ДЭТЭРМІНА́НТ, вызначнік, алгебраічны выраз, складзены паводле пэўнага правіла з n2 лікаў, дзе n — парадак дэтэрмінанта. Д. квадратнай матрыцы
з n2 элементы aik (i — нумар радка, k — нумар калонкі, 1 ≤ i ≤ n, 1 ≤ k ≤ n) наз.алг. сума
усіх здабыткаў элементаў гэтай матрыцы, узятых па аднаму з кожнага радка і з кожнай калонкі. Складаемаму a1j1, a2j2 ... anjn прыпісваецца знак «+», калі перастаноўкаj1, j2, ..., jn лікаў 1, 2, ... n мае цотную колькасць інверсій, і знак «−», калі колькасць інверсій у ёй няцотная. Напр., Д. 2-га парадку
.
Лічаць, што: радок (калонка) Д. памнажаецца на лік α, калі кожны элемент гэтага радка (калонкі) памнажаецца на α; складваюцца 2 радкі (калонкі) Д., калі складваюцца адпаведныя элементы гэтых радкоў (калонак), якія стаяць у адной калонцы (радку); да i-га радка (калонкі) Д. дадаецца яго k-ы радок (калонка), калі i-ы радок (калонка) замяняецца сумай i-га і k-га радкоў (калонак); робіцца лінейная камбінацыя радкоў (калонак) Д., калі кожны i-ы радок (калонка) множыцца на адвольны лік ai і складваюцца атрыманыя радкі (калонкі). Д. мае шэраг уласцівасцей, якія аблягчаюць яго вылічэнне: калі элементы akj k-га радка Д. d ёсць сумы двух складаемых akj = bj + cj, то Д. d роўны суме двух Д. d = d1 + d2, якія адрозніваюцца ад d толькі k-м радком: b1, b2 ..., bn — k-ы радок Д. d1, c1, c2..., cnk-ы радок Д. d2 калі які-н. радок (калонка) Д. памнажаецца на лік α, то і Д. памнажаецца на α; Д. не зменіцца, калі да якога-н. яго радка (калонкі) дадаецца адвольная лінейная камбінацыя інш. радкоў (калонак); для таго, каб Д. быў роўны нулю, неабходна і дастаткова, каб які-н. яго радок (калонка) быў лінейнай камбінацыяй іншых радкоў (калонак). Тэорыя Д. створана ў асноўным у 2-й пал. 18 ст. і 1-й пал. 19 ст. ў працах матэматыкаў: швейц. Г.Крамера, франц. А.Вандэрмонда, П.С.Лапласа, А.Кашы, ням. К.Гаўса і К.Якобі. Франц. матэматык Ж.Дзьеданэ ўвёў паняцце Д. матрыцы над целам (мае важнае значэнне для сучаснай алгебры). Шматлікія дастасаванні Д. да розных пытанняў матэматыкі і фізікі, напр. пры рашэнні лінейных ураўненняў.
Літ.:
Курош А.Г. Курс высшей алгебры. 10 изд. М., 1971;
Артин Э. Геометрическая алгебра: Пер. с англ.М., 1969;
Милованов М.В., Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЛО́ЎСКІ РАССТРЭ́Л 1905,
расстрэл царскімі войскамі і паліцыяй мітынгу ў Мінску 31.10.1905. У гэты дзень да гараджан дайшлі звесткі пра Маніфест 17 кастрычніка 1905, які абвясціў у краіне дэмакр. свабоды, надаваў заканад. паўнамоцтвы Дзярж. думе, але захаваў у Расіі манархію. Жыхары выходзілі на вуліцы. Натоўпы людзей ператвараліся ў мітынгі і дэманстрацыі, удзельнікі якіх з чырв. сцягамі і рэв. песнямі накіроўваліся да Віленскага вакзала Лібава-Роменскай чыгункі (зараз вакзал Мінск-Пасажырскі). Па патрабаванні ўдзельнікаў мітынгу губернатар П.Р.Курлоў вызваліў палітвязняў. Пад вечар на плошчы перад вакзалам сабралася каля 20 тыс.чал. Каб разагнаць мітынг, жандарскі палкоўнік Вільдэман-Клопман са згоды Курлова распарадзіўся адкрыць стральбу па яго ўдзельніках. Ахвярамі сталі каля 100 чал., каля 300 чал. былі паранены. У адказ на гэта злачынства Мінская арг-цыяРСДРП звярнулася да жыхароў горада з адозвай, у якой патрабавала: неадкладна аддаць пад суд Курлова і інш. асоб, вінаватых у расстрэле, распусціць паліцыю, выдаліць з горада казакоў, забяспечыць сем’і ахвяр за кошт дзяржавы, адміністрацыі горада і ўзбр. сілам не ўмешвацца ў сходы грамадзян. Мінскі кааліцыйны савет у знак пратэсту аднавіў усеагульную стачку, якая працягвалася да 6.11.1905. Пачалося афіцыйнае расследаванне. Аднак злачынцаў да адказнасці не прыцягнулі. Курлоў не прызнаў сваёй віны і пераклаў яе на вайск. камандаванне.
