горад у Францыі, паўд.-зах. прыгарад Парыжа. Адм. ц. дэпартамента Івелін. 91 тыс.ж. (1990). Харч. і маш.-буд.прам-сць. Версаль — былая каралеўская рэзідэнцыя. Палацава-паркавы ансамбль. Турызм. Месца заключэння шэрагу міжнар. пагадненняў, у т. л.Версальскага мірнага дагавора 1919.
Палацава-паркавы ансамбль Версаля ўзнік з паляўнічага замка Людовіка XIII (1624, перабудаваны ў 1631—34, арх. Ф.Леруа), які ў выніку некалькіх перабудоў (1661—68, арх. Л.Лево; 1670—74, арх. Ф. д’Арбэ; 1678—89, арх. Ж.Ардуэн-Мансар) ператварыўся ў вял палац (даўж. фасада 576,2 м) з багата аздобленымі параднымі і жылымі інтэр’ерамі і паркам. У аснове планіроўкі 3 дарогі, якія веерам ідуць ад палаца да Парыжа, каралеўскіх палацаў Сен-Клу і Со. Гал. алея з басейнамі Латоны і Апалона і з Вял. каналам (даўж. 1520 м) утварае вось сіметрыі рэгулярнага парку (1660-я г., арх. А.Ленотр) з багатымі павільёнамі, фантанамі, дэкар. скульптурай (Ф.Жырардон, А.Куазевокс і інш.). Фасад палаца, звернуты да Парыжа, утвараюць Мармуровы двор (1662, арх. Лево), Двор прынцаў (правае крыло, пазней наз. «Крыло Габрыэля», 1734—74; каралеўская капэла, 1689—1710, арх. Ардуэн-Мансар; левае крыло — «Крыло Дзюфура», 1814—29) і Двор міністраў (1671—81, арх. Ардуэн-Мансар). Фасад палаца з боку парку складаюць карпусы: цэнтральны (з 1668. арх. Лево, завершаныарх. Ардуэн-Мансарам), паўд. (1682) і паўн. (1685, абодва арх. Ардуэн-Мансар); Оперны т-р (1748—70, арх. Ж.А.Габрыэль, скульптар А.Пажу). Інтэр’еры аформлены ў 17—18 ст. (арх. Ардуэн-Мансар, Лево, жывапіс Ш.Лебрэна і інш.). На Пн ад Вял. канала палацы Вял. Трыянон (1670—72, арх. д’Арбэ па планах арх. Лево, 1687, арх. Ардуэн-Мансар) і Малы Трыянон (1762—64, арх. Габрыэль), да якога прылягае пейзажны парк (1774, арх. А.Рышар) з Бельведэрам (1777), храмам Кахання (1778), Малым т-рам (1780, усе арх. Р.Мік) і «вёскай» Марыі Антуанеты (1783—86, арх. Мік, маст. Ю.Рабер). У 1830 ансамблі ператвораны ў Нац. музей Версаля і Трыянонаў. Версаль уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Алпатов М.В. Архитектура ансамбля Версаля. М., 1940;
Benoist L. Histoire de Versaille. Paris, 1973.
