КУЛЬТУ́РНЫ ПЛАСТ,

прынятая ў археалогіі і геалогіі назва пласта зямлі, які ўтварыўся ў выніку жыцця і дзейнасці чалавека. Мае сваю кансістэнцыю (гумус, вуголле, попел, вапну, трэскі, буд. друз і інш.), структуру (шчыльную або рыхлую), спецыфічны колер, часам і спецыфічны пах (двухвокісу вугляроду). У К.п. звычайна захоўваюцца рэшткі стараж. жытлаў, гасп. пабудоў, помнікаў манум. дойлідства (храмы, палацы), прадметы матэрыяльнай культуры (прылады працы, зброя, упрыгожанні і інш.), кухонныя адходы (косці дзікіх і свойскіх жывёл, рыб, абпаленае збожжа, костачкі пладоў і інш.). На фарміраванне К.п. ўплываюць інтэнсіўнасць жыцця і род дзейнасці людзей, ступені канцэнтрацыі жыхароў на адпаведнай плошчы ў пэўны перыяд, працягласць пражывання, а таксама знешнія абставіны (стыхійныя бедствы, варожыя навалы і інш.). Датаванне К.п. робяць па знаходках, датаваных на раней даследаваных помніках, па манетах, рэштках мураваных збудаванняў (гл. Археалагічнае датаванне). Глеба, на якой залягае К.п. і якая ўжо не мае слядоў жыццядзейнасці чалавека, называецца мацерыком. К.п. адносіцца да помнікаў і ахоўваецца дзяржавай, распрацоўка яго павінна весціся ў адпаведнасці з заканадаўствам аб ахове помнікаў і існуючай навук. методыкай раскопак. Раскапаны К.п. знікае назаўсёды і ў адрозненне ад помнікаў архітэктуры не паддаецца аднаўленню.

Л.​В.​Калядзінскі.

т. 9, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕЙТРО́ННЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,

разнавіднасць ядз. боепрыпасаў з павышаным выхадам нейтроннага выпрамянення; зброя масавага знішчэння. Асн. частка энергіі Н.б. вылучаецца за кошт рэакцыі сінтэзу ядзер дэйтэрыю і трытыю; колькасць энергіі, што атрымліваецца ў выніку дзялення цяжкіх ядраў у дэтанатары, дастатковая для пачатку рэакцыі сінтэзу. Кампаненты (дэйтэрый і трытый) уваходзяць у састаў зарада ў выглядзе цвёрдага рэчыва (гідрыду металу) або знаходзяцца ў сціснутым газападобным стане. Пры выбуху Н.б. на ўтварэнне пранікальнай радыяцыі траціцца да 70% энергіі за кошт змяншэння затрат на інш. паражальныя фактары (ударная хваля, светлавое выпрамяненне і інш.). На аднолькавай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху доза пранікальнай радыяцыі ў Н.б. у 5—10 разоў большая, чым у ядз. боепрыпасаў той жа магутнасці. Выкарыстоўваюцца ў артыл. снарадах, бомбах, баявых частках ракет і інш. Вытв-сць Н.б. пачалася ў ЗША і некаторых інш. краінах у пач. 1980-х г.

П.​В.​Сычоў, І.​У.​Мацвееў.

Да арт. Нейтронныя боепрыпасы. Схема нейтроннага снарада «пушачнага» тыпу: 1 — корпус з сістэмай утрымання плазмы ў зоне рэакцыі; 2 — сумесь дэйтэрыю і трытыю; 3 — адбівальнік нейтронаў; 4 — зарад плутонію 239; 5 — зарад выбуховага рэчыва; 6 — дэтанатар; 7 — крыніца нейтронаў.

т. 11, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.​Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.​Хемінгуэя і Ф.​С.​Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.​Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.

Тв.:

Бел. пер. — Паляўнічы. Мн., 1996;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986;

Подлинная история плеваки Мак-Фи. М., 1992.

Літ.:

Балашов П.С. Джеймс Олдридж. 2 изд. М., 1977.