У.Г.Філякоў.
Курлоўскі расстрэл. З карціны І.А.Давідовіча. 1939 Нац. мастацкі музей Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,
вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЫ́НАЎ (Леанід Мікалаевіч) (22.5. 1905, г. Омск, Расія — 21.6.1980),
расійскі паэт. Друкаваўся з 1921. У паэмах «Табольскі летапісец», «Шукальнік раю» (абедзве 1937), «Саматканая Венера» (1939) і інш. маляўнічыя карціны побыту старой Сібіры, маштабнасць гісторыка-філас. фону, сімвалізацыя гіст. дэталей. Своеасаблівы каментарый да паэм — маст.-гіст. нарысы ў прозе «Крэпасць на Омі» (1939) і «Аповесць пра Табольскае ваяводства» (1945). Рамант. матывы ў зб. «Лукамор’е» і «Эрцынскі лес» (абодва 1945) звязаны з Лукамор’ем — вобразам-сімвалам рэальнай паўн. радзімы паэта і адначасова легендарнай краіны шчасця. У паэт. зб-ках «Першародства» (1965; Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Голас прыроды» (1966), «Гіпербалы» (1972; Дзярж. прэмія СССР 1974), «Вузел бур» (1979), «Залаты запас» (1981) і інш. тэмы натхнёнага служэння мастацтву, прыгажосці, роздум пра час і сэнс жыцця. Аўтар зб-каў нарысаў «Грубы корм» (1930), перакладаў «Паэты розных краін» (1964), кн. пра паэзію «Паветраныя фрэгаты» (1974), успамінаў «Знак бясконцасці» (1980) і інш. Творчасці М. ўласцівы складана-асацыятыўнае мысленне, міфалагізм, майстэрства гукапісу. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Э.Агняцвет, А.Каско.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—3. М., 1976—77;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1990.
Літ.:
Дементьев В. Леонид Мартынов: Поэт и время. 2 изд. М., 1986;
Художественная индивидуальность писателя и литературный процесс: (Творчество Л.Мартынова). Омск, 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДАРАЎ (Юрый Уладзіміравіч) (н. 8.5.1927, с. Рап’ёўка Базарна-Карабулакскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1977). Скончыў Маск. тэатр. вучылішча імя М.С.Шчэпкіна (1949). Працаваў у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1954 у Нац.акад.драм. т-ры імя М.Горкага. Адначасова з 1968 -выкладае ў Бел.АМ. Творчасці С. ўласцівы лаканічныя выразныя сродкі, знешняя стрыманасць пры ўнутр. напружанасці, дакладнасць дэталей, пластычнасць маст. вобраза. Выканаўца гераічных, лірычных, вострахарактарных, камед. роляў. Ролі ў бел. рэпертуары т-ра імя М.Горкага: лейтэнант Наганаў, палкоўнік Кусонскі, паліцай Зыль («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка», «Дзеля жыцця» К.Губарэвіча), Гарачун («Білет у мяккі вагон» А.Маўзона), Дробыш, Хазяінаў («Трывога», «Соль» А.Петрашкевіча), Чарвякоў («Знак бяды» паводле В.Быкава) і інш. Ролі ў класічным рэпертуары: Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Пратасаў, Бардзін, Ягор Булычоў, Бубнаў, Жан («Дзеці сонца», «Ворагі», «Ягор Булычоў і іншыя», «На дне» М.Горкага, «Букееў і кампанія» паводле п’есы «Якаў Багамолаў» М.Горкага), Актавій Цэзар, Банка («Антоній і Клеапатра», «Макбет» У.Шэкспіра), барон Бэрлі («Марыя Сцюарт» Ф.Шылера) і інш. Псіхалагічна паглыблена раскрыў характары Аарне («Каменнае гняздо» Х.Вуаліёкі), Бернарда Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці), Дасбергена Мустафаева («Узыходжанне на Фудзіяму» Ч.Айтматава і К.Мухамеджанава), Гартмана («Дзікунка» Ж.Ануя), Фушэ («Вячэра» Ж.Брысвіля) і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных і радыёспектаклях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЕЎСКІ КАВАЛЕ́Р,
1) воін рус. арміі, узнагароджаны ордэнам велікамучаніка і перамаганосца Георгія.