Да арт.Версаль. Зала вайны.Да арт.Версаль. Цэнтральны корпус палаца.Да арт.Версаль. Люстэркавая галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р Існаваў у 2-й пал. 16 — пач. 20 ст. ў Магілёве. Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскую царкву, манастырскі корпус, агароджу з брамай і званіцай. З Магілёўскім архірэйскім палацам і Магілёўскай духоўнай семінарыі будынкамі ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль. Драўляная Спаская царква вядома з 1478, у 1594 пабудавана новая, драўляная (згарэла ў 1709). З канца 15 ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі. Каля 1600 правасл. брацтва (вядома ў 1597) засн. пры манастыры школу. З 1618 да сярэдзіны 17 ст. манастыр пераходзіў да уніятаў, у 2-й пал. 17 ст. вернуты праваслаўным. У 1740—42 магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Буд-ва яе амаль завершана да 1748 пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (згарэла ў 1748, засталіся муры і сцены). З 1756 буд-вам царквы кіраваў архіепіскап Г.Каніскі, у 1762 дабудаваў яе арх. І.К.Глаўбіц (да 1802 была кафедральным саборам). Царква ўяўляла сабой крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым 8-гранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабана далучаліся 4 2-ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі 5-купальную кампазіцыю. Гал. фасад завяршалі 2-ярусныя вежы, паміж якімі быў высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкар. ляпнымі дэталямі, паміж аконнымі праёмамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры былі творы мясц. майстроў: жывапісца М.Пігарэвіча і чаканшчыка П.Слізіка (Сліжыка). Царква разбурана ў Вял.Айч. вайну, пазней знесена, частка пабудоў захавалася. У 1785 завершана буд-ва мураванай агароджы з брамай і манастырскага корпуса. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэр. манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутр. дворык. Корпус складаўся з 2-павярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя, захавалася) і 1-павярховага крыла (манаскія келлі, убудаваная царква, гасп. памяшканні, частка захавалася). Гал. фасад 2-павярховага корпуса аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прамавугольныя аконныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з замковым каменем, падаконнымі прамавугольнымі нішамі. Фасады 1-павярховага крыла расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. У 1918 манастыр закрыты.
Т.І.Чарняўская.
Да арт.Магілёўскі Спаскі манастыр. Спаса-Праабражэнская царква.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),
бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.І.Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус.геагр.т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел.нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас.АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.
Тв.:
Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).
Літ.:
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.
комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял.Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.Іваноў), матэматыкі (арх. А.А.Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.А.Воінаў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа (арх. Э.Гальдштэйн).
На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.Аладава, В Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы (арх. А.Духан, А.Красоўскі, Л.Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.Малышаў, А.Пецярбуржцаў, Я.Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.Вінаградаў, Г.Гераўкер, Б.Папоў) і інш.Іл.гл. да арт.Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму ў г. Паставы Віцебскай вобл. Створаны ў канцы 18—1-й пал. 19 ст. на паўд. ускраіне горада на левым беразе р. Мядзелка. Комплекс, які ўключае палац і парк, пабудаваны на месцы сядзібы 1-й пал. 17 ст.
Першапачатковая сядзіба складалася з жылых і гасп. пабудоў (5 драўляных жылых дамоў, кухня, 5 свірнаў, 3 стайні, вазоўня, склеп і інш.), якія ўтваралі прамавугольны ў плане двор, абнесены астрогам з 2 брамамі. Гал. жылы дом — 1-павярховы будынак складанай канфігурацыі з 2 алькежамі і 2 ганкамі, завершаны гонтавым дахам. Астатнія дамы — традыц. 2- і 3-камернае жыллё. Асобнае падвор’е ўтваралі 3-камерны жылы дом для прыслугі, сыраварня, склеп і абора, на гумнішчы — стадола, асець, адрына, абарогі. Пры сядзібе быў бровар.
Буд-ва П.п.-п.к. распачата на месцы сядзібы ў 1760-я г. (верагодна, паводле праекта арх. Дж.Сака). У 1770-я г. спынена (пабудаваны 2 бакавыя флігелі і падмурак палаца). У 1-й пал. 19 ст. на паўд. беразе возера пабудаваны П-падобны ў плане 1-павярховы мураваны палац. Цэнтр. часткі паўд. і ўсх. крылаў вылучаны больш высокімі аб’ёмамі з мезанінамі. Усе часткі палаца накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі з трохвугольнымі франтонамі на тарцах. Сіметрычны ўсх. фасад мае па баках глыбокія рызаліты і аздоблены пілястрамі, плоскі рызаліт у цэнтры з вял. тэрасай перад ім. У 1830-я г. да паўн. фасада прыбудаваны 6-калонны дарычны порцік з манум. лесвіцай; у паўн. крыле — капліца, аздобленая лепкай і размалёўкай у тэхніцы грызайль. Парк — рэгулярна-пейзажнага тыпу, размешчаны на раўнінным рэльефе. Ствараўся ў 2 этапы. Пл. каля 10 га. Меў форму выцягнутага з Пн на Пд прамавугольніка, абмежаванага па баках каналамі, з Пн — возерам. Каля палаца знаходзілася пейзажная частка парку з экзотамі ў дэкар. групах. Ад рэгулярнага парку ўцалелі і рэшткі старых ліпавых прысад, ад пейзажнага — асобныя групы дрэў па берагах вадаёма і ўсх. канала, а таксама на ўзгорку паміж каналам і гал. вуліцай горада.