Е.​А.​Лявонава.

Дж.Олдрыдж.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЎКА МАСТА́ЦКАЯ,

выраб рэчаў утылітарна-дэкар. прызначэння шляхам гарачага ці халоднага кавання металу; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце; халодная К.м. ў індзейцаў Паўн. і Паўд. Амерыкі да 16 ст. н.э. У перыяд сярэдневякоўя дасягнула росквіту ў Зах. Еўропе (рашоткі для балконаў, дзвярэй, агароджаў, ліхтары, святцы, акаваныя жалезам куфры, дзверы ў касцёлах і інш.). Традыцыі К.м. як сярэдневяковага рамяства захаваліся ў нар. мастацтве Да 19 ст. Сярод твораў 15—19 ст. вылучаюцца каваныя ліхтары, рашоткі, брамы Версаля (Францыя), Пецярбурга, Царскага Сяла (Расія). Шматлікія гарады спецыялізаваліся ў розных галінах кавальства: Герат (Афганістан), Масул (Ірак) — начынне, Дамаск, Мілан (Італія), Аўгсбург (Германія), Астрахань і Тула (Расія) — зброя, Нотынгем (Вялікабрытанія), Золінген (Германія), Паўлава (Расія) — нажы і інструменты. У 19 ст. ручная К.м. выцеснілася штампоўкай і ліццём. Традыцыі К.м. адрадзіліся ў 20 ст. ў творах прафес. мастакоў.

На Беларусі па-мастацку выкаваныя посуд, зброя, прадметы побыту вядомы з 11—12 ст. Росквіту К.м. дасягнула ў 16—17 ст. ў сувязі з арганізацыяй кавальскіх цэхаў (Брэст, Слуцк, Полацк, Віцебск, Магілёў і інш.), дзе выраблялі рэчы утылітарнага і маст. характару — дэкар. ліхтары, падстаўкі пад вазоны, надмагільныя і царк. крыжы «са ззяннем», накладкі на мэблю і дзверы, падсвечнікі і інш. Больш за 160 кавалёў з Беларусі ў 2-й пал. 17 ст. працавалі ў Маскоўскай дзяржаве. У 18 ст. буйнымі цэнтрамі кавальства былі Віцебск, Гродна, Пінск, Мінск, Магілёў, дзе выраблялі балконныя і аконныя рашоткі, агароджы, вароты, надкупальныя крыжы, алтарныя перагародкі, флюгеры, завесы, замкі, дзвярныя ручкі і інш. Асн. від дэкору каваных агароджаў — спалучэнні S- і C-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў. Накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геам. узораў. У 2-й пал 19 ст. ў сувязі з развіццём прамысловасці К.м. ў гарадах заняпала, але захавала свае традыцыі ў нар. побыце. Сярод майстроў К.м. канца 19 — пач. 20 ст. П.​Багрым, С.​Манко, А.​Уласік і інш. У 2-й пал. 20 ст. як маст. промысел выйшла з ужытку. У наш час К.м. вядома ў творчасці некаторых прафес. бел. мастакоў: А.​Зайцава, Б.​Казакова, Я.​Карманава, С.​Ларчанкі, Ю.​Любімава, В.​Сташчанюка, А.​Сурскага і інш.

Літ.:

Сахута Я.М. Народнае мастацтва кавальства. Мн., 1981.

А.​І.​Сямёнаў.

Да арт. Коўка мастацкая. Люстра работы П.​Багрыма з Крошынскага касцёла (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобл.). 2-я пал. 19 ст.
Да арт. Коўка мастацкая Ю.​Любімаў. Камінная рашотка. 1997.

т. 8, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАМА́Т (ваен.),

ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.

Першы аўтамат створаны ў Расіі У.​Р.​Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял. Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.

Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.

Аўтамат канструкцыі М.​Ц.​Калашнікава: 1 — з драўляным прыкладам (АКМ); 2 — 3 прыкладам, які складваецца (АКМС).

т. 2, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬТЫ,

плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс. н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.