2) Воін рус. арміі, узнагароджаны знакам Ваеннага ордэна (з 1913 Георгіеўскі крыж).
Ордэн велікамучаніка і перамаганосца Георгія ўстаноўлены 8.12.1769 імператрыцай Кацярынай II як узнагарода за баявыя заслугі для генералаў і афіцэраў. Падзяляўся на 4 ступені (класы): 1, 2 і 3-й ступені насілі на шыі, 4-й — у пятліцы на стужцы георгіеўскіх колераў (аранжавы з чорным). Ордэн 1-й ступені меў 3 знакі: крыж, зорку з вензелем СГ (св. Георгій) і надпісам «За службу і храбрасць», стужку з крыжам на банце на ўзроўні бядра; ордэн 2-й ступені — крыж і зорку; 3-й і 4-й ступеней — крыж. Усе крыжы былі з золата з белай эмаллю, на правым баку — фініфцевая выява святога, на адваротным — вензель СГ. Асобам нехрысціянскага веравызнання замест крыжа выдаваўся Георгіеўскі медаль. Да 1855 ордэнам св. Георгія 4-й ступені ўзнагароджваліся таксама афіцэрскія чыны за 25 гадоў службы ў арміі, а на флоце за ўдзел у 18 (з 1833 — 20) навігацыйных кампаніях; усяго за выслугу гадоў было ўзнагароджана 10 300 чал. У 1-ю сусв. вайну ў 1914—17 ордэнам св. Георгія ўзнагароджаны: 1-й ступені не было, 2-й — 4 чал., 3-й — 53 чал., 4-й — 3504 чал. У Расіі былі 4 поўныя Георгіеўскія кавалеры (асобы, узнагароджаныя ордэнам св. Георгія 4 ступеней): фельдмаршалы М.І.Кутузаў, М.Б.Барклай дэ Толі, І.Ф.Паскевіч, І.І.Дзібіч. У 1826 у Зімовым палацы ў Пецярбургу была адкрыта Ваен. галерэя 1812, дзе прадстаўлены Георгіеўскія кавалеры генералы — удзельнікі Айч. вайны 1812. Сярод іх партрэты 20 Георгіеўскіх кавалераў, якія ў розны час служылі ў вайск. часцях з «бел.» назвамі: Бабруйская крэпасць — А.І.Грэсер (служыў у 1810—11, ваен. інжынер); Бел. гусарскі полк — П.В.Галянішчаў-Кутузаў (1803—07, шэф палка), Дз.В.Давыдаў (1804—06), С.М.Ланской (1811—14, шэф палка), М.І.Мезянцоў (май—жн. 1814, шэф палка); Бел. егерскі корпус — К.Ф.Багавут (1795—97), М.В.Вуіч (1786—97), Я.І.Маркаў (1794—97); Брэсцкі пях. полк — П.І.Івеліч (1806—13, камандзір палка); Віцебскі пях. полк — Паскевіч (май—кастр. 1810, камандзір палка); Гродзенскі гусарскі полк — Дз.Дз.Шэпелеў (1806—10, шэф палка), Я.П.Кульнеў (1806—12, у 1811—12 шэф палка), Ф.В.Рыдзігер (1806—24, 1845—?, з 1812 шэф палка); Гродзенскі кадэцкі корпус — А.А.Закрэўскі (да 1802 кадэт); Імператарская шляхецкая Бел. харугва — Я.І.Чапліц (1783—88); Магілёўскі гарнізонны батальён — Я.А.Галавін (1797—1801); Мінскі пях. полк — У.П.Мезянцоў (3—22. 7.1808); Полацкі пях. полк — П.А.Філісаў (1807—15, шэф палка); Татарскі уланскі полк (першапачаткова камплектаваўся з татар ВКЛ) — К.Б.Кнорынг (1806—12, камандзір і шэф палка), В.В.Ешын (1809—15, з 1812 камандзір палка). З 1849 імёны генералаў і афіцэраў Георгіеўскіх кавалераў змяшчаліся на сценах Георгіеўскай залы Вял. Крамлёўскага палаца ў Маскве.