В.Р.Анціпаў, А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Фрагмент парку.Пастаўскі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМО́ГІ ПЛО́ШЧАў Мінску
(да 1954 Круглая плошча). Знаходзіцца на перакрыжаванні праспекта Ф.Скарыны з вул. Захарава і Кісялёва. Займае важнае месца ў арх.-кампазіцыйным абліччы горада. Як арх. ансамбль пачала фарміравацца ў 1939, калі ў адпаведнасці з генпланам Мінска 1932—36 (арх. Ю.Кілаватаў, кансультант В.Вітман) тут пабудаваны 2 дугападобныя ў плане жылыя дамы (завершаны ў 1947, арх. Р.Столер),
павернутыя да цэнтра горада. Далей забудова вялася паводле генплана 1946 (арх. М.Андросаў, Н.Трахтэнберг і інш.) і праекта плошчы 1950 (арх. М.Баршч, Л. і Г. Аранаўскасы, карэкціроўка Г.Заборскага і Л.Мацкевіча, 1954). Плошча ў плане — прамавугольнік (225 × 175 м), які з аднаго боку завяршаецца паўкружжам. Яе прастора расчлянёна на 2 часткі — круглую і аванплошчу. Кампазіцыйны цэнтр — манумент Перамогі, размешчаны пасярэдзіне круглай часткі плошчы і замыкае перспектыву праспекта Ф.Скарыны і вул. Захарава і Кісялёва. Абапал праспекта, ніжэй за яго ўзровень паміж вуліцамі Захарава, Кісялёва, Камуністычнай і Фрунзе, разбіты скверы партэрнага тыпу, уздоўж якіх па 3 жылыя дамы (арх. Баршч, Аранаўскасы, 1950—56), увянчаныя 4-граннымі вежачкамі, з паўд. боку злучаныя паміж сабой ажурнай каланадай. Тарцовую частку плошчы з боку вул. Камуністычнай замыкаюць Дом-музей I з’езда РСДРП, мост цераз р. Свіслач (арх. М.Паруснікаў, Г.Баданаў, 1951—53), а з боку вул. Фрунзе — манум. вароты — уваход у Цэнтр. дзіцячы парк імя М.Горкага (арх. Заборскі, 1953). У 1984 у сувязі з увядзеннем у дзеянне 1-й лініі Мінскага метрапалітэна плошча перад манументам перапланавана (арх. Б.Ларчанка, Б.Школьнікаў, К.Вязгін) і стала 2-узроўневай. Пад зямлёй аснова манумента абкружана кальцавой абходнай галерэяй, звязанай са станцыяй метрапалітэна. Галерэя пераходзіць у круглую глядзельную залу, прысвечаную памяці герояў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну. У цэнтры яе вянок, выкананы з маст. шкла з падсветкай знутры (маст. В.Позняк) — сімвал Вечнага агню. На сцяне бронзавая выява Зоркі Героя Сав. Саюза і пласціны з імёнамі 566 вызваліцеляў Беларусі, удастоеных звання Героя Сав. Саюза. Да манумента вядуць ланцужкі невял. гранітных блокаў (па 6 з кожнага боку) з надпісамі-прысвячэннямі гарадам-героям і выявамі ўзнагарод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫР,
помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму ў цэнтры г. Полацк Віцебскай вобл., на правым беразе Зах. Дзвіны. Існаваў у 1582—1918 як правасл. мужчынскі манастыр; гал. цэнтр праваслаўя ў Полацку. У 16—17 ст. пастаўлены драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы (у 1656—59 у ёй выкладаў Сімяон Полацкі), не раз гарэлі і аднаўляліся. У 1761—79 пабудаваны мураваны Богаяўленскі сабор (неаднаразова быў перабудаваны).