Літ.:

Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;

Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;

Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.

Да арт. Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).
Да арт. Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТА́САР ((Cortázar) Хуліо) (26.8.1914, Брусель — 12.2.1984),

аргенцінскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це Буэнас-Айрэса. З 1951 жыў у Парыжы. Дэбютаваў як паэт зб. санетаў «Прысутнасць» (1938), як празаік — апавяд. «Захоплены дом» (1946). У раманах «Экзамен» (1950, выд. 1986), «Выйгрышы» (1960), «Гульня ў класікі» (1963), «62. Мадэль для зборкі» (1968), «Апошні раунд» (1969), «Кніга Мануэля» (1973), зб-ках апавяд. «Бестыярый» (1951), «Канец гульні» (1956), «Сакрэтная зброя» (1959), «Гісторыя пра хранопаў і фамаў» (1962), «Усіх агнёў агонь» (1966), «Памеас і меопас» (1971), «Васьміграннік» (1974), «Хтосьці, хто побач з намі» (1977) тэмы чалавека і цывілізацыі, твару і маскі, мастака і мастацтва. Аўтар драм. паэмы ў прозе «Каралі» (1949), публіцыст. кніг «Па 80 светах за адзін дзень» (1967), «Нікарагуа, неўтаймаваная і пяшчотная» (1984) і інш. Яго творы з рысамі постмадэрнізму насычаны сімваламі-лейтматывамі, жанрава-стылявым поліфанізмам, літ. гульнёй, парадыйнасцю і гратэскавасцю, спалучэннем будзённа-празаічнага з фантастычным. Паводле яго апавядання «Фотапавелічэнне» зняты аднайм. фільм (1967, рэж. М.​Антаніёні).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1992: Экзамен. М., 1990.

Літ.:

Кутейщикова В.Н., Осповат Л.С. Новый латиноамериканский роман, 50—70-е гг.: Лит.-критич. очерки. 2 изд. М., 1983;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. 2 изд. М., 1983.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАБЕЛАРУ́СКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён позняга неаліту і бронзавага веку, якія ў канцы 3-га — 3-й чвэрці 2-га тыс. да н.э. жылі на тэр. сучасных Віцебскай, Пн Мінскай абл. Беларусі, Пд Пскоўскай вобл. Расіі, а таксама ў некат. суседніх раёнах. Насельніцтва жыло пераважна па берагах азёр і невял. рэк у пабудовах з двухсхільным дахам. Займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, а таксама земляробствам і жывёлагадоўляй. Для культуры характэрны ляпны вастрадонны і пласкадонны посуд з дамешкамі раслінных рэшткаў і тоўчаных ракавін у гліняным цесце. Сценкі пасудзін штрыхаваныя, іх арнамент складаецца з паясоў насечак, адбіткаў грэбеня, розных наколак. Знойдзены прылады працы і зброя з рогу і косці (наканечнікі стрэл, кінжалы, праколкі, гарпуны, цёслы і інш.), каменныя сякеры, амулеты з зубоў, косці, бурштыну, творы першабытнага мастацтва (статуэткі людзей, звяроў і птушак і інш.). На позніх этапах існавання П.к. сустракаюцца медныя і бронзавыя вырабы. Культура сфарміравалася на аснове крывінскага варыянта нарвенскай культуры пры ўдзеле носьбітаў верхнедняпроўскай культуры і шнуравой керамікі культуры. На Беларусі найб. вядомыя помнікі: Крывіна-1, -2, -3 (гл. ў арт. Галоўск), Асавец (верхнія пласты) на памежжы Бешанковіцкага і Сенненскага р-наў Віцебскай вобл.

М.​М.​Чарняўскі.

Касцяныя скульптура і гарпун паўночнабеларускай культуры (в. Асавец Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобл.).

т. 12, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ МУЗЕЙ СТАРАЖЫ́ТНАСЦЕЙ.

