МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),
змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.
Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.
Літ.:
Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.
Г.І.Макавецкі.
т. 9, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА РЭА́КЦЫІ,
здольнасць генатыпу ў пэўных межах забяспечваць змены фенатыпу ў адпаведнасці з умовамі навакольнага асяроддзя. У ходзе індывід. жыцця арганізм набывае рэакцыі (напр., умоўныя рэфлексы, набыты імунітэт, прывыканне да ядаў і лекаў), большасць якіх не перадаецца ў спадчыну і заканчвае свой жыццёвы шлях разам з іх носьбітам (арганізмам). У Н.р. здольны ўвайсці толькі тыя змены, якія становяцца элементамі генатыпу. Нават глыбокая змена фенатыпу мае абарачальны характар, таму што не закранае генатып. Пры вяртанні зыходных умоў навакольнага асяроддзя ў тым жа пакаленні (напр., загар чалавека) або ў наступным (напр., колькасць сцёблаў у адной расліны пшаніцы), а часам і ў шэрагу пакаленняў (т.зв. падоўжаныя мадыфікацыі) арганізм аднаўляе страчаныя адзнакі. У працэсе натуральнага адбору выпрацоўваюцца межы Н.р., якая ўласціва ўсім арганізмам і забяспечвае выжыванне пры зменах умоў існавання. Т.ч. генатып вызначае не жорсткую камбінацыю строга дэтэрмінаваных адзнак фенатыпу, а Н.р. арганізма пры яго фарміраванні і развіцці.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВАРО́ТАЎ ДВАРЦО́ВЫХ ЭПО́ХА,
назва перыяду рас. гісторыі з 1725 да 1762, калі змена манархаў і правячых эліт адбывалася звычайна шляхам дварцовых пераваротаў, якія ажыццяўлялі дваранскія групоўкі, што змагаліся за ўладу. Асн. падзеі: у лют. 1725 пасля смерці Пятра I яго ўдава Кацярына I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым у абыход унука Пятра I Пятра Аляксеевіча (імператар Пётр II у 1727—30); у вер. 1727 групоўка старой маскоўскай знаці адхіліла ад рэгенцтва пры малалетнім Пятру II Меншыкава; у ліст. 1740 групоўка ген.-фельдмаршала Б.К.Мініха адхіліла ад рэгенцтва пры імператару-дзіцяці Іване VI Э.І.Бірона і зрабіла рэгенткай маці імператара Ганну Леапольдаўну; у снеж. 1741 Лізавета Пятроўна [1741—62] пры падтрымцы гвардыі скінула Івана VI; 9.7.1762 Кацярына II [1762—96] з дапамогай гвардз. палкоў скінула мужа Пятра III, які 18.7 1762 быў забіты яе прыхільнікамі, і заняла прастол у абыход сына Паўла I.
т. 12, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. adaptatio прыстасаванне) сацыяльная, працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сац. асяроддзем. Характарызуецца прыстасаваннем да новых умоў жыцця, выпрацоўкай і актуалізацыяй такіх якасцяў, што забяспечваюць выжыванне, зменай фактараў асяроддзя для найб. поўнага авалодання імі, пераглядам уласных дамаганняў і самаацэнак да рэальных умоў і суб’ектыўных магчымасцяў, пераадоленнем існуючых стэрэатыпаў, звычак, інерцыі мыслення. Чалавек здольны не толькі прыстасоўвацца, але і актыўна ўздзейнічаць на новыя ўмовы і абставіны, кантраляваць і рэгуляваць іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры поўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (напр., змена месца работы і інш.). У псіхал. і сац. адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў; гл. таксама Адаптацыйны сіндром). Адаптацыя цесна звязана з асваеннем і прыняццем (інтэрыярызацыяй) індывідам нормаў і каштоўнасцяў таго грамадства, да якога ён належыць, у працэсе сацыялізацыі.
Літ.:
Лебедев В.И. Личность в экстремальных условиях. М., 1989;
Свиридов Н.А. Социальная адаптация личности в коллективе // Социол. Исслед. 1980. № 3.