Сабор уяўляе сабой 1-апсідны крыжова-купальны храм з 2-вежавым гал. фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтаром; ліхтары завяршаюць таксама 1-ярусныя вежы. У паўн. вежы знаходзілася званіца (з 7 званамі), да яе вялі ўсходы з паўд. вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаны высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны пілястрамі. У 1836 сцены і ўнутр. паверхня купала былі размаляваны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры 3 свяціцеляў). Пасля рэстаўрацыі ў 1981 тут размяшчалася карцінная галерэя. У 1991 сабор перададзены вернікам. Уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Пасля наведвання ў 1780 Полацка Кацярынай II было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 арх. Дж.Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў развіццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вул. Ніжнепакроўскай (цяпер Леніна) — царкву фланкіравалі два 2-павярховыя будынкі. У 1782—85 з 3 ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы быў узведзены мураваны Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і цёплая царква (Кацярынінская). З У ад царквы ў пач. 19 ст. пабудаваны «эканамічны дом» (не захаваўся). У кампазіцыі гал. фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордэра, але без яго верт. частак. 1-ы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным 2-м паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невял. лучковымі перамычкамі. Аконныя праёмы 2-га паверха больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаны развітым прафіляваным карнізам. Вуглавая частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана 4 дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невял. вежай (у 1830-я г. пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, не захаваўся). У 1784—91 і 1812—19 у корпусе размяшчалася нар. вучылішча, у 1792—1812 — багадзельня. У 1970-я г. будынак рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. З 1990 прыстасаваны пад Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБА́Т,
горад, сталіца Марока. Знаходзіцца на ўзбярэжжы Атлантычнага ак., у вусці р. Бу-Рэгрэг. 519 тыс.ж. (1998). Разам з суседнім г. Сале ўтварае прэфектуру Рабат-Сале; у межах прэфектуры 1220 тыс.ж. (1993). Вузел магістральных аўтадарог, чыг. станцыя. Міжнар. аэрапорт. Адм.-паліт., культурны і эканам. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., харч., дрэваапр., гарбарна-абутковая, швейная, паліграф., хімічная. Саматужная вытв-сць дываноў, керамічных і скураных вырабаў, чаканка па метале. Ун-т.
У 1150 паблізу ант. паселішча Сале (араб. Рыбат-аль-Фатх — лагер перамогі) Альмахады пабудавалі крэпасць, якая стала ядром умацаванага паселішча і базай для ваен. экспедыцый арабаў у Андалусію. З 17 ст. пачалося хуткае развіццё горада ў выніку масавага перасялення сюды з Іспаніі андалузскіх мусульман (маўраў) — умелых рамеснікаў, гандляроў і мараплаўцаў. З 1666 Р. у складзе шэрыфскай дзяржавы Алаўітаў. У 19 ст. важны паліт. і эканам. цэнтр Марока. У 1912—56 Р. — адм. цэнтр франц. зоны пратэктарату. У 1930—50-я г. цэнтр нац.-вызв. барацьбы. З 1956 сталіца незалежнага Марока.
Гіст. ядро Р. — цытадэль Удая (12—17 ст.) на скале ў вусці р. Бу-Рэгрэг, абнесеная зубчастай сцяной з прамавугольнымі вежамі і варотамі з чырв. часанага каменю. У 1185—89 горад меў абрыс няправільнага чатырохвугольніка і быў абнесены з Пд і Пн сцяной з пяццю варотамі. У 17 ст. падзелены сцяной на 2 ч. — паўд. (медына) і паўночную. У медыне знаходзяцца: мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана (абое канец 12 ст., не завершаны), мячэці Вялікая (14 ст. з пазнейшымі перабудовамі), эс-Суна (1785, перабудавана ў 2-й пал. 19 ст., адна з самых вялікіх у краіне), палац караля (1775, з перабудовамі), мячэць і маўзалей Мухамеда V (1966). Сучасны Р. забудоўваўся з 1912 паводле праекта франц.арх. А.Проста. У яго паўн.-ўсх.ч. — адм. і дзелавы цэнтр, уздоўж узбярэжжа — жылыя кварталы, на Пд — сады і вілы. На паўд.-ўсх. ускраіне горада знаходзяцца: Шэла (цяпер археал. музей) — у старажытнасці фінікійская калонія, пазней рым. калонія Сала (захаваліся руіны форума, капітолія, грабніц), у сярэднія вякі — некропаль Марынідаў (рэшткі сцяны і вароты, 1339); руіны маўзалеяў, памінальнага комплексу з мячэццю, мінарэтам, лазнямі (13—14 ст.). Музеі: мараканскага мастацтва, мясц.нар. рамёстваў, старажытнасцей.