Існаваў у Вільні з 1856 да пач. 1-й сусв. вайны. Засн. 29.4.1855 Я.П.Тышкевічам, адкрыты 1.12.1856. Аддзелы: археалогія, этнаграфія, мастацтва, зброя, мінералогія, арніталогія. Свае калекцыі музею перадалі Я.П. і К.​П.​Тышкевічы, У.​Сыракомля, А.​К.​Кіркор, Т.​У.​Нарбут, М.​І.​Балінскі, Ф.​К.​Багушэвіч, А.​А.​Плятар і інш. У канцы 19 ст. ў фондах налічвалася больш за 12 тыс. экспанатаў, у т. л. стараж. рукапісы, інкунабулы, рэдкія выданні 15—18 ст., багатыя калекцыі зброі, слуцкіх паясоў, габеленаў, графікі, скульптуры, партрэтаў прадстаўнікоў магнацкіх родаў Радзівілаў, Тышкевічаў, Хадкевічаў, Храптовічаў, Сапегаў, гербаў гарадоў Беларусі і Літвы, этрускіх ваз, яп., італьян. і кіт. тканін, фарфору, бронзавых вырабаў, нумізматычныя калекцыі (у 1858 былі 3264 антычныя, усх., рус., польска-літ., зах.-еўрап. манеты). Пераважная большасць матэрыялаў была з Беларусі. У фондах музея ўпершыню выкарыстаны метад захавання прадметаў па аднароднасці матэрыялаў, з якіх яны зроблены (метал, дрэва, шкло, косць, папера і г. д.). Пры Віленскім музеі старажытнасцей дзейнічала Віленская археалагічная камісія. У сувязі з паўстаннем 1863—64 музей падвергнуты рэвізіі, пасля якой шмат экспанатаў адпраўлена ў Маскву, але пазней частка іх вернута. Большасць экспанатаў цяпер зберагаецца ў гіст.-этнагр. музеі АН Літвы і Рэсп. мастацкай галерэі Літвы, Музеі бурштыну (г. Паланга), Дзярж. гіст. музеі (г. Масква), Нар. музеі (г. Варшава).

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́РВЕНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр. паўд.-ўсх. Прыбалтыкі і паўн. Беларусі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у канцы неаліту — земляробствам і жывёлагадоўляй. Паселішчы, стаянкі размяшчаліся па берагах азёр і рэчак па ўсім Падзвінні, у бас. Віліі, у вярхоўях Бярэзіны (прытока Дняпра). Выяўлены рэшткі наземных жытлаў з агнішчамі, разнастайныя прылады працы і зброя з крэменю, рогу і косці, гліняны посуд (вастрадонныя гаршкі з грабеньчатымі расчосамі на паверхні сценак, пад краем венчыкаў былі ўпрыгожаны глыбокімі круглымі ямкамі), касцяныя і бурштынавыя ўпрыгожанні і творы першабытнага мастацтва. На Н.к. актыўна ўплывала тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культура, носьбіты якой у сярэдзіне 3-га тыс. да н.э. пачалі прасочвацца ў паўд.-ўсх. Прыбалтыку. У гэты перыяд Н.к. спыніла сваё існаванне на паўн. арэале, а на Беларусі, дзе ўплывы былі слабейшыя, утварыўся крывінскі варыянт Н.к. Асаблівасці гэтага варыянта найб. праяўляюцца ў кераміцы: выкарыстоўваліся прысадзістыя гаршкі з круглаватымі днішчамі і гладкімі сценкамі, брыжы венчыкаў былі патоўшчаныя і скошаныя ўсярэдзіну, паверхні аздабляліся разрэджаным арнаментам, у т. л. фігуркамі змей, птушак, абрысамі раслін. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі: Скема, Галоўск, Асавец, Зацэнне.

Да арт. Нарвенская культура. Касцяныя і рагавыя вырабы са стаянкі Зацэнне: 1 — абломак кінжала; 2 — гарпун; 3 — сякера; 4, 5, 8 — матыкі; 6 — цясла; 7 — прылада з трубчастай косці.

т. 11, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)