С.А.Шавель.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПАВЕ́ДНАСЦІ ПРЫ́НЦЫП,
агульнаметадалагічны прынцып развіцця навукі, які патрабуе, каб кожная новая тэорыя, што прэтэндуе на больш глыбокае апісанне аб’ектыўнай рэальнасці на больш шырокую вобласць прымянення, чым старая, уключала апошнюю як свой асобны гранічны выпадак. Адлюстроўвае дыялектыку працэсу пазнання, пераходу ад менш поўнай да больш поўнай ісціны і пры гэтым змена адной прыродазнаўча-навук. тэорыі другой выяўляе не толькі розніцу, але і сувязь, пераемнасць паміж імі, якая можа быць выражана з матэм. дакладнасцю. Адпаведнасці прынцып сфармуляваны Н.Борам пры стварэнні першапачатковай квантавай тэорыі атама і яго спектраў (1913). Паводле адноснасці прынцыпу фіз. вынікі квантавай механікі ў гранічным выпадку вял. квантавых лікаў супадаюць з вынікамі класічнай тэорыі; квантава-мех. апісанне фіз. аб’ектаў павінна пераходзіць у класічнае пры h → 0 (h — Планка пастаянная); хвалевая оптыка — у геам. пры λ → 0, дзе λ — даўжыня хвалі; законы рэлятывісцкай механікі — у законы класічнай пры скарасцях руху v << c, дзе c — скорасць святла ў вакууме.
Л.М.Тамільчык.
т. 1, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТЭ́ВІЧ (Анатоль Іванавіч) (літ. псеўд. Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),
бел. дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам. заг. ідэалаг. аддзела ЦК КПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж. к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел. т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,
сукупнасць эканам., прававых і арганізац. мерапрыемстваў дзярж. органаў, цэнтр. банкаўскіх і фінансавых устаноў у сферы валютных адносін з мэтай уздзеяння на плацежны баланс, валютныя курсы, канкурэнтаздольнасць нац. вытв-сці; састаўная частка эканам. палітыкі краіны. Валютная палітыка бывае бягучая і доўгатэрміновая. Бягучая мае на мэце аператыўнае рэгуляванне валютна-рыначнай кан’юнктуры і дзейнасці валютнага рынку, забеспячэння ўпарадкаванага функцыянавання механізмаў нац. і сусв. валютных сістэм; ажыццяўляецца пераважна ў 2 формах: дыскантнай (змена ўліковай стаўкі працэнта для ўздзеяння на аб’ём крэдыту ў краіне, тэмпы інфляцыі, стан плацежнага балансу і валютны курс) і дэвізнай (рэгуляванне валютнага курсу з дапамогай валютнай інтэрвенцыі і валютных абмежаванняў). Мэта доўгачасовай валютнай палітыкі — ажыццяўленне структурных змен у міжнар. валютным механізме (роля золата, рэзервовых валют, СДР і інш. лікавых адзінак у міжнар. разліках, рэжым валютных парытэтаў і курсаў і інш.); рэалізуецца перагаворамі краін на рэгіянальным узроўні і міждзяржаўнымі (найперш у межах міжнар. валютнага фонду).
В.Ф.Дашкевіч.
т. 3, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БУХ ПАПУЛЯЦЫ́ЙНЫ,
рэзкае шматразовае, адносна раптоўнае павелічэнне колькасці асобін якога-н. біял. віду. Звязана з выключэннем звычайных механізмаў рэгулявання колькаснага складу папуляцый па прыродных або антрапагенных прычынах. Існуюць 4 асн. групы тэорый, якія тлумачаць выбух папуляцыйны: метэаралагічныя (у сувязі з узнікненнем сонечных плям і суадносных змен пагодных умоў); выпадковых флуктуацый (змена комплексу біятычных і абіятычных умоў асяроддзя); узаемадзеяння папуляцый; узаемадзеяння трафічных узроўняў (драпежнік — ахвяра, расліны — траваедныя). Найб. інтэнсіўны выбух папуляцыйны назіраецца ў некаторых выпадках пры інтрадукцыі новых відаў у спрыяльныя ўмовы асяроддзя, найчасцей у збедненых па відавым складзе прыродных і антрапагенных экасістэмах, а таксама пры адсутнасці ворагаў і канкурэнтаў. Пры выбуху папуляцыйным колькасць асобін расце са скорасцю, блізкай да біятычнага патэнцыялу. Вядомы інтэнсіўныя выбухі папуляцыйныя труса ў Аўстраліі, воднага гіяцынту ў Паўн. Амерыцы і Афрыцы, саранчы ў Еўразіі, лемінгаў у Еўропе і інш. На Беларусі як вынік выпадковай інтрадукцыі адзначаны выбух папуляцыйны эладэі канадскай, амер. соміка, каларадскага жука, некаторых інш. шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі.