Рабат. Мінарэт «Вежа Хасана» і руіны мячэці Хасана. 12 ст.Рабат. Вароты цытадэлі Удая. 12—17 ст.Рабат. Агульны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКІ ПАЛА́ЦАВЫ КО́МПЛЕКС помнік архітэктуры 17—18 ст. у г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Размешчаны на высокім узгорку ў паўд.-ўсх. частцы горада; з’яўляўся рэзідэнцыяй князёў Сапегаў. У 1-й пал. 17 ст. пабудаваны 2-павярховы крыжападобны ў плане мураваны палац з 3 вежамі: 2 квадратныя ў плане на гал. фасадзе і тарцы левага крыла і 5-гранная на паўн.-ўсх. вугле. У цэнтр.ч. палаца, якая выступала глыбокім рызалітам, размяшчаліся вестыбюль з 4-маршавай лесвіцай і вял. зала на 2-м паверсе, у бакавых ч. — жылыя пакоі, кабінеты, архіў, б-ка. У 1698 і ў Паўночную вайну 1700—21 разбураны, у 1-й пал. 18 ст. адноўлены. У 1784—86 перабудаваны (арх. Я.С.Бекер): 2 вежы разабраны, а тарцовая ўключана ў аб’ём палаца. Да цэнтр.ч.гал. фасада прыбудаваны порцік з падвойнымі пілястрамі і калонамі кампазітнага ордэра, завершаны трохвугольным франтонам са скульптурай. У дэкар. аздабленні палаца сумяшчаліся рысы позняга барока і класіцызму. Адначасова створаны палацавы комплекс з некалькіх згрупаваных вакол параднага двара карпусоў, з паркам, садамі і аранжарэяй. Сіметрычныя бакавыя карпусы размешчаны перпендыкулярна палацу і злучаны з ім паўцыркульнымі ў плане аркадамі. Усх. корпус падзяляўся параднай лесвіцай на 2 роўныя ч. — тэатр і манеж. Тэатр меў глыбокую сцэну з 7 планамі куліс, што давала магчымасць тройчы мяняць афармленне ў час спектакля. Падковападобная ў плане зала 2-ярусная: у 1-м ярусе было 14 ізаляваных лож, на 2-м — 15 з каралеўскай у цэнтры. Ложы ўпрыгожвалі ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. У зах. корпусе (не захаваўся) размяшчалася карцінная галерэя. Паралельна палацу па восі двара пабудавана ўязная брама з 2-павярховымі флігелямі па баках. Брама вырашана ў выглядзе 3-пралётнай трыумфальнай аркі, упрыгожана разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дубу. Фасады будынкаў дэкарыраваны руставанымі пілястрамі, ляпнымі гірляндамі, скульптурай, разнастайнымі абрамленнямі аконных праёмаў. З 1795 у палацавым комплексе размяшчаліся суконная і ткацкая ф-кі. У 1914 комплекс пашкоджаны, часткова рэстаўрыраваны ў 1930, у 1944 разбураны. Захаваліся гал. і ўсх. карпусы, аркады, уязная брама і флігелі, фрагменты аздобы інтэр’ераў і канструкцый перакрыццяў (знаходзяцца на кансервацыі).
Т.В.Габрусь.
Ружанскі палацавы комплекс. Руіны галоўнага корпуса палаца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.К.Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян.арх. Дж.Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.Педэці (у 1748—52), М.Фларыяновіч (1775—78), К.Спампані (1778—79), А.Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.
Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал.арх. І.Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.Нясвіжскага, У.Сыракомлі, Дж.М.Бернардоні (усе скульпт. С.Гумілеўскі), кн. М.К.Радзівіла Сіроткі, Т.Макоўскага, Я.Коласа (усе скульпт. М.Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».