25.2.1807 для ўзнагароджвання за баявыя заслугі ніжніх чыноў (салдат, матросаў і унтэр-афіцэраў) заснаваны знак узнагароды Ваен. ордэна, які быў прылічаны да ордэна св. Георгія. Уяўляў сабой сярэбраны крыж, на правым баку якога была выява св.Георгія на кані, на адваротным — вензель СГ. Насілі яго на георгіеўскай стужцы, ступеней не меў. З 1809 на знаках сталі прастаўляць парадкавы нумар. Нехрысціян замест крыжа ўзнагароджвалі медалём «За храбрасць» на георгіеўскай стужцы, а з 1844 ім выдавалі крыжы з двухгаловым арлом замест выявы святога. З 1856 знак узнагароды меў 4 ступені: 1-я і 2-я — залатыя крыжы, 3-я і 4-я — сярэбраныя; 1-я і 3-я ступені дапаўняліся бантам на стужцы. Нумарацыя прастаўлялася нанава на кожнай ступені. Парадак узнагароджвання быў такі: спачатку выдавалася 4-я ступень, потым — 3-я і г.д. Асоба, якая атрымала ўсе 4 ступені, наз. поўным Георгіеўскім кавалерам (да 1913). У выключных выпадках (напрыклад, матросам крэйсера «Вараг» у 1904) адразу выдаваўся знак узнагароды 1-й ступені, узнагароджаны лічыўся поўным Георгіеўскім кавалерам. 23.8.1913 знакВаен. ордэна афіцыйна сталі называць Георгіеўскім крыжам, у сувязі з гэтым праслаўлялася новая нумарацыя. Першыя 2 ступені вырабляліся з пазалочанага серабра, а з 23.9.1916 — з жоўтага і белага некаштоўнага металу. Георгіеўскім крыжам узнагароджвалі і пры Часовым урадзе (сак.—кастр. 1917), паводле рашэння агульных сходаў ніжніх чыноў роты або батальёна Георгіеўскім крыжам 1-й і 2-й ступеней маглі ўзнагароджвацца і афіцэры. У гэтым выпадку да стужкі прымацоўвалася металічная галінка.
У 1878 для медаля «За храбрасць» (якім да 1844 замест знака Ваен. ордэна ўзнагароджвалі нехрысціян) былі ўстаноўлены 4 ступені з нумарамі: першыя 2 былі залатыя, астатнія — сярэбраныя. Паводле статута 23.8.1913 медаль стаў наз. Георгіеўскім і падпарадкоўваўся Георгіеўскаму крыжу. На 6.12.1916 медалём усіх ступеней было ўзнагароджана больш за 1 505 000 чал. З 1913 поўным Георгіеўскім кавалерам афіцыйна лічыўся воін, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам усіх 4 ступеней і Георгіеўскім медалём 4 ступеней. У 1-ю сусв. вайну вядома толькі некалькі поўных Георгіеўскіх кавалераў, у т. л. вахмістр Ключнікаў. Георгіеўскім крыжам 4 ступеняў былі ўзнагароджаны наступныя воіны беларусы і ўраджэнцы Беларусі, удзельнікі руска-турэцкай 1877—78, руска-японскай 1904—05 і 1-й сусв. войнаў: Л.А.Арцём’еў, І.М.Богдан, С.П.Богдан, Дз.М.Васільеў, К.А.Вышнікаў, С.А.Гавяза, А.К.Грыб (узнагароджаны адразу 1-й ступенню за ўдзел у Цусімскім баі 1905), І.Я.Гудкоў, М.А.Дубовік, І.Я.Ждановіч, П.В.Заблоцкі, М.І.Здановіч, А.Дз.Казачонак, С.Дз.Казачонак, П.І.Казятнікаў, Д.В.Канопка, І.І.Коўкель, П.В.Леанкоў, А.П.Лешчык, Я.І.Новікаў, В.Л.Раловец, Л.А.Сільвановіч, І.Ф.Фамін, І.М.Чахоўскі, А.А.Шугаеў, Н.М.Ярома і інш.