Т.А.Філюкова.
т. 4, с. 301
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ЛІ́ТАРА, загалоўная літара,
літара, якая на пісьме ўжываецца для абазначэння пачатку сказа, уласных імён, загалоўкаў і інш. Адрозніваецца ад радковай літары большымі памерамі, часам абрысамі. Ужываецца паводле арфаграфіі пэўнай мовы. У слав. рукапісных кнігах заўсёды арнаментальна вылучаліся ініцыялы. У бел. пісьменстве ўпершыню вялікая літара з’явілася ў друкаваных выданнях Ф.Скарыны (1517—19), хоць бел. першадрукар яшчэ не прытрымліваўся пэўных правіл іх ужывання (напр., «Еремиа Пророкъ господень плачетъ Гледя на Ерусалимъ; И лежи кружками Львовѣ, И Воловѣ, И Херувимовѣ»). У друкаваных кнігах канца 16—17 ст. вялікія літары сталі выкарыстоўваць у пачатку абзацаў і пры напісанні ўласных імён. У сучаснай бел. арфаграфіі вялікія літары ўжываюцца ў пачатку сказаў, пры выдзяленні ў тэксце ўласных імён (Іван Дамінікавіч Луцэвіч), геагр. і астр. назваў (Беларусь, Марс), назваў дзярж. устаноў, арг-цый (Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Акадэмія навук Беларусі), літ. твораў, назваў газет, часопісаў («Людзі на балоце», «Чырвоная змена», «Полымя») і інш. Могуць выконваць стылістычную функцыю (Радзіма, Айчына, Чалавек).
А.М.Булыка.
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЭРО́ЗІС (ад грэч. heteroiōsis змена, ператварэнне),
«гібрыдная сіла»; паскарэнне росту, павелічэнне памераў, павышэнне жыццяўстойлівасці і пладавітасці гібрыдаў першага пакалення ў параўнанні з бацькоўскімі формамі раслін або жывёл. У другім і наступных пакаленнях гетэрозіс звычайна затухае. Тэрмін «гетэрозіс» прапанаваў Дж.Шэл у 1914. Існуюць тэорыі гетэрозісу: дамінавання, або звышдамінавання (гетэразігота пераважае гомазіготу), узаемадзеяння дамінантных спрыяльных генаў — генетычны (генны, храмасомны) баланс. Гетэрозіс шырока выкарыстоўваюць як прыём павышэння ўраджайнасці с.-г. раслін і прадукцыйнасці свойскіх жывёл, напр. у жывёлагадоўлі пры міжвідавых, міжпародных і ўнутрыпародных скрыжаваннях, у птушкагадоўлі — для атрымання бройлераў, у раслінаводстве — гібрыднага насення кукурузы, жыта, памідораў, цыбулі, гуркоў і інш.
Адрозніваюць гетэрозіс натуральны — перавагу гібрыда па якой-небудзь прыкмеце над лепшым з бацькоў і гетэрозіс гіпатэтычны — перавагу гібрыда над сярэдняй велічынёй, характэрнай для абодвух бацькоў. У раслін гетэрозіс падзяляюць на рэпрадукцыйны (найб. развіццё рэпрадукцыйных органаў, павышаная здольнасць да размнажэння, ураджайнасць і інш.), саматычны (магутнае развіццё вегетатыўных частак раслін) і адаптыўны (павышэнне прыстасаванасці гібрыдных асобін да ўмоў асяроддзя, іх канкурэнтаздольнасці ў барацьбе за існаванне).
т. 5, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)