаджвалі абардажную каманду, якая ў рукапашнай сутычцы вырашала зыход бою. Выкарыстоўваўся са стараж. часоў да 19 ст.; разам з таранным ударам складаў аснову тактыкі марскога бою. З развіццём карабельнай артылерыі, ростам агнявой магутнасці і быстраходнасці караблёў страціў сваё значэнне. Выкарыстоўваюць пры перадачы (прыёме) грузу і людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАЛЕ́ННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,
выхад карэнных горных парод на зямную паверхню. Бывае натуральнага паходжання (па берагах рэк, схілах яроў, хрыбтоў) і штучнага (у кар’ерах, шахтах, шурфах, канавах). Маюць навуковае (у геалогіі) і практычнае (пры пошуках карысных выкапняў) значэнне. На Беларусі некаторыя агаленні абвешчаны геалагічнымі помнікамі прыроды, на асобных з іх наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў (напр., Мікашэвіцкае, Глушкавіцкае радовішчы буд. каменю).
Да арт.Агаленне горных парод. Роскае геалагічнае агаленне мелу ў Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́БЛЯ,
гаць, шлях, пракладзены ў балоцістым месцы, часта з мастамі і пераходамі цераз ручаіны і рэкі. Аснову найпрасцейшай грэблі складаў насціл з галля. На балоцістых мясцінах грэблю часцей будавалі зімой. Вясной многія грэблі затапляліся і размываліся, іх даводзілася аднаўляць. Адыгрывалі важную ролю ў гасп. жыцці ВКЛ. Патрабавалі вял. ўвагі, асабліва ў час інтэнсіўнага руху гасп. грузаў і перамяшчэння войск. З усталяваннем індустр. формаў дарожнага буд-ва і меліярацыі грэблі страцілі практычнае значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПРАПО́РЦЫІў эканоміцы,
незбалансаванасць у развіцці асобных галін, узаемазвязаных фаз вытв-сці, якая спараджае парушэнне норм ходу працэсу ўзнаўлення. Адрозніваюць асобныя Д., якія маюць лакальны і кароткатэрміновы характар, і агульныя Д., звязаныя з узрушэннем усёй эканомікі. Вял.значэнне для ўзнікнення і развіцця дыспрапарцыянальнасці мае стан спажывання ў дадзеным грамадстве, яго ўзгадненне з вытв-сцю і плацежаздольным попытам, што абумоўлена адносінамі ўласнасці. Д. паяўляюцца як парушэнне аб’ектыўна неабходнай сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТАЛЁВАЙ РАЎНАВА́ГІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнае палажэнне статыстычнай фізікі, паводле якога кожны мікраскапічны працэс у раўнаважнай сістэме працякае з той жа скорасцю, што і адваротны яму. Скорасць працэсу ў гэтым выпадку разглядаецца ў статыстычным сэнсе як сярэдняе значэнне скорасці вял. колькасці аднолькавых мікрапрацэсаў. У квантавай тэорыі Д.р.п. выяўляецца ў роўнасці імавернасцей прамога і адваротнага працэсаў. Выкарыстоўваецца пры рашэнні задач фіз. і хім. кінетыкі, пры вызначэнні характарыстык квантавых пераходаў і працэсаў сутыкнення атамных і ядз. часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
разнастайнасць жывёльнага свету акрэсленай тэрыторыі або Зямлі ў цэлым, якая складае рэальныя ці патэнцыяльныя крыніцы забеспячэння матэрыяльных. гасп. і іншых патрэб чалавека і грамадства; від прыродных рэсурсаў. Ж.р. — практычна гэта частка рэсурсаў кансументаў, якія непасрэдна выкарыстоўваюцца ў паляўнічай, рыбнай і інш. відах гаспадаркі, што грунтуюцца на промысле. Часам падзяляюць на рэсурсы карысных і рэсурсы жывёл шкодных. Маюць вял. практычнае і экалагічнае значэнне. Важнейшыя віды Ж.р. павінны ахоўвацца ад выдаткавання і выкарыстоўвацца рацыянальна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),
сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.