Дэкрэтам СНК РСФСР ад 29.12.1917 усе ордэны і медалі (у т. л. Георгіеўскія), якія існавалі на той час, былі скасаваны. У 1943 у час Вял.Айч. вайны на ўзор Георгіеўскага крыжа для салдат і сяржантаў (у авіяцыі і для мал. лейтэнантаў) быў устаноўлены ордэн Славы 3-х ступеней на георгіеўскай стужцы, у 1945 — медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» на георгіеўскай стужцы, якім узнагароджваліся ўсе ўдзельнікі вайны.
Кр.: Полное собрание законов Российской империи с 1649 г.Спб., 1830. Т. 18. С. 1020—1024; Т. 29. С. 1013—1016.
Літ.:
Спасский И.Г. Иностранные и русские ордена до 1917 года. Л., 1963. С. 115—116;
Кузнецов А.А. Ордена и медали России. М., 1985. С. 44—69, 157—159.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́НАПІС,
старажытнае пісьмо, знакі якога складаліся з груп клінападобных рысачак. Рысачкі выціскаліся на паверхні кавалка мяккай гліны завостранымі палачкамі, якія ўваходзілі ў гліну пад вуглом і стваралі клінападобнае заглыбленне. Сырой гліне надавалася форма пліткі, конуса, цыліндра або прызмы, якія потым абпальваліся для захоўвання нанесеных знакаў. К. карысталіся народы Пярэдняй Азіі.
Узнік у 4-м тыс. да н.э. ў Шумеры, пазней быў прыстасаваны да вавілонскай, асірыйскай, хецкай, хурыцкай, эламскай, урарцкай і інш. моў. Паходжанне К. — ідэаграфічна-рэбуснае, з сярэдзіны 3-га тыс. да н.э. — славесна-складовае пісьмо. Клінападобныя знакі — вынік паступовай схематызацыі малюнкаў, з дапамогай якіх шумеры каля 3-га тыс. да н.э. пачалі графічна перадаваць назвы канкрэтных прадметаў і абстрактных паняццяў (гл.Ідэаграфічнае пісьмо). Першапачаткова клінапісная графіка налічвала каля 1000 абазначэнняў розных складоў і каля 20 тыс.ідэаграм і дэтэрмінантаў. Кліны размяшчаліся гарызантальна 𒀸, вертыкальна <SIGN>, пад рознымі вугламі <SIGN>, <SIGN>. Напрамак пісьма спачатку быў верт., слупкамі справа налева, пазней — радковы злева направа. К. праіснаваў каля 4 тыс. гадоў. Найб. познія яго помнікі разнастайныя па жанрах (рэліг. і навук. тэксты, дакументы, слоўнікі, эпас), адносяцца да 6—4 ст. да н.э. (Стараж. Персія). Стараж-перс. К., які меў толькі 41 складовы знак, расшыфраваў у 1802 ням. мовазнавец Г.Ф.Гротэфенд. Хецкія тэксты першы прачытаў чэш. філолаг Б.Грозны ў 1915.
Літ.:
Дьяконов И.М. Языки древней Передней Азии. М., 1967;
Фридрих И. История письма: Пер. с нем. М., 1979.
А.Я.Міхневіч.
Узор вавілона-асірыйскага клінапісу. Надпіс асірыйскага цара Тыглатпаласара I.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРКУ́РЫЙ,
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр.знак.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПТУ́Н,
восьмая па парадку ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, знак. Адкрыты ў 1846 ням. астраномам І.Гале паводле тэарэт. прадказанняў У.Ж.Левер’е і Дж.К.Адамса.
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 4504,4 млн.км. Перыяд абарачэння вакол Сонца 164,788 года, вакол восі 16 гадз 6 мін. Экватарыяльны дыяметр 49 528 км. Нахіл экватара да плоскасці арбіты 29°. Маса 1,03∙1026кг (17,22 масы Зямлі). сярэдняя шчыльн. 1640 кг/м³. Унутраныя 2/3 часткі Н. складаюцца з сумесі літага каменю, вады. вадкага аміяку і метану; вонкавая трэць — з сумесі нагрэтых газаў (вадароду, гелію. метану) і пары вады. Састаў атмасферы: метан, вадарод, гелій Нетры Н. вылучаюць вял. колькасць энергіі. Атрымлівае ад Сонца ў 2.5 раза менш энергіі, чым Уран; т-ра атмасферы Н. (каля 214 °C) амаль такая ж, як ва Урана. Адна з гіпотэз існавання ўнутр. крыніц энергіі — эвалюцыйнае сцісканне планеты. Простым вокам Н. не бачны (яго бляск каля 7,8 візуальнай зорнай велічыні). Паглынанне чырвоных прамянёў атмасферным метанам абумоўлівае сіні колер планеты. Мае 8 спадарожнікаў (гл.Спадарожнікі планет). Выяўлена 5 кольцаў на адлегласці ад 41,9 тыс. да 62.9 тыс.км ад цэнтра планеты, якія складаюцца з пылу. Большасць звестак пра Н. атрымана пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Вояджэр».
Літ.:
Тейфель В.Г. Уран и Нептун — далекие планеты-гиганты. М., 1982;
Гребеников Е.А., Рябов Ю.А. Поиски и открытия планет. 2 изд. М., 1984;
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Нептун (фотаздымак атрыманы аўтаматычнай міжпланетнай станцыяй «Вояджэр-2»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́КАЎ (Васіль Уладзіміравіч) (н. 19.6.1924, в. Бычкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. пісьменнік, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1980). Герой Сац. Працы (1984). Вучыўся ў Віцебскім маст. вучылішчы на скульпт. аддзяленні. Удзельнік Айч. вайны, двойчы паранены. У 1956—72 працаваў у газ. «Гродненская правда», у 1972—78 сакратар Гродзенскага аддзялення СП Беларусі. З 1978 у Мінску. У 1990—93 прэзідэнт згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Друкуецца з 1947. У першай кнізе «Жураўліны крык» (1960), аповесцях «Здрада» (1961), «Трэцяя ракета» (1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1964), зб. апавяданняў «Адна ноч» (1965) паказвае штодзённы гераізм звычайнага чалавека ва ўмовах вайны, глыбока пранікае ў духоўны свет сваіх герояў. Суровая праўда ў адлюстраванні вайны, пераважна драм. і трагічных яе сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, абвостраная чалавечнасць, высокая патрабавальнасць у сцвярджэнні маральных прынцыпаў, лаканізм, дакладнасць і выразнасць апавядальнай манеры, шчырасць і ўнутр. стрыманасць аўтарскага голасу — вызначальныя якасці творчай манеры пісьменніка. Аповесці «Мёртвым не баліць» (1965) і «Праклятая вышыня» (1968) — важны крок на шляху філас.-канцэптуальнага і жанравага падпарадкавання асабіста перажытага духоўным патрэбам сучаснасці. У канцы 1960-х г. звярнуўся да тэмы партыз. і падп. барацьбы бел. народа. «Круглянскі мост» (1969), «Сотнікаў» (1970), «Абеліск» (1971, разам з аповесцю «Дажыць да світання», 1973, Дзярж. прэмія СССР 1974), «Воўчая зграя» (1974, разам з аповесцю з франтавога жыцця «Яго батальён», 1975, Дзярж. прэмія БССР імя Я.Коласа 1978), «Пайсці і не вярнуцца» (1978), «Знак бяды» (1982, Ленінская прэмія 1986) у творчасці пісьменніка складаюць своеасаблівы «партызанскі цыкл». Увага да гэтага пласта нар. жыцця ў Быкава не выпадковая. Элемент трагічнага — істотны элемент вайны — выявіўся тут на ўсю моц. Вельмі важная для пісьменніка адвечная тэма «выбару» ў партыз. вайне і на акупіраванай тэрыторыі вырашалася больш разнастайна, асабліва ўскладнена матываванасць чалавечых учынкаў. Творчасць Быкава 1970-х г. вылучаецца моцнай філас. насычанасцю, асаблівым трагічным напаўненнем, аголенасцю маральна-этычных канфліктаў, надзвычай адчувальнай сувяззю з сучаснасцю. Даследуючы паводзіны чалавека ў жорсткіх умовах вайны, у т.зв. гранічных сітуацыях, пісьменнік імкнецца выявіць духоўныя асновы яго паводзін, асновы яго мужнасці і няскоранасці. Абставіны заўсёды распрацоўваюцца на макс. адпаведнасць жыццёвай праўдзе, характары раскрываюцца з вял. уважлівасцю да самых дробных унутр. і знешніх рухаў, у іх арган. узаемадзеянні з абставінамі. Паглыбленне філас. зместу, маральна-этычная згушчанасць праблематыкі ў творах натуральна выклікалі інтэлектуальную завостранасць, строгасць, выверанасць жанравай формы, адпаведную мэтанакіраванасць сюжэтнага руху, выразную акрэсленасць кампазіцыйных прыёмаў, рэзкае змяншэнне колькасці дзейных асоб, напружаную, строгую і дакладную манеру апавядання. Быкаў не бытапісальнік вайны. Ён філосаф, грамадзянін, які ўвесь у сучаснасці, у пастаянным напружаным роздуме пра чалавека, яго месца ў сённяшнім драм. свеце. У ідэйна-маст. структуры твораў істотную ролю адыгрывае смерць героя, найперш галоўнага. Яна — неабвержны аргумент пісьменніка на карысць чалавечнасці, сумленнасці, справядлівасці. Для Сотнікава («Сотнікаў»), Іваноўскага («Дажыць да світання»), Мароза («Абеліск»), інш. станоўчых герояў гэтыя паняцці вышэй за ўсё, нават за жыццё, бо без іх жыццё траціла сэнс, станавілася ганьбай. У аповесцях «Знак бяды», «Аблава» (1989) узняў трагічную тэму сталіншчыны, раскулачвання, знішчэння дабрыні ў чалавеку, знішчэння гаспадара зямлі. Раман «Кар’ер» (1986), аповесці «У тумане» (1987), «Сцюжа» (1993), апавяданні «На Чорных лядах», «Перад канцом», «Бедныя людзі» і інш. пазначаны актыўнай аўтарскай пазіцыяй, маст. асваеннем новых гіст. пластоў жыцця, вострым эмацыянальна-этычным напалам, высокім трагізмам. Выступае і як публіцыст (зб. «На крыжах», (1992). Кнігі Быкава, поўныя высокага грамадз. пафасу, веры ў вял. духоўныя магчымасці чалавека, нянавісці да подласці, хлусні, здрадніцтва, актыўна служаць выхаванню чалавека. Быкаў — аўтар п’ес «Рашэнне» (1972) і «Апошні шанц» (паст. 1974), гумарыстычных і сатыр. апавяданняў (зб. «Ход канём», 1960), працуе і ў галіне драматургіі кіно, тэатра. Па яго сцэнарыях пастаўлены кінафільмы «Трэцяя ракета» (1963), «Альпійская балада» (1966), «Дажыць да світання» (1975), «Воўчая зграя» (1976), «Абеліск» (1977), 3-серыйны тэлефільм «Доўгія вёрсты вайны» (1976). Па матывах аповесці «Пайсці і не вярнуцца» створаны спектакль (1979), па аповесці «Сотнікаў» — кінафільм «Узыходжанне» (1977), па аповесці «Знак бяды» — кінафільм (1985). Бел.т-р оперы і балета па матывах «Альпійскай балады» (1964) паставіў аднайм. балет (1967, муз. Я.Глебава), па аповесці «Воўчая зграя» — оперу «Сцежкаю жыцця» (1980, муз. Г.Вагнера). В.Дашук на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў пра Быкава фільм «Узыходжанне» (1985).
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1974;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1980—82;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1992—94.
Літ.:
Буран В.А. Васіль Быкаў: Нарыс творчасці. Мн., 1976;
Дедков Я. Василь Быков: Очерк творчества. М., 1990;
Адамовіч А. На бестэрміновай перадавой // Адамовіч А. Здалёк і зблізку. Мн., 1976;
Бечык В. Таварыш, народ, Радзіма // Бечык В. Свет жывы і блізкі. Мн., 1974;
Бугаёў Дз. Пра дзве кніжкі Васіля Быкава // Бугаёў Дз. Шматграннасць. Мн., 1970;
Яго ж Васіль Быкаў. Мн., 1987;
Яго ж. Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995;
Вярцінскі А. Подзвіг ратны, подзвіг творчы // Вярцінскі А. Высокае неба ідэала. Мн., 1980;
Каваленка В. Маладосць і мудрасць — сёстры // Каваленка В. Жывое аблічча дзён. Мн., 1979;
Андраюк С. Традыцыі і сучаснасць. Мн., 1981. С. 127—128, 132—136, 236